Вы тут

У ВНУ краіны скончыўся прыём дакументаў на бюджэтную форму навучання


Учора ва ўсіх установах вышэйшай адукацыі краіны скончыўся прыём дакументаў на бюджэтную форму навучання. Для многіх абітурыентаў гэта азначала фінальную магчымасць сёлета падаць паперы на атрыманне бясплатнай адукацыі або проста змяніць рашэнне аб будучай спецыяльнасці. Карэспандэнты «Звязды» накіраваліся да галоўнага корпуса Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта, каб пазнаёміцца з тымі, хто адклаў вырашэнне свайго лёсу на самы позні час.


Апоўдні каля будынка, у якім прымалі дакументы, вялікага ажыятажу не назіралася. Гэта пацвярджалі і студэнты, якія не першы год працуюць падчас прыёмнай камісіі кансультантамі. Паводле іх слоў, сёлета пераважная большасць абітурыентаў падавала дакументы загадзя. У апошні дзень сюды прыйшлі збольшага тыя, хто зусім не быў упэўнены ў сваіх сілах або сумняваўся ў патэнцыйнай прафесіі.

— Мы дапамагаем абітурыентам зрабіць канчатковы выбар спецыяльнасці, — расказаў кансультант, студэнт машынабудаўнічага факультэта Аляксей ВІХОР. — Падрабязна тлумачым, кім яны будуць пасля выпуску, якія асаблівасці навучання ў нашай ВНУ, умовы пражывання ў студэнцкім інтэрнаце і многае іншае. Саміх абітурыентаў у першую чаргу хвалююць непасрэдна прахадныя балы — гэта інфармацыя абнаўляецца кожную гадзіну: як у інтэрнэце, так і на папяровых бланках, што вывешваюць на стэндах у корпусе. Яшчэ пытаюцца, наколькі складана вучыцца, як размяркоўваюць выпускнікоў, а хлопцаў нярэдка цікавіць магчымасць трапіць на ваенную кафедру.

Большасць абітурыентаў была сканцэнтравана каля аўдыторый, у якіх праходзіла непасрэдна падача дакументаў. Нехта нерваваўся і ўважліва сачыў за лічбамі на стэндах, іншыя стаялі ў чарзе, каб трапіць у запаветны пакой з прыёмнай камісіяй. Многіх у адказны дзень суправаджалі блізкія, пераважна мамы.

— Мы доўга вызначаліся з выбарам, ды і дагэтуль вагаемся, — кажа Аксана НЕСЦЕР, якая прыйшла падаваць дакументы разам з сынам Юрыем. — Хацелася б трапіць на «бюджэт», таму будзем чакаць да апошняй хвіліны. ЦТ здалі сярэдне, таму і адкладалі рашэнне да апошняга дня. Ужо напісалі заяву на будаўнічы факультэт, пэўна, туды і будзем падавацца. Пакуль што па прахадным бале ўсё добра. Калі раптам не пройдзем, то паспрабуем трапіць на «платнае» на больш прэстыжны факультэт тэхналогій кіравання і гуманітарызацыі: або на «эканоміку і кіраванне», або на «мытную справу». Абнаўляюць інфармацыю часта, таму ўсё адкрыта і зразумела.

Дзіяна ШКУЛЕПА стаіць у чарзе на падачу разам з мамай Таццянай. Дзяўчына ўжо падавала дакументы на будаўнічы факультэт, цяпер жа вырашылі «перакінуць» паперы на машынабудаўнічы. Для сям'і пытанне бюджэтнага навучання прынцыповае — калі з вышэйшай адукацыяй не складзецца, панясуць дакументы ў адзін з каледжаў. Пакуль што ўсё добра, Дзіяна мае запас па балах. Але мама і дачка нервуюцца — усё можа змяніцца нават у апошнюю хвіліну.

— Я чакаў апошняга дня, каб бачыць прыкладныя прахадныя балы і зрабіць узважанае і спакойнае рашэнне, — кажа абітурыент Яраслаў ХІХЛУН. — ЦТ здаў сярэдне, але прыкладна гэтага і чакаў. Здаваў матэматыку, рускую мову і фізіку, дадаткова англійскую мову. Сёння падаў дакументы на факультэт інфармацыйных тэхналогій і робататэхнікі, хачу працаваць у сферы ІT. Сёлета прахадны бал значна вырас — балаў на 20 у параўнанні з мінулым годам. На «бюджэт» — 325, таму пайду на платнае, мае бацькі не супраць. Летась туды бралі з сумай сертыфікатаў у 210 балаў. Калі і на платнае не атрымаецца, пазначыў у заяве іншыя ІT-спецыяльнасці па ўласных прыярытэтах. Таму ў любым выпадку ў верасні павінен ісці на пары.

Многія абітурыенты прыехалі ў Мінск з рэгіёнаў. Алёна ПАПРАЎКА з мамай Аксанай — з Дзяржынска. Нягледзячы на высокі бал ЦТ, вырашылі падстрахавацца і накіравацца ў Мінск у апошні дзень, каб дакладна прайсці на бюджэт.

— Я толькі сёння прыму канчатковае рашэнне пра будучую спецыяльнасць, бо ў мяне шмат варыянтаў, — кажа дзяўчына. — Не магла выбраць тое, што больш па душы. Разважаю паміж прыборабудаўнічым факультэтам (спецыяльнасць «ювелірная справа») і факультэтам энергетычнага будаўніцтва (спецыяльнасці «цяплогазазабеспячэнне» і «водазабеспячэнне»). Па балах праходжу з вялікім запасам, але не ўпэўнена ў запатрабаванасці першай спецыяльнасці. Цяпло і вада патрэбны ўсім, таму працу павінна знайсці, а вось з ювелірнай справай сумняваюся. Хоць яна мне падаецца цікавейшай, ды і бал там ніжэйшы. На працягу некалькіх гадзін вызначымся і напішам заяву.

Прыём дакументаў скончыўся роўна а 18 гадзіне, пасля гэтага дзверы галоўнага корпуса зачынілі, а камісіі перасталі выдаваць абітурыентам дакументы з мэтай падачы на іншую спецыяльнасць. Але прыём заяў ад тых, хто знаходзіўся ў будынку, працягваўся да позняга вечара. Паводле новых патрабаванняў, інфармацыя аб дакументах, пададзеных у апошнія гадзіны да закрыцця прыёмных камісій, павінна быць даведзена да ведама абітурыентаў на наступны дзень (гэта значыць сёння) да 12 гадзін.

Яраслаў ЛЫСКАВЕЦ

lуskаvеts@zvіаzdа.bу

Фота Надзеі БУЖАН

Загаловак у газеце: Абітурыенцкі «дэдлайн», або Ускочыць у апошні вагон

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.