Вы тут

Чаму адбываюцца маланка і град?


Чаму адбываюцца і чым небяспечныя гэтыя прыродныя з'явы для чалавека.

Некаторыя атмасферныя з'явы назіраюцца часта і праяўляюцца спакойна, напрыклад, дождж ці снег. А іншыя адбываюцца радзей, але яны яркія, маляўнічыя, кароткатэрміновыя і ўражальныя. Да іх можна аднесці навальніцу і град.


Як звязаныя навальніца, гром і маланка

Узнікненне навальніцы звязанае з раздзяленнем «плюсавых» і «мінусавых» зарадаў у навальнічным воблаку. Ніжняя частка кроплі зараджана дадатна, а адмоўны зарад размяшчаецца ў верхняй яе частцы. У выніку ствараюцца моцныя электрычныя палі ўсярэдзіне навальнічнага воблака і па-за ім. Паступовае назапашванне вялікіх аб'ёмных зарадаў прыводзіць да іскравога разраду — маланкі.

Шаравая маланка

Часцей за ўсё ў навальнічнае надвор'е ў вільготнай атмасферы, насычанай электрычнасцю, з'яўляюцца круглыя аб'екты, якія ляцяць і свецяцца, — шаравыя маланкі. Часам яны ўзнікаюць побач з каналам лінейнай маланкі, прыблізна ў двух з пяці выпадкаў удар лінейнай маланкі суправаджаецца з'яўленнем шаравой. Аднак у 67% выпадкаў шаравая маланка ўзнікала з разетак, электрапрыбораў, радыёпрыёмнікаў, тэлевізараў, тэлефонаў, батарэй ацяплення і нават цвікоў, убітых у сцяну, гэта значыць з электрычных праваднікоў.

Звычайна шаравая маланка рухаецца хаатычна ў гарызантальнай плоскасці, прыблізна за метр над зямлёй. У сярэднім яна праходзіць за 1 секунду не больш за 2—3 метры.

Шаравая маланка жыве ад 10 да 100 секунд, пасля чаго звычайна бясшумна знікае, павольна згасае ці распадаецца на часткі. Асобныя экзэмпляры самаліквідуюцца з рэзкім воплескам ці нават выбухам.

Верагоднасць убачыць шаравую маланку хоць бы раз у жыцці складае 1 да 10 000.

Калі ў пакой заляцела шаравая маланка, паспрабуйце спакойна і хутка выйсці і зачыніць дзверы з іншага боку, калі не атрымліваецца — хоць бы замерці на месцы.

Як паводзіць сябе ў навальніцу?

Меры засцярогі падчас навальніцы звязаны з тым, што лінейная маланка б'е галоўным чынам у найбольш высокія прадметы. Падчас навальніцы ні ў якім разе нельга:

— знаходзячыся на вуліцы, заставацца каля ліній электраперадачы; хавацца пад высокім адзінокім дрэвам; плаваць у вадаёмах; знаходзіцца ў адкрытай прасторы (полі); карыстацца тэлефонам;

— знаходзіцца ў памяшканні каля акна і разетак; дзверы і вокны трэба зачыніць, выключыць з разетак электрапрыборы; не рэкамендуецца падыходзіць да металічных прадметаў: ванны, кранаў, труб, бо яны могуць праводзіць электрычнасць.

Невыкананне гэтых правілаў можа прывесці да гібелі ці атрымання апёкаў і цяжкіх траўмаў.

Нябесныя брыльянты

Падчас граду льдзінкі разнастайных формаў, памераў і колераў выпадаюць з кучава-дажджавых аблокаў пры ліўневым дажджы, пераважна ў цёплую пару года, пры плюсавых тэмпературах (вышэй за +10 °С). Буйны град амаль заўсёды звязаны з навальніцай.

Град выпадае з найбольш магутных ліўневых аблокаў, дзе кроплі вадзяной пары застаюцца вадкімі, знаходзячыся ў няўстойлівым пераахалоджаным стане, на вышыні, дзе тэмпература паветра дасягае -20... -30 °С. Пры гэтым яны растуць з прычыны асядання на іх вадзяной пары і ад зліцця адна з адной. Затым кроплі пачынаюць замярзаць, утвараючы град. Паступова градзіны абрастаюць лёдам ад замярзання пераахалоджанай вады, становяцца настолькі вялікімі, што пачынаюць падаць.

Выгляд, будова і памеры градзін адрозніваюцца вялікай разнастайнасцю. Адна з формаў, што сустракаецца найчасцей, — шарападобная, якая складаецца з унутранага снежнага ядра (часам з празрыстага лёду), акружанага адной ці некалькімі празрыстымі абалонкамі. Бываюць таксама градзіны сфераідальныя, з паглыбленнямі ці з разнастайнымі выступамі, канічныя ці пірамідальныя з вострымі ці злёгку ўсечанымі верхавінамі і закругленай асновай.

Памер градзін бывае ад 5 мм (гарошыны) да 5—10 см (з галубінае яйка і больш). Выпадзенне граду велічынёй ад 6 да 19 мм — неспрыяльная гідраметэаралагічная з'ява, а буйны град у 20 мм і больш адносіцца да небяспечнай гідраметэаралагічнай з'явы. Буйны град у асобным пункце рэдкі, у сярэднім назіраецца адзін раз у 40—50 гадоў. На тэрыторыі Беларусі штогод адзначаюцца 4—5 дзён з градам, у асобныя гады — да 8.

Па градзе — снарадамі

Звычайна град суправаджаецца навальніцай і бывае ў невялікіх навальнічных віхурах (смерчах, тарнада). Наогул смерч, тарнада і град — з'явы, вельмі цесна звязаныя паміж сабой і цыкланічнай дзейнасцю. Град практычна заўсёды выпадае перад ліўнем ці адначасова з ім і амаль ніколі — пасля яго.

Барацьба з градам заснавана на ўвядзенні ў граданебяспечнае воблака спецыяльнага рэагенту, які спрыяе замарожванню пераахалоджаных кропель. Рэагент уводзіцца з дапамогай ракет ці снарадаў у пераахалоджаную частку воблака. У выніку з'яўляецца велізарная колькасць штучных цэнтраў крышталізацыі, на якіх пачынаецца рост ледзяных крышталяў. Пераахалоджаная вада ў аблоках, якая служыць асноўнай сыравінай для росту градзін, пераразмяркоўваецца на значна большую іх колькасць. Таму градзіны атрымліваюцца меншых памераў і паспяваюць цалкам ці ў значнай ступені растаць у цёплых пластах паветра яшчэ да выпадзення на зямлю.

Як паводзіць сябе падчас буйнога граду?

— Калі град заспеў вас у памяшканні, трымайцеся як мага далей ад вокнаў і не выходзьце з дома.

— Калі вы на вуліцы, то паспрабуйце знайсці ўкрыцце ці абараніце галаву ад удараў градзін (прыкрыйце галаву рукамі, сумкай, адзежай)... Не заходзьце ў нізіны, якія ў лічаныя хвіліны могуць напоўніцца вадой, ці ў месцы з найбольшай колькасцю градзін.

— Не шукайце ўкрыцце пад дрэвамі — існуе вялікая рызыка, што ў іх патрапіць маланка, град таксама можа зламаць галіны.

— Калі град заспеў вас падчас язды на аўтамабілі, спыніцеся, пажадана пад эстакадамі, у гаражах, крытых стаянках. Калі сховішча няма, прыцісніцеся бліжэй да краю праезнай часткі, але не з'язджайце ў нізіну, бо яе можа размыць пры інтэнсіўных ападках і магчымым падтапленні. Трымайцеся далей ад шкла, пажадана павярнуцца да яго спінай і закрыць вочы рукамі ці адзеннем.

Таццяна ЖУКАВА, вядучы інжынер-метэаролаг сектара забеспячэння дыстанцыйных метэаралагічных назіранняў Гідрамета

Фота Максіма Мікешына

Загаловак у газеце: Бляск маланкі і стукат граду

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».