Вы тут

Медыцынскія каледжы павялічваюць набор


Сёння ў нашай краіне распачынаецца прыёмная кампанія ва ўстановах, якія рыхтуюць спецыялістаў з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй.


Прыём дакументаў ад абітурыентаў, якія паступаюць на бюджэтныя месцы на аснове базавай адукацыі, завяршаецца 3 жніўня, а для абітурыентаў, якія паступаюць пасля заканчэння школы або прафесійна-тэхнічнай навучальнай установы, — 9 жніўня. Пры паступленні на платную форму навучання прыём дакументаў завяршаецца 14 і 16 жніўня адпаведна. Але маладыя людзі, нацэленыя на платнае навучанне, якім трэба здаваць уступныя іспыты па спецыяльнасці, павінны падаць свае дакументы ў тыя ж тэрміны, што і «бюджэтнікі».

Сёлета на ўзровень сярэдняй спецыяльнай адукацыі запланавана прыняць за кошт сродкаў бюджэту на дзённую і завочную формы навучання 24,2 тысячы чалавек. Скараціць плануецца прыём на эканамічныя спецыяльнасці (на 0,7 працэнта, у тым ліку за кошт сродкаў бюджэту на 3,2 працэнта), а таксама на будаўнічыя (на 7,1 працэнта, у тым ліку за кошт сродкаў бюджэту на 4,6 працэнта). Затое павялічваецца ў параўнанні з папярэднім годам прыём на спецыяльнасці профілю «ахова здароўя» — на 8,7 працэнта (у тым ліку за кошт сродкаў бюджэту — на 6,4 працэнта).

Набор на ўзровень сярэдняй спецыяльнай адукацыі будзе весціся сёлета па 147 спецыяльнасцях. Свой другі прыём ажыццявіць Мінскі гарадскі педагагічны каледж, які рыхтуе педагагічныя кадры для ўстаноў дашкольнай адукацыі і настаўнікаў пачатковых класаў. Прыём тут праводзіцца на аснове базавай адукацыі па конкурсе пасведчанняў аб заканчэнні дзевяці класаў, а на аснове агульнай сярэдняй адукацыі — толькі на завочную форму навучання (па выніках ЦТ па дзяржаўнай мове і біялогіі).

Між іншым, летась самы высокі конкурс (4,6 чалавека на месца) склаўся ў педкаледжы менавіта на завочную форму навучання сярод ахвотных паступіць на спецыяльнасць «Дашкольная адукацыя» (прахадны бал — 11,31).

Варта нагадаць, што ў сёлетняй прыёмнай кампаніі адбыліся некаторыя змены, якія былі занатаваныя ў новых Правілах прыёму, зацверджаных Указам кіраўніка дзяржавы ў студзені бягучага года. Так, у прыватнасці, для выпускнікоў базавай і сярэдняй школы, якія спыняцца на атрыманні сярэдняй спецыяльнай адукацыі, спрашчаюцца некаторыя ўмовы.

Раней у дачыненні да часткі з іх распаўсюджвалася абмежаванне — ім трэба было мець у атэстаце мінімум 4 балы па рускай (беларускай) мове і профільным прадмеце. Цяпер абмежаванне ў дачыненні да рускай (беларускай) мовы знятае, яно засталося толькі па профільным прадмеце. Новаўвядзенне распаўсюджваецца на выпускнікоў 9-х класаў, якія будуць паступаць на спецыяльнасці, дзе конкурс у мінулым годзе склаў тры і больш чалавек на месца, а таксама на адзінаццацікласнікаў, якія не здавалі ЦТ, пры паступленні на спецыяльнасці з конкурсам у 2016 годзе — 1,5 і менш чалавека на месца. Гэта асабліва актуальна для людзей, якія даўно скончылі школу, але хацелі б атрымаць сярэднюю спецыяльную адукацыю.

У выпускнікоў сярэдняй школы, якія паступаюць у ССНУ, сёлета была магчымасць здачы трох прадметаў на ЦТ, хоць прыёмнай камісіяй будуць брацца пад увагу ўсё роўна толькі два сертыфікаты. Гэта было зроблена для таго, каб пашырыць магчымасць выбару сярод спецыяльнасцяў.

Унесены таксама змяненні і дапаўненні ў нормы, якія дазваляюць залічваць абітурыентаў без уступных выпрабаванняў, па-за конкурсам, а таксама абітурыентаў, якія маюць пераважнае права на залічэнне пры роўнай агульнай суме балаў.

Уведзена норма, якая дазваляе грамадзянам нашай краіны, якія пастаянна пражываюць у Рэспубліцы Беларусь не больш як два гады, замежным грамадзянам і асобам без грамадзянства, якім прадастаўлены статус бежанца або прытулак у Беларусі, паступаць на ўмовах, прадугледжаных для замежных грамадзян (па выніках субяседавання да 15 кастрычніка).

Новымі правіламі прыёму таксама прадугледжана дадатковая магчымасць для маладых людзей стаць навучэнцамі ССНУ: выпускнікоў 11-х класаў, якія не прайшлі ў бягучым годзе па конкурсе, па іх жаданні могуць залічыць на вакантныя месцы ў групы 2-га курса, набраныя год таму. Але гэта будзе магчымым толькі пры ўмове, калі ў такіх групах ёсць вакантныя месцы.

Залічэнне тых, хто паступае ў ССНУ на бюджэтную форму навучання на аснове базавай адукацыі, адбудзецца не пазней 10 жніўня, а на платную форму — да 16 жніўня. Для абітурыентаў, якія паступаюць на аснове агульнай сярэдняй адукацыі, прыёмная кампанія завершыцца для «бюджэтнікаў» 14 жніўня і 17 жніўня — для «платнікаў».

Надзея НІКАЛАЕВА

nіkаlаеvа@zvіаzdа.bу

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».