Вы тут

Ула Бешанковіцкага раёна ў часы Рэчы Паспалітай была горадам


Аграгарадок Бешанковіцкага раёна ў часы Рэчы Паспалітай быў горадам...


План асады Улы войскамі ВКЛ, люты—сакавік 1568 года.

Непаразуменне і блытаніна

Старшы навуковы супрацоўнік Навукова-тэхналагічнага парка БНТУ «Палітэхнік» Максім Макараў кажа, што Ула, як і Сураж, пра які мы расказалі, мае ўнікальную гісторыю з'яўлення. Гэта адзін з нямногіх гарадоў Беларусі, якія з'явіліся дзякуючы не рамёствам і гандлю — яны былі пабудаваны ў ваенных мэтах.

— У гістарычнай літаратуры звычайна сцвярджаецца, што Ула ўзнікла яшчэ ў ХV стагоддзі. Аднак гэта не так. Сучасную Улу нельга блытаць з прыватным мястэчкам пад той жа назвай, якое існавала ў першай палове ХVІ стагоддзя прыблізна за 35 кіламетраў на поўдзень. Да пачатку ж 1560-х гадоў на вельмі зручным месцы — пры сутоках суднаходных рэк Улы і Заходняй Дзвіны — не было ні замка, ні гарадскога паселішча, — расказвае Максім Макараў.

У лютым 1563 года войскі цара Івана ІV захапілі Полацк, і ў выніку разбурылі сістэму абароны ВКЛ на землях Падзвіння. Улады дзяржавы мусілі спешна распачаць узвядзенне шэрагу новых умацаванняў.

Пільную ўвагу звярнулі на мыс пры ўпадзенні Улы ў Дзвіну. Ён набыў выключнае стратэгічнае значэнне. Яшчэ да прыходу рускіх па распараджэнні караля польскага і вялікага князя літоўскага Жыгімонта Аўгуста сюды накіравалі будаўнікоў.

Войскі Маскоўскай дзяржавы знішчылі недабудаваны замак і ў хуткім часе пачалі ўзводзіць свае ўмацаванні. Летам 1567-га будаўнічыя работы яшчэ працягваліся. Войскі ВКЛ не раз спрабавалі адбіць Улу. У лютым—сакавіку 1568-га замак тры тыдні безвынікова асаджалі воіны жамойцкага старасты Яна Геранімавіча Хадкевіча. Толькі ў канцы жніўня войскі гетмана, князя Рамана Сангушкі штурмам захапілі Улу і спалілі яе.

Прывабныя ўмовы для мяшчан

Пасля пачалі адбудоўваць замак, а да сярэдзіны 1570-га быў заснаваны і горад. Там сяліліся ў асноўным ацалелыя жыхары навакольных вёсак. Стымуляванне для развіцця горада вялося па апрабаванай на тэрыторыі ВКЛ схеме. Жыгімонт Аўгуст вясной 1571 года часова вызваліў мяшчан ад аплаты мытных збораў, ад падатку з вытворчасці і продажу алкагольных напояў.

Падчас Лівонскай вайны наваколлі Улы былі моцна спустошаны. І калі Жыгімонт Аўгуст прызначыў на пасаду «дзяржаўцы» ульскага князя Канстанціна Лукомскага, ён дадаткова распарадзіўся, каб той штогод атрымліваў з дзяржаўнай казны сто коп грошаў. «Мэру» папросту не было з каго збіраць падаткі і атрымліваць судовыя аплаты...

Праект Ульскага замка, створаны ў Італіі, канец 1568 года.

— Няспынныя баявыя дзеянні і пагроза знішчэння ўносілі істотныя карэктывы ў жыццёвы ўклад насельніцтва. Пры сціплых магчымасцях казны ВКЛ уладам цяжка было пастаянна ўтрымліваць тут значны наёмны гарнізон. І яны паспрабавалі вырашыць пытанне забеспячэння абараназдольнасці Улы іншым шляхам, які быў ужо апрабаваны ў Віцебску і Суражы. 26 студзеня 1577 года кароль польскі і вялікі князь літоўскі Стэфан Баторый сваім прывілеем пашырыў на Улу сістэму гарадскога права, якая ў другой палове ХVІ стагоддзя ўжо склалася і функцыянавала ў Віцебску, — працягвае гісторык.

Асноўнай павіннасцю ульскіх мяшчан, як і віцебскіх, стала нясенне прэстыжнай коннай вайсковай службы. Падаткі яны не плацілі. Акрамя таго, мяшчане Улы атрымалі права на выбар войта, бязмытны гандаль, правядзенне двух кірмашоў у год. Сярод прывілеяў было і вольнае распараджэнне рухомай і нерухомай маёмасцю. Як і свабода выбару месца жыхарства на тэрыторыі ВКЛ. Ім таксама былі перададзены землі на адлегласці мілі вакол Ульскага замка.

І вежачка на мысе

Захаваліся дзве графічныя выявы Улы перыяду Лівонскай вайны. На першай з іх намалявана магутная драўляная крэпасць, збудаваная войскамі цара Івана ІV і пазней знішчаная воінамі Рамана Сангушкі. Другая — праект замка з 9 бастэямі (вежамі), створаны па замове ўладаў ВКЛ у канцы 1568 года ў Італіі.

— Згаданы італьянскі праект так ніколі і не быў рэалізаваны ў поўным аб'ёме. Як сведчыць інвентар Улы ад 8 ліпеня 1581 года, праз 12 гадоў пасля стварэння праекта вал і бастэі існавалі толькі на вузкім адрэзку паміж рэкамі Улай і Дзвіной. З усіх астатніх бакоў замак быў агароджаны часткова звычайнымі зрубамі — «гароднямі». А часткова — нават прымітыўным вастраколам. На мысе пры зліцці рэк стаяла вежачка, — удакладняе даследчык.

Пасля заканчэння Лівонскай вайны Ула страціла стратэгічнае значэнне. Колькасць насельніцтва значна зменшылася. А ў першай палове ХVІІ стагоддзя паселішча ўвогуле трапіла ў прыватныя рукі. 31 сакавіка 1648 года браслаўскі земскі суддзя Себасцьян Мірскі, уладар Улы, атрымаў ад караля польскага і вялікага князя літоўскага Уладзіслава Вазы прывілей на магдэбургскае права для свайго мястэчка. Дакумент прадугледжваў перавод насельніцтва Улы пад юрысдыкцыю войта ці лентвойта, якога прызначаў гаспадар паселішча.

Акрамя гэтага, кароль дазволіў Мірскаму, у выпадку, калі ён гэтага пажадае, стварыць пры намесніку — войце — магістрат... Такім чынам, у 1648 годзе мяшчанам Улы было нададзена магдэбургскае права. Аднак правы на самакіраванне, удзел у вырашэнні ўласнага лёсу праз сваіх прадстаўнікоў яны фактычна не атрымалі. Гэта яскрава сведчыць пра тое, што «магдэбургскае права» і «гарадское самакіраванне» не зусім адно і тое ж...

Падрыхтаваў Аляксандр ПУКШАНСКІ

рukshаnskі@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Так пачыналася Ула

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».