Вы тут

У жніўні пройдзе першая «зялёная» пастаноўка «ЭкаТэатра»


Нестандартны тэатр з прыстаўкай «эка» з'явіўся ў Мінску год таму па ініцыятыве трох неабыякавых дзяўчат. Праект, які нацэлены пры дапамозе мастацтва распавесці людзям пра экалагічныя праблемы, быў створаны ў межах конкурсу «Зялёнка» ад экалагічнага таварыства «Зялёная Сетка» і краўдфандынгавай платформы «Талака». Ужо ў пачатку жніўня гледачы ўбачаць першую пастаноўку на «зялёную» тэматыку.


Удзель­ні­кі «Эка­Тэ­ат­ра»  Ула­дзі­слаў Вой­шніс, Ма­ры­на Скрып­нік,  Ма­рыя Кноп, На­стас­ся Та­баль­чук.

Сваім праектам «ЭкаТэатр» арганізатары плануюць прыцягнуць увагу беларусаў да экалагічных праблем, павысіць узровень адукаванасці, тым самым засцерагчы ад непрыемных сітуацый, якія могуць узнікнуць пры спажывецкіх адносінах чалавека да навакольнага асяроддзя.

Для дзяўчат экалагічны лад жыцця — гэта не проста прыгожыя словы. Яшчэ да праекта яны сартавалі смецце, эканомілі ваду і стараліся выкарыстоўваць менш непатрэбных рэчаў. Цяпер жа яны плануюць дзяліцца ведамі з іншымі.

— Сёння нашы думкі, планы, захапленні і нашы сябры так ці інакш звязаны з экалогіяй. Акрамя «ЭкаТэатра», мы ўдзельнічаем у «зялёных» мерапрыемствах, а некаторыя і самі праводзім. Напрыклад, нядаўна арганізавалі майстар-клас па другасным выкарыстанні лямпачак і тэтрапака. Што датычыцца тэатра, то для нас гэта новая тэма, новы вопыт. Сумясціць тэатр і экалогію нас падштурхнуў тэатральны праект «Сем», у якім я прымала ўдзел, — расказала адна з арганізатараў Марыя Кноп.

Яшчэ адной крыніцай натхнення для дзяўчат стаў Лонданскі экалагічны тэатр, дэкарацыі для якога створаны цалкам з другасных рэсурсаў. Дарэчы, свае пастаноўкі арганізатары плануюць не толькі напоўніць эказместам, але і аформіць адпаведна.

— У нашай камандзе ёсць выдатны архітэктар Рыгор Заборскі, які ўзяўся за пабудову дэкарацый і сцэны з другасных матэрыялаў. Сам жа спектакль пройдзе на свежым паветры. На касцюмах мы не робім акцэнт, таму яны выглядаюць досыць проста, — падзялілася Марыя Кноп.

Пастаноўкі «зялёнага» тэатра пабудаваныя на інтэрв'ю з людзьмі розных узростаў і прафесій, звычайных жыхароў, якія кожны дзень сустракаюцца на вуліцах, у гандлёвых цэнтрах, школах і садках. Таксама арганізатары апыталі экаактывістаў, студэнтаў і падарожнікаў, пасля чаго выбралі самыя цікавыя гісторыі і паклалі іх у аснову сюжэта.

— Наш сцэнарый можна назваць дакументальнай экаўтопіяй, бо большая частка яго заснавана на гісторыях беларусаў. Аднак вельмі шмат часу пайшло на апрацоўку інтэрв'ю, таму першы наш спектакль стартуе толькі праз год пасля заснавання, — расказала Марыя Кноп.

За год працы дзяўчаты сабралі каманду прафесіяналаў, якая дапамагае зрабіць спектакль цікавым, павучальным і запамінальным. Сярод іх — сцэнарыст, рэжысёр, тэатральны крытык, кандыдат мастацтвазнаўства, каардынатар беларускай праграмы «ТэАрт», рэжысёр спектакля «Мова Х» эксперыментальнага тэатра «Галава-Нага» Аляксей Стрэльнікаў, фатограф Марыя Бушко і музыканты (што незвычайна для тэатра) Людміла Пагодзіна і Альберт Літвін.

Каб быць заўсёды «ў тэме», арганізатары падтрымліваюць зносіны з экаактывістамі, валанцёрамі, манітораць «зялёныя» падзеі, якія адбываюцца ў беларускіх гарадах. У канцы ліпеня дзяўчаты плануюць прэзентаваць свой праект на форуме грамадскіх экалагічных арганізацый. Яны ўпэўнены, што пасыл экатэатра будзе карысны ўсім.

Наступны спектакль у «ЭкаТэатры» запланаваны на восень. Калі вы жадаеце дапамагчы праекту — далучайцеся да каманды валанцёраў.

Суполкі праекта ў сацыяльных сетках: Еcoteatrmіnsk (УКантакце), Eco Teatr (Facebook).

Кацярына КІРЭЕВА

katyakireeva@zviazda.by

Фота Канстанціна КРУКАВА

Загаловак у газеце: Аб экалогіі на мове мастацтва

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.