Вы тут

Атрымаць даход з адходаў дапаможа чарвяк


Не так даўно ў нашых дварах з'явіліся рознакаляровыя кантэйнеры для паасобнага збору смецця, прызначаныя для неарганічных адходаў: шкла, паперы і пластыку. Арганіка ж, якой утвараецца ў разы больш, пакуль не збіраецца, нягледзячы на даўно прыдуманыя спосабы яе ўтылізацыі. Загадчыца сектара вермітэхналогій НПЦ НАН Беларусі па біярэсурсах Святлана Максімава расказала, як з карысцю пазбавіцца ад арганічных адходаў пры дапамозе чарвяка.


Беларускі «араты» — спецыяльны від дажджавога чарвяка, здольны ператвараць арганіку ў карыснае ўгнаенне. Ён быў спецыяльна выведзены беларускімі навукоўцамі на прыкладзе вядомага амерыканскага каліфарнійскага чарвяка, які з-за ўмоў надвор'я ў нас не прыжыўся.

Для вытворчасці арганічнага ўгнаення нічога асаблівага не трэба. Галоўнае — разумець прыроду беларускага аратага.

— Падрыхтоўка субстрату — адно з ключавых звёнаў у вермітэхналогіі. Ад яго кампанентаў залежыць агульны стан папуляцыі чарвякоў, інтэнсіўнасць размнажэння і, як вынік, якасць і колькасць канчатковага прадукту — біягумусу, — адзначыла Святлана Максімава. — Для паспяховага вывядзення чарвякоў трэба падтрымліваць пакаёвую тэмпературу ў 15—23 °С, вільготнасць у 70—80% і нейтральную кіслотнасць — 6,5—7,5 рН.

Беларускі «араты», як і любая свойская жывёла, патрабуе пастаяннага догляду і правільнага харчавання.

— Для кармлення чарвякоў можна выкарыстоўваць практычна ўсе арганічныя адходы як сельскагаспадарчай, так і прамысловай вытворчасці. Найбольш прыдатныя для кампосту: гной хатніх жывёл, памёт птушак, бацвінне, салома, торф, пілавінне, галінкі, кардон, папера, адходы ад мяса, рыбы, садавіны і гародніны, — адзначыла Святлана.

Пры арганізацыі міні-фермы неабходна памятаць, што чарвякам патрэбна клятчатка, таму перад пластом кампосту (які ў таўшчыню павінны быць 15—20 см), выкладваецца пяцісантыметровы пласт саломы, пасля чаго града паліваецца. Аптымальная тэмпература вады — каля 20 °С.

— Засяленне чарвякамі праводзіцца праз 15—20 дзён пасля закладкі грады. Перад гэтым правяраюцца кіслотнасць, тэмпература і вільготнасць субстрату. Для гэтага ў невялікую ёмістасць змяшчаецца субстрат з грады і запускаецца 5—10 чарвякоў. Праз суткі іх пералічваюць. Стапрацэнтная выжывальнасць сведчыць пра добрыя ўмовы, — расказала навуковец.

Па меры перапрацоўкі адходаў чарвякі патрабуюць падкормкі. Першая праводзіцца праз 20—30 дзён пасля засялення, наступныя — праз 7—10 дзён. Таксама неабходна сачыць за вільготнасцю. Пры захаваных патрабаваннях праз 3—5 месяцаў вермігумус будзе гатовы.

— Якасны біягумус, як правіла, друзлы, не мае паху, мае аднастайны састаў. Пры сцісканні ён рассыпаецца, а не ўтварае камяк. Па меры гатоўнасці яго прасейваюць, прасушваюць, выкладваюць у тару і выносяць на граду, — адзначыла Святлана Максімава.

З адной тоны кампосту атрымліваецца 600 кг арганічнага ўгнаення, на аснове якога можна вырасціць экалагічную прадукцыю, а таксама 100 кг біямасы чарвякоў, якія служаць выдатным бялковым кармавым дадаткам для жывёл.

Карысць вермікампаставання ўжо ацанілі дзве школы Смалявіцкага раёна Мінскай вобласці, якія ўкараняюць элементы арганічнай сельскай гаспадаркі на прышкольных участках у межах пілотнай ініцыятывы «Беларускага зялёнага крыжа» — часткі праекта «Садзейнічанне пераходу Рэспублікі Беларусь да «зялёнай» эканомікі», што фінансуецца Еўрапейскім саюзам і рэалізуецца Праграмай развіцця ААН.

За паўтара года работы вучні на чале з выкладчыкамі выгадавалі 6,64 тоны экалагічна бяспечных бульбы, агуркоў, кукурузы, фасолі і іншых прадуктаў для харчавання школьнікаў. І на дасягнутым спыняцца не збіраюцца.

— Нашай гароднінай ўжо цікавяцца многія жыхары, таму мы плануем развівацца. Магчыма, створым невялікую бізнес-кампанію, — падзялілася дырэктар Драчкаўскай школы Таццяна Каляда. — Мы ўжо пачалі супрацоўнічаць з мясцовымі кафэ, яны пастаўляюць нам адходы, якімі мы кормім сваіх чарвякоў.

Купляць беларускіх аратых варта толькі ў спецыялістаў, паколькі ў Беларусі жыве 13 відаў дажджавых чарвякоў і толькі адзін з іх найбольш эфектыўна ўтылізуе арганічныя адходы.

Кацярына КІРЭЕВА

katyakireeva@zviazda.by

Загаловак у газеце: Беларускі «араты»

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.