Вы тут

Мора і лужыны


Мора і лужыны

Касечка вельмі хацела ў мора. Не «на мора», што звычайна азначае гарачае паветра, прыліпчывы пясок і вялікую колькасць незнаёмых людзей, а ў саму ваду — мяккую, лагодную, якая абдыме, закалыша.

Але ў Касечкі была толькі лужына. Глыбокая, праўда. Яміна ў двары пасля кожнага прыстойнага дажджу напаўнялася вадой так, што ступіць у яе можна было аж па костачку. Плаваць, зразумела, нельга, затое можна хадзіць і ўяўляць, што плаваеш. У моры, канешне, не ў лужыне. Купацца ў сонцы, ветры і вясёлцы, бо калі навучыцца адчуваць іх на сваёй скуры, то гэта ўсё — таксама мора — мяккае і лагоднае, люляе і закалыхвае.

Аднойчы Касечку запрасілі на возера. Возера — гэта, відавочна, не мора, але ўжо не лужына. «Расту», — падумала Касечка. Некалькі дзён яна толькі і думала, што пра паездку. Уяўляла, як плыве, плыве, плыве бясконца, паступова зліваючыся з вадой, робячыся чымсьці непадзельным, і так і застаецца — з вадой і вадой. Канешне, тануць Кася не збіралася, але плаваць доўга-доўга, пакуль возера само не выштурхне яе, — гэта абавязкова.

І вось надышоў гэты Дзень (інакш, як з вялікай літары, Кася яго і не называла). Узяўшы неверагоднай прыгажосці (ружовы ў рамонкі) купальнік, куплены год таму і апрануты аднойчы, ды й то каб пазагараць, Кася паехала на возера. Не выкапаную выключна ў ландшафтна-дызайнерскіх мэтах гарадскую сажалку, а сапраўднае жывое возера! У ім і вецер ганяе незвычайныя хвалі, і сонца адлюстроўваецца зусім па-іншаму.

І вось усе сябры ў вадзе. Хто плыве далёка, хто нырца дае глыбока, хто пырскамі абдае ўсіх навокал. А Касечка стаіць на беразе, усё з возерам вітаецца. Ды баіцца, галоўнае, прызнаць — плаваць яна не ўмее. У лужыне гэтага пытання неяк не ўзнікала: ходзіш сабе ды марыш пра тое, як плаваеш.

Вырашыла Касечка хаця б у возеры пахадзіць, каб не так крыўдна было, што дарма прыехала. Падышла блізка-блізка, на ваду глянула, а яна не блішчыць, калі зблізу. Яна мутная, дна не відаць. Толькі розныя сілуэты загадкавага паходжання і прызначэння — ці то водарасці, ці то… лепш думаць, што водарасці. Зірнула Кася на сяброў, што плавалі амаль у самым цэнтры, быццам не было ні дна, ні сілуэтаў. Так захацелася туды, да іх, што Касечка сабралася з духам і ступіла ў прахалодную мокрую невядомасць. Пясок быў чамусьці не сыпучы, не складзены з вялікай колькасці асобных пясчынак. Цэльны, мяккі і клейкі, як пластылін, — непрадказальны і непрыемны. Бонусам былі каменчыкі, якія балюча ўразаліся ў скуру. Касечка павольна рабіла крок за крокам. Але чым глыбей, тым больш загадкавым рабілася дно возера і тым больш страшным. А сябры ўсё не набліжаліся.

Кася павярнулася, выйшла з вады і села на траву — самую звычайную, зразумелую зялёную траву. Было крыўдна. Вада, здавалася, ужо не так яскрава зіхацела, хвалі перакатваліся зусім не заманліва. Таму што пад імі было дно, на якое трэба ступіць, перш чым паплывеш. Возера — гэта не толькі вада, гэта яшчэ і дно. У лужыны яно знаёмае да апошняга каменьчыка, хоць і блізка. Можна, канешне, марыць пра басейн — з усіх бакоў гладкі, празрысты і бяспечны, але дзе ж тады ўзяць хвалі і вецер?

Кацярына Захарэвіч

 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».