Вы тут

Вясёлыя гісторыі чытачоў


Перахітрыла бабулю!

...Ірынка, колькі памятае сябе, жыла з бабуляй. Маму яна не ведала наогул (тая адмовілася ад малой, калі ёй не было паўгода), тата жыў недзе далёка ў горадзе: паехаў у заробкі ды так і застаўся. А таму яны гаравалі ўдзвюх.

Бабуля вельмі шкадавала малую, песціла, пякла для яе хрушчы і танюткія блінцы, аддавала апошнюю цукерку ці пернічак... Але ж да працы прывучала таксама. Разам яны прыбіралі ў хаце і на падворку, мылі посуд, палолі градкі, хадзілі ў ягады, грыбы ды арэхі. Іншых жа прысмакаў тады не было. Ды і адкуль тыя грошы? Доўгімі зімовымі вечарамі бабуля з унучкай, седзячы на печы, лускалі арэхі і гарбузікі, адна адной расказвалі казкі, чыталі кніжкі. Бабуля вельмі любіла чытаць!

Між тым, час ішоў, малая падрастала.

Ірынцы было гадкоў мо дзесяць ці адзінаццаць, калі ў іх вясковую краму ўпершыню прывезлі... марозіва. Вестка пра гэта ўмомант абляцела ўсе падворкі. Іншыя дзеці, з найбліжэйшых хат, адразу ж пабеглі купляць, есці ды выхваляцца...

Ірынцы таксама хацелася, але ж якія ў бабулі грошы? Нават пытацца сорам!

Вось дзяўчынка і не пыталася: бабуля сама, дастаўшы з кішэні нейкі вузельчык, развязала яго, адлічыла патрэбныя капейкі, сказала:

— На, дзіцятка, збегай і ты, вазьмі сабе порцыю.

Ірынка ў адно імгненне апынулася ў краме, купіла гэтай смакаты і прыбегла дамоў, бо, як заўсёды, хацела падзяліцца з бабуляй, аднак тая замахала рукамі:

— Не, не, даражэнькая! Я не буду... Не хачу... Не люблю! Я яго каштавала — некалі, у горадзе... Так што сама еш...

Асцярожна злізваючы марозіва, Ірынка верыла ёй і... не верыла. Яна думала, як жа абхітрыць бабулю, як пачаставаць, бо яна ж любіць салодкае. І раптам...

— А-ёй, мне халоднае ў зубы зайшло, ратуй, бабулечка! Не магу болей есці! — завойкала яна, аддала сваё марозіва і павалілася на ложак.

Пад шчаку ёй бабуля падала падушку, паглядзела на марозіва.

— Растане ж, — разгубілася яна — лізнула адзін раз, потым другі.

Згледзеўшы гэта, Ірынка, можна сказаць, святкавала: перахітрыла-такі бабулю!..

Шмат гадоў прайшло з таго часу. Дзяўчынка вырасла прыгожай дзяўчынай, стала матуляй, а потым і бабуляю. Але ж дагэтуль і да драбніц яна памятае сваё гаротнае і, у той жа час, шчаслівае дзяцінства.

Лёля Багдановіч, г. Барысаў


Безвыніковае знаёмства

Гэта было недзе ў сярэдзіне 90-х, у Мазыры на Прымаставой плошчы. Менавіта адтуль у розныя бакі раз'язджаліся гарадскія аўтобусы і спыняўся мой, міжгародні «Мазыр — Калінкавічы». Я спакойна чакаў яго, а заадно пазіраў, як гэта робяць іншыя, як туды-сюды шпацыруюць студэнты з нашага інстытута... І раптам сярод іншых чакальнікаў мой позірк выхапіў стройную дзявочую фігурку. Да яе, да гэтай фігуркі, у незнаёмкі былі доўгія бялявыя валасы, празрыста-блакітныя вочы. А галоўнае, крочыла яна проста на мяне: бліжэй, бліжэй, амаль побач... І ў гэты момант, трэба ж такому здарыцца, моцны парыў ветру падняў яе льняныя локаны, «занёс» да мяне на плячук і нават... пакінуў там, бо заблытаў у засцежцы сумкі, што вісела у мяне на баку.

— Прабачце, — збянтэжана папрасіла бландзінка, спрабуючы выцягнуць локан.

— Мяне завуць Сяргей, — не губляючы часу, прамовіў я.

— А мяне — Наталля, — прыязна ўсміхнулася дзяўчына.

— Ты ў педінстытуце вучышся?

— Так.

— І я...

Наталля гаварыла нешта яшчэ, але я не вельмі слухаў, бо ў галаве маёй пульсавала адна толькі думка: «Вось ён, мой лёс!»

Ну яно ж сапраўды: праз нейкі час мы абодва атрымаем дыпломы, а да таго — можам распісацца, і нас тады, як законных сужэнцаў, разам накіруюць на працу, у адну і тую ж школу. Удваіх з ёй мы будзем хадзіць на працу, удваіх — дамоў... А там, калі Бог дасць, з'явяцца дзеці. Яны будуць сустракаць мяне дома, і жонка абавязкова будзе клапаціцца аб тым, каб мяне смачна пакарміць, каб прыгожа адзець, каб падтрымаць і падбадзёрыць...

Памарыўшы пра гэта, я зноў зазірнуў у вочы Наталлі і, выручаючы яе валасы са сваёй засцежкі, раптам падумаў: «А што, калі ўсё атрымаецца з дакладнасцю наадварот, калі я, ажаніўшыся, буду сам бегаць па крамах, гатаваць ежу, прыбіраць жытло, мыць — прычым не толькі сваё адзенне, але яшчэ і жончына... А да ўсяго з яе боку буду адчуваць пастаянны кантроль: маўляў, з работы — як штык, своечасова, з сябрамі па чарцы — ні ў якім разе,
футбол — выкінь з галавы, у водпуск аднаму — крый Божа, нешта сабе купіць — хіба з яе дазволу, на лазню грошай не выпрасіць... Не, вырашыў, гэта не па мне». Ад чаго настрой у мяне стаў рэзка псавацца.

Без ранейшай пяшчоты я вызваліў з засцежкі Наталліны валасы, адвёў вочы ад яе зграбнай фігуркі і як паратунак убачыў... аўтобус — свой, на Калінкавічы!

У час пік, каб уціснуцца ў яго, трэба было пастарацца... Інакш — рызыкуеш застацца «за бортам», будзеш чакаць наступнага.

Людзі, карацей, ламануліся ў вузкія дзверы салона і туды ж панеслі мяне.

— Ты з'язджаеш? — нічога не разумеючы спытала ў мяне бландзінка.

— Так, — кіўнуў я на развітанне, не спытаўшы нават нумар тэлефона.

...Не гатовы, мусіць, быў да стварэння сям'і.

Сяргей Саковіч, г. Калінкавічы


Прапала кароўка...

Некалі, у хуткім часе пасля вайны, у глыбінцы вельмі не хапала медработнікаў. Але ж гэтай вёсцы пашчасціла: на працу па размеркаванні туды накіравалі маладую доктарку з прыгожым імем Надзея.

На жаль, асобнага жылля для яе ў акрузе не было, таму дзяўчыну ўладкавалі на кватэру. Гаспадыню звалі бабка Лікера (трэба разумець, Лукер'я?) І ўсё ў іх было б па-людску, калі б не характар бабчынага мужа, дзеда Серафіма. Той без дай прычыны мог аблаяць сваю гаспадыню, прычым — апошнімі словамі.

Але ж гісторыя не пра тое...

З часам, як і варта было чакаць, у Надзеі з'явіліся кавалеры. Выбар іх быў досыць вялікі, але ж сэрца дзяўчыны больш за ўсё хінулася да двух сябрукоў, двух механізатараў Андрэя і Яўгена.

Нехта з іх быў лішні, нехта павінны быў сысці...

«Яўген старэйшы за мяне на два гады. Значыць, ажаніцца ён павінен першы?» — мусіць, так падумаў Андрэй. Але ж на развітанне вырашыў пажартаваць.

Яшчэ задоўга да Каляд ён заўважыў, што каровы ў бабкі Лікеры і бацькоў Яўгена падобныя як дзве кроплі вады. А таму на свята, калі вёска добра заснула, ён падаўся на сябрукову сялібу, зняў з ланцуга карміліцу і павёў да хлява бабулі Лікеры. (Па дарозе перажыў ну вельмі трывожны момант: ля гумна яго ўчулі-такі сабакі! Здавалася, яшчэ хвіліна — і пабудзяць гаспадароў, праваляць усю задуму... Але ж неяк пранесла.)

Пашчасціла і яшчэ раз, калі ішоў назад, ужо з рагуляй бабкі Лікеры.

...Што было на наступную раніцу?

Першай усхапілася бабуля, з даёнкай рушыла ў хлеў, села пад карову і...

Нічога не разумее: вымя пустое, рагуля, месяц таму ацяліўшыся, не дае малака.

Яшчэ большы страх ахапіў кабету, калі ўбачыла, што карову яе нібы раздуло (Яўгенава была на цяленні). Значыць, аб'елася? Трэба выклікаць ветэрынара...

Бабуля кінулася ў хату, падняла гаспадара, але, як і варта было чакаць, атрымала толькі порцыю абразы:

— Ты што, карга, зусім звар'яцела?.. — на ўсю хату распачаў быў ён.

Але ў хлеў-такі рушыў...

Жартаўлівы клубок удалося разблытаць толькі пад абед...

Праз нейкі час Яўген з доктаркай Надзеяй згулялі вяселле. Знайшоў сваё шчасце і жартаўнік Андрэй. Абодва сябры ўжо маюць унукаў, але той выпадак, а таксама бабулю Лікеру і яе бурклівага дзеда ўспамінаюць і сёння.

Юрый Катовіч, аг. Андроны, Пастаўскі раён

Рубрыку вядзе Валянціна Доўнар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.