Вы тут

Прахадныя балы ў БДУІР пабілі рэкорды мінулага года


Як паведамляе прэс-служба ВНУ,  ТОП самых запатрабаваных сярод абітурыентаў спецыяльнасцяў  узначальвае спецыяльнасць  "Інфарматыка і тэхналогіі праграмавання" факультэта камп'ютарных сістэм і сетак. Папярэдні прахадны бал тут 380, а летась быў 373. Набор на "бюджэт" на гэтай спецыяльнасці склаў 50 чалавек, але 25 прайшлі па-за конкурсам як пераможцы рэспубліканскіх і міжнародных алімпіяд.


Папярэдні прахадны бал на спецыяльнасць "Праграмнае забеспячэнне інфармацыйных тэхналогій" на гэтым жа факультэце склаў 371 (летась — 363). А замыкае тройку лідараў па запатрабаванасці сярод абітурыентаў спецыяльнасць "Інфармацыйныя сістэмы і тэхналогіі (у гульнявой індустрыі)" факультэта інфармацыйных тэхналогій і кіравання. Спецыяльнасць стваралася сумесна з Wargaming — спецыялісты гэтай кампаніі чытаюць шэраг дысцыплін для студэнтаў. Прахадны бал на "бюджэт" у гэтым годзе склаў 370 пры плане набору ўсяго 10 чалавек.

Самы нізкі прахадны бал у БДУІР ( 258) быў на спецыяльнасці "Нанатэхналогіі і нанаматэрыялы ў электроніцы" (летась — 244) і "Электронныя і інфармацыйна-кіруючыя сістэмы фізічных установак", выпускнікі якой могуць працаваць на АЭС у Астраўцы. Нягледзячы на ​​тое, што спецыяльнасць знаходзіцца на сціплых пазіцыях у рэйтынгу, прахадны бал тут таксама істотна вырас і склаў 261 (летась — 240).

Зараз на сайце abitur.bsuir.by  можна пабачыць бягучы прахадны бал па кожнай спецыяльнасці, аднак абітурыенты і іх бацькі чакаюць 26 ліпеня - Дня адкрытага залічэння, калі абвяшчаюцца вынікі  прыёмнай кампаніі.

— У гэтым годзе ўсе заявы ад абітурыентаў уносіліся ў электронны журнал,  што размеркавала нагрузку на аператараў раўнамерна, а таксама істотна скараціла час падачы дакументаў: чэргаў з абітурыентаў амаль не было, — падкрэслівае адказны сакратар прыёмнай камісіі БДУІР Васіль БАНДАРЫК. — Таксама мы ўзмацнілі інфармацыйную падтрымку ў сацыяльных сетках,  шмат асабіста і аператыўна адказвалі на пытанні абітурыентаў.

У гэтым годзе амаль усе заявы падаваліся пры дапамозе электроннага кабінета. Гэта распрацоўка ёсць толькі ў БДУІР - яшчэ дома ў асабістым кабінеце абітурыент расстаўляе свае прыярытэты (па спецыяльнасцях тэхнічнага профілю можна указваць ад адной да трыццаці). Пры залічэнні камп'ютарная праграма сама размяркоўвае абітурыентаў па месцах у адпаведнасці з іх жаданнямі і баламі ЦТ. Сёлета упершыню абітурыенты маглі аформіць адразу дзве заявы: на бюджэтнае і платнае навучанне. Такім чынам ім больш не давядзецца марнаваць час і прыязджаюць у ВНУ ў другі раз, калі яны не трапяць на бюджэтныя месцы.

Усяго на дзённую бюджэтную форму навучання ў БДУІР было пададзена сёлета 1569 заяў на 1036 месцаў. На скарочаную форму навучання, пасля заканчэння каледжа, прэтэндавалі 120 чалавек на 79 месцаў.

Надзея НІКАЛАЕВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?