Вы тут

Выязное пасяджэнне Прэзідыума Савета Міністраў адбылося ў Барысаве


Выязное пасяджэнне Прэзідыума Савета Міністраў адбылося ўчора ў Барысаве. Дэлегацыя на чале з прэм'ер-міністрам Андрэем КАБЯКОВЫМ наведала буйныя прадпрыемствы Барысаўскага раёна, а таксама разгледзела шэраг найбольш праблемных пытанняў. Прадстаўнікі міністэрстваў азнаёміліся з ходам рэалізацыі інвестыцыйнага праекта па зборцы легкавых аўтамабіляў «БЕЛДЖЫ». Таксама не абышлі бокам рэканструкцыю ампульнай вытворчасці на хрустальным заводзе і праект па інвеставанні ў развіццё завода «Аўтагідраўзмацняльнік».


Як адзначыў прэм'ер-міністр, падобныя паездкі не з'яўляюцца чымсьці незвычайным. «Кіраўнік дзяржавы паставіў задачы ўраду прыняць неабходныя меры па развіцці буйных рэгіянальных цэнтраў накшталт Оршы, Барысава, Баранавіч, Бабруйска. Мы вызначылі для сябе такі фармат работы, пры якім вывучаем праблемы на месцах падчас выязных пасяджэнняў, што лічым найбольш комплексным падыходам», — растлумачыў Андрэй Кабякоў.

Паводле яго слоў, Барысаўскі раён мае вялікі патэнцыял, які не задзейнічаны ў поўнай меры ў эканамічным развіцці. Пры гэтым ён з'яўляецца адным з цэнтраў развіцця Мінскай вобласці. Рэгіён — найбуйнейшы транспартны вузел з развітой сацыяльнай інфраструктурай. На тэрыторыі раёна працуе 40 прамысловых прадпрыемстваў. Яго доля ў абласным аб'ёме прамысловай вытворчасці за пяць месяцаў сёлета складае 10,9%. Сярод раёнаў Мінскай вобласці па гэтым паказчыку ён займае 3-е месца. Таксама рэгіён займае 3-е месца па знешнегандлёвым абароце.

Менавіта тут будуецца завод па зборцы легкавых аўтамабіляў «Gееlу». Перад прадпрыемствам стаяць амбіцыйныя задачы па вытворчасці 60 тысяч адзінак тэхнікі ў год і пастаўцы 90% прадукцыі на расійскі рынак. Варта адзначыць, што пры запуску ўзровень лакалізацыі вытворчасці складзе 14%. Спецыялісты адзначаюць, што да лістапада яны збяруць рухавік на Барысаўскім заводзе аўтатрактарнага электраабсталявання, які дазволіць давесці ўзровень лакалізацыі да 30%. З такой умовай аўтамабілі бесперашкодна змогуць прадавацца на тэрыторыі ЕАЭС.

Міністр эканомікі Уладзімір ЗІНОЎСКІ падкрэсліў, што ёсць шэраг раёнаў у краіне, якія патрабуюць да сябе сур'ёзнай увагі. «На жаль, нашы міністэрствы ўдзяляюць асаблівую ўвагу толькі тым прадпрыемствам, якія займаюць галоўнае месца ў холдынгах. Важна, каб міністэрства прамысловасці, канцэрны, аблвыканкамы аднолькава глядзелі на ўсе прадпрыемствы. Гэта дапаможа разабрацца ў сутнасці справы і аказаць неабходную дапамогу. Урад праводзіць другое такое пасяджэння для эфектыўнага прыняцця неабходных рашэнняў па павышэнні канкурэнтаздольнасці прадпрыемстваў і для развіцця малога і сярэдняга бізнесу. Акрамя таго, сёння пастаўлена задача забяспечыць поўную занятасць насельніцтва. Для гэтага трэба ацаніць з пункту гледжання бізнес-планавання шэраг прадпрыемстваў», — лічыць міністр эканомікі.

Уладзімір Зіноўскі падзяляе меркаванне намесніка старшыні Барысаўскага райвыканкама Леаніда ВАРОНІЧА ў пытанні перспектыўнасці прадпрыемства «Аўтагідраўзмацняльнік». Сёння яно мае патрэбу ў пераўзбраенні, для чаго распрацаваны інвестыцыйны праект.

Генеральны дырэктар барысаўскага завода «Аўтагідраўзмацняльнік» Васіль ЛАЎНІК адзначыў, што згодна з інвестыцыйным праектам заводу патрэбна сума ў 34 млн долараў. «Праект разлічаны на тры этапы рэалізацыі. Ён прадугледжвае захаванне рынкаў збыту нашай прадукцыі. Сёння завод з'яўляецца адзіным вытворцам сістэм рулявога кіравання для вялікагрузных аўтамабіляў і аўтобусаў на постсавецкай прасторы. Мы цалкам камплектуем нашымі сістэмамі КамАЗ, ГАЗ, ПАЗ і шэраг іншых вядомых прадпрыемстваў. Сёння на гэтых прадпрыемствах распрацоўваюцца новыя віды аўтатэхнікі, якія патрабуюць новыя сістэмы ад нас. Таму мадэрнізацыя і стварэнне новых распрацовак цяпер як ніколі важныя», — растлумачыў Васіль Лаўнік.

Сродкі на закупку новага абсталявання збіраюцца знайсці ў інавацыйным фондзе Міністэрства прамысловасці і аблвыканкаме. Пры гэтым Андрэй Кабякоў падкрэсліў, што грошы павінны выдзяляцца рацыянальна. «Трэба разумна ствараць прадукцыю з максімальным эфектам імпартазамяшчэння і выкарыстоўваць кааперацыйны падыход, калі шэраг камплектуючых будзе стварацца на магутнасцях іншых заводаў, каб не ўкладваць грошы ў вытворчасць, якая будзе дубліраваць існуючыя ў краіне аналагі. Неабходна дакупляць толькі тое абсталяванне, у якім ёсць вострая патрэба. Задача зрабіць прадпрыемства кампактным і знізіць яго выдаткі. Акрамя таго важна знайсці іншыя кірункі ў вытворчасці сумесна з вядучымі прадпрыемствамі краіны», — падкрэсліў прэм'ер-міністр.

Паводле статыстычных зводак, у Барысаўскім раёне няшмат праблемных прадпрыемстваў. Па некаторых з іх плануецца вырашыць пытанне аб рэструктурызацыі даўгоў. Як адзначыў намеснік старшыні Барысаўскага райвыканкама Леанід Вароніч, большасць прадпрыемстваў развіваецца дынамічна. «Паспяхова рэалізаваны 31 інвестыцыйны праект за 2011—2016 гады. Сёлета плануецца 12 буйных інвестыцыйных праектаў», — праінфармаваў ён.

На стратэгію па развіцці Барысаўскага раёна ў 2017—2020 гадах ускладаюцца вялікія надзеі. Вектар абраны. Вынік пакажа час.

Ілья КРЫЖЭВІЧ

krуzhеvісh@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Разабрацца з праблемамі на месцы

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.