Вы тут

Каханне зямное і нябеснае


Імя Марка Шагала з гонарам гучыць ва ўсім свеце. Многія краіны не адзін год змагаліся за магчымасць называць мастака сваім. Беларусы гэтае права адстаялі і могуць ганарыцца, што менавіта наша зямля была натхненнем для майстра, менавіта беларускі Віцебск адгукаецца ў шэрагу яго палотнаў. Сёлета ўвесь свет адзначае 130-годдзе Марка Шагала, у розных краінах ладзяцца тэматычныя выставачныя праекты, спецыялізаваныя мерапрыемствы. Беларусь не засталася ўбаку: у Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь прадстаўлена выстаўка літаграфій майстра «Марк Шагал: Колер кахання», якая захапляе тэматыкай, аўтарскай індывідуальнасцю і філасофскай глыбінёй.


«Канцэрт», 1957 г.

Выстаўка напасрэдна звязана з кнігай. Прадстаўленыя ў экспазіцыі літаграфіі былі выкананы Маркам Шагалам пераважна ў 1950 — 1960-я гады як ілюстрацыі да розных выданняў, прысвечаных самому Шагалу. Мастак выконваў ілюстрацыі да тэкстаў пра сябе, ілюстраваў самога сябе. Адсюль увесь найбагацейшы шэраг сюжэтных тэм, які вылучае творчасць Шагала: пейзажы Віцебска, Парыжа, Сен-Поль-дэ-Ванса, закаханыя пары, маці і дзіця, фантастычныя істоты і сімвалічныя жывёлы, музыканты і, вядома, вобраз самога майстра. —

Арганізацыя выстаўкі да дня нараджэння Марка Шагала ў Нацыянальным мастацкім музеі — сімвалічная падзея, — адзначыў на адкрыцці экспазіцыі Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў Францыі, пастаянны прадстаўнік Рэспублікі Беларусь пры ЮНЕСКА Павел Латушка. — З творчасцю віцебскага мастака як пасол Беларусі ў Францыі я сустракаюся пастаянна. Калі толькі прыехаў у Францыю, мне трапіў у рукі газетны альбом, у якім быў змешчаны вялікі артыкул, прысвечаны Марку Шагалу. Дарэчы, у артыкуле было падкрэслена, што мастак нарадзіўся ў Беларусі. Я ўзрадаваўся, бо часта кажуць, што ён з’явіўся на свет у іншых краінах, належыць іншым народам. Марк Шагал нарадзіўся на беларускай зямлі, але адгукаецца па ўсім свеце. Імя майстра, безумоўна, фарміруе імідж нашай краіны, робіць яе пазнавальнай. Як пастаянны прадстаўнік Беларусі пры Сусветнай турысцкай арганізацыі, ведаю: імя Марка Шагала вельмі прываблівае турыстаў, ім цікава ўбачыць радзіму мастака, наведаць прыгожы Віцебск.

Падчас наведвання шэрагу выставак Марка Шагала ў Парыжы, Ніцы, было цёпла на сэрцы, бо бачыў яго творы, звязаныя з Віцебскам, які ён вельмі любіў, які яго натхняў, быў імпульсам для творчасці. Мы павінны гэтым ганарыцца і праслаўляць імя Марка Шагала як прадстаўніка не толькі беларускай культуры, але ж і сусветнай. «У мастацтве, як і ў жыцці, усё магчыма, калі ў аснове — любоў», — гэтае знакамітае выказванне Марка Шагала чытаецца практычна ва ўсіх яго творах. Ён быў мастаком-гуманістам, які не толькі любіў жыццё ва ўсіх яго праявах, але і рамантызаваў яго ў мастацтве, яркімі фарбамі ўслаўляючы каханне як чароўны дар. Каханне зямное і нябеснае для яго некалькі дзесяцігоддзяў атаясамлівалася з рэальным абліччам жонкі Бэлы, якая ў творах мастака была ўвасабленнем музы, нявесты, выдатнай Дамы. Але была і любоў да сваёй радзімы, роднага Віцебска і дарагога Парыжа.

Падчас прагляду экспазіцыі «Колер кахання» глядач у поўнай меры можа адчуць эмацыянальнасць і дабрыню твораў Шагала. Яны быццам бы запрашаюць паўдзельнічаць у сюжэце, зразумець перажыванні аўтара, даведацца пра схаваныя ідэі. Работы майстра немагчыма абмінуць: яны захапляюць чароўнай атмасферай і гармоніяй, якую праз усё жыццё пранёс унутры ўнікальны творца.

— Гэтая выстаўка — наша свята, якое дазваляе канстатаваць, што мы становімся абсалютна паўнавартаснай еўрапейскай нацыяй, — падкрэсліў старшыня Беларускага саюза мастакоў Рыгор Сітніца. — За дваццаць пяць гадоў прайшлі шлях, які іншыя народы адольваюць стагоддзямі. Сведчанне гэтаму — Марк Шагал, які цалкам атаясамліваецца з нашай зямлёй. Мы далі свету такія вялікія імёны, як Ігнат Дамейка, Казімір Семяновіч, Адам Міцкевіч. Марк Шагал — таксама наш вялікі гонар. Не трэба пра гэта забывацца. Суседзі, не саромячыся, іншым разам прысвойваюць сабе тое, што належыць нам. Мы, вядома, гатовы дзяліцца нацыянальнымі здабыткамі з усім светам, але ж не забывацца пры гэтым, што яны — нашы! Услаўляючы Шагала і славутыя імёны беларускай зямлі, мы развіваем нацыю і замацоўваем сябе праз гэтых асоб у вечнасці.

Адкрыццё праекта атрымалася маштабным і яркім. Падчас цырымоніі ў Нацыянальным мастацкім музеі начальнік мытні «Мінск-2» Андрэй Міхалькевіч перадаў кіраўніцтву музея чорна-белую гравюру 1920-х гадоў — партрэт Марка Шагала ў выкананні нямецкага мастака Германа Штрука. Цікава, што гравюра была затрыманая супрацоўнікамі мытні пры спробе незаконнага перамяшчэння праз мяжу. Дарэчы, дзякуючы Герману Штруку ў жыцці Марка Шагала пачаўся адзін з галоўных перыядаў творчасці. Яны пазнаёміліся ў Берліне. Нямецкі мастак уваходзіў у лік тых, хто ствараў замалёўкі на тэрыторыях, акупаваных немцамі падчас Першай сусветнай вайны. А яшчэ ён быў вельмі таленавітым педагогам, які працаваў у тэхніцы літаграфіі і афорта. Марк Шагал стаў яго вучнем.

Вікторыя АСКЕРА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.