Вы тут

«Звязда» пагутарыла з чалавекам, які ведае пра сталічныя каруселі ўсё


Лета не лета, калі не пабываў у парку атракцыёнаў. Пажадана, у кабінцы «Супер-8». Хоць, як аказалася, кола агляду па многіх параметрах дасць фору амерыканскім горкам. Калі ў сталічных парках з'явяцца новыя каруселі? Ці дачакаюцца беларусы свайго Дыснейленду? І як гэта — быць першым, хто апрабоўвае атракцыёны? Пра гэта мы даведаліся ў галоўнага інжынера Мінскзелянбуда Уладзіміра БАБІЎСКАГА. Пад яго адказнасцю знаходзяцца каруселі чатырох сталічных паркаў — Цэнтральнага дзіцячага парка імя М. Горкага, паркаў імя Чалюскінцаў, імя 900-годдзя Мінска і імя 50-годдзя Вялікага Кастрычніка.


Ула­дзі­мір Ба­біў­скі ве­дае пра ста­ліч­ныя ат­рак­цы­ё­ны ўсё.

Марыў стаць ваенным

З Уладзімірам Бабіўскім мы сустракаемся ў Цэнтральным дзіцячым парку імя М. Горкага, найстарэйшым са сталічных паркаў атракцыёнаў.

— Марылі ў дзяцінстве працаваць на каруселях?

— Не, — смяецца мужчына. — Ніколі не звязваў сваё дзяцінства і юнацтва з гэтым. Марыў стаць машыністам, лесніком, лётчыкам. Тата быў ваенным, таму ваенным я таксама хацеў быць.

Мара гэта ў нейкай ступені спраўдзілася. Уладзімір — кадравы афіцэр, падпалкоўнік запасу. А галоўным інжынерам у Мінскзелянбудзе ён працуе з 2014 года. Адна з вышэйшых адукацый Уладзіміра — якраз інжынерна-тэхнічная.

— Памятаеце атракцыёны свайго дзяцінства?

— Калі быў маленькі, ездзілі з бацькамі на мора. І там была такая карусель «Сюрпрыз». І, вядома, атракцыёны з песні «Лепрыконсаў» — «Халі-галі», «Паратрупер». Электрамабілі любіў. А яшчэ кола агляду. У кожным горадзе, дзе бываў у дзяцінстве, абавязкова бацькі вадзілі на яго. Гэта быў самы экстрэмальны атракцыён на тыя гады.

Кола агляду, дарэчы, і цяпер любімы атракцыён галоўнага інжынера. Праўда, катаецца ён вельмі рэдка: не хапае часу. Выключэнне — сезон запуску атракцыёнаў, красавік, калі трэба апрабаваць каруселі перад пачаткам эксплуатацыі.

— Не страшна быць першым?

— Калі баяцца, трэба сядзець дома пад коўдрай, — жартуе ў адказ Уладзімір Бабіўскі. — У мяне ёсць і міжнародны вопыт, я бачыў шмат розных атракцыёнаў. Сказаць, што нейкі мяне ўзрушыў, — не, такога не было. Акрамя, напэўна, скачкоў у бездань — роўп-джампінгу.

«Тэст-драйв» з мяхамі

З кабінак каруселяў, дзесьці з-за кронаў дрэў, раз-пораз даносяцца крыкі наведвальнікаў, якія атрымалі сваю порцыю адрэналіну. Цікаўлюся, якія каруселі лічацца самымі небяспечнымі. «Любы механічны атракцыён ужо небяспечны, — адказвае Уладзімір. — І нават немеханічны, тая ж самая надзіманая горка, калі яна будзе няправільна замацавана. Увогуле чым вышэйшы атракцыён і чым хутчэй ён круціцца, тым ён больш небяспечны».

Перад пачаткам эксплуатацыі на атракцыёнах праводзяцца дынамічныя выпрабаванні — на ўсіх рэжымах работы, прадугледжаных заводам-вытворцам. Падчас «тэст-драйва» выкарыстоўваюцца мяхі з пяском з двухкратнай нагрузкай: калі пасадачнае месца разлічана на сто кілаграмаў, на яго ставяць дзвесце і праводзяць выпрабаванні.

Асноўнай прычынай няшчасных выпадкаў Уладзімір лічыць асабістую халатнасць наведвальнікаў.

— Калі належыць быць прышпіленым, трэба быць прышпіленым. Кажуць, не пакідаць модуль да поўнага спынення — не зрывайцеся раней часу. Дзяцей не пускаюць на некаторыя каруселі не таму, што дзядзькі злыя, а таму, што рамяні бяспекі не разлічаны на гэтага малога. На коле агляду ёсць адкрытыя пасадачныя кабіны: ужо максімальна экстрэмальна. Але знаходзяцца людзі, якія спрабуюць падчас пад'ёму з-пад дуг бяспекі выбрацца. Няўжо гэта разумна? 99 са 100 няшчасных выпадкаў адбываюцца пасля слоў: «Глядзі, як я магу».

Да набору дзяжурных атракцыёнаў і гульнявога абсталявання ў нас ставяцца строга. Націскаць кнопкі на пульце кіравання не дазваляюць людзям, маладзейшым за 18 гадоў, і тым, якія не прайшлі навучанне і практыку па прафесіі дзяжурнага.

На ўсялякі выпадак: у дождж і моцны вецер на каруселях катацца забаронена. Гляджу на хмару, якая насоўваецца на парк.

— Атрымліваецца, калі зараз пойдзе дождж, у дзяжурных будзе выхадны?

— Не, работа проста прыпыніцца на нейкі час. Але заробак за гэтыя гадзіны супрацоўнікам усё роўна налічваецца.

Чакаем новы атракцыён

Вы здзівіцеся, але большасць атракцыёнаў у сталічных парках — беларускай вытворчасці. Пры закупцы перавага аддаецца менавіта ім. Ёсць айчынныя кампаніі, якія спецыялізуюцца на выпуску каруселяў: яны выкарыстоўваюць італьянскія, нямецкія тэхналогіі і з'яўляюцца афіцыйнымі прадстаўнікамі славутых еўрапейскіх атракцыёнаў.

— Новыя атракцыёны чакаюцца. Ці з'явяцца яны, мы вырашаем, зыходзячы з фінансава-эканамічнай дзейнасці прадпрыемства, наяўнасці свабодных абаротных грашовых сродкаў. Прыстойны атракцыён можа каштаваць больш за мільён рублёў. Па закрыцці сезона, у кастрычніку, падлічацца ўсе поспехі і будзе прынята рашэнне. Пакуль размова ідзе пра адзін новы атракцыён. У нас ёсць ужо прапанова і варыянты размяшчэння, — расказвае Уладзімір Бабіўскі.

Самая дарагая карусель у сталіцы — кола агляду ў парку Горкага. Яно, дарэчы, унікальнае. У свой час, у пачатку 2000-х, дзякуючы намаганням тагачаснага мэра горада Міхаіла Паўлава, для Мінска вырабілі адзінае кола агляду вышынёй 54 метры. На той момант самае высокае кола было 52 метры. Цяпер, праўда, рэкардсмены зусім іншыя. У Маскве плануецца ўсталяваць кола вышынёй каля 140 метраў. Але гэта ўсяго толькі на некалькі метраў больш, чым у Лондане.

— Наколькі нашы паркі адпавядаюць сусветнаму ўзроўню?

— Яны маюць сваё гістарычнае аблічча. У нас у аснову пакладзены камфортныя ўмовы. У той жа Расіі паркі забаў прыватныя, там жорсткая камерцыйная дзейнасць: мінімум укладанняў — максімум эфекту. На плошчы парку максімальна кампактна расстаўляюць атракцыёны, якія маюць. Самі каруселі могуць быць не ў ідэальным тэхнічным стане: такіх жорсткіх патрабаванняў, як у нас, у Расіі няма.

Калі з'явіцца беларускі Дыснейленд?

Пытанне, якое хвалюе ўсіх аматараў паркаў забаў.

— Пад Дыснейленд патрэбны пэўныя плошчы: у іх адзін атракцыён займае гектар, — тлумачыць Уладзімір Бабіўскі. — А ў нас увесь парк Горкага — гэта 28 гектараў.

Па яго словах, Дыснейленд для Беларусі — вельмі дарагое задавальненне. І, хутчэй за ўсё, неакупнае. Узяць для прыкладу Дыснейленд, які знаходзіцца ў Арланда, ЗША. Гэта штат Фларыда, там няма зімы, і парк працуе 12 месяцаў на год. Ён не ведае перыяду нізкіх тэмператур. Адзін атракцыён такога ўзроўню абыходзіцца ў два-тры мільёны долараў. За ўваход на тэрыторыю трэба заплаціць каля сотні долараў.

— А самы дарагі атракцыён у нас каштуе тры з паловай рублі, — параўноўвае Уладзімір Бабіўскі. — Гатовыя нашы жыхары аддаць па 200 рублёў на чалавека для паходу ў парк?

Праўда, тэматычныя паркі ў Беларусі ўсё ж такі з'явяцца. Чарговы праект — парк Champіons World, які прапануюць паставіць у Смалявіцкім раёне. Але калі ён з'явіцца і колькі грошай спатрэбіцца на гэтую задуму, пакуль невядома.

З сынам — на аўтадром

Ці шмат людзей катаецца на сталічных атракцыёнах? «Прапускная здольнасць гарадскіх паркаў — больш за мільён наведвальнікаў. Але трэба сказаць шчыра, гэта менш, чым раней. Тры-чатыры гады таму лічба была ўдвая большая. Напэўна, у людзей цяпер менш свабодных грошай, якія яны гатовы патраціць на забавы», — разважае галоўны інжынер.

Заўважаю ў парку атракцыён віртуальнай рэальнасці. Звычайная палатка з вялікімі крэсламі. Надзяваеш спецыяльныя акуляры — і вось ты ўжо імчышся ўніз з высачэзных горак. Пытаюся ва Уладзіміра, ці не выцесняць атракцыёны новага пакалення звычайныя механічныя.

— Гэта як разважаць, ці не заменіць кіно тэатр. Не, не думаю, што гэта магчыма, — упэўнены ён.

Са сваімі дзецьмі, а дакладней з 10-гадовым сынам (бо дачка яшчэ маленькая для атракцыёнаў), Уладзімір у парку таксама бывае.

— Раней з сынам часцей хадзілі, яму падабаўся аўтадром. А цяпер ён стаў дарослы, — усміхаецца. — Не, не на камп'ютарныя гульні пераключыўся. Сын у мяне займаецца спортам. Яму больш цікавыя «вяровачныя гарадкі»: там ты можаш паспрабаваць свае сілы, і гэта займае не тры хвіліны, як на «Цэнтрыфузе». Хоць бачу, што яго аднагодкі з задавальненнем ходзяць на атракцыёны. І не, для свайго дзіцяці я не выкарыстоўваю службовае становішча (смяецца).

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

lubneuskaya@zvіazda.by

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА, Сяргея НІКАНОВІЧА

Загаловак у газеце: Атракцыёны для мільёнаў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».