Вы тут

Як атрымаць дзяржпадтрымку на будаўніцтва жылля?


Па словах начальніка ўпраўлення жыллёвай палітыкі Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Аляксандра Горваля, праект пастановы аб прадастаўленні адрасных субсідый на будаўніцтва жылля ўжо вынесены на грамадскае абмеркаванне. Аб гэтым ён сказаў падчас анлайн-канферэнцыі на сайце БЕЛТА. Дакумент будзе дэталізаваць дзеянне Указа №240 «Аб дзяржаўнай падтрымцы грамадзян пры будаўніцтве (рэканструкцыі) жылых памяшканняў».


Нагадаем, што Указ №240 уводзіць у Беларусі адраснае субсідаванне ў жыллёвым будаўніцтве. Яно прадугледжвае выплату часткі працэнтаў за карыстанне крэдытам на будаўніцтва жылля, атрыманым грамадзянамі ў любым камерцыйным банку, а шматдзетным і маладым сем'ям і дзецям-сіротам — таксама пагашэнне часткі асноўнага доўгу па такіх крэдытах. Пры гэтым атрымаць субсідыі могуць усе грамадзяне, якія маюць права на атрыманне дзяржаўнай падтрымкі ў адпаведнасці з Указам №13 «Аб некаторых пытаннях прадастаўлення грамадзянам дзяржаўнай падтрымкі пры будаўніцтве (рэканструкцыі) або набыцці жылых памяшканняў» ад 6 студзеня 2012 года.

Тэкст праекта пастановы ўжо цяпер размешчаны на сайце Мінбудархітэктуры ў раздзеле «Абмеркаванне нарматыўна-прававых актаў». У ім прапісана, якія неабходны дакументы, пазначаны тэрміны іх падачы, а таксама ўказаны ведамствы, якія іх прымаюць. Мяркуецца, што грамадскае абмеркаванне пройдзе да 20 ліпеня. Да 6 жніўня пастанова павінна быць прынята, каб запрацаваў указ. Таксама цяпер удакладняецца пералік аб'ектаў з прыцягненнем адрасных субсідый на суму ў 135 мільёнаў рублёў пад Указ №240. Чакаецца, што будуць дадавацца грошы камерцыйных банкаў, а значыць стануць з'яўляцца і новыя аб'екты. Аляксандр Горваль растлумачыў, што канчатковы спіс таксама сфарміруецца да 6 жніўня.

Указ №240 уяўляе сабой новую сістэму дзяржаўнай падтрымкі. Дзеянні ранейшых сумежных указаў захоўваюцца. Па словах эксперта, дакумент увабраў у сябе тыя субсідыі дзяржавы, якія былі прадастаўлены пад Указ №585 «Аб прадастаўленні маладым і шматдзетным сем'ям фінансавай падтрымкі дзяржавы», таму ён і быў адменены. Разам з гэтым Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва ініцыюе падаўжэнне дзеяння Указа №585. І тут няма парадоксу. «Па гэтым Указе дапамога на пагашэнне камерцыйных крэдытаў не была прывязаная да чарговасці. Атрымлівалася так, што, калі вычэрпваўся ліміт крэдыту за год, першыя, хто стаіць у чарзе, ужо не атрымлівалі сродкаў. А ў гэты час чаргавікі, якія стаяць значна далей, мелі магчымасць атрымаць дзяржаўную падтрымку. У той жа час было разуменне, што некаторыя людзі апынуцца ў складанай сітуацыі. Трэба было гэта дадаткова ацаніць, і гэтая работа працягваецца», — падкрэсліў Алясандр Горваль.

Паводле яго слоў, міністр архітэктуры і будаўніцтва Анатоль Чорны, паглядзеўшы на сітуацыю, якая склалася, выказаў пазіцыю міністэрства аб працягу дзеяння Указа №585. «Хацелася б нагадаць, што цяпер разглядаецца варыянт захавання дзеяння гэтага ўказа на тыя аб'екты жыллёвага будаўніцтва, якія пачаты да ўступлення ў дзеянне Указу №240», — дадаў спецыяліст.

Ён удакладніў, што разглядаецца варыянт з унясеннем прапановы ў Адміністрацыю Прэзідэнта аб тым, каб даць магчымасць да 6 жніўня заключаць дамовы па Указе №585. «Трэба паглядзець, наколькі гэта будзе падтрымана, які перыяд зойме рэалізацыя такіх прапаноў у выпадку падтрымкі. Гэта будзе бачна, калі мы дакладна вызначымся і па колькасці сем'яў, і па аб'ёме сродкаў, бо сродкі трэба яшчэ дадаткова адшукаць. Цяпер у выканкамах удакладняюць гэтую інфармацыю, якая ў далейшым будзе акумулявацца ў нас. Нават у рамках дзеючай формы Указа ўсе, хто звернуцца да 6 жніўня ў выканкам з адпаведным пакетам дакументаў на атрыманне субсідыі, — будуць разгледжаныя», — растлумачыў Аляксандр Горваль.


У тэму

  • Тыя, хто жадае будаваць дамы і кватэры, будуць знаходіцца ў адной чарзе на адрасныя субсідыі. Пры гэтым фінансаванне будзе раздзельнае. Кожны год пастановай урада вызначаецца аб'ём дзяржпадтрымкі, якая пойдзе на шматкватэрнае і індывідуальнае жыллё. Калі чалавек, чыя чарга падышла, хоча будаваць жылы дом, то грошы ён будзе атрымліваць з рэсурсаў на індывідуальнае жыллё. Для тых, хто захоча будаваць кватэру, грошы будуць брацца з рэсурсаў на шматкватэрнае будаўніцтва.
  • Атрымаць дзяржпадтрымку можна адзін раз. Але для шматдзетных сем'яў вызначана, што калі паўстала неабходнасць у паляпшэнні жыллёвых умоў у сувязі з нараджэннем яшчэ аднаго дзіцяці, то дзяржаўная падтрымка можа быць прадастаўлена паўторна. Гэта значыць, сям'я зноў становіцца на ўлік, прызнаецца незабяспечанай па нарматывах жылой плошчай.
  • Субсідыі не распаўсюджваюцца на крэдыты, якія былі выдадзены раней. Указ №585 распаўсюджваецца толькі на шматдзетныя і маладыя сем'і. Прычым, для статусу «маладая сям'я» не абавязкова мець дзяцей. Аднак у такім выпадку Указ №585 не дзейнічае, паколькі згодна з ім субсідыя вылучаецца на дзяцей. Калі грамадзяне станавіліся на ўлік як маладая сям'я без дзяцей, а пазней дзеці з'явіліся, тады яны будуць мець права на атрыманне дапамогі ад дзяржавы.
  • Каб маладая і шматдзетная сям'я магла прэтэндаваць на дапамогу па Указе №240, ёй варта ведаць, што прадастаўленне субсідыі будзе ажыццяўляцца па чарзе па аналогіі з Указам №13 (у другім выпадку — на выдачу льготных крэдытаў, у першым выпадку — на выдачу субсідый). Выканкам будзе глядзець чарговасць і пры наяўнасці кватэр, дамоў запрашаць грамадзян і прапаноўваць будаўніцтва. Гэта значыць, трэба мець неабходнасць у паляпшэнні жыллёвых умоў. Далей — пытанне малазабяспечанасці. Па Указе №13 толькі малазабяспечаным аказваецца падтрымка, у гэтым жа прававым полі працуе і Указ №240. Указ №585 улічваў толькі чарговасць.
  • Каб паспець атрымаць дапамогу па Указе №585, маладым і шматдзетным сем'ям варта ведаць, што яны павінны стаяць у чарзе, пры гэтым пацвердзіць склад сям'і, прадставіць дакументы для атрымання фінансавай падтрымкі ў выканкам па месцы пастаноўкі на ўлік (дакументы: здача аб'екта, рэгістрацыя ў гэтым аб'екце, афармленне права ўласнасці на яго і іншыя). На якую дапамогу можна разлічваць? Маладым сем'ям пры наяўнасці аднаго непаўналетняга дзіцяці даецца 40 бюджэтаў пражытковага мінімуму (прыкладна 7,3 тыс. рублёў), сем'ям з двума дзецьмі — 80 бюджэтаў пражытковага мінімуму (амаль 15 тыс. рублёў), сем'ям з трыма дзецьмі — 100 бюджэтаў пражытковага мінімуму (амаль 18,5 тыс. рублёў).

Ілья КРЫЖЭВІЧ

Krуzhеvісh@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Тры ўказы і шмат пытанняў

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.