Вы тут

У інтэрнэце з'явіўся праект «Чамадан дабра»


Не так даўно на прасторах інтэрнэту з'явіўся новы праект «Чамадан дабра». Яго арганізатары — моладзь. Яны зусім розныя знешне, з рознай адукацыяй і ладам жыцця, але ёсць тое, што іх аб'ядноўвае: аніматар Раман Навасельскі, будаўнік Настасся Бяляева і электратэхнік Аляксей Максімаў робяць свет крышачку дабрэйшым.


Злева направа: Аляксей Максімаў, Настасся Бяляева,  Раман Навасельскі.

«Чамадан дабра» — гэта праект, створаны для таго, каб матываваць людзей рабіць карысныя і добрыя рэчы. Раман — стваральнік і асноўны ініцыятар ідэй. Ён займаецца пошукам герояў для роліка, думае над канцэпцыяй, кіруе суполкай «Чамадана дабра» ў сацыяльных сетках. Аляксей — відэааператар праекта. Усё, што датычыцца здымак, якасці карцінкі, — справа яго рук. Настасся прыцягвае да праекта людзей, дзеліцца сваімі ідэямі, дапамагае Раману.

Моладзь знаходзіць ахвотных зрабіць добрую справу. Сумесна яны прыдумляюць нешта карыснае і ажыццяўляюць гэта. У суполцы ёсць той самы сапраўдны жоўты «Чамадан дабра». Атрымаўшы яго, чалавек абавязкова робіць нешта карыснае для іншых. Напрыклад, калі ён аказаўся ў хлопца-танцора, той правёў майстар-клас па Jаzz Funk. Усе сабраныя грошы адвезлі ў дзіцячы дом. Аляксей здымае ўсё, што адбываецца, на камеру і выкладвае ў інтэрнэт. Гледачы каментуюць, ацэньваюць выпуск і плануюць уласныя добрыя ўчынкі.

Нярэдка пасля чарговага выпуску з героямі «Чамадана дабра» Раману прыходзяць лісты пра тое, на якія добрыя справы натхніў кагосьці праект. Напрыклад, пасля здымак з Вікторыяй Аквінскай (дзяўчына падарыла рукавіцы бабулі, якая стаяла на вуліцы) глядач таксама зрабіў дабрачынны крок.

Ідэя стварыць праект прыйшла да Рамана ў цягніку. Ён часта падарожнічае. Падчас адной з такіх паездак хлопец даведаўся, што існуе нейкая скрынка з гарбатай, якая перадаецца з рук у рукі. Кожны кладзе туды пакецік з заваркай і перадае далей. Тады і з'явілася ідэя зрабіць «Чамадан дабра». Праекту ўсяго менш за год. Але за гэты час яго канцэпцыя змянялася неаднойчы:

— Спачатку мы хацелі паставіць чамадан на вуліцы, прапанаваць людзям рабіць добрыя справы, здымаць гэта на відэакамеру і выкладваць на ўказаны электронны адрас. Потым прыйшла ідэя перадаваць чамадан ад аднаго чалавека да іншага. Цяпер гэтым сталі займацца мы, так зручней.

Суполка моладзі не атрымлівае за сваю працу ніякіх грашовых узнагароджванняў. Хутчэй наадварот — яны робяць усё за асабістыя зберажэнні. Відэааператар Аляксей прыносіць на здымкі ўласную камеру, манціруе на ўласным камп'ютары. І гэта толькі фінансавы бок. Што ўжо казаць пра выдаткаваны на праект час?

— Часам я тэлефаную Лёшу ў дзве гадзіны ночы, каб сказаць: «Графік змяніўся. Здымаем заўтра замест абяцанага чацвярга». І ён падладжваецца, знаходзіць час.

Адзін з удзельнікаў праекта Вадзім Ванюхоў у касцюме Чабурашкі сумесна з дзецьмі рабіў шпакоўні.

Праект яшчэ зусім малады, таму цяжка сказаць, што больш за ўсё запомнілася. Аднак, як кажа каманда, кожны выпуск асаблівы. Памятаюць, як пераапраналі аднаго з удзельнікаў у касцюм Чабурашкі, як ехалі ў метро з яркім жоўтым чамаданам, як прыбіралі лес. Людзі па-рознаму рэагуюць на дабро, якое ім робіш. Нехта не разумее, што адбываецца, шукае падвох ці адмаўляецца ад дапамогі. Нягледзячы на гэта, суполцы маладых людзей падабаецца рабіць сваю справу. «Мы займаліся б гэтым кожны дзень, калі б не фінансавы бок, зарабляць жа на жыццё трэба».

Цяпер у каманды 14 гатовых выпускаў. Магло быць больш, калі б не асноўная работа. Акрамя таго, куды б ні ездзіў Раман, ён заўсёды бярэ з сабой «Чамадан дабра». Расказвае новым знаёмым аб праекце, прыцягвае да сябе ў каманду. Такім чынам праводзіць рэкламу, бо нават у сацыяльных сетках такія паслугі часцей за ўсё платныя:

— Нам пішуць: калі хочаце мець піяр на вялікіх сацыяльных пляцоўках, плаціце. На жаль, мы сабе гэтага дазволіць не можам.

На пытанне, колькі яшчэ будзе існаваць «Чамадан дабра», моладзь кажа:

— Гэта пытанне з разраду, колькі яшчэ людзей здольныя рабіць добрыя справы. Пакуль будуць рабіць, мы будзем здымаць.

Праект «Чамадан дабра» развіваецца і набірае абароты. Маладыя людзі вучацца на сваіх памылках, удасканальваюць канцэпцыю, прыцягваюць новых людзей. Пра тое, што праект не згасне, сведчыць цікавасць з боку гледачоў, арыгінальнасць ідэі і шмат энтузіязму ў вачах каманды.

За дзейнасцю «Чамадана дабра» вы можаце сачыць у аднайменнай суполцы «УКантакце» альбо на асабістых сацыяльных старонках Рамана Навасельскага.

Наталля ТЫЧКО, студэнтка ІІ курса Інстытута журналістыкі БДУ

Загаловак у газеце: Збіраем «Чамадан дабра»

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.