Вы тут

Адзін дзень у педагагічным атрадзе


Калі вельмі хочацца ў дзіцячы лагер, а пуцёўкі з-за ўзросту ўжо не прадаюць, можна запісацца ў важатыя. Каб трапіць у педагагічны атрад, некаторыя адмаўляюцца ад паездак на мора і выгадных кантрактаў. А што набываюць узамен? Пра гэта мы даведаліся ў моладзі з педатрада «Ветразь», які працуе на базе аздараўленчага лагера «Спадарожнік».


Старшы педагог Уладзімір Самуленкаў вітае атрад.

Асабісты прыклад ва ўсім

Педатрад «Ветразь» працуе ўжо васямнаццаты год. У яго шэрагах не толькі будучыя педагогі: стаць важатым можа прадстаўнік любога ўніверсітэта. Вядома, пасля таго як пройдзе адбор.

— Сёлета да нас на гутарку прыйшло 240 чалавек. З іх мы пакінулі на навучанне дзесьці 140, а да канца дайшло 120. У асноўным гэта студэнты і маладыя спецыялісты. Сярэдні ўзрост — 23 гады, — расказвае старшы педагог атрада «Ветразь» Уладзімір САМУЛЕНКАЎ.

Навучанне будучых важатых праходзіць з лютага да мая і складаецца з некалькіх этапаў. Першы — дыстанцыйны. Ён арганізуецца па прынцыпе «роўны навучае роўнага»: досведам з навічкамі дзеляцца вопытныя важатыя. Прапануюцца заданні на камунікабельнасць, вызначэнне зоны камфорту. Другі этап — вочны: трэнінгі і майстар-класы ладзяцца на базе Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка.

Падчас трэцяга этапу кандыдаты ў атрад рыхтуюць творчыя мерапрыемствы. Апошняе выпрабаванне — выязная вучоба. Моладзь адпраўляецца на тры дні ў дзіцячы лагер, дзе мадэлюецца змена. Так важатыя могуць і з месцам азнаёміцца, і розныя педагагічныя сітуацыі адпрацаваць. Разбіраюць, што рабіць, калі дзіця плача і хоча да мамы, калі хтосьці самавольна выйшаў з атрада, пабіўся ці атрымаў траўму.

— А як дзейнічаць, калі падлетак закахаўся ў важатага? — падкідваем задачку для роздуму.

— У ідэале — адцягнуць увагу, пераключыць яе на нешта іншае. Трэба пагаварыць з падлеткам. У крайнім выпадку — перавесці важатага далей ад гэтага дзіцяці, — адказвае Уладзімір.

Каманда атрада цалкам закрывае ўвесь штатны расклад лагера па педагогах. На думку Уладзіміра Самуленкава, гэта ідэальны варыянт. «У моладзі больш энергіі. Калі важаты не можа танцаваць на дыскатэцы, гэта не важаты. Дзеці маладым больш давяраюць. Дый самім аднагодкам камфортней працаваць у такім калектыве».

Галоўнае правіла важатага — асабісты прыклад ва ўсім. Разам з дзецьмі яны ходзяць на прабежку, гуляюць у мяч, ядуць на абед першае, другое і кампот. А як яшчэ прымусіць школьнікаў гэта рабіць?

«Ляцеў лебедзь, зламаў крыло»...

Шкілет і фіялетавыя валасы

Міма па дарожцы праходзіць малеча з музычнымі дыскамі на шыі. Сёння Дзень саўндтрэкаў, тлумачаць нам, таму і дрэс-код такі.

Увогуле, кожная змена ў лагеры тэматычная. Цяперашняя прысвечана кіно. У адпаведнасці з тэматыкай аформлены і атрадныя куткі. Зазіраем да «Піратаў». На ўваходзе — сцяг марскіх разбойнікаў, куфар са скарбам і... шкілет. «Гэта важаты, які тут даўно працуе», — жартуюць усе.

Кіношнай стылістыцы стараюцца адпавядаць і педагогі атрадаў. Адна з дзяўчат спецыяльна пафарбавала валасы ў фіялетавы колер, каб быць у тэме коміксаў.

Лічба

За змену важатыя педатрада «Ветразь» атрымліваюць ад 350 да 410 рублёў.

Надвор'е сёння сонечнае, таму ў карпусах амаль нікога няма. Усе дзеці адпачываюць на вуліцы. Адны рэпетуюць нумары да конкурсу пародый на музыкаў, іншыя гуляюць у футбол. Разам з хлопчыкамі ганяе мяч і важаты Яфім ЕФІМЕНКА. У педатрадзе ён працуе першы год.

Я быў тут адну змену піянерам, і зацягнула, — усміхаецца хлопец.

Навічку даручылі дзяцей 10—11 гадоў. Спраўляецца. «У гэтым узросце ў дзяцей яшчэ не сфарміраваны свой погляд на ўсе пытанні. Таму ім лягчэй паказаць, што правільна, а што не, — лічыць Яфім. — Ёсць, вядома, закрытыя дзеці — вось з імі складана».

З дысцыплінай у атрадзе ў важатага пытанняў не ўзнікае: яго, хлопца, малыя слухаюцца лепш, чым дзяўчат. Але з педагогікай Яфім ніяк не звязаны: ён вучыцца на другім курсе Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў на гукарэжысёра.

Важатая Настасся Шыцік разам з атрадам рэпетуе дэвіз.

Правініўся — рыхтуй флэш-моб

Для Марыі ПЕТРАЖЫЦКАЙ і Настассі ШЫЦІК гэта змена далёка не першая. Марыя прыязджае на лета ў «Ветразь» шосты год запар, Настасся — чацвёрты. Тут яны педагог-арганізатар і важатая старшага атрада, па-за межамі лагера — другі рэжысёр на кінастудыі і настаўніца малодшых класаў.

Цікавімся ў дзяўчат, з дзецьмі якога ўзросту лягчэй працаваць.

— Мне прасцей са старэйшымі, — адказвае Настасся. — З імі трэба быць сябрам. Але не пераходзіць мяжу. Так, пры дзецях мы, важатыя, заўсёды называем адзін аднаго па імені і імені па бацьку.

— Важна старацца быць справядлівымі ў адносінах да іх. Тады дзецям будзе сорамна вас не слухацца і рабіць нешта дрэннае, — дадае Марыя. — А з маленькімі трэба быць яшчэ і крыху клоўнам. Падмяняць маму, бо не ўсе ўмеюць завязваць сабе шнуркі і заплятаць коскі.

— А калі дзеці не слухаюцца? Караеце?

— Даём тым, хто правініўся, заданне — зрабіць нешта крэатыўнае, напрыклад, падрыхтаваць да дыскатэкі флэш-моб.

У падлеткаў у лагеры, дарэчы, ёсць выдатная матывацыя добра сябе паводзіць. Найлепшы атрад па выніках змены атрымлівае сцяг «Ветразя», а старэйшыя дзеці запрашаюцца на наступны год у важатыя.

Цяперашнія школьнікі, па назіраннях дзяўчат, вельмі адрозніваюцца ад іх пакалення. Дзеці не ведаюць многія, здавалася б, папулярныя фільмы — яны глядзяць ютубераў, а не кіно.

Самае складанае ў рабоце педатрада — адразу ўвайсці ў тэмп. Тут не бывае, што важаты сядзіць на лаўцы, а дзеці недзе гуляюць.

— А які любімы момант за ўсю змену?

— Апошні важацкі канцэрт, — у адзін голас адказваюць Марыя і Настасся. — Кожны раз стараемся не рабіць сумных нумароў, але ўсё роўна плачам.

Пад прыцэлам фотакамеры ахвотнікаў есці суп большае.

Прамяняць Парыж на «Ветразь»

— Рыцары, хэй! Рыцары, хэй! — дружна рушыць адзін з малодшых атрадаў у напрамку сталовай. Літару «р» вымаўляюць не ўсе, але гэта не перашкаджае скандзіраваць крычалку.

На першае — фасолевы суп. Супы дзятва не вельмі любіць, але, заўважыўшы, што іх здымае наш фатограф, наперабой пачынаюць падсоўваць талеркі для дабаўкі.

— Максім Ігаравіч, мы раскусілі яго: ён не веган, а ныцік! — са смехам заяўляе хтосьці з хлопчыкаў.

Пасля абеду — ціхая гадзіна. Але важатым няма калі адпачываць. Хтосьці дзяжурыць на калідоры, хтосьці рыхтуе рэквізіт для мерапрыемстваў. Стараюцца, бо на коне — імянная майка (яе атрымліваюць найлепшыя важатыя). Жарт, вядома. Не, прыз у выглядзе імянной майкі сапраўды ёсць, але ў педатрад ідуць не па яго.

— Я прыязджаю па эмоцыі, — прызнаецца Настасся Шыцік. — У нас ёсць такая гульня — «свечка». У канцы дня мы з дзецьмі садзімся ў кола і дзелімся, што нам за сёння спадабалася ці не. І калі чуеш словы падзякі ў свой адрас — гэта найлепшая ўзнагарода.

— Мы тут усе крыху апантаныя, — усміхаецца Марыя Петражыцкая. — Памятаю, з намі працаваў хлопчык-мадэль, яму кантракт на два гады ў Парыжы прапаноўвалі. А ён адмовіўся, каб у лагер паехаць. Некаторыя кажуць: ну, усё, гэта змена апошняя. І на наступны год зноў прыязджаюць.

У тэму

Сёлета ў БДПУ імя Максіма Танка створана 27 студэнцкіх педагагічных атрадаў, у якіх працуе 470 чалавек. Пераважна гэта навучэнцы 2—4 курсаў.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

lubnеuskауа@zvіаzdа.bу

Фота Надзеі БУЖАН

Мінск — Мінскі раён — Мінск

Загаловак у газеце: Не ўмееш танцаваць — не важаты

Каментары

Лагерь "Спутник" и пед.отряд "Ветразь"- самое лучшое , что есть и происходит в моей жизни

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».