Вы тут

Сёлета ў Заводскім раёне сталіцы было пасаджана 120 тысяч кветак


Мінск актыўна рыхтуецца да свайго юбілею. Пра гэта сведчаць нават кветкі. У кожным раёне створаны каляровыя тэматычныя пано. Сярод зялёных навінак гэтага года — дзежкі з раслінамі, якія стаяць у самых ажыўленых кутках сталіцы. Напрыклад, у Заводскім раёне — 60. У гэтых дзежках пасаджаны туі і кветкі. Гэтыя ўпрыгажэнні стануць адной з пастаянных зялёных візітовак Мінска; хіба што на зіму іх будуць трымаць у цяпле. Работы над квяцістым убраннем горада працягваюцца. Так, днямі гаршкі з кветкамі аздобілі масты на Даўгабродскай і Ташкенцкай.


Калі раней жыхары і госці сталіцы выбіраліся адпачываць у асноўным у цэнтр, то сёння і іншыя куткі горада прыцягваюць іх увагу. Уласна і змяненне інфраструктуры прыбаўляе турбот работнікам зялёнай гаспадаркі. Так, у Заводскім раёне шмат намаганняў робіцца для таго, каб упрыгожыць адзін з асноўных аб'ектаў — Чыжоўка-арэну.

— Раней не існавала столькі вертыкальных канструкцый, кветкавае афармленне было ў асноўным на зямлі. Цяпер выкарыстоўваюцца і малыя архітэктурныя формы, кашпо; кветак ідзе туды мінімальна, а прыгажосць можна стварыць. Прычым з кожным годам такіх прыстасаванняў становіцца ўсё болей і болей, — заўважае намеснік дырэктара Зелянбуда Заводскага раёна Алена Кулаковіч.

Уявіце: сёлета тут было пасаджана 120 тысяч кветак! На гэты год у плане, які, дарэчы, ужо напалову выкананы, з'яўленне 2800 новых кустоў, а таксама пасадка звыш трох тысяч дрэў.

У спякотнае надвор'е працаваць з кветкамі даводзіцца і ўначы — толькі ў такі час іх можна паліваць, бо днём далікатныя расліны могуць атрымаць апёкі. Наогул добраўпарадкаваннем займаецца 10 брыгад, прычым гэта не толькі клопат аб «зялёнай вопратцы» для раёна, а і рамонт і ўстаноўка лесвіц, дарожак, пандусаў, прыбіранне сухіх дрэў. Апошніх, між іншым, пасля гэтай зімы было многа як ніколі — адбіваецца надвор'е, шкоду наносяць і рэагенты. На жаль, цяжка знайсці ўправу на грамадзян, якія псуюць прыгажосць — вырываюць кветкі, часта з карэннем, разбіваюць, разварочваюць і скідаюць у ваду сметніцы, і нават катаюцца на кантэйнерах, усталяваных для асобнага збору смецця. А вось людзей, якія не любяць хадзіць па пешаходных сцежках, а вытоптваюць новыя, работнікі Зелянбуда спрабуюць накіраваць правільным шляхам пры дапамозе пасадак кустоў.

Нядаўна ў Заводскім раёне з'явілася бэзавая алея. А таксама нарадзілася добрая традыцыя — садзіць бярозкі ў дзень вяселля. Цудоўна будзе, калі такія алеі маладажонаў закрасуюць і ў іншых кутках горада.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

dziadziula@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Прыгажосць вакол нас, або Пасадзіце бярозку ў дзень вяселля

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?