Вы тут

У Гродзенскай вобласці ўзмацняюць меры бяспекі культавых устаноў


З 2003 года тут адбылося 12 пажараў. Страты склалі больш за 20 тыс. рублёў, не абышлося і без ахвяр. У агні загінуў вартаўнік аднаго з храмаў. Літаральна ў чэрвені дашчэнту згарэў драўляны касцёл у вёсцы Клюшчаны Астравецкага раёна, які быў пабудаваны 300 гадоў таму.


Касцёл згарэў дашчэнту.

Агорнуты полымем

У вобласці не памятаюць другі такі выпадак. Старажытны касцёл Святога Яўхіма быў знішчаны агнём за лічаныя хвіліны. Якія страты і хто вінаваты — разбіраюцца следчыя органы. Але найбольш магчымай прычынай здарэння называюць парушэнне правілаў эксплуатацыі электрасетак і абсталявання. Устаноўлена, што электрычная праводка знаходзілася ў аварыйным стане.

Трыма гадамі раней аналагічная прычына пажару ўстаноўлена ў праваслаўным храме Свяціцеля Мікалая Цудатворцы ў пасёлку Юрацішкі Іўеўскага раёна. Праўда, вынік не быў такі жудасны, як у Клюшчанах. Агонь пашкодзіў храм часткова — дах, сцяну і маёмасць вакол алтара. Тым не менш страты склалі амаль 3,5 тыс. рублёў.

Небяспечная праводка прывяла да ўзгарання касцела Архангела Міхаіла ў весцы Скрундзі Дзятлаўскага раёна. У выніку страты — амаль 2 тыс. рублёў.

Не абышлі пажары і гродзенскія храмы. Больш за шэсць гадоў вялося ўзнаўленне Фарнага касцёла XVІІ стагоддзя, драўляны алтар якога поўнасцю выгарэў, у тым ліку пацярпелі рэльефныя калоны, дэкор і чатыры ўнікальныя скульптуры. Пажар узнік ад кароткага замыкання праводкі. Старажытная харальная сінагога таксама не пазбегла ўзгарання. Тры гады таму тут узнік пажар з-за парушэння правілаў эксплуатацыі сістэмы ацяплення. У выніку пашкоджана перакрыццё паміж паверхамі. Гродзенская сінагога — адна з найстарэйшых у Еўропе і занесена ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі. Дарэчы, сінагога пабудавана на рэштках храма XVІ стагоддзя, які згарэў у 1900 годзе.

У зоне рызыкі

Мясцовыя ўлады і ратавальнікі пастаянна трымаюць на кантролі пажарна-тэхнічны стан храмаў. Але апошні выпадак з касцёлам, які поўнасцю згарэў, прымусіў больш пільна паглядзець на гэту праблему. У адпаведнасці з даручэннем старшыні Гродзенскага аблвыканкама была праведзена татальная праверка ўсіх культавых устаноў рэгіёна. У чэрвені даследавалі 520 храмаў розных канфесій — цэрквы, касцёлы, мячэці, сінагогу і іншыя. Аказалася, што многія аб'екты царкоўнага дойлідства знаходзяцца ў зоне рызыкі.

— Мы выявілі шмат недахопаў, — зазначае начальнік аддзела нагляду і прафілактыкі Гродзенскага абласнога ўпраўлення МНС Андрэй МІХАЛЬЧАНКА. — На 280 аб'ектах адсутнічае альбо няспраўная сістэма аўтаматычнай пажарнай сігналізацыі. На многіх няма нават вогнетушыцеля, разам з тым эксплуатуецца абсталяванне, якое знаходзіцца ў аварыйным стане. І гэта не адзін-два аб'екты, а больш за сотню.

Таксама ратавальнікі звярнулі ўвагу на прылады, якія абараняюць ад удару маланкі. Як аказалася, многія храмы пазбаўлены такога важнага сродку супрацьпажарнай бяспекі, хоць узгаранні па гэтай прычыне таксама зафіксаваны.

З названымі праблемамі азнаёмлены прадстаўнікі рэлігійных аб'яднанняў падчас круглага стала, арганізаванага Гродзенскім аблвыканкамам і абласным упраўленнем МНС. Святарам рэкамендавана ў самы бліжэйшы час ліквідаваць недахопы ў сваіх прыходах — у першую чаргу ўстанавіць аўтаматычную пажарную сігналізацыю.

Падчас круглага стала.

Усёй грамадой

Калі зазірнуць у гісторыю храмаў, можна даведацца, што многія з іх неаднаразова ўзводзіліся на месцы былых папялішчаў. Менавіта так на пачатку мінулага стагоддзя адбылося і з царквой Казанскай Божай Маці, што ў аграгарадку Парэчча Гродзенскага раёна. Папярэдні храм згарэў у сярэдзіне XІX стагоддзя. Пасля таго як сабралі грошы, пачалі будаваць новую драўляную царкву. Адбылося гэта больш за сто гадоў таму. Цяпер царква і каталіцкі касцёл з'яўляюцца самымі старажытнымі будынкамі аграгарадка і ўваходзяць у спіс гісторыка-культурнай спадчыны. Праўда, царква патрабуе рамонту, і гэтыя работы вядуцца не адзін год. Але ў найбліжэйшы час вырашана збор сродкаў накіраваць на супрацьпажарную бяспеку.

— Зараз будзем усталёўваць грамаадвод, у нас ужо ёсць вогнетушыцель і сістэма пажарнай сігналізацыі, — кажа настаяцель Аляксандр Іваноў.

Але многія прыходы невялікія і забяспечыць самастойна ўстаноўку аўтаматычнай сігналізацыі яны не ў стане.

— Наша епархія будзе дапамагаць такім прыходам, — паведаміў намеснік канцлера Гродзенскай каталіцкай епархіі Антоній ГРЭМЗА. — Сродкі будзем збіраць мэтанакіравана, у кожным прыходзе.

Ужо вырашана, што да канца ліпеня ў большасці храмаў адрамантуюць электраправодку, забяспечаць наяўнасць вогнетушыцеляў, а таксама заключаць дагаворы на тэхнічнае абслугоўванне сістэм пажарнай сігналізацыі.

Меры бяспекі актуальныя для касцёлаў і цэркваў, бо да іх ёсць доступ «жывому» агню. Цяпер свечкі запальваюць толькі пад наглядам альбо падчас службы, а не так, як раней, калі храмы наведвалі групы турыстаў ці паломнікаў. Праўда, святары папярэджваюць, што ў невялікіх храмах пажарная сігналізацыя спрацоўвае нават і тады, калі ідзе служба. Гэта можа адбыцца як ад запаленых свечак, так і пры каджэнні (размахванні кадзілам). Але адмаўляцца ад традыцыйнага абраду, які рыхтуе прыхаджан да малітвы, ніхто са святароў не збіраецца.

Аляксандр ВЯРСОЦКІ, начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама:

— Літаральна за некалькі тыдняў была праведзена рэвізія пажарнай бяспекі культавых аб'ектаў. Яна паказала, што многія пытанні трэба вырашаць неадкладна, каб не дапусціць паўтарэння надзвычайнай сітуацыі, якая адбылася з касцёлам у вёсцы Клюшчаны.

Гэта павінна хваляваць не толькі ўлады, бо сітуацыя датычыцца бяспекі і святароў, і ўсіх прыхаджан, якія наведваюць храмы. Гэта яшчэ і работа па захаванні гісторыка-культурнай спадчыны, бо пераважная большасць культавых будынкаў адносіцца менавіта да гэтай катэгорыі.

Маргарыта УШКЕВІЧ

margo@zviazda.by

Загаловак у газеце: Каб храмы не гарэлі...

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».