Вы тут

Беларускі этна-гурт «Троіца» рыхтуецца да выпуску новага альбома


Беларускі этна-гурт «Троіца» рыхтуецца да выпуску новага альбома. Сёлета таксама — гастролі ў Польшчу і Эстонію. Пра гэта Іван Кірчук, заснавальнік і лідар калектыву, расказаў «Звяздзе» на «Славянскім базары» ў Віцебску».


— Пачынаецца запіс, бо сабралі трохі грошай. Не скажу назву. Восенню будзе гатовы. Многія трэкі запісаныя. Матэрыял добры і абкатаны на многіх фестывалях, — запэўніў ён.

У Беларускім тэатры «Лялька» Іван Кірчук паказаў монаспектакль «Дарожка мая». Мы гутарылі перад пачаткам.

Калі я сказаў, што тое, што робяць ён і «Троіца» — сапраўднае славянскае мастацтва, генетычны код, аб якім апошнім часам шмат кажуць, артыст нагадаў, што нарадзіўся ў Лідзе. На Гродзеншчыну ён таксама збіраецца.

— Мы працуем у стылі фолк-ф'южн. Гэта — сплаў: беларускія старадаўнія песні з захаванымі дыялектамі, тэкстамі і мелодыкай, але ў сучаснай аранжыроўцы. І наогул мы людзі сучасныя. Захапляемся рознай музыкай. Юрый Паўлоўскі (ударныя) любіць авангард. Юрый Дзмітрыеў (струнныя) выкладае гітару і слухае ўсё, што датычыцца гітарнай музыкі. Я люблю «металічныя» каманды... Пры гэтым займаемся беларускай музыкай, фальклорам. І гэта робім, таму што нам падабаецца, — расказаў лідар «Троіцы».

Летась яны выступалі ў Чылі, у Вялікабрытаніі (на фестывалі, дзе было 65 тысяч гледачоў), у Бельгіі...

Ці спадабалася яму на «Базары»?

— Тут утульна сябе адчуваю, больш чым камфортна. Тэатр шыкоўны! На фестывалі ў мяне свая сцэна для выступленні. Як у раі: што папрасіў, усё зрабілі, толькі працуй. Якія прэтэнзіі могуць быць? — задаўся рытарычным пытаннем музыка і працягнуў: — Прыехаў з дзецьмі: сыну — тры гады, дачцэ — год (у верасні музыканту споўніцца 59 гадоў), а таксама з жонкай, цешчай (смяецца)! Як пакінуць дома? Жонка — фалькларыстка, будзе абараняць кандыдацкую.... А старэйшым маім сынам 35 і 30 гадоў. У майго дзеда Тамаша 14 дзяцей было. Я ад яго ў гэтым пытанні адстаў. Трэба працягваць род!

Падчас спектакля Іван Кірчук паўтары гадзіны распавядаў аб тым, што адбываецца з чалавекам ад нараджэння да смерці. Гледачы пачулі народныя песні, даведаліся пра традыцыйныя абрады. Напрыклад, як спраўлялі вяселлі, пілі спіртное, але не п'янелі... Дзякуючы артысту, можна было перамясціцца ў часе — у мінулае, убачыць і пачуць даўніну. Граў на жалейцы, дудцы, акарыне, ліры, гуслях — усяго на некалькі дзясятках інструментаў.

Часам асабіста мне ён нагадваў быліннага героя, вешчуна, шамана, які разважаў аб вечным, аб тым, што на самай справе каштоўнае. Гледачы доўга апладзіравалі стоячы, не адпускалі са сцэны. Вялікая чарга выстраілася, каб узяць аўтограф і сфатаграфавацца.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

рukshаnskі@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: «Восенню — новы альбом»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?