Вы тут

Ліхтар, які вісіць на рагу вуліцы




Ліхтар, які вісіць на рагу вуліцы

Я люблю юбілеі, але не свае. Мне вельмі падабаецца шырокі размах! Сёлета гораду, у якім я нарадзіўся і вырас, спаўняецца 950 гадоў, а футбольнаму клубу, колерам якога я адданы, — 90 гадоў. Мне ж стукнула ўсяго толькі 30.

Па гістарычных мерках — імгненне. Але пагаварыць ужо ёсць пра што. Хоць я і стараюся не адзначаць свае «дні народзін»: ужо шмат гадоў запар імкнуся не прагінацца пад ціскам сяброў ды знаёмых. І часам гэта добра ўдаецца. Гэтым разам планую не здраджваць уласнай традыцыі. Хоць гэта, безумоўна, не так лёгка…

Зараз мне больш падабаюцца не шумныя кампаніі і гармідар, а адзінота — калі ёсць мажлівасць і час спыніцца на гадзіну-другую, падумаць. Спакойна азірнуцца вакол сябе і непрадузята ацаніць сваё месца ў свеце.

Люблю выйсці на праспект увечары, каб прайсціся начным горадам. Пасядзець у цэнтры на алейцы. Можна і не тэлефанаваць — абавязкова каго-небудзь сустрэнеш. Цяпер па вечарах у горадзе шматлюдна. Гуляюць маладзейшыя, шукаюць прыгод…

Як хутка бяжыць жыццё — чым далей, тым болей яно набірае разгон. Здаецца, толькі нядаўна адбылося нешта, а задумаешся — дык ужо і дзесяць гадоў прабегла. Як імгненне. Мы змяніліся, сталі дарослымі, у многіх з’явіліся ўласныя сем’і. Хто б мог падумаць, што жыццё — гэта хутка?

Не так даўно адзін мой знаёмы адлічбаваў мне некалькі відэакасет. На іх былі сямейныя запісы. Яшчэ з тых дагістарычных часоў, калі ў модзе былі відзікі. Цяперашняя моладзь і не ведае, відаць, пра такі агрэгат.

Сярод іншага — я ў чацвёртым класе, а потым праз пяць гадоў — ужо ў дзявятым, першы выпускны. Цікава глянуць на сябе самога праз такі адрэзак часу. На сваіх сяброў і аднакласнікаў.

Калісьці, гадоў 15 таму, у Малінаўцы жыла мая дзяўчына. Я ездзіў да яе на спатканні амаль праз увесь горад на тралейбусе. Бачыліся мы ці не штодня, таму ў мяне было шмат часу і магчымасцей, каб добра разглядзець навакольны ландшафт. Шкада, не было сваёй камеры — добрае б зняў кіно! Потым мы разышліся, былі іншыя дзяўчаты, будучая жонка, вяселле. А не так даўно жыццё зноў закінула ў гэты раён. Выйшаў на Пятроўшчыне — і не пазнаў. Змяніўся Паўднёвы Захад кардынальна. І не толькі ён. Вельмі добра гэта бачна з Галерэі TUT.BY, калі завітаць туды на якую літаратурную імпрэзу.

Я вырас на іншым ускрайку горада. Не жыву там прыкладна столькі ж, колькі пражыў, і бываю там вельмі рэдка. На полі каля маёй першай школы, у якой я некалі малым набіраўся жыццёвага досведу, выраслі сучасныя гмахі.

Зусім побач, у двары дома, дзе жылі мае сябры, стаялі металічныя сталы для настольнага тэніса. Па вечарах ля іх збіралася процьма народу: хтосьці прыходзіў гуляць, нехта проста паглядзець. За гаражамі, па якіх мы гойсалі і гулялі ў квача, таксама паўсталі гмахі. Выраслі новыя дрэвы, старыя спілілі. Змяніліся жыхары. Усё гэта не захапіла камера аператара, які нас здымаў...

Цяпер усё дагары нагамі. Выходзячы на прабежку, стаўлю ў плэеры рэп. Раней і падумаць пра такое не мог. Натуральна, што я часта вяртаюся ў думках у часы юнацтва. Не, не пакутую на настальгію. Хаця і без яе не абыходзіцца. Я проста згадваю, што было і ніколі ўжо не ўдасца вярнуць, перажыць нанова. Бо ў адну раку, як вядома…

Мае сябры… Адных ужо няма, другія вельмі далёка. Няпроста з імі звязацца, нялёгка іх адшукаць. Надзейна схаваліся ў сацыяльных сетках. Не выхапіць з людскога патоку нават пры вялікім жаданні. Сціраюцца з памяці твары, забываюцца падзеі, мінаюць дні…

Цаніць сапраўднае сяброўства я навучыўся толькі цяпер. Калі сапраўдных сяброў засталося некалькі чалавек. Не так шмат засталося і добрых знаёмых, з якімі прыемна выпадкова сустрэцца ў горадзе ды перакінуцца парай слоў або каму прыемна напісаць добры ліст. Гады ў рады бачыш, але ўсё адно адчуваеш, ці застаўся чалавек сваім. Гэта важна!

Але яшчэ больш важна: не губляць веры ў мару, ідэю. Без яе жыццё губляе яркасць. Ператвараецца ў проста існаванне, пазбаўленае сэнсу. Няма куды расці, няма да чаго імкнуцца. Нават калі ўсе вакол круцяць пальцам ля скроні — трэба ісці сваім шляхам.

Па праўдзе кажучы, я шкадую пра многае. Напрыклад, што не вучыў у школе французскай мовы належным чынам. Мог бы цяпер чытаць французскую класіку ў арыгінале. Ну, хаця б Селіна! У яго, безумоўна, ёсць чаму павучыцца…

Я ніколі не быў у Парыжы, але адчуванне таго, што я з яго не выязджаў, не пакідае мяне. У нашай культуры гэты горад займае такое ж месца, як «вечныя» Вавілон або Рым. Пра яго, Paris, напісаны мае любімыя кнігі маіх жа любімых аўтараў — Эрнэста Хемінгуэя, Луі Фердынанда Селіна. У іх горад паўстае крыху іншым, не такім стэрэатыпным і рафінаваным. І менавіта таму цікавым. Але ж чалавек — істота слабая, схільная да агульнага меркавання. Так і ў мяне Paris найперш асацыіруецца з рэчамі агульнапрынятымі: каханнем, творчасцю, рамантыкай, настальгіяй, успамінамі. І ўсё ж — гэта не проста горад мастакоў, пісьменнікаў, кавярняў, парфумы і круасанаў. Ёсць і нешта яшчэ…

Мяне не пакідае думка напісаць што-небудзь і пра свой горад, пра Мінск, які запомніўся мне. Добра захавалася ў памяці, як святкавалі яго ўгодкі 20 гадоў таму. Добрая рэклама, ці што? «Мінску — 930 гадоў» — здаецца, на кожнай вуліцы была рэклама гэтай даты. І можа, калі-небудзь я распавяду сваю версію тых падзей. Сваю гісторыю. Якую некалі бачыў я сам, сваімі вачыма, а не з пераказу іншых. Зрэшты, я ўжо цяпер ведаю, што ніхто не паверыць у напісанае. Падумаюць, што гэта чарговая прыдумка. І такі Мінск не існуе і не існаваў ніколі…

Нездарма ж пісаў той самы Луі Фердынанд Селін, якога я не чытаў пакуль што ў арыгінале: «Вашы ўспаміны — усяго толькі стары ліхтар, які вісіць на рагу вуліцы, дзе больш амаль ніхто не ходзіць».

І тое, відаць, чыстая праўда…

Канстанцін Касяк

 

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.