Вы тут

Гурт MІLKІ: У дзявочым калектыве заўсёды ёсць канкурэнцыя


Тры гады таму яны прайшлі кастынг у гурт, які збіраў на сваёй радзіме нарвежскі спявак і музыкант Аляксандр Рыбак. І ўжо праз некалькі месяцаў выступалі на нацыянальным адборы на «Еўрабачанне». Якімі творчымі праектамі займаецца сёння гурт «MІLKІ», ці ёсць канкурэнцыя ў дзявочым калектыве і наколькі атрымліваецца сумяшчаць сцэну і асабістае жыццё, «Чырвонцы. Чырвонай змене» расказалі Таісія Серыкава, Марына Путнікава, Таццяна Стахоўская і Дана Іголка.


— Чым займаліся да таго, як трапіць у гурт? Як даведаліся пра кастынг?

Тая: — Аб кастынгу мне расказала мая калега з музычнай школы, дзе я тады працавала выкладчыкам па эстрадным вакале. У сацыяльнай сетцы яна ўбачыла відэа Аляксандра Рыбака, у якім ён прапаноўваў паспрабаваць свае сілы і паўдзельнічаць у адборы. Падумала, што мне гэта можа быць цікава...

Марына: — На той момант я толькі скончыла каледж і выкладала ў вакальна-харавой школе ў Горках. Пра кастынг мне расказалі бацькі майго маладога чалавека.

Дана: — Да прыходу ў гурт і сёння я вучуся ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў. Пра кастынг даведалася са СМІ. Але адбор праходзіла не з усімі, бо на той момант мне яшчэ не было 18 гадоў. У гурт я трапіла пазней. Дзяўчаты і Аляксандр прынялі мяне вельмі прыязна.

Таня: — Мне пра кастынг расказаў добры знаёмы. Сказаў, што там, у гурце, маё месца.

— Калі даведаліся пра тое, што прайшлі адбор, якія былі эмоцыі?

Марына: — У мяне быў ступар! Спачатку не паверыла. Была ў радасным шоку і мая мама. Памятаю, як пачалі пісаць і тэлефанаваць з віншаваннямі знаёмыя і сябры.

Тая: — Я ўбачыла ролік у сацыяльнай сетцы, дзе Аляксандр аб'яўляў імёны дзяўчат, якія прайшлі адбор. Скакала па кватэры ад шчасця, калі пачула сваё прозвішча. Дома ў той момант былі свякроў і кот. Яны ж і падзялілі са мной гэты радасны момант (усміхаецца). Калі ж даведаліся сябры, спачатку трохі дзівіліся, а потым віншавалі і прасілі ўзяць для іх аўтограф у Аляксандра.

— Ці пазнаюць на вуліцы?

Дана: — На вуліцах, на жаль, пакуль яшчэ не пазнаюць. Але я думаю, усё яшчэ наперадзе.

Марына: — А вось у мяне бывала некалькі разоў: бачылі дзесьці і пачыналі крычаць: «Мілка!» Гэта, канешне, прыемна.

Тая: — Вось было зусім нядаўна: я прыйшла на канцэрт гурта «NАVІBАND» у Гомелі, і перад уваходам у залу да мяне падышла наша фанатка з просьбай пакінуць аўтограф і працягнула білет на канцэрт. Канешне ж, білет я псаваць не стала, а замест гэтага прапанавала зрабіць сумеснае фота.

— Ці прыйшлося змяняць свой стыль, калі трапілі ў гурт?

Таня: — Прычоску і колер валасоў мне не мянялі, бо Аляксандр Рыбак адразу ведаў, які тып дзяўчат яму патрэбны: славянкі са светлымі вачыма і русымі валасамі. Так што я «ўпісалася».

Тая: — На шчасце, не. Аднак падчас падрыхтоўкі да «Еўрафэсту» кожны дзень у нас былі інтэрв'ю і здымкі. Шчыра кажучы, прывыкнуць да штодзённай парадна-выхадной вопраткі і «баявой афарбоўкі» атрымалася не адразу.

— Хто распрацоўвае вам стыль, стварае ўборы для выступленняў?

Тая: — Нашы сцэнічныя касцюмы — справа рук дызайнера Наталлі Ляхавец. Пры стварэнні вобразаў улічваецца наша меркаванне, а таксама асаблівасці фігуры кожнай. Так, захоўваюцца агульная ідэя і стыль, але касцюмы атрымліваюцца розныя, падкрэсліваецца наша індывідуальнасць.

— Вы — дзявочы калектыў. Ці ёсць сярод вас канкурэнцыя? Альбо вы сяброўкі?

Марына: — Уяўляеце: мы ні разу за тры гады сур'ёзна не пасварыліся! Вядома, бываюць маленькія спрэчкі, але гэта некрытычна.

Тая: — Здаровая канкурэнцыя — рухавік прагрэсу. Так, бывала ўсялякае: сварыліся, мірыліся... Але самае галоўнае, што мы пры гэтым захоўваем павагу і любоў адна да адной. Таму любая спрэчка заканчваецца цёплымі абдымкамі і ўзаемнымі выбачэннямі.

— Ці цяжка працаваць з Аляксандрам Рыбаком?

Тая: — Ён патрабавальны. У той жа час гэта сябе цалкам апраўдвае. Аляксандр ніколі не патрабаваў ад нас немагчымага, а толькі працавітасці, даверу, шчырасці ў выкананні і поўнай аддачы на рэпетыцыях і выступленнях.

Дана: — Калі ёсць пэўная мэта, то да яе мы павінны прыйсці любымі шляхамі: складана гэта ці не, ужо не важна.

Марына: — Часам ён не можа выказаць сваю думку па-руску, але мы ўсё роўна яго разумеем.

— На якіх мовах выконваеце песні? Па-нарвежску яшчэ не спяваеце?

Тая: — Мы спяваем на беларускай, рускай і англійскай мовах. Што тычыцца нарвежскай — выдатная ідэя. Самы час «закінуць вуду» і прапанаваць Аляксандру напісаць для нас новую песню.

— Куды ездзіце на гастролі? Дзе падабаецца больш за ўсё?

Марына: — Мы былі ў розных гарадах Беларусі, але самым яркім і запамінальным для мяне стаў Віцебск. Там мы ўдзельнічалі ў «Славянскім базары».

Тая: — А мне больш за ўсё падабаецца выступаць у родным Гомелі. Таму што дома і сцены дапамагаюць.

— Ці ёсць нейкі сакрэт: як заставацца прыгожай, свежай і бадзёрай, калі прыходзіцца рана ўставаць на гастролі і класціся спаць позна з-за канцэрта?

Марына: — Займацца спортам, не забываць есці і быць спакойнай — для мяне гэта галоўнае, каб быць у добрым настроі.

Таня: — Не піць шмат вады на ноч, мець добры крэм для зняцця сінякоў пад вачыма.

Тая: — Мне дапамагаюць моцная кава і кантрасны душ. Ёсць яшчэ мноства карысных і эфектыўных працэдур, але на іх, як правіла, у шчыльным графіку часу не застаецца.

Дана: — А я лічу, што калі займаешся любімай справай, аддаешся ўвесь гледачам і табе рады, то адчуванне бадзёрасці застаецца само сабой.

— Ці будзеце яшчэ ўдзельнічаць у нацыянальным адборы на «Еўрабачанне»?

Тая: — Чаму б і не. Жаданне і сілы ёсць, засталося самае малое — напісаць хіт.

— Вы жывяце ў розных гарадах Беларусі. Ці складана працаваць адна з адной на адлегласці?

Тая: — Складана, але магчыма. Было б жаданне. Часта даводзіцца паўтараць песні ў аўтобусе па дарозе на канцэрт.

— Ці карыстаецеся беларускай мовай у жыцці або толькі на сцэне, у песнях?

Таня: — Карыстаюся, асабліва за мяжой, калі даю інтэрв'ю. Дарэчы, я вучылася ў беларускамоўнай школе ў Ракаве, і мая сям'я таксама размаўляе па-беларуску.

Тая: — Я пішу песні на беларускай мове, на ёй жа кантактую з публікай са сцэны, але ў побыце пакуль што размаўляю па-руску.

— Ці будуць яшчэ ў хуткім часе новыя песні і кліпы?

Тая: — Так, будуць. Але няхай гэта стане сюрпрызам, адкрываць карты раней часу не хочацца.

— Як удаецца сумяшчаць сцэну і асабістае жыццё?

Марына: — У гэтай справе патрэбны чалавек, які паважліва і з разуменнем ставіцца да тваёй прафесіі. Але маё сэрца зараз свабоднае.

Тая: — Муж мяне з хаты не гоніць (смяецца). Быць прыкладнай жонкай, сустракаць яго пасля работы баршчом, хлебам-соллю графік не дазваляе. Але чым менш мы праводзім часу разам, тым больш цэнім хвіліны, калі мы побач.

Ганна БАГІНО

bаhіnо@zvіаzdа.bу

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».