Вы тут

«Чужынцы» не пройдуць!


Пранікаючы за тэрыторыю свайго натуральнага арэала, чужародныя віды раслін і жывёл могуць нанесці значную шкоду прыродзе і яе жыхарам.

З-за свайго геаграфічнага становішча, трансгранічнага характару рачных басейнаў, размяшчэння на межах фізіка-геаграфічных падзон Беларусь выступае як рэгіён-акцэптар («прыёмшчык») чужародных відаў.


Па словах кіраўніка міжведамаснага цэнтра па інвазіўных відах пры Акадэміі навук Беларусі, доктара біялагічных навук, члена-карэспандэнта НАН Беларусі Віталя Сяменчанкі, у цяперашні час у краіне зарэгістравана 25 чужародных відаў водных беспазваночных, 13 відаў рыб, 120 відаў наземных беспазваночных, у асноўным насякомых. Сярод раслін чужароднымі з'яўляюцца каля 800 відаў, з іх 350 відаў ужо наносяць і могуць нанесці шкоду прыродзе і чалавеку.

На думку большасці навукоўцаў, асноўныя прычыны інвазіі чужародных відаў — гэта гаспадарчая дзейнасць чалавека, антрапагенная трансфармацыя тэрыторый і глабальнае змяненне клімату. Прадстаўнікі замежнай флоры і фаўны трапляюць да нас з дапамогай наземнага і воднага транспарта, інтрадукцыйнай работы, у выніку якой віды наўмысна ці ненаўмысна заносяцца ў прыродныя экасістэмы, а таксама праз гандаль раслінамі і жывёламі без папярэдняга каранціннага абследавання. Пад уплывам змянення клімату многія расліны і жывёлы з паўднёвых рэгіёнаў пачынаюць рухаюцца на поўнач.

— З цягам часу гэтыя працэсы будуць толькі ўзмацняцца, таму стрымаць нашэсце інвазіўных відаў не ўяўляецца магчымым, бо нельга спыніць гаспадарчую дзейнасць чалавека, — упэўнены Віталь Сяменчанка. — Аднак варта ацэньваць наступствы ад укаранення чужародных відаў для мінімізацыі будучай шкоды, у тым ліку і распрацоўкі адпаведных мер.

Па словах навукоўца, у Беларусі пакуль не падлічана эканамічная шкода ад інвазіўных відаў. Галоўным чынам шкода носіць экалагічны характар (драпежніцтва, перанос розных інфекцый, прамое выцясненне абарыгенных відаў). У той жа час шэраг відаў наносіць эканамічную і сацыяльную шкоду. Сярод іх — баршчэўнік Сасноўскага (выдзяляе атрутны сок), амброзія палыналістая і цыклахена дурнічнікалістая (выклікаюць алергію і запаленне дыхальных шляхоў чалавека), эладэя канадская (прыводзіць да зарастання азёр і вадасховішчаў), амерыканскі паласаты рак (пераносчык захворвання «рачыная чума», у выніку якога гінуць нашы абарыгенныя віды ракаў), малюскі дрэйсена і літогліф (першы з іх абрастае гідратэхнічныя збудаванні, перашкаджаючы іх рабоце, другі — пераносчык небяспечных паразітаў), янотападобны сабака (пераносчык шаленства).

З-за нізкай колькасці ці абмежаванага распаўсюджання па тэрыторыі краіны не ўсе чужародныя для беларускай прыроды віды з'яўляюцца яе ворагамі. Але ў будучым, пад уздзеяннем розных умоў, сітуацыя можа змяніцца. Таму ў Канвенцыі ААН аб біялагічнай разнастайнасці адзначаецца: з'яўленне чужародных відаў — заўсёды негатыўны фактар.

«Агрэсары» ў лічбах

Па інфармацыі Мінпрыроды, за апошні год плошча, якую займае баршчэўнік Сасноўскага, у асноўным па краіне скарацілася з 2083,87 га да 2038,1 га. А вось колькасць месцаў знаходак сумніку канадскага з 2014 па 2016 год узрасла. Найбольш часта гэта расліна сустракаецца ў Мінскай вобласці — 1331 знаходка, найбольш рэдка — на Гомельшчыне (56). Апошняя ж з'яўляецца лідарам у краіне па плошчы распаўсюджання эхінацысцісу лопасцевага («шалёнага агурка») — 49,7 га. У апошнія гады гэта расліна таксама паступова распаўсюджваецца па краіне. Расце і колькасць месцаў, і плошча клёна ясенялістага (па звестках 2016 года ён расце на 4039 месцах і 322,9 га), а таксама рабініі лжэакацыі (з 43,3 га ў 2014 годзе ў 2016-м яе плошча павялічылася да 154,2 га).

У кастрычніку 2016 года ў Магілёўскай вобласці адбылося пасяджэнне, на якім была адобрана стратэгія барацьбы з інвазіўнымі відамі дзікарослых раслін на 2017—2025 гады. Асноўная мэта стратэгіі — поўная ліквідацыя месцаў росту баршчэўніка ў Брэсцкай, Гомельскай, Гродзенскай, Магілёўскай абласцях, г. Мінску і значнае скарачэнне месцаў росту ў Віцебскай (на 30%) і Мінскай (на 50%) абласцях.

Як расказаў начальнік аддзела біялагічнай разнастайнасці Мінпрыроды Аляксандр Гіраеў,
работа па выўленні і знішчэнні інвазіўных відаў дзікарослых раслін у Беларусі вядзецца з 2008 года. Распаўсюджванне і рэгуляванне такіх відаў, як баршчэўнік Сасноўскага і сумнік канадскі, рэгулюецца згодна з пастановай Савета Міністраў, а таксама Планамі мерапрыемстваў, распрацаванымі органамі мясцовай улады ва ўсіх раёнах краіны.

У адпаведнасці з 2 ч. арт. 21.14 КоАП Рэспублікі Беларусь парушэнне іншых правілаў добраўпарадкавання і ўтрымання населеных пунктаў цягне за сабой накладанне штрафу ў памеры да 25 БВ, на ІП — ад 10 да 50 БВ, на юрыдычную асобу — ад 20 да 100 БВ.

Вераніка КОЛАСАВА

kolasava@zviazda.by

Фота Валерыя КАВАЛЁНКА

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.