Вы тут

Чым можа здзівіць сельская бібліятэка?


Калі да вас на аўтобусным прыпынку падыдзе невялікае карнавальнае шэсце і прапануе зазірнуць у чамадан — цалкам магчыма, што там вы адшукаеце сабе сябра на ўвесь астатні шлях. Бо здаўна вядома, што самая доўгая дарога становіцца карацейшай, калі яе займае гутарка. А кнігу, прынамсі, лічаць адной з найлепшых суразмоўніц.


Бяры і не плаці!

Упершыню жыхароў Новай Мышы, аграгарадка ў Баранавіцкім раёне, з «Чытаючым прыпынкам» пазнаёмілі яшчэ ў чэрвені вядомыя казачныя персанажы. Карлсан і Фрэкен Бок сустракалі пасажыраў, частавалі плюшкамі і прапаноўвалі прыгледзець сабе кнігу ў дарогу. Ідэя аказалася цікавай для чытачоў, так што гэтым разам работнікі цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы горада Баранавічы выправіліся ў аграгарадок Сталовічы.

Дзейства пачынаецца са стратэгічна выгаднай пазіцыі — побач адначасова знаходзяцца аўтобусны прыпынак, магазін, царква і асноўная дарога цераз аграгарадок.

На столік пад ранішняе сонца работнікі бібліятэкі выкладваюць кнігі, чамаданчык і кошык з білецікамі бяспройгрышнай латарэі. Большую частку месца займаюць творы Купалы і Коласа — сённяшняя выстава прысвечана класікам. І тут жа побач з імі кніга, якая расказвае пра сакрэты дамашняга кансервавання, а ў чамадане знайшла сабе прытулак прыгодніцкая літаратура.

— Мы стараемся прыцягнуць як мага большае кола нашых чытачоў, — тлумачыць Таццяна Лайша, дырэктар Баранавіцкай ЦБС, — Лета такі перыяд, калі і дзеці, і дарослыя часцей усяго бываюць на вуліцы. А наш прыпынак паказвае магчымасці бібліятэкі, дзе ёсць кнігі на любы густ. У бяспройгрышнай латарэі за паўтара рубля абавязкова будзе выйгрыш — якая-небудзь гаспадарчая дробязь: асвяжальнік паветра, прыхваткі, мыла... Ну, а з чамадана можна ўзяць забаўляльнае чытво, прычым ні грошай, ні абавязацельстваў для гэтага не патрэбна — мы толькі будзем удзячныя, калі на месца аднаго экзэмпляра чытач прынясе іншы — з уласнай бібліятэкі.

З тэатральным ухілам

Пакуль што жыхары Сталовіч на «Чытаючы прыпынак» паглядаюць адначасова і зацікаўлена, і насцярожана: людзі прывыкаюць да новай з'явы. Каля прыпынку іх збірае музыка — дзеці з ліку пастаянных чытачоў зладзілі танцавальны флэшмоб — і яркія касцюмы клоўнаў. Дарэчы, і казачных герояў, і цяперашніх насельнікаў цырка іграюць самі бібліятэкары, а мясцовы Дом культуры дапамагае калегам, як правіла, апаратурай.

Не сакрэт, што бюджэт у культурных устаноў невялікі, таму бібліятэкі супрацоўнічаюць з сельскімі Саветамі. Напрыклад, апошнія дапамагаюць прыбраць смецце, або падтрымліваюць фінансава некаторыя мерапрыемствы. Напэўна, самы цесны кантакт у тых вёсках, дзе бібліятэка і сельскі Савет знаходзяцца ў адным будынку, як гэта арганізавана ў Стаўбцах. Са свайго боку, работнікі скарбніцы мудрасці бываюць ці не першымі актывістамі на суботніках, а яшчэ дапамагаюць распаўсюджваць інфармацыю, паведамленні ад мясцовых уладаў для жыхароў. Калі ідзе перапіс насельніцтва — зноў жа дапамагаюць бібліятэкары.

У Баранавіцкім раёне працуюць два цэнтры прававой інфармацыі — адзін на базе Гарадзішчанскай горада-пасялковай бібліятэкі і адзін на базе цэнтральнай раённай бібліятэкі ў Новай Мышы. Бібліятэкар бярэ на сябе клопат растлумачыць некаторыя пытанні: як перадаць спадчыну, як перапісаць дом на дзяцей...

— Зразумела, што мы не юрысты, але ў нас ёсць прававыя базы, дзе можна знайсці інфармацыю. Калі раптоўна яе там няма — звяртаемся да кампетэнтных спецыялістаў. Такога пытання, у якім зусім не маглі б дапамагчы, пакуль не сустракалі, — распавядае Таццяна Лайша.

Кнігі на колах

У месцы, дзе няма стацыянарных бібліятэк, выпраўляецца бібліёбус. Сёння такіх вёсачак у Баранавіцкім раёне 49, кожную з іх па плане трэба наведаць раз у месяц. У перасоўнай бібліятэцы камп'ютара няма, але работнік бярэ ў дарогу тыя прававыя дакументы, што найбольш цікавяць людзей. Напрыклад, нядаўна быў ажыятаж па павелічэнні пенсійнага ўзросту, і работнікі па прававых базах падрыхтавалі звесткі з новай інфармацыяй, каб потым можна было падрабязна, простай мовай растлумачыць змяненні ў заканадаўстве. Акрамя таго, бібліятэкар пастаянна возіць з сабой спіс, хто і калі з раённых уладаў вядзе прыём грамадзян. Так людзі даведваюцца, да каго можна звярнуцца з зямельным пытаннем, ці, скажам, хто дапаможа ўрэгуляваць спрэчку з суседам.

Для бібліёбуса ёсць асобны бібліятэчны фонд у 2 тысячы кніг. Змясціць іх за адзін раз у машыну немагчыма, так што кіроўца працуе па заказе: людзі ўжо ведаюць час, калі бібліятэкар прыедзе, і збіраюцца, каб абмяняць прачытаныя кнігі на новыя, заказаць літаратуру. Бывае, чытач забудзецца ці пераблытае час, у такім выпадку перасоўная бібліятэка можа нават да самага дома пад'ехаць.

Яшчэ адна асаблівасць навамышскай бібліятэкі — гэта ўсё той жа чароўны чамаданчык, што бывае на аўтобусных прыпынках. Чытач можа ўзяць любую кнігу і пакласці ўзамен сваю. Бібліятэкары сочаць, каб выбар быў рознабаковы: дакладваюць новыя кнігі з запасаў, каб утварылася «разбежка» ў тэмах і жанрах. Часта кнігі проста так дораць бібліятэцы чытачы, але стан іх бывае не самы лепшы. У фондзе падобную літаратуру чакае хуткае спісанне з-за «непрэзентабельнага выгляду», а вось у чамаданчыку жыццё выдання працягнецца.

— Цяпер мы марым распрацаваць сімвал нашай установы, стварыць нешта накшталт брэнда, каб госці маглі прыехаць і атрымаць падарунак — той жа блакноцік, магніцік — з лёгкапазнавальным сімвалам. Мы раздрукоўваем кніжкі-расфарбоўкі, прапануем блакноты з кантактнай інфармацыяй бібліятэкі. Гэта адначасова дзейнічае на папулярызацыю і дазваляе атрымаць невялікі прыбытак, — дзеліцца планамі дырэктар.

Знаёмцеся, гэта аўтар!

Натуральна, што сельская бібліятэка не можа канкурыраваць з гарадской у плане аўтаматызацыі. У раёне спецыфіка іншая — скіраваная на асабісты кантакт. Чытачам падабаецца, што ідзе пастаянная размова, і яны самі прапануюць формы сумеснай работы. Напрыклад, на базе бібліятэк аднавілася традыцыя вячорак — наведвальнікі аднойчы паскардзіліся, што жанчынам, асабліва сталага ўжо ўзросту, па вечарах сумна сядзець дома і нядрэнна было б, як раней, сабрацца разам у адной хаце. Так што цяпер па вечарах для бабуль адкрытыя бібліятэчныя дзверы. Наведвальніцы першым часам гамоняць пра сваё, а потым бяруць часопісы, дзеляцца адна з адной рэцэптамі, абмяркоўваюць, параўноўваюць.

Здавалася б, новыя кнігі ў фонд сельскай бібліятэкі трапляюць павольна, са значнай затрымкай. Але Таццяна Лайша такое меркаванне абвяргае:

— Калі выдаецца нейкая кніга, мы стараемся правесці сустрэчу з пісьменнікам, калі гэта беларускі аўтар. Апошнім часам такія мерапрыемствы ладзім для дарослага насельніцтва, стараемся прыцягнуць да чытання бацькоў, бо ў сям'і, дзе чытаюць мама і тата, больш шанцаў, што і дзіця возьме ў рукі кнігу. Кожны год нашы бібліятэкары адпраўляюцца на курсы павышэння кваліфікацыі. Там выкладчыкі інфармуюць, якія кнігі з'явіліся, падказваюць, як можна звязацца з выдавецтвамі. Напрыклад, нам параілі звязацца з Тамарай Лісіцкай і Ігарам Паляковым. Стэлефанаваліся, і пісьменнікі з задавальненнем прыехалі ў Баранавіцкі раён да чытачоў. Дарэчы, чым больш пісьменнікаў да нас прыязджае, тым больш людзей просяць зладзіць наступную творчую сустрэчу. Не так даўно ў нас гасцілі Віктар Лупасін і Зоя Доля — эфект атрымаўся незвычайны! І дарослыя, і моладзь засталіся пад уражаннем ад перформанса.

Рагнеда ЮРГЕЛЬ

yurgel@zviazda.by

Мінск — Баранавічы — Мінск

Фота з архіва

Загаловак у газеце: Чамадан з кнігамі і плюшкі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».