Вы тут

29-гадовы Аляксандр Кодзіс з Гродна ставіць сусветныя рэкорды


Сямігадовым хлопчыкам падчас гульні з братам ён траўміраваў левае вока і стаў інвалідам па зроку. Іншыя ў такіх сітуацыях ламаюцца, але Аляксандр не з такіх. Убачыўшы ў адным з часопісаў фота знакамітага «караля» бодзібілдынга, хлапчук таксама вырашыў стаць чэмпіёнам. Але шлях у вялікі спорт атрымаўся цярністы.


Спачатку ён спрабаваў сябе ў лёгкай атлетыцы, плаванні, класічным і тайскім боксе. Некаторы час займаўся кросфітам. На ўсіх трэніроўках працаваў да сёмага поту, але з розных прычын кожны раз даводзілася пераключацца з аднаго віду спорту на другі. Ад чагосьці Аляксандр адмовіўся з-за праблем са зрокам, нешта проста не давала жаданых вынікаў.

Але ад сваёй мары хлопец не адмовіўся. Па парадзе сябра два гады таму ён прыйшоў у паўэрліфтынг і адразу гучна заявіў пра сябе. На першым жа турніры пабіў рэкорд Беларусі ў станавой цязе і выканаў нарматыў майстра спорту. Яшчэ праз пару месяцаў атрымаў званне майстра спорту міжнароднага класа. А летась выйграў Адкрыты кубак Беларусі і ўстанавіў сусветны рэкорд у суме — 337,5 кілаграма.

— Мама заўсёды плача, калі я падымаю штангу. Яна катэгарычна супраць паўэрліфтынга, але даўно перастала прасіць мяне кінуць спорт, — кажа Аляксандр.

Хлопец марыць стаць абсалютным чэмпіёнам свету.

— З чаго пачалася твая кар'ера ў спорце?

— Колькі сябе памятаю, заўсёды марыў стаць падобным на спартсменаў з ілюстраванага часопіса «Sіgmа». Нават не ведаю, адкуль ён узяўся ў нашым доме, але фатаграфіі культурыстаў, перш за ўсё «жалезнага» Арнольда Шварцэнэгера, назаўжды ўрэзаліся ў маю памяць. У дзяцінстве я вырашыў: калі вырасту, абавязкова стану такім жа вялікім і моцным, як ён.

— Дзіцячая траўма моцна паўплывала на жыццё?

— Яшчэ да яе я ведаў, што збіраюся прысвяціць сваю будучыню спорту. Таму гэтае здарэнне не адыграла вырашальнай ролі ў маім лёсе. Хіба што толькі ў падлеткавым узросце мне вельмі не хацелася, каб навакольныя ў першую чаргу бачылі ўва мне інваліда. Неўсвядомлена стараўся адцягнуць увагу іншых ад сваіх праблем са зрокам.

— Ты нарадзіўся і вырас у вёсцы, але даўно жывеш ў Гродне. Лічыш сябе гараджанінам?

— Не зусім. Ганаруся тым, што «выйшаў з вёскі» і ніколі не забываю дарогу дадому. Выдатна знаёмы з усімі бакамі нялёгкага сельскага жыцця. Яно шмат у чым загартавала мой характар, навучыла абыходзіцца малым і цаніць тое, што маеш.

Першыя крокі ў спорце я зрабіў у роднай вёсцы. Мы жылі даволі сціпла, лішніх грошай ніколі не было. Але мелася такое моцнае жаданне займацца спортам, што я сам майстраваў турнікі, брусы, просценькія трэнажоры. У школьную спортзалу бег хутчэй за ўсіх і выходзіў з яе апошні.

— Каб дамагчыся сур'ёзных вынікаў, несумненна, патрэбная жалезная сіла волі. А што яшчэ трэба для перамогі?

— Усведамленне таго, што калі не даб'ешся мэты, потым усё жыццё будзеш дакараць сябе за гэта. Лічу, калі ёсць магчымасць чымсьці займацца, значыць трэба выкарыстоўваць яе на сто працэнтаў. І ніякіх адгаворак быць не можа. Я многім ахвяраваў дзеля спорту. Укладваў у трэніроўкі ўсе грошы, якія зарабляў. Кожную вольную хвіліну сем дзён на тыдзень праводзіў у зале замест таго, каб адпачываць разам з сябрамі і блізкімі. Вядома, вялікі спорт здароўя не дадае, але для мяне дарогі назад няма.

— На п'едэстале ты чэмпіён. А ці даводзілася прымяняць сілу ў звычайным жыцці?

— Калі жыў у вёсцы, як і ўсе хлапчукі, удзельнічаў у «пацанскіх» разборках. Але гэта па маладосці. Апошнія дзесяць гадоў дэманстраваць сілу ў нефармальнай абстаноўцы, на шчасце, не даводзілася. Пры гэтым я не пераношу несправядлівасць і хамства. Бывае, бачу, калі хтосьці паводзіць сябе ў адносінах да іншых не вельмі культурна, тут жа выступаю ў якасці «ўціхамірніка». Аднаго майго выгляду дастаткова, каб канфлікт быў спынены.

Аляксандр Кодзіс (пасярэдзіне).

— Паўэрліфтынг — даволі небяспечны від спорту. Траўмы непазбежныя?

— Вялікі спорт не для слабакоў: траўмы — неад'емная частка любога прафесійнага спорту. Бясплатны дадатак, калі можна так сказаць. Часта даводзіцца трэніравацца або выступаць, прымаючы болесуцішальныя лекі. Хтосьці скажа, што гэта ненармальна. Але тым і адрозніваецца сапраўдны спартсмен: яму балюча, але ён усё роўна ідзе на трэніроўку. У многіх маладых атлетаў кар'ера заканчваецца, так і не пачаўшыся з-за слабахарактарнасці, яны не гатовыя пераадолець боль. Нават калі б я быў інвалідам не па зроку, а, напрыклад, калясачнікам, то ўсё роўна не адмовіўся б ад спартыўнай кар'еры.

— Паўэрліфтынг не ўваходзіць у праграму Параалімпійскіх гульняў. Хацелася б калі-небудзь паўдзельнічаць у гэтых спаборніцтвах?

— Паважаю параалімпійцаў і асабіста знаёмы са многімі з іх. Але Параалімпіяда, з аднаго боку, адкрывае перад людзьмі з інваліднасцю новыя магчымасці, а з іншага, наадварот, заганяе ў рамкі. Хачу стаць абсалютным чэмпіёнам сярод усіх спартсменаў, а не толькі ў канкрэтнай катэгорыі.

— У цябе ёсць якія-небудзь захапленні, акрамя спорту?

— Люблю «жалеза» не толькі ў зале, але і падчас адпачынку. Таму экстрэмальнае кіраванне аўтамабілем і матацыклам — мая другая любоў пасля спорту.

— Аднойчы прыйдзецца завяршыць спартыўную кар'еру. Кім ты сябе бачыш у будучыні?

— Не ўяўляю сваё жыцце без спорту. Магчыма, стану трэнерам і буду выхоўваць новыя пакаленні чэмпіёнаў. Або адкрыю сваю трэнажорную залу. Не выключаю, што аднойчы захачу заняцца грамадскай дзейнасцю ці палітыкай, як Шварцэнэгер. Сябры кажуць, у мяне ёсць задаткі для гэтага. Можа быць, мой жыццёвы шлях стане прыкладам для кагосьці, як для мяне стаў прыкладам Арнольд.

Ганна КУРАК

Паўэрліфтынг — сілавы від спорту, сутнасць якога заключаецца ў пераадоленні супраціўлення максімальна цяжкай для спартсмена вагі. Паўэрліфтынг таксама называюць сілавым трохбор'ем. Звязана гэта з тым, што ў якасці спаборніцкіх дысцыплін у яго ўваходзяць тры практыкаванні (прысяданні са штангай на спіне (на верхняй частцы лапатак), жым штангі лежачы на гарызантальнай лаўцы і цяга штангі), якія ў суме вызначаюць кваліфікацыю спартсмена. Гэтыя тры практыкаванні ў бодзібілдынгу (ці культурызме — працэсе нарошчвання і развіцця мускулатуры) называюць базавымі, паколькі пры іх выкананні ў работу ў большай ці меншай ступені ўключаюцца практычна ўсе мышцы. Гэтыя практыкаванні рэкамендаваныя спартсменам-пачаткоўцам для набору агульнай мышачнай масы і развіцця сілы.

Сяргей РАСОЛЬКА

rs@zviazda.by

Загаловак у газеце: Калі жалеза скараецца духу

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.