Вы тут

Імавернасць заражэння ВПЧ пры палавым кантакце — да 70%


Вірус папіломы чалавека перадаецца ў асноўным палавым шляхам і, як правіла, не праяўляецца ніякімі сімптомамі, часта спалучаецца з іншымі захворваннямі, што перадаюцца падчас сексуальных кантактаў. Масавыя скрынінгавыя даследаванні паказваюць, што гэты вірус ёсць як мінімум у паловы сексуальна актыўных мужчын і жанчын. Вельмі рэдка гаворка ідзе пра бытавы шлях перадачы інфекцыі. Магчыма інфіцыраванне ад маці дзіцяці падчас родаў. Вірус можа жыць у арганізме з моманту нараджэння, а праявіцца толькі пры пэўных умовах.


— Вядома звыш 150 розных тыпаў віруса папіломы чалавека, з іх больш за 40 могуць выклікаць розныя пашкоджанні палавых органаў, а каля 15 з іх прыводзяць да развіцця пухлін — з'яўляюцца высокаанкагеннымі, — расказвае ўрач акушэр-гінеколаг 24-й гарадской паліклінікі спецмедаглядаў Ірына ГАРОШКА. — Паколькі тыпаў так шмат, пажадана абследавацца метадам полімеразна-ланцуговай рэакцыі на ВПЧ высокага анкагеннага тыпу.

Пераважна нізкаанкагенныя тыпы віруса папіломы абумоўліваюць з'яўленне востраканечных кандылом, якія могуць знікаць нават без лячэння, а могуць заставацца без змяненняў або прагрэсіраваць. Пры выяўленні кандылом неабходна правесці кольпаскапію — агляд шыйкі маткі пад мікраскопам з правядзеннем спецыяльных тэстаў, цыталагічнае даследаванне, пры неабходнасці і біяпсію.

Лячэнне можа быць мясцовым і з ужываннем супрацьвірусных прэпаратаў. Выдаленне папілом не з'яўляецца выздараўленнем. Наогул, ніводзін з сучасных метадаў лячэння не пазбаўляе ВПЧ і не можа гарантаваць адсутнасці рэцыдыву.

Вельмі важна пазбягаць таго, што зніжае імунітэт — пераахалоджвання, курэння, моцных эмацыянальных стрэсаў, злоўжывання алкаголем, хранічнай стомленасці, авітамінозу. Акрамя таго, трэба падумаць і аб наяўнасці пастаяннага палавога партнёра, выкарыстанні сродкаў засцярогі, інтымнай гігіене.

Для прафілактыкі ўзнікнення віруса папіломы распрацоўваюцца вакцыны. У Беларусі зарэгістраваны дзве такія вакцыны. Прышчэпку можна атрымаць як у дзяржаўных установах аховы здароўя, так і ў прыватных цэнтрах. У любым выпадку паслуга гэта платная. Вакцыны распрацаваныя для прафілактыкі, а таму найбольшы эфект будуць мець, калі іх прымяняць да пачатку палавога жыцця. Аднак нават калі ўжо і ёсць палавы партнёр, таксама рэкамендуецца не грэбаваць падобнай засцярогай. Будучы інфіцыраваным адным тыпам інфекцыі, можна абараніць сябе ад іншага

Святлана БАРЫСЕНКА

protas@zviazda.by

Загаловак у газеце: Прышчэпка ад злых тыпаў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».