Вы тут

Параненая памяць


Кніжная серыя «Дзеці вайны», заснаваная выдавецтвам «Чатыры чвэрці», працягвае поўніцца новымі выданнямі. Сярод апошніх па часе выхаду — зборнік нарысаў і апавяданняў Уладзіміра Шулякоўскага «Жыццё за буханку хлеба» і аповесць Яўгена Каршукова «Заговорщики».


У гэтай серыі выйшлі кнігі пісьменнікаў, якія нарадзіліся ў 1930 — 1950-х гадах і такім чынам сапраўды з’яўляюцца дзецьмі вайны: ваенныя падзеі альбо сталі першымі дзіцячымі ўспамінамі, альбо тым «кантэкстам», у якім праходзіла пасляваеннае дзяцінства. Анатоль Зэкаў, Леанід Левановіч, Міхась Пазнякоў, Казімер Камейша, Мікола Чарняўскі... Вылучаецца ў гэтым пераліку Зінаіда Дудзюк, якая нарадзілася ў 1977 годзе, і дзіця вайны — хутчэй яе маці, пра якую таксама вядзецца гаворка ў кнізе.

 Аповесць Я. Каршукова адрасуецца найперш маладому пакаленню ХХІ стагоддзя. Галоўныя героі — хлапчукі-падлеткі, сем’і якіх жывуць на акупаванай тэрыторыі. У дзёрзкім юначым запале хлапчукі, асабліва самы старэйшы, Сенька, складаюць планы: як падацца ў партызаны, як трапіць на фронт. Дзіцячая ўпартасць нараджаецца з пабачаных на свае вочы жорсткасці, гвалту, забойстваў — зусім не дзіцячага досведу... Немагчыма падчас чытання не прыгадаць «Міколку-паравоза» М. Лынькова. Геройскія памкненні вясковых падшыванцаў падаюцца наіўнымі і нават часам смешнымі, аднак аўтар спачувае ім, захапляецца смеласцю іх думак і намераў і менавіта ў гэтым прапаноўвае сучасным падлеткам браць прыклад.

У. Шулякоўскі расказвае пра ваенныя падзеі ў Мінску і яго родным мястэчку Смілавічы: героямі твораў сталі рэальныя асобы, тыя, каго аўтар ведаў асабіста, з кім побач жыў альбо пра каго прынамсі чуў. Невялікія апавяданні, часам нават проста замалёўкі, не заўсёды прысвечаныя значным падзеям ці складаным лёсам, часам — гэта проста адзін дзень, адно імгненне, якое ўразіла водгуллем пранізлівага болю. Сапраўды, у апавяданнях, змешчаных у кнізе, толькі агульнымі рысамі акрэслена сюжэтная (жыццёвая) лінія, якая магла б разгарнуцца ў змястоўную аповесць, раман. Такое, напрыклад, апавяданне «Мая настаўніца Айша». Нездарма паводле гэтага твора кінастудыяй «Беларусьфільм» быў зняты аднайменны дакументальны фільм. Тут закранаецца не толькі тэма вайны: пісьменнік расказвае пра людскія лёсы ў няпростай віхуры грамадска-палітычных змен 1930-х гадоў, апавядае, як склаўся жыццёвы шлях герояў пасля заканчэння вайны, часам апісвае нават свае сустрэчы з імі ў сучаснаці. У кнізе часта закранаюцца складаныя тэмы, абмяркоўваць якія няпроста. Назва апавядання, прысвечанага ветэрану, школьнаму настаўніку астраноміі — Сяргею Маркаву — «Яго міннае поле» падаецца сімвалічнай. Адразу прыгадваецца верлібр Максіма Танка:

Той, хто сказаў,

 Што жыццё пражыць —

Не поле перайсці,

 Відаць, ніколі

 Не пераходзіў

 Поля замініраванага.

Тут ён сапраўды дарэчы: у творы распавядаецца пра тое, як размініраваць палі пад Крычавам пагналі сямнаццацігадовых вясковых хлопцаў, са ста васьмідзесяці шасці жывымі засталіся толькі дваццаць восем. Герою нарыса Сяргею Маркаву, які таксама быў сярод «сапёраў», пашчасціла выжыць, але тое «поле пад Крычавам пакінула ў яго сэрцы незагойную рану». У кожнага з удзельнікаў і сведак тых падзей у сэрцы — сваё ўласнае неразмініраванае поле, якое выбухае ўспамінамі і не дае ранам загаіцца.

Яўген ГЛЕЧЫК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?