Вы тут

Кірмашы і сядзібы Берасцейшчыны


На поўдні Беларусі падарожнікаў заўсёды сустрэнуць добразычліва: дазволяць сфатаграфавацца ля хаты, распавядуць пра родныя мясціны, пачастуюць яблыкамі ці іншай садавіной... Каб пераканацца ў гэтым, прапануем наведаць гасцінную Берасцейшчыну.


1. Бусяж (Івацэвіцкі раён)

Свята-Успенская царква ў Бусяжы.

Вёска Бусяж з сярэдзіны XVI стагоддзя сустракаецца ў вопісах войска Вялікага Княства Літоўскага. У той час Бусяж лічылася баярскім сялом. Баяры мелі пэўныя надзелы зямлі. Калі ж распачыналася вайна, па першым выкліку яны з’яўляліся з канём і зброяй, каб бараніць інтарэсы Айчыны.

Найбольш заможнымі ў Бусяжы лічыліся Юндзілы і Мялешкі. І хаця радавое гняздо Мялешкаў было на Слонімшчыне, менавіта ў Бусяжы, на думку большасці гісторыкаў, нарадзіўся знакаміты Іван Мялешка, імя якога згадваецца сёння ў сувязі з літаратурным творам пад назвай «Прамова Мялешкі», трапна напісаным старабеларускай мовай.

Бусяжскі маёнтак змяніў не аднаго гаспадара, пакуль у 1648 годзе не перайшоў у рукі Казіміра Сапегі, падканцлера ВКЛ, малодшага сына Льва Сапегі. Малодшы Сапега запрасіў сюды з Францыі адзін з самых загадкавых каталіцкіх ордэнаў — ордэн картузіянцаў.

Картузіянцы жылі ў асобных доміках з невялічкімі агародамі, што разам з касцёлам складалі кляштар. Манахі займаліся медытацыяй, тэалагічнымі і навуковымі штудыямі, а таксама ручной працай і рамёствамі.

У 1779 годзе на месцы старой уніяцкай царквы картузіянцы пабудавалі новы касцёл. Але да таго часу Беларусь апынулася ў Расійскай імперыі. Новым уладам незалежны ордэн не спадабаўся, і супраць картузаў распачалі судовую справу.

У 1831 годзе кляштар картузіянцаў быў закрыты, але бусяжскі касцёл манахі паспелі перадаць уніятам. Сёння тут знаходзіцца Свята-Успенская праваслаўная царква, якая дзейнічала і ў часы савецкай улады.

2. Вярховічы (Камянецкі раён)

З другой паловы XVI стагоддзя Вярховічы належалі шляхцічам Копацям. Копаці мелі вялікую гаспадарку і займаліся нарыхтоўкай харчоў для войска Вялікага Княства Літоўскага. У 1740-х гадах Вярховічы пераходзяць да роду Сапегаў. Пры Сапегах паселішча славілася кірмашамі, дзе гандлявалі каровамі, валамі ды іншай худобай.

У першай палове ХІХ стагоддзя з’яўляюцца новыя гаспадары, шляхцічы Роты. Ім Вярховічы належалі да 1939 года. Роты заклалі новы сядзібны дом, вакол якога быў цудоўны парк. Да нашага часу захавалася невялічкая афіцына, што стаяла адразу за домам. А на мясцовых могілках можна агледзець склеп-пахаванне роду Ротаў.

Як і ў шляхцічаў Копацяў, у Ротаў было шмат гаспадарчых пабудоў. З іх захаваўся бровар (1908) і склад, зроблены з колатых валуноў, на якім відаць дата пабудовы — 1935 год.

У 1878-м Іван Рот арганізаваў у маёнтку ферму, дзе займаліся развядзеннем буйной рагатай жывёлы. Каровы з Вярховіч неаднойчы былі на выстаўках і конкурсах і прывозілі медалі, сумленна заробленыя на конкурсах прыгажосці і аддачы масла, смятаны і малака.

Вярховічы было мястэчкам, цэнтрам Вярховіцкай воласці, Брэсцкага павета, Гродзенскай губерніі. З тых часоў захавалася праваслаўная царква Святога Цудатворцы Мікалая, збудаваная ў 1933 годзе як касцёл.

3. Крывошын (Ляхавіцкі раён)

Крывошын доўгі час належаў роду Ільінічаў. А потым маёнтак паводле тэстаменту перайшоў да Мікалая Крыштафа Радзівіла па мянушцы Сіротка. Мікалай Радзівіл Сіротка быў адным з найбуйнейшых магнатаў Рэчы Паспалітай. Ён здабыў славу на полі бою, да таго ж быў вельмі пабожным. Таму падараваў маёнтак Нясвіжскаму калегіуму езуітаў, і ў 1670 годзе манахі пабудавалі тут першы касцёл.

Хутка высветлілася, што для ўсіх ахвотных трапіць сюды на імшу месца не хапае. І ў 1740 годзе ў Крывошыне з’явіўся новы касцёл. Вялікі, цагляны. Пры ім езуіты стварылі прытулак для сірот, шпіталь для старых і хворых, школку для дзетак… Але ў 1820 годзе езуітаў выгналі, пасля паўстання Кастуся Каліноўскага храм закрылі, а потым у Крывошын прыбыў архітэктар, які распачаў перабудову касцёла пад праваслаўную царкву.

Пачалі збіваць элементы барока, рабіць аркі, ламаць вежы і ставіць на іх купалы-цыбуліны, якіх у нашым праваслаўным дойлідстве ніколі не было… Сёння будынак — царква Покрыва Найсвяцейшай Багародзіцы. Але і цяпер відавочна, што гэта колішні касцёл, бо інтэр’ер храма захаваў барочную пластычнасць і манументальнасць.

4. Вістычы (Брэсцкі раён)

Крыжаўзвіжанская царква ў Вістычах.

Самы значны след у гісторыі гэтага паселішча пакінулі Тышкевічы. У 1678 годзе падкаморы брэсцкі Яўстафій Тышкевіч пабудаваў тут мужчынскі кляштар і запрасіў манахаў ордэна цыстэрцыянцаў.

Пад канец XVII стагоддзя пры кляштары ў Вістычах цыстэрцыянцы ўзводзяць мураваны касцёл і асвячаюць у гонар Святой Сафіі. Напачатку будынак нёс адбітак італьянскага барока, хаця ў ім можна было адзначыць і манументальную простасць, характэрную для беларускага дойлідства. Але пасля паўстання Кастуся Каліноўскага касцёл быў закрыты і перададзены праваслаўным. У ім зрабілі рамонт на праваслаўны манер. І ў 1866 годзе пераасвяцілі ў гонар Узвышэння Крыжа Гасподняга. Праваслаўная Крыжаўзвіжанская царква тут знаходзіцца па сёння.

Некалі ў касцёле захоўваўся цудадзейны абраз Маці Божай Вістычыцкай. У пошуках ацалення да яе ехалі адусюль. З гэтым абразом звязана выздараўленне знакамітага пісьменніка, гісторыка і палітычнага дзеяча Юльяна Нямцэвіча (1757 — 1841), які сур’ёзна хварэў у дзяцінстве. У Вістычах захавалася каменная калона, якую некалі ўпрыгожвала скульптура Маці Божай. Кажуць, што гэтую калону ўзвёў бацька Юльяна Нямцэвіча.

Юльян Нямцэвіч шмат пісаў пра Беларусь, якую любіў і за якую змагаўся. У мемуарах неаднойчы згадваў Вістычы і мясцовых манахаў. Цыстэрцыянцы мелі добрую гаспадарку. Правялі меліярацыю, вырошчвалі вінаград і выраблялі віно, не горшае, чым у іх братоў у Бургундзіі.

Напрыканцы XVIII стагоддзя ў Вістычах уладарыў Павел Ягмін, які збудаваў шыкоўны палац. Кажуць, там былі прыгожыя кафляныя печы, упрыгожаныя маляўнічым арнаментам. За польскім часам печы вывезлі ў нацыянальны музей Варшавы. А палац быў знішчаны яшчэ падчас Першай сусветнай вайны і больш не аднаўляўся.

5. Ляхаўцы (Маларыцкі раён)

У 1546 годзе Ляхаўцы былі цэнтрам Ляхаўскага войтаўства, Палескай воласці, Берасцейскага павета. Гэтае войтаўства займала ці не большую палову тэрыторыі сённяшняга Маларыцкага раёна.

Па мясцовай легендзе, жыхары вескі Ляхаўцы будавалі храмы ўжо ў канцы Х стагоддзя, адразу пасля таго, як князь Уладзімір у 988 годзе ахрысціў Украіну. Кажуць, што ў 1010 годзе Уладзіміра-Валынскі епіскап Стэфан Другі асвяціў першую ляхаўскую царкву. Да нашага ж часу захавалася старажытная драўляная царква Нараджэння Найсвяцейшай Багародзіцы, збудаваная ў 1713 годзе.

Калі закладаюць царкву, першы камень кладуць на ўсход і пазначаюць на ім год і імя таго, хто высвячаў месца. Другі запіс закладаюць у прастол, на камені, трэці — запіс, як пабудуюць царкву, пішуць пад крыжам у купале. Калі быў рамонт царквы, пад купалам знайшлі бярвенца з надпісам «1010 год». Паленца даўжынёю паўтара метра, і на ім быў замацаваны крыж. Такім чынам, у сценах гэтай царквы ёсць бярвенні, якім больш за 1000 год.

Есць у Ляхаўцах яшчэ адзін помнік драўлянага дойлідства — Свята-Мікольская царква (1835), якая месціцца на вясковых могілках.

6. Нача (Ляхавіцкі раён)

Сядзіба Чарноцкіх у Начы.

На старонкі летапісаў Нача патрапіла ў XV стагоддзі як уладанне шляхцічаў Неміровічаў. Але даўжэй за ўсіх тут гаспадарылі манахі ордэна езуітаў, якім Нача належала да паўстання Тадэвуша Касцюшкі. Расквітнела ж вёска пры шляхціцах Чарноцкіх.

У 1810 годзе сын Францішка Ксаверыя Міхал Чарноцкі заклаў тут сядзібу. Праз пяць гадоў у Начы з’явіўся палац, які пазней, у 1910 годзе, унукі Міхала захацелі бачыць больш сучасным і запрасілі з Пецярбурга славутага архітэктара Крыжаноўскага. Усё, што ён тады зрабіў, цудоўна захавалася дагэтуль.

У палацы прайшлі дзяцінства і юнацтва знакамітага беларускага публіцыста і перакладчыка Напалеона Чарноцкага. Падчас вучобы ў Слуцкай гімназіі разам з сябрамі ён напісаў і выдаў па-беларуску рэвалюцыйную брашуру «Дзядзька Антон». Займаўся вершаванымі перакладамі, пісаў і друкаваў артыкулы пра беларускую мову... Напалеон Чарноцкі скончыў медыцынскі факультэт Маскоўскага ўніверсітэта і далучыўся да рэвалюцыйнага руху, за што ў 1890 годзе быў высланы пад нагляд паліцыі на радзіму, у бацькаў маёнтак Начу Брындзоўскую. Але ад сваіх ідэй не адмовіўся.

Напрыклад, калі пра падпольную друкарню, створаную Юзафам Пілсудскім у Ліпнішках, даведаліся царскія ўлады, Напалеон Чарноцкі з сябрам сабраў друкарню ў скрынкі і перавёз у Начу, а пасля — у Мір, дзе займаўся лекарскай практыкай. І захоўваў там усе паперы і абсталяванне, пакуль друкарню не забраў будучы Прэзідэнт Польшчы Станіслаў Вайцяхоўскі.

Не дзіва, што жыццё Напалеона Чарноцкага склалася менавіта так: у Начу часта прыязджаў сябар яго бацькі, вядомы фалькларыст і этнограф Міхаіл Федароўскі. Бацька ж Напалеона, Казімір Чарноцкі, быў удзельнікам паўстання Кастуся Каліноўскага. У сваім парку ён пасадзіў 12 лістоўніц — у памяць пра сяброў, якія загінулі. Ставіць помнікі паўстанцам было забаронена, і ў парку Чарноцкіх з’явіліся дрэвы і валуны, якім Казімір Чарноцкі даў імёны сяброў… Праўда, на сённяшні час захавалася толькі пара тых камянёў і некалькі лістоўніц.

Нельга не згадаць і Марыяна Фальскага, які на пачатку ХХ стагоддзя стаў знакамітым польскім вучоным, а пачынаў на Беларусі як публіцыст і перакладчык пад псеўданімам Янка Сваяк. Нарадзіўся ён у Начы, якая стала малой радзімай для многіх вялікіх людзей.

Юрый ЖЫГАМОНТ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.