Вы тут

У рэпертуары ансамбля «Радунскія салавейкі» —толькі народныя танцы


А ў гэтым годзе музычны калектыў уключыў у сваю праграму новую «фішку» — старажытны абрад «Сустракаем маладых». На думку кіраўніка Францішкі Габіс, гэта дасць магчымасць не толькі пашырыць рэпертуар, але і зарабіць сродкі на аднаўленне канцэртнага гардэробу.


Вясельны абрад «Сустракаем маладых» адбываецца перад тым, як маладыя ўвойдуць у бацькоўскі дом. Гэта даўняя цырымонія, пра якую ўдзельнікам калектыву расказалі старажылы вёсак, а тыя, у сваю чаргу, перанялі яе ад сваіх бацькоў. Танцавальны абрад доўжыцца паўгадзіны і ўжо набывае папулярнасць сярод шлюбных пар.

— Мы сустракаем маладых з ручнікамі, а затым выступаем перад імі з канцэртнай праграмай, — расказвае Францішка Габіс. — Ідэю добра ўспрынялі ў раёне, ёсць у нас дамоўленасць выступіць і на аграсядзібах.

«Радунскім салавейкам», якія створаны ў Радунскай сярэдняй школе, споўнілася 25 гадоў. Тры гады таму калектыў атрымаў званне «ўзорны», а сёлета яго пацвердзіў. У склад ансамбля ўваходзіць танцавальны і інструментальны гурт — усяго 60 дзяцей. Калектыў не аднойчы быў лаўрэатам рэгіянальных і міжнародных конкурсаў. А нядаўна ансамбль выйшаў з ініцыятывай правядзення фестывалю-конкурсу «Фэст народнага танца». Ідэю падтрымалі, і ў наступным годзе фестываль збярэ ўдзельнікаў не толькі на раённым, але і на абласным узроўні.

— Нам неабходна ўзнавіць гардэроб пад новую праграму, — зазначае Францішка Габіс. — А на гэта патрэбны значныя сродкі. Так, адзін камплект касцюмаў каштуе да 100 тысяч рублёў. Сюды ўваходзяць і абутак, і галаўныя ўборы, напрыклад салямяныя капелюшы ці розныя вянкі і хусткі. Іх робяць па спецыяльным заказе, нятанна каштуе вышыўка арнаменту. Частку сродкаў мы можам зарабіць за платныя канцэрты і абрады.

Касцюмы — гэта брэнд, які вызначае ўнікальны твар ансамбля. Таму ім надаецца першаснае значэнне. За чвэрць стагоддзя сабрана амаль сто камплектаў. Усе яны адлюстроўваюць народны каларыт. Напрыклад, строй жыхароў Воранаўскага раёна значна адрозніваецца ад Лідскага, хоць яны і суседзі. Мае свой асаблівы арнамент і народнае адзенне падляшскіх беларусаў, якія жывуць у Польшчы. Дарэчы, дзіцячы ансамбль з Радуні часта выступае ў суседняй краіне, згодна з дагаворам аб супрацоўніцтве, удзельнічае ў сумесных канцэртах. Цяпер калектыў рыхтуецца прыняць удзел у фестывалі памежнай культуры ў польскім горадзе Мронгава, які адбудзецца ў другой палове жніўня. Сюды з'едуцца выканаўцы і музычныя калектывы з Расіі, Украіны, Беларусі, каб сумесна з гаспадарамі фестывалю прадэманстраваць сваю самабытную культуру. «Радунскія салавейкі» выканаюць беларускія і польскія народныя танцы: лявоніху, бульбу, куявяк, абэрак. Прадэманструюць і старажытны абрад для шлюбных пар, які палюбіўся жыхарам Воранаўскага раёна.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Загаловак у газеце: Ад полькі да абэрка

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.