Вы тут

Спрэчка за Скарынаву Біблію, або Дзея без антракту


На наша пакаленне выпаў сур’ёзны юбілей — пяцісотгоддзе беларускай Бібліі і кнігадрукавання. Гэта свята цэлай нацыі. Таму невыпадкова, што 2017 год праходзіць пад знакам першадрукара Францыска Скарыны. Да яго асобы звярнуліся ў сваіх разважаннях аўтары п’есы «1517» Аляксей Шэін і Андрусь Унучак, перадпрэм’ера якой ужо адбылася на сцэне Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі. Жанр пастаноўкі — «контраверсія без антракту», — менавіта так ахарыктарызавалі яе аўтары.


 

Што ж чакаць гледачу ад п’есы, якая не дае адказаў, а толькі ставіць пытанні? Слова «контраверсія» ўжывалася ў часы Рэфармацыі для вызначэння светапогляднага дыспуту, які і адбываецца на сцэне. Праўда, не чакайце боек, тут найлепшая зброя — слова. І перамагае не фізічная сіла, а моц выказанай думкі, бо ўсё ж такі публічна ў спрэчцы будуць мерацца розумам вучоныя Францыск Скарына (Яўген Казакевіч) і яго апанент Сільвіус (Уладзімір Лісоўскі). І гэта будзе кульмінацыйная, самая важная спрэчка. Аднак не першая ў жыцці Скарыны. Канфлікт меркаванняў наспеў яшчэ ў пачатку п’есы, калі бацька Францішка не згаджаецца з пазіцыяй сына і забараняе яму вучыцца на лекара, бо трэба працягнуць сямейную справу. Але ж юнак упарты і даказвае бацьку яго памылковасць: «загарнуліся ў свае ліцвінскія скуры і нічога не бачыце».

 У спектаклі скарыстаны відэашэраг загадзя запісаных сцэн размовы бацькоў першадрукара. Сам жа Скарына знаходзіцца ў гэты час на сцэне і гаворыць з татам, маці і братам, — такую тэхнічную знаходку вынайшлі рэжысёры.

 — Мы імкнуліся рэканструяваць вобраз Скарыны. Задумаліся над пытаннем, чаму, лекар па адукацыі, Францыск стаў перакладаць Біблію на мову, набліжаную да народнай, а пасля і выдаў яе. Што ж хацеў сказаць нам першадрукар? — падзяліўся думкамі гісторык Андрусь Унучак.

У пастаноўцы шмат асаблівасцяў. Напрыклад, спалучэнне сучасных дэкарацый і старажытных касцюмаў. Акцёры, задзейнічаныя ў п’есе, не ўсе прафесіяналы. Ёсць сярод іх аматары, з пэўным досведам у тэатральных пастаноўках, хоць па прафесіі інжынеры, будаўнікі, завуч школы, нават хатняя гаспадыня. На маю думку, такі акцёрскі склад надае п’есе народнасці, аб’ядноўвае людзей з рознымі светапоглядамі і ладам жыцця. Невыпадкова прачытваю ў гэтым знак-адсылку да Скарынавай Бібліі. Яна ж была надрукавана на мове, набліжанай да народнай. Таму задзейнічанне ў п’есе не тэатралаў — сведчанне роўнасці.

 — У п’есе робіцца акцэнт на тое, што Скарына першай кнігай надрукаваў менавіта Біблію. Будучы лекарам, ён зрабіў асабістае адкрыццё пра гаючасць Слова Божага. Падкрэсліваем, што святкуем менавіта пяцісотгоддзе выдання першадрукаром Бібліі, а не проста юбілей кнігадрукавання. І беларусам варта памятаць, што Скарына быў не толькі асветнікам ды гуманістам, але і шчырым вернікам. Спектакль павінен нагадаць пра штодзённы ўжытак Бібліі, — падзялілася думкамі Алёна Сітнік, мастацкі кіраўнік праекта.

 Скарына, якога бачым на сцэне, расчароўваецца ў моцы лекарства пасля таго, як вылечаны ім чалавек забіў шасцярых асоб. Гэты факт падштурхнуў доктара Францыска да зменаў свайго светапогляду і адкрыцця: можна вылечыць цела, а не душу. Бо ўсё роўна застаюцца здрады, махлярства, крадзяжы.

— На вачах у гледача адбываецца ўнутраная трансфармацыя Скарыны, ён хоча змяніць свет да лепшага, разумеючы, што ў яго вялікае пакліканне. Такім чынам, Скарына ратуе ад смерці сваім перакладам Бібліі цэлы народ, — распавёў Андрусь Унучак.

Сільвіус і Скарына горача спрачаюцца. Скарына сцвярджае, што «праўда адна, а хлусня ў кожнага свая». ільвіус сцвярджае, што «адзінай праўды няма» і «вера пацярпела паразу. Бог не патрэбен сучаснаму чалавеку». Тады Скарына пераўвасабляецца ў прарока, які з шаснаццатага стагоддзя ўглядаецца ў наш час ды кажа пра ГУЛАГ і газавыя камеры, Асвенцым і Курапаты. Расказвае пра зло, якое можа зрабіць чалавек, што адышоў ад Бога. Мы ведаем, што Скарына дасягнуў мэты жыцця — выдаў Біблію для свайго народа. І адбылася гэтая падзея 6 жніўня 1517 года, у дзень Перамянення Гасподняга. Каб зрабіць гэта, колькі цяжкасцяў яму давялося пераадолець! Не апошняя з іх — пошукі грошай, што таксама паказана ў спектаклі.

Запомніўся момант, калі Скарына, апрануты ў чырвонае, стаіць, задуменны, а за спінай у яго — нібыта крыж, як у Ісуса. Францыск размаўляе з Богам, пытаючы ў яго: «Ці ж давёўшы да родаў я не дам нарадзіць?» Кніга са Словам Божым для Скарыны падобна да доўгачаканага дзіцяці. І «месца праўды — быць паўсюль».

 — У Скарыны мяне найбольш цікавяць духоўныя пошукі. Я да веры прыйшоў, калі вучыўся на пятым курсе філфака. Хоць з дзяцінства быў скептыкам. У юнацтве высмейваў вернікаў, негатыўна ставіўся да іх. Але ўва мне адбыліся пэўныя ўнутраныя змены. Звышзадача п’есы — паставіць чалавека перад пытаннямі, якія не залежаць ад кантэксту часу, а застаюцца заўсёды актуальнымі, — распавёў аўтар п’есы Аляксей Шэін.

 Філасофскі спектакль «1517» падштурхоўвае да разваг над паняццямі «дабра» і «зла», уцягваючы гледача ў дыспут, які цягнецца з часоў Адама і Евы. І цяжка застацца абыякавым, таму што Словам Божым, запісаным у Бібліі, — не гандлююць, а запамінаюць яго сэрцам, каб жыць на зямлі Чалавекам.

 Марына ЯЎСЕЙЧЫК

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.