Вы тут

Ці хапае сёння спартыўных баз у глыбінках?


Намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёжнай палітыцы Валянціна КУРСЕВІЧ:

— Я адкажу па сваёй выбарчай акрузе — у мяне Мінскі раён, куды ўваходзяць Бараўляны, Заслаўе, Астрашыцкі Гарадок... Цяпер ідзе абмеркаванне плана генеральнай забудовы пасёлка Лясное і Бараўлян. І ў ім прадугледжана будаўніцтва стадыёна, каб далучаць насельніцтва да розных відаў спорту. Дарэчы, па даных статыстыкі, кожны пяты беларус сёння займаецца спортам. На мой погляд, гэта добра, але ўсё ж недастаткова. Мы за тое, каб людзі вялі здаровы лад жыцця — і не толькі ў гарадах, але і ў глыбінках. Акрамя таго, калі ёсць патрэба, калі попыт нараджае прапанову, то базы ў глыбінках трэба рамантаваць і прыводзіць у парадак, але да гэтага патрэбны рацыянальны падыход. Вядома, такія збудаванні неабходны моладзі. Сёння ў многіх дзяцей з ранняга ўзросту дыягнастуюць і блізарукасць — таму што сядзяць за гаджэтамі і планшэтамі, і скаліёз. Здаровая нацыя — наша галоўнае багацце.

Абаронца футбольнага клуба «Мінск» Ілья ЛУКАШЭВІЧ:

— Я лічу, што спартыўных баз па краіне не так ужо і шмат, а тым больш — у глыбінках: там іх увогуле мала. А вось каля Мінска і непасрэдна ў самім Мінску такіх баз дастаткова. Што датычыцца стану, то ў цэлым ён нядрэнны — 6—7 балаў з 10, але ў параўнанні з еўрапейскімі базамі і некаторымі расійскімі — гэта як параўноўваць зямлю і паветра, так што рамонт патрэбны. Я скажу так: проста ў нас усё выглядае вельмі непрыгожа і па-старому. Раздзявальні, душавыя, масажныя кабінеты, нумары, дзе жывуць футбалісты, — у Еўропе відаць, што ўкладзеныя вялікія грошы, і будавалі гэта людзі, якія нешта разумеюць у спартыўнай сферы. Калі паспрабаваць параўнаць, то ў нас у Мінску каля нашага клуба пабудавалі акадэмію футбола — вось там проста выдатна, там ёсць усё для спартсменаў: нумары, сталовыя, трэнажорныя залы, басейны, сауны, залы для тэарэтычных заняткаў. Калі гаварыць менавіта пра футбольныя базы, то па прыклад далёка хадзіць не трэба — акадэмія расійскага футбольнага клуба «Краснадар» проста неймаверная.

Начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Івацэвіцкага раённага выканаўчага камітэта Ігар КУІС:

— Спартыўных аб'ектаў у нас менавіта па раёне хапае. Мы стараемся адкрываць філіялы спартыўных баз па ўсім раёне, каб як мага больш людзей мелі магчымасць займацца спортам. Я б ахарактарызаваў стан такіх аб'ектаў як здавальняючы. Чаму? Таму што няма мяжы дасканаласці. Гэта значыць на тым узроўні, што ёсць цяпер, можна праводзіць разнастайныя віды спаборніцтваў. Скажу больш: да нас у раён, у глыбінку, прыязджаюць спецыялісты з вялікіх гарадоў. Тут добры калектыў у самым росквіце сіл. Можа быць, гэтым і пашанцавала. Бо мы ўсе разумеем, што такое маладому спецыялісту прыехаць у маленькі гарадок пасля інстытута.

Лёгкаатлет Валерый СЫСАЎ:

— Спартыўных баз вельмі мала, і амаль усе яны — у не вельмі добрым стане. У рэгіёнах базы ёсць толькі ў абласных цэнтрах. Нават калі браць Мінск, то спартыўная школа «Юнацтва» трэніравалася на школьным стадыёне. Што датычыцца рамонту і будаўніцтва, то, на мой погляд, нам неабходна і адно, і другое. У тым сэнсе, што трэба аднаўляць і рамантаваць старыя базы, а таксама будаваць новыя. Я лічу, што ёсць нават небяспечныя месцы, якія рэальна лепш зносіць, а той жа Рэспубліканскі цэнтр Алімпійскай падрыхтоўкі па лёгкай атлетыцы лепш адрамантаваць. Я не магу сказаць, як у іншых месцах, паколькі там, дзе я выступаў, стадыёны і манежы былі новыя і падрыхтаваныя спецыяльна для спаборніцтваў. У нас шмат хакейных арэн, пры гэтым яны не танныя ў абслугоўванні, а вось пляцовак для іншых відаў спорту ў нас няшмат.

Начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Віцебскага раённага выканаўчага камітэта Вольга РАЗАНАВА:

— Спартыўных баз у нас хапае. Па стане — калі нашы спартыўныя збудаванні займаюць першыя месцы ў абласных конкурсах, то я думаю, што ён някепскі. Ці трэба рабіць рамонты? Дзе неабходна, мы праводзім патрэбныя працэдуры. Наогул, у нас практычна ў кожным населеным пункце раёна ёсць гульнявая або спартыўная пляцоўка, а там, дзе знаходзяцца школы альбо буйныя прадпрыемствы, ёсць добрыя аздараўленчыя комплексы. Калі гэта глыбінка, то гэта, хутчэй за ўсё, малаперспектыўны населены пункт, гэта значыць жыхароў зусім мала. Дарэчы, у нас і для пенсіянераў створаны спартыўныя цэнтры.

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ

lukashevich@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.