Вы тут

У тым, што нас дураць турагенцтвы, вінаватыя... мы самі?


Прыяцелька нядаўна вярнулася з Турцыі. Загарэлая, задаволеная жыццём і самой сабой. У кавярні захоплена дзялілася ўражаннямі: і мора цёплае, і гатэль добры, і персанал прыветлівы. Праўда, з самага пачатку праблемы былі невялічкія: засялілі не ў той гатэль, які паказвалі на фота, калі купляла пуцёўку. Не, ён зусім не горшы, тыя ж пяць зорак, толькі стаіць далей ад мора — на другой лініі. Яно і лепш, што так атрымалася: на месцы высветлілася, што назад давядзецца ляцець самалётам іншай авіякампаніі, у якой білеты даражэйшыя. Таму добра, што гатэль таннейшы аказаўся: розніца якраз кампенсавала даплату за білеты, а то давялося б яшчэ сто долараў даплачваць...


Дзівячыся наіўнасці неспрактыкаванай падарожніцы, я на ўсякі выпадак усё ж спытала: «А хто вам пра гэта сказаў?» — «Прадстаўнік турагенцтва там, у Турцыі. Ветлівая такая дзяўчына, прыемная...» — «А тыя «залатыя» білеты на самалёт «іншай авіякампаніі» ты ў руках трымала?» — «Канешне, не. Мы ж групай ляцелі, нам толькі пасадачныя талоны ў аэрапорце далі...» Не хацелася псаваць настрой гэтай смуглай прыгажуні, але я ўсё ж паведаміла ёй, што развялі яе па поўнай: узялі грошы за даражэйшы гатэль, засялілі ў таннейшы, розніцу не вярнулі, а прыдумалі байку пра іншы самалёт. «Папала ты, дарагая, як мінімум на сто «баксаў»... На твары на хвіліну знікла бесклапотнасць, яшчэ не сцертая працоўнымі буднямі, а потым прыяцелька махнула рукой: «Ну і халера з імі, з тымі грашыма! Не буду ж я за іх судзіцца, настрой сабе псаваць...»

Хто мае хоць мінімальны досвед вандровак праз турагенцтвы, упэўнена, прыгадае нешта падобнае, што здарылася калі не з ім самім, дык у яго на вачах. У мяне асабіста ні адна паездка без такіх вось не вельмі прыемных дробязяў не абышлася. Дагэтуль згадваю «камфартабельны аўтобусны тур у Балгарыю» — не толькі прыгажэнныя краявіды Прыкарпацця і Румыніі, але і румынскія кукурузныя палі, якія даводзілася выкарыстоўваць у якасці прыбіральні. І сорамна, і няёмка, а яшчэ чакаеш, што з-за кукурузы выскачыць яе гаспадар з якой дубінай ці (была такая верагоднасць) з дубальтоўкай... Заставалася толькі наракаць на адсутнасць у Румыніі прыдарожнага сэрвісу...

Праўда, наракалі дарэмна. Усё там ёсць: і стаянкі, і кавярні на іх, і прыбіральні. Але за стаянку аўтобуса трэба плаціць. І плаціць павінна, канешне ж, турфірма. Некаторыя лічаць за лепшае сэканоміць (хаця, падазраю, гэтыя расходы ў кошт пуцёўкі ўключаныя) — кукурузных палёў у Румыніі хапае. Пра ўсё гэта мы даведаліся налета, калі паехалі па тым жа маршруце, толькі з іншай фірмай. З імі падарожжа прайшло гладка — спыняліся на стаянках. Але давялося спрычыніцца да іншага падману. Жанчыну, якая купляла пуцёўку на адну сябе і якой абяцалі аднамесны пакой, на месцы паставілі перад фактам: аднамесных нумароў няма, можам засяліць адну, але ў двухмесны, толькі за яго трэба даплаціць за два тыдні дзвесце долараў. Наша спадарожніца была ў роспачы: у яе з сабой на ўсё пра ўсё тыя дзвесце долараў і былі. Мы з сяброўкай яе тады пашкадавалі: дазволілі паставіць яшчэ адзін ложак у свой двухмесны пакой. Дзяўчына-прадстаўнік фірмы ўздыхнула з палёгкай, але, калі мы паспрабавалі намякнуць: маўляў, шаноўная, мы тут з-за вашых «касякоў» зусім не ў тых умовах будзем адпачываць, у якіх было абяцана, яна тут жа з каменным тварам заявіла: «Вырашаць падобныя пытанні не ў маёй кампетэнцыі»...

Яшчэ ўспамінаюцца прыгоды ў адным з аэрапортаў Туніса. Едучы ў такую далеч, мы, купляючы пуцёўкі, дапытвалі дзяўчыну з турагенцтва: «А хто нас там сустрэне?» — «Не хвалюйцеся, там будзе прадстаўнік нашай фірмы, які вас правядзе да аўтобуса і паедзе з вамі да месца» (З аэрапорта трэба было ехаць у іншы горад.) І вось уявіце: чатыры гадзіны пералёту, тэмпература паветра плюс сорак чатыры па Цэльсію, чужая краіна, чужая мова. А на стойцы пад лагатыпам нашай турфірмы — нікога. Толькі запіска: «Шаноўныя адпачывальнікі! Ваш аўтобус на стаянцы каля аэрапорта, белы мерседэс, нумар такі і такі...» Мы натоўпам з чамаданамі на тую стаянку — а там аўтобусаў — штук дзвесце, усе белыя і палова — мерседэсы! А на дварэ вось-вось сцямнее — там ужо блізка да экватара, таму няма надвячорка, цемра накрывае імгненна... Менавіта тады я ўпершыню папрактыкавалася ў французскай з носьбітамі мовы — да кожнага, на кім была ўніформа аэрапорта, кідалася з благальным клічам «месье!» і, паказваючы напісаны на паперцы нумар аўтобуса, прасіла дапамагчы яго знайсці. Карацей, аўтобус нам шукалі чалавек дзесяць. Загрузіўшыся, нарэшце, у яго, мы паспрабавалі выказаць сваё абурэнне кіроўцу, але ён аказаўся мясцовым і толькі ўпарта паўтараў: «Жо нэ сэ па р'ен» (Я нічога не ведаю). З-за ўсіх гэтых пошукаў мы прыехалі ў гатэль на дзве гадзіны пазней, чым павінны былі, і засяляліся фактычна глыбокай ноччу, пераходзячы з корпуса ў корпус паміж шматлікімі басейнамі, у якія некаторыя нашы спадарожнікі ад стомленасці ды ў цемры пазвальваліся....

Усе гэтыя гісторыі, хутчэй тыповыя, чым выключныя, аб'ядноўвае адно. Мне (і, мяркую, большасці маіх таварышаў па прыгодах) нават у галаву не прыйшло пасля адпачынку кудысьці паскардзіцца на згаданыя «дробязі» ці элементарна ўчыніць скандал у той фірме, дзе куплялі пуцёўкі. (Сярэднестатыстычны еўрапеец, якіх ведаю даволі шмат, абавязкова зрабіў бы або адно, або другое ці спыніўся б на двух варыянтах.) Але гэта не пра нас. Пра нас — «турысты-авантурысты»: мы не будзем псаваць сабе настрой і ўражанні ад выдатнага (бо мора было цёплае) адпачынку з-за нейкіх дробязяў!.. Ці варта тады здзіўляцца, што ў адзін цудоўны момант нам скажуць, што паездкі не будзе, бо гатэль не забраніраваны і білеты на самалёт не праплачаныя, а вярнуць грошы немагчыма па аб'ектыўных прычынах, — як было нядаўна з кліентамі адной мінскай фірмы. Кожны буйны падман пачынаецца з дробязяў: спачатку можна заказаць таннейшы, чым абяцалі кліенту, гатэль, а пасля, калі гэта афёра «выгарыць», — і ўвогуле «забыцца» той гатэль забраніраваць. З дробязяў, на якія мы лічым за лепшае заплюшчыць вочы.

Апошнім часам я падарожнічаю «самаходам» — купіў білет, забраніраваў гатэль праз інтэрнэт — і паехаў. Так, страшнавата, так, пастаянна трэба быць пільным, уважліва чытаць шыльды, табло, паказальнікі, каб не памыліцца і не спазніцца. Не кажу ўжо пра паездкі паміж замежнымі гарадамі на тамтэйшым грамадскім транспарце ці ў саміх гарадах... Адным словам, таксама — «турыст-авантурыст». Толькі што па ўласнай волі і згодна з уласным выбарам. Істотная розніца, пагадзіцеся...

Алена ЛЯЎКОВІЧ

alena@zviazda.by

Загаловак у газеце: Турысты-авантурысты

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».