Вы тут

Дзе ў Беларусі можна ўбачыць творы Марка Шагала


Мы наўрад ці назавём Марка Шагала нацыянальным мастаком, хоць бы таму, што большая частка яго жыцця і творчасці прайшлі на французскай зямлі, але адзін з найвядомейшых авангардыстаў свету — наш навечна натхнёны Віцебскам зямляк. Тут адбылося не толькі яго кароткае навучанне ў майстэрні Юдаля Пэна: ужо пасля атрымання адукацыі ў Санкт-Пецябургу Марк Шагал вярнуўся ў Віцебск, каб стаць паўнамоцным прадстаўніком па справах мастацтваў Віцебскай губерні, стварыць Віцебскую народную мастацкую школу, аформіць горад да гадавіны рэвалюцыі, рэалізаваць, акрамя гэтага, іншыя мастацкія задумкі і з'ехаць на ПМЖ у Маскву, Берлін і, нарэшце, у Парыж. 7 ліпеня з дня нараджэння мастака споўнілася 130 гадоў, але не кожны з нас, яго землякоў, можа ўбачыць знакамітае палатно «Над горадам», што захоўваецца ў Траццякоўскай галерэі ў Маскве, зайсці ў парыжскі тэатр Гранд-Апера з распісаным Шагалам плафонам ці наведаць спецыяльна створаны для палотнаў авангардыста музей у Ніцы. Не дзіўна, што замежжа больш багатае на Шагала, чым Беларусь, але і на нашай тэрыторыі можна знайсці арыгіналы работ мастака, і завітаць па іх варта ў тры месцы.


«Закаханыя». Фо­та з ар­хі­ва пра­ек­та «Арт-Бе­ла­русь».

Арт-цэнтр Марка Шагала ў Віцебску

Гэта першая пляцоўка ў Беларусі, на якой з'явіліся арыгіналы шагалаўскіх работ. Рашэнне аб стварэнні музея было прынята ў 1991 годзе, а сам арт-цэнтр, дзе выстаўляюцца творы, адкрыўся ў 1992 годзе. Уласна з гэтага моманту і пачынаецца складанне калекцыі, бо пасля ад'езду Шагала з Віцебска яго работ у горадзе не было ўвогуле. Сёння збор уключае больш як 300 арыгінальных графічных аркушаў, якія трапілі сюды ў якасці падарункаў. Напрыклад, тры работы, у тым ліку акватынта па матывах афармлення балета «Алека» (адзіны асобнік у свеце), былі перададзены дачкой мастака Ідай Шагал. Яго ўнучкі — Мэрэт і Бэла Мэер — падарылі арт-цэнтру ілюстрацыі да гогалеўскіх «Мёртвых душ», а гэта 96 афортаў у камплекце, якіх на постсавецкай прасторы можна знайсці толькі чатыры. Амаль 130 графічных лістоў музею перадаў калекцыянер Генрых Мандэль, ад якога, дарэчы, арт-цэнтр атрымаў таксама каля двухсот графічных работ класікаў авангарду — Пікасо, Міро, Маціса, Лежэ ды іншых — і дзве з паловай тысячы кніг пра Шагала і еўрапейскі авангард. Калекцыя арт-цэнтра ахоплівае ўвесь перыяд шагалаўскай графікі. Самы ранні твор збору датуецца 1922 годам — гэта афорт да аўтабіяграфіі Шагала «Маё жыццё». Тут жа можна ўбачыць некалькі серый на біблейскую тэматыку — каляровыя літаграфіі 1956 і 1960 гадоў, тры афорты-ілюстрацыі да Бібліі 1930-х гадоў. У калекцыі ёсць пяць афортаў-ілюстрацый да кнігі Марсэля Арлана «Мацярынства». Апошнім па храналогіі творам з тых, што можна ўбачыць у Віцебску, з'яўляецца каляровая літаграфія «Да іншага свету» 1985 года. Можна сказаць, нарэшце, што калекцыя арт-цэнтра — адзін з найбуйнейшых збораў Марка Шагала на постсавецкай прасторы.

Галерэя «Арт-Беларусь» / Карпаратыўная калекцыя Белгазпрамбанка

Карпаратыўная калекцыя Белгазпрамбанка пачынае сваю гісторыю з 2011 года, і той сумны факт, што ні Нацыянальны мастацкі музей, ні Арт-цэнтр Марка Шагала ў Віцебску не маюць у сваіх калекцыях жывапісных твораў знакамітага віцябляніна, стымуляваў куратараў узяць кірунак на тэрміновы пошук твораў Шагала ў прыватных зборах і на аўкцыёнах. У выніку калекцыя Белгазпрамбанка, — якая на сёння налічвае больш за сотню выдатных артэфактаў, — можа пахваліцца беларускім мастацтвам ад пачатку XVІ стагоддзя, уключае ў сябе значны збор мастакоў Парыжскай школы — ураджэнцаў Беларусі ды іншых беларускіх аўтараў замежжа, — мае шэсць шагалаўскіх арыгіналаў. Два з іх — гэта літаграфіі на паперы «Акрабатка на кані» 1959 года і «Аўтапартрэт» 1973-га. Яшчэ чатыры — «Лунацік», «Гадзіннік на палаючым небе», «Зялёны пейзаж» і «Закаханыя» — прадстаўляюць жывапіс Марка Шагала. Самым раннім творам мастака ў калекцыі з'яўляецца гуаш «Лунацік», якая датуецца 1911—1912 годам. Яна была набыта за 341 тысячу долараў на аўкцыёне Sotheby's у 2014 годзе. Самая позняя шагалаўская работа збору — малюнак «Закаханыя» 1981 года, набыты Белгазпрамбанкам у 2012 годзе на аўкцыёне Chrіstіe's за больш чым пяцьсот тысяч долараў. Не так даўно, у красавіку гэтага года, карпарацыйная калекцыя Белгазпрамбанка атрымала пастаянную пляцоўку ў Палацы мастацтваў — галерэю «Арт-Беларусь», дзе ў любы момант працоўнага часу сярод іншых здабыткаў беларускай культуры можна ўбачыць і шэсць твораў Марка Шагала.

Нацыянальны мастацкі музей Беларусі

Толькі 24 ліпеня 2012-га — у год, калі Беларусь адзначала 125-годдзе з дня нараджэння Марка Шагала, — у калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея з'явіліся творы знакамітага земляка. Старшыня праўлення Белгазпрамбанка Віктар Бабарыка ўрачыста ўручыў кіраўніку музея Уладзіміру Пракапцову два графічныя аркушы Марка Шагала, выкананыя ў тэхніцы акватынтаў. Гэта дзве літаграфіі на лейтматыўную для мастака біблейскую тэматыку «Крыжовы шлях» і «Бачанне Апакаліпсіса», створаныя ў 1967 годзе. Графічныя аркушы былі набытыя Белгазпрамбанкам на аўкцыёне Chrіstіe's, на абодвух пад выявамі можна ўбачыць подпіс аўтара — Marc Chagall. Гэтыя літаграфіі занялі сваё месца ў пастаяннай экспазіцыі музея, праўда, часам іх здымаюць, каб даць работам «адпачыць»: графіка патрабуе асабалівых умоў захоўвання. У гэты момант, дарэчы, у музеі праходзіць прымеркаваная ўжо да 130-годдзя з дня нараджэння мастака выстаўка «Марк Шагал: Колер любві» са збору Музея Марка Шагала ў Віцебску — графічныя работы будуць выстаўляцца тут да 15 верасня.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

katsyalovich@zviazda.by

Загаловак у газеце: Авангард.by

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.