Вы тут

«Не магу здрадзіць сваім караням, сваёй мове, культуры»


Да 75-годдзя Вячаслава Рагойшы


Сёлета навукова-адукацыйная грамадскасць нашай краіны адзначае высокі юбілей Вячаслава Пятровіча Рагойшы — доктара філалагічных навук, прафесара кафедры тэорыі літаратуры Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Словы, вынесеныя ў загаловак, сталі, як падаецца, жыццёвым і творчым крэда нашага юбіляра — вядомага гісторыка і тэарэтыка літаратуры, крытыка, перакладчыка, паэта, аўтара і рэдактара шматлікіх даследаванняў у галіне тэксталогіі, настаўніка цэлай кагорты вучоных і педагогаў рэспублікі. І ва ўсіх гэтых сваіх іпастасях Вячаслаў Пятровіч вельмі арганічны і непаўторны.

Дык у чым жа феномен В. Рагойшы, імя і працы якога сёння з’яўляюцца своеасаблівым брэндам беларускага літаратуразнаўства і адукацыі? Для разумення шматграннай асобы Вячаслава Пятровіча і раскрыцця яго навукова-творчай індывідуальнасці спынім увагу на вызначальных момантах жыцця, дзейнасці і творчасці юбіляра, бо вельмі часта жыццё трансфармуецца ў творчасць, а творчасць неўпрыкмет набывае рысы рэальнасці.

 

Выкладчык і педагог

Вячаслаў Пятровіч заслужана карыстаецца высокім аўтарытэтам сярод выкладчыкаў, аспірантаў і студэнтаў сваёй alma mater, якія ведаюць і паважаюць яго як высокакваліфікаванага спецыяліста-філолага, нястомнага даследчыка беларускай і замежнай літаратур, бліскучага выкладчыка, які прафесійна спалучае ў практыцы выкладання традыцыйныя і сучасныя адукацыйныя тэхналогіі.

Педагагічна-асветніцкая і навуковая дзейнасць В. Рагойшы пачынаючы з 1958 года непасрэдна звязана з філалагічным факультэтам Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта: студэнт аддзялення беларускай і рускай мовы і літаратуры, аспірант, выкладчык, старшы выкладчык, дацэнт і, нарэшце, прафесар кафедры беларускай літаратуры, загадчык кафедры тэорыі літаратуры. Вячаслаў Пятровіч у сваіх інтэрв’ю не раз прызнаваўся, што ангажаванасцю роднай літаратурай ён абавязаны сваім універсітэцкім выкладчыкам, асабліва А. Лойку і М. Ларчанку, якія заўважылі здольнага студэнта, далучылі да мастацтва слова, даследавання нацыянальнай літаратуры, падтрымалі яго ў нялёгкай дарозе да «высокай філалогіі».

Вячаслаў Пятровіч вось ужо пяцьдзясят год на высокім навукова-метадычным узроўні чытае лекцыі і праводзіць цікавыя практычныя заняткі, сведкам і непасрэдным удзельнікам якіх быў і аўтар гэтых радкоў. Падчас чытання свайго «фірменнага» курса «Уводзіны ў літаратуразнаўства» ён натхняў першакурснікаў веданнем прадмета, інтэлігентнасцю і незвычайнай эрудыцыяй. А яшчэ шмат гадоў Вячаслаў Пятровіч вучыў і выхоўваў філалагічную эліту нашай краіны на сваіх спецсемінарах, прысвечаных праблемам верша- і перакладазнаўства, літаратурных узаемасувязей, паэтыкі мастацкага твора. Знакавай падзеяй жыцця філолагаў-першакурснікаў была і застаецца фальклорная практыка, арганізацыю і кіраўніцтва якой ужо не адзін год ажыццяўляюць супрацоўнікі кафедры тэорыі літаратуры і вучэбна-навуковай лабараторыі беларускага фальклору з унікальным фондам тэкстаў і запісаў твораў вуснапаэтычнага мастацтва.

Паралельна з працай на філалагічным факультэце В. Рагойша доўгі час выкладаў спецыяльныя дысцыпліны на факультэце журналістыкі, а таксама гісторыю беларускай літаратуры ў Інстытуце паліталогіі і сацыяльнага кіравання (1988—1991). Неаднаразова выступаў з цікавымі лекцыямі і дакладамі на навуковых форумах розных узроўняў у краінах былога СССР і Еўропы. Разам з прафесарам А. Мальдзісам ён ствараў Нацыянальны навукова-асветны цэнтр імя Ф. Скарыны, у якім пэўны час выконваў абавязкі намесніка дырэктара. А ў 1994 годзе па ініцыятыве і пры непасрэдным удзеле В. Рагойшы была створана кафедра тэорыі літаратуры, адзіная падобнага фармату інстытуцыя на прасторах філалагічнай адукацыі Беларусі, нязменным загадчыкам якой ён з’яўляўся больш за дваццаць гадоў.

І яшчэ хацелася б прыгадаць некалькі фактаў з педагагічнага летапісу шаноўнага юбіляра. В. Рагойша і яго калегі па кафедры шмат гадоў выкладалі для студэнтаў-філолагаў факультатыў «Прыкладное літаратуразнаўства», які ўключаў такія практыка-арыентаваныя дысцыпліны, як тэксталогія, літаратурна-мастацкая крытыка, архівазнаўства, бібліятэказнаўства, літаратурнае рэдагаванне і карэктура і інш. Гэты факультатыў даў пуцёўку ў жыццё многім выпускнікам спецыяльнасці «Беларуская філалогія», якія з удзячнасцю ўспамінаюць урокі Вячаслава Пятровіча і супрацоўнікаў кафедры тэорыі літаратуры. Заканамерна тое, што напрацаваная база курса «Прыкладное літаратуразнаўства» стала ў 2010 годзе салідным падмуркам для адкрыцця новага для айчыннай філалогіі напрамку «Літаратурна-рэдакцыйная дзейнасць» спецыяльнасцей «Беларуская філалогія» і «Руская філалогія», а таксама новай спецыяльнасці магістратуры «Тэксталогія». Для эфектыўнага функцыянавання гэтага напрамку і спецыяльнасці другой ступені навучання В. Рагойша наладзіў эфектыўныя партнёрскія сувязі з рознымі выдавецтвамі, рэдакцыямі, музеямі, дзе студэнты і па сённяшні дзень маюць магчымасць прайсці вытворчую літаратурна-рэдакцыйную практыку, атрымаць глыбокія прафесійныя навыкі і ўменні.

В. Рагойша ўсе гады працы на філалагічным факультэце быў у авангардзе навуковай падрыхтоўкі студэнтаў і выпускнікоў: пад яго навуковым кіраўніцтвам і кансультаваннем было напісана шмат работ, якія перамагалі ў рэспубліканскіх конкурсах, абаронена 5 кандыдацкіх і 3 доктарскія дысертацыі. Удзячныя выхаванцы працягваюць і ўзбагачаюць даследчыя традыцыі свайго «навуковага бацькі».

Кіраўніцтва аlma mater не раз узнагароджвала Вячаслава Пятровіча за шматгадовую плённую працу падзякамі і ганаровымі граматамі, а ў 2015 годзе ён атрымаў ганаровае званне «Заслужаны работнік БДУ».

Прафесар В. Рагойша актыўна працуе і для сярэдніх навучальных устаноў краіны. Ён працяглы час супрацоўнічае з Нацыянальным інстытутам адукацыі: з’яўляўся кіраўніком і членам аўтарскага калектыву па напісанні падручнікаў, дапаможнікаў і праграм для класаў з паглыбленым і профільным вывучэннем беларускай літаратуры, выступае перад настаўнікамі рэспублікі. Вячаслаў Пятровіч — аўтар шэрагу падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў для вышэйшай і сярэдняй школы Беларусі, рэкамендаваных Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь, тыпавых праграм, у якіх матэрыял па гісторыі беларускай літаратуры пададзены глыбока і цікава, арыентуючы студэнтаў і школьнікаў на шырокія інтэлектуальныя далягляды. Інтэрпрэтацыя гісторыка-культурных, літаратурных і мастацкіх з’яў у працах В. Рагойшы заклікае чытачоў да «садумання», да «сатворчасці», фарміруе эстэтычныя густы навучэнцаў, высокі навуковы ўзровень іх мыслення.

Нельга не ўспомніць добрым словам унікальнае выданне — «Паэтычны слоўнік» (дарэчы, адна з любімых кніг і чытачоў, і аўтара), які вытрымаў ужо тры выданні (1979, 1987, 2004) і стаў, без перабольшання, настольнай кнігай многіх педагогаў, студэнтаў ВНУ і вучняў сярэдніх школ, своеасаблівай Бібліяй філолага.

За сваю дзейнасць на педагагічна-асветніцкай ніве В. Рагойша ўзнагароджаны ганаровымі знакамі «Выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь» і «Выдатнік друку Беларусі», а таксама Ганаровай граматай Савета Міністраў РБ.

 

Літаратуразнаўца і крытык

Вячаслаў Рагойша займае адметнае месца ў кагорце айчынных даследчыкаў-літаратуразнаўцаў, плённа працягваючы традыцыі знакамітых папярэднікаў і сучаснікаў. Уражвае абсяг яго творча-навуковых інтарэсаў: нацыянальна-мастацкі вопыт і дыялог славянскіх літаратурных сістэм, сутнасць, генетычна-тыпалагічныя праявы і паралелі культурнага памежжа, беларуска-іншаславянскія сувязі, станаўленне і развіццё блізкароднасных літаратур ад старажытных часоў да ХХІ стагоддзя, іх змястоўная напоўненасць як з’явы нацыянальных культур і літаратурна-грамадскага руху, праблемы тэорыi i практыкi мастацкага перакладу.

Вячаслаў Рагойша ў 1967 г. бліскуча абараніў кандыдацкую дысертацыю па паэтыцы Максіма Танка, якая лягла ў аснову яго першай манаграфіі «Паэтыка Максіма Танка. Культура вобраза. Характар верша» (1968). Таленавіты даследчык ніколі не абмяжоўваўся гісторыяй беларускага прыгожага пісьменства, заўсёды імкнуўся разглядаць нацыянальную літаратуру ў кантэксце славянскіх і, шырэй, еўрапейскіх літаратур, пацвярджэннем чаму стала яго доктарская дысертацыя «Беларуская паэзія ХХ ст. у кантэксце ўсходнеславянскіх літаратур: Тыпалогія, рэцэпцыя, мастацкі пераклад», якую ён паспяхова абараніў у Інстытуце сусветнай літаратуры імя А. М. Горкага (Масква, 1993 г.).

В. Рагойша — аўтар звыш тысячы навуковых работ, апублікаваных у Беларусі і краінах Еўропы (частка іх зафіксавана ў біябібліяграфічным паказальніку, выдадзеным бібліятэкай БДУ да 60-годдзя прафесара), ініцыятар, рэдактар і суаўтар шматлікіх літаратуразнаўчых выданняў, матэрыялаў канферэнцый і «круглых сталоў». У іх ліку каля трох дзясяткаў асобных выданняў: «Пераклаў Якуб Колас...» (1972), «І нясе яна дар...: Беларуская паэзія на рускай і ўкраінскай мовах» (1977), «Гутаркі пра верш: Метрыка. Рытміка. Фоніка» (1979), «Проблемы перевода с близкородственных языков: Белорусско-русско-украинский поэтический взаимоперевод» (1980), «Напісана рукой Купалы: Архіўныя знаходкі» (1981), «Кантакты» (1982), «Вяршыні: З невядомага і забытага пра Янку Купалу, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча» (1991), «І адгукнецца слова ў слове...» (1992), «Тэорыя літаратуры ў тэрмінах» (2001), «Уводзіны ў літаратуразнаўства. Вершаванне: курс лекцый» (2002), «Літаратуразнаўчы слоўнік: тэрміны i паняцці» (2009), «Беларускае вершаванне» (2010), «Мой Трыглаў: Янка Купала, Якуб Колас, Максім Багдановіч» (2012), «Асновы вершазнаўства» (2013) і інш. Такі грунтоўны навуковы здабытак Вячаслава Пятровіча — непаўторная рэалізацыя яго высокага прафесіяналізму, шматаспектнага і ўдумлівага стаўлення да скарбніцы нацыянальнага і сусветнага прыгожага пісьменства. Пры гэтым літаратуразнаўчыя працы В. Рагойшы заўсёды вылучаюцца не толькі навуковай кампетэнтнасцю, шырынёй ахопу матэрыялу, але і выразнасцю, арыгінальным падыходам да прадмета даследавання, сведчаннем чаму з’яўлюцца шматлікія станоўчыя водгукі на яго выданні ў айчынным і замежным навуковым друку. У якасці прыкладу прывядзём словы вядомага ўкраінскага паэта, перакладчыка і літаратурнага крытыка, Героя Украіны Дмытра Паўлычкі: «Я одержав твій “Трыглаў”… Дякую Тобі — це буде в мене як найголовніша інформація про трох найбільших білоруських поетів, правда про силу й могутність білоруського духу».

У адным з даследаванняў В. Рагойша слушна зазначыў, што «дынамічнае развіццё беларускай літаратуры на працягу ХХ ст. абумоўлена не толькі ўнутранымі магчымасцямі і патрэбамі нацыі, але і засваеннем іншанацыянальнага эстэтычнага вопыту». І гэтую думку Вячаслаў Пятровіч пацвердзіў найперш плённай дзейнасцю на кампаратывісцкай ніве, а яшчэ і як шматгадовы старшыня Экспертнага савета ВАК рэспублікі, кіраўнік Савета па абароне дысертацый па гісторыі беларускай, рускай і замежных літаратур пры БДУ. Не аднаму суіскальніку вучонай ступені кандыдата і доктара філалагічных навук спатрэбіліся падтрымка і канструктыўныя парады В. Рагойшы, які прапаноўваў паглядзець на творчасць таго ці іншага пісьменніка менавіта праз прызму параўнальна-тыпалагічнага вывучэння тэксту, што дазваляла выявіць гісторыка-культурныя асаблівасці міжкультурных кантактаў, скіраваныя на праекцыю будучыні з пазіцый агульначалавечых каштоўнасцей.

Выступленні В. Рагойшы на навуковых канферэнцыях рознага ўзроўню і ў розных краінах, выхад з-пад яго пяра любога артыкула, кнігі — гэта заўсёды падзея і для калег, і для навукоўцаў, і для студэнтаў, школьнікаў нашай краіны. Здзіўляе ў Вячаслава Пятровіча яго незвычайная творчая і навуковая актыўнасць апошніх дзесяцігоддзяў, пазначаная высокім пошукавым і асобасным максімумам. Тлумачыцца гэта, думаецца, і незвычайнай эрудыцыяй даследчыка, і тым, што пытанні развіцця беларускай літаратуры разглядаюцца ім у шырокім кантэксце з улікам міждысцыплінарнага падыходу (культуралогіі, этналогіі, псіхалінгвістыкі). А гэта дае магчымасць выявіць заканамернасці грамадска-літаратурнага, культуранага і эстэтычнага развіцця ў славянскіх краінах, часта па-новаму, свежа і арыгінальна прасачыць гісторыю ўспрымання і актуалізацыі тых ці іншых з’яў, тэндэнцый, арыенціраў, фактаў і г. д.

 

Перакладчык і «літаратурны сувязны»

В. Рагойша — вядомы даследчык і майстар мастацкага перакладу. У прыватнасці, у яго ўзнаўленнях на беларускай мове выдадзены аповесць М. Кацюбінскага «Цені забытых продкаў» (1980), раманы А. Ганчара «Твая зара» (1985), У. Яварыўскага «Марыя з палыном у канцы стагоддзя» (1990), кніга твораў І. Франко «Народзе мой…» (2006) і інш.

Вячаслаў Пятровіч з’яўляецца ўкладальнікам арыгінальных кніг перакладаў, у тым ліку ўласных: знакамітага верша Янкі Купалы «А хто там ідзе?» больш чым на 80 моў свету (1982; разам з Я. Раманоўскай), усіх 22 санетаў песняра на 7 асноўных еўрапейскіх моў (2002; разам з Ж. Дапкюнас). Сярод уласных — кніга перакладной паэзіі (з украінскай, сербскай, харвацкай, баснійскай, чэшскай, славацкай, літоўскай, грузінскай і казахскай літаратур) «Вочы ў вочы, мыслі ў мыслі» (2013). Адзначым, што ўжо сама прадмова да гэтага зборніка «Пра мастацкі пераклад жартам і ўсур’'ёз» можа служыць майстрам-класам для перакладчыкаў-пачаткоўцаў, бо ў ёй аўтар глыбока і займальна распавядае пра творчую лабараторыю, спецыфіку перакладу, а таксама разнастайныя нюансы ў гэтай працы. Сам жа Вячаслаў Пятровіч нязменна сур’ёзна адносіўся і адносіцца да перакладчыцкай справы: «Творчая індывідуальнасць перакладчыка выяўляецца і ў тым, наколькі глыбока ён успрымае арыгінал і якімі сродкамі, наколькі дакладна, па-мастацку дасканала ўзнаўляе яго семантыку і паэтыку ў духу сваёй мовы. Адна з галоўнейшых задач пры гэтым — узнавіць на роднай мове няўлоўнае ў арыгінале паэтычнае «рэчыва», тое «ледзь-ледзь» (Л. Талстой), што робіць літаратурны тэкст — мастацтвам, вершаванне — паэзіяй. Яшчэ адна важная перадумова высакаякаснага паэтычнага перакладу — блізкасць творчых і ідэйных прынцыпаў, характару таленту перакладчыка і аўтара арыгінала. «Вочы ў вочы, мыслі ў мыслі» — гэтак у духу беларускага народнага выслоўя павінны духоўна нітавацца паміж сабой два суаўтары: іншанацыянальны пісьменнік і яго перакладчык».

Ужо на пачатку свайго навуковага шляху В. Рагойша выявіў цікавасць да вывучэння міжлітаратурных сувязей — у 1962 г. яго даследаванне «“Кабзар” у перакладзе на беларускую мову Якуба Коласа» было апублікавана ў зборніку студэнцкіх навуковых работ Адэскага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Нельга не прыгадаць, што многія выданні ўбачылі свет дзякуючы супольнай працы Вячаслава Пятровіча і яго жонкі, калегі па працы ў БДУ Таццяны Вячаславаўны Кабржыцкай, кандыдата філалагічных навук, дацэнта, суаўтаркі і натхняльніцы многіх сямейных навукова-творчых праектаў. Літаратуразнаўчы тандэм прынёс такія плённыя вынікі, якім могуць пазайздросціць цэлыя навуковыя калектывы. Мяркуйце самі. Яны ўпершыню раскрылі многія невядомыя раней факты жыцця і творчасці выдатнага пісьменніка пачатку ХХ ст. Сяргея Палуяна (1890—1910) і ўклалі першую і пакуль што адзіную кнігу яго твораў «Лісты ў будучыню» (1986).

Па ініцыятыве Т. Кабржыцкай і В. Рагойшы да 150-годдзя Івана Франко быў выдадзены ў Беларусі том выбраных твораў Каменяра (2006), прадмова да якога належыць Т. Кабржыцкай, пераклады паэзіі, прозы і драматургіі, большасць з якіх выкананы спецыяльна для гэтага выдання, — В. Рагойшу. Да 200-годдзя Тараса Шаўчэнкі сужэнцы ўклалі, угрунтаваўшы належнай прадмовай і шырокімі каментарыямі, вялікі том усіх украінамоўных паэтычных твораў Кабзара ў класічных беларускіх перакладах «І мёртвым, і жывым, і ненароджаным...» (2004).

Таксама нельга не прыгадаць з перакладной скарбонкі юбіляра анталогію твораў з літаратур блізкага замежжа, названую паводле слоў Якуба Коласа «Мае браты, мае суседзі» (2008), у якой прадстаўлены ў лепшых беларускіх перакладах украінскія пісьменнікі Тарас Шаўчэнка, Іван Катлярэўскі, Іван Франко, Міхайла Кацюбінскі, Леся Украінка, Васіль Стафанік, Паўло Тычына, Максім Рыльскі, а таксама знакавыя постаці літаратуры іншых нашых суседзяў: палякаў, латышоў, літоўцаў (Адам Міцкевіч, Юльюш Славацкі, Юзаф Крашэўскі, Эліза Ажэшка, Яніс Райніс, Крысціёнас Данелайціс). А чаго каштуе вучэбны дапаможнік «Украінская літаратура і ўкраінска-беларускія літаратурныя ўзаемасувязі. У трох частках» (2012—2016)! Дзякуючы Таццяне Вячаславаўне і Вячаславу Пятровічу ўбачылі свет такія ўнікальныя даследаванні, як «Карані дружбы: Беларуска-ўкраінскія літаратурныя ўзаемасувязі пачатку XX ст.» (1976), «Слядамі знічкі: Пра Сяргея Палуяна» (1990), «Гісторыя славянскіх літаратур і праблемы іх параўнальнага вывучэння: тэорыя і практыка» (2015) і інш.

З прапанаванага пераліку перакладаў і даследаванняў можна пераканацца, што менавіта літаратура суседняй нам Украіны стала прадметам асаблівай увагі і даследчыцкай любові Вячаслава Пятровіча. Нездарма Д. Паўлычка ў адным са сваіх лістоў да перакладчыка зазначыў наступнае пра кнігу «Вочы ў вочы, мыслі ў мыслі»: «“Лісова пісня” Лесі Украінки в твоєму перекладі так гарно звучить, ніби вона була написана білоруськой мовою. Мова Мавки в цій драмі ніжна, і цю ніжність Ти майстерно передав… Твоя антологія українской поезії, представлена в цій книжці, також являе майстра…»

За даследаванні і папулярызацыю ўкраінскага прыгожага пісьменства ў Беларусі В. Рагойшу была прысуджана Міжнародная літаратурная прэмія імя Івана Франко, ён быў абраны сябрам Нацыянальнага Саюза пісьменнікаў Украіны.

 

Паэт

Пытанні гісторыі і тэорыі літаратуры — адна справа, а мастацкае ўвасабленне ўспамінаў, думак і рэфлексій — іншая. Вячаслаў Пятровіч і тут не саступіў з аднойчы абранай дарогі служэння Слову: на працягу ўсяго свайго жыцця ён, як сапраўдны філолаг, канечне, пісаў вершы, зрэдку друкаваў (першыя вершы і допісы з’явіліся на старонках радашковіцкай раённай газеты ў 1957 г.), але толькі ў сталым узросце вырашыў надрукаваць асобны вершаваны зборнік пад назвай «Полюс цяпла» (2007), чым зрабіў, думаецца, адметны ўнёсак у гісторыю нацыянальнай паэзіі, засведчыўшы новы ракурс прэзентацыі вядомага матэрыялу. Кніга, з аднаго боку, вельмі прыватная (шмат прысвячэнняў блізкім людзям, сябрам і знаёмым), а з другога — уводзіць у шырокі кантэкст культуры і літаратуры, калі аўтар дэманструе вельмі дарэчы свае інтэлектуальныя і творчыя далягляды. Адчуваецца зарыентаванасць на традыцыі Купалы, Коласа, Багдановіча, а не на розныя паэтычныя «штучкі» на высокіх эксперыментальных абцасах, што, безумоўна, не можа не прывабіць удумлівага чытача.

Мікола Мішчанчук слушна заўважыў у рэцэнзіі на кнігу: «Полюс цяпла ў паэзіі Вячаслава Рагойшы шырокі, ахоплівае многія чалавечыя стасункі, прыродныя з’явы, падтрымліваецца і саграваецца ўнутранай энергіяй не растрачанай і ў час суровых выпрабаванняў аўтаравай душы. Паэт не двурушнічае, не выконвае ролю патрыёта, не зрываецца на крык, каб як гучней выказаць любоў да Радзімы — ён вышэптвае ёй маленне-малітву адданасці». Матывы адказнасці перад гісторыяй і будучыняй роднай зямлі, пафас сцвярджэння высокіх маральна-духоўных каштоўнасцей, спалучэнне асабістага і гарамадскага, надзённага і вечнага, гуманістычны пафас і філасофская значнасць паэтычнай думкі вызначаюць паэтычны свет зборніка «Полюс цяпла». А многія радкі гучаць афарыстычна і па-філасофску глыбока:

 

Не раз я спазнаў

Пацалунак нірваны,

Адкрыта жыву,

Што ў душы —

Гавару,

Бо компасам сэрца

Заўжды скіраваны

На полюс цяпла —

Беларусь.

 

Краязнавец

Некалі ў адной з публікацый В. Рагойша адзначыў «Краязнаўцамі не нараджаюцца, краязнаўцамі становяцца», — і пацвердзіў гэтую думку асабістым прыкладам: нястомны краязнавец, захавальнік культурнага і асветніцкага скарбу Ракаўскага краю. Гэтая зямля памятае Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, Элізу Ажэшку, Сяргея Пясецкага, Уры Фінкеля… Асобныя творы гэтых і многіх іншых пісьменнікаў увайшлі, напрыклад, у падрыхтаваную В. Рагойшам унікальную анталогію «Люблю наш край... Валожыншчына літаратурная» (2006).

Дзякуючы намаганням В. Рагойшы і Т. Кабржыцкай у Ракаве на базе сярэдняй школы, праведзены пяць Міжнародных краязнаўчых навуковых «Ракаўскіх чытанняў» з удзелам вядомых айчынных вучоных і замежных гасцей. У цэнтры гэтых чытанняў заўсёды былі і праблемы параўнальна-тыпалагічнага вывучэння літаратур. У бацькоўскім родавым гняздзе на сапраўдным прафесійным узроўні сям’я Рагойшаў стварыла ўнікальны прыватны Музей поліэтнічнай культуры заходнебеларускага мястэчка. Сярод яго першых наведнікаў былі народныя мастакі Беларусі Май Данцыг і Уладзімір Стальмашонак, сын Якуба Коласа Міхась Міцкевіч, прафесары з Польшчы Базыль Белаказовіч і Тэлесфор Позьняк, член-карэспандэнт Акадэміі навук Беларусі Міхась Мушынскі, перакладчык «Новай зямлі» Якуба Коласа на польскую мову Чэслаў Сенюх, англійская паэтэса Вера Рыч, знакамітыя ўкраінскія і беларускія пісьменнікі Дмытро Паўлычка, Раман Лубкіўскі, Барыс Пятровіч, Віктар Шніп, Людміла Рублеўская, браты Фелікс і Язэп Янушкевічы, эліта журфака БДУ — Барыс Стральцоў, Віктар Іўчанкаў, Васіль Вараб’ёў, Пётр Дарашчонак, Аляксандр Свораб, Таццяна Дасаева… Акрамя таго, для насельніцтва ўсяго Ракаўскага краю «сямейны падрад» Т. Кабржыцкай і В. Рагойшы на працягу амаль дзесяці гадоў выпускаў культурна-асветніцкае краязнаўчае перыядычнае выданне «Ракаўскі шлях» (свет убачылі каля пяцідзесяці нумароў). «Настаўніцкая газета», адгукнуўшыся на яго першыя нумары вялікім артыкулам Алеся Карлюкевіча, мела ўсе падставы рэкамендаваць гэтае выданне для школы як вельмі карысны дапаможнік пры вывучэнні гісторыі і культуры Беларусі, мясцовага краязнаўства. Дзякуючы намаганням сям’і Рагойшаў на іх ракаўскім доме ў 2011 годзе была адкрыта мемарыяльная дошка, прысвечаная класіку беларускай літаратуры Уладзіміру Караткевічу, які любіў і неаднойчы наведваў Ракаўшчыну, сваіх гасцінных сяброў.

Шчырая любоў да малой Радзімы зрабіла В. Рагойшу непераўзыдзеным знаўцам і даследчыкам яе гісторыі і культуры, што знайшло ўвасабленне ў разнастайных публікацыях, прысвечаных слаўным сынам і дочкам гэтага куточка Беларусі. Падумалася: калі б кожны рэгіён нашага сінявокага краю меў такіх нястомных і дапытлівых краязнаўцаў, то мы б значна больш даведаліся пра гісторыю вёсак, мястэчак і гарадоў Беларусі, па-сапраўднаму ганарыліся б яе слаўнымі людзьмі і багатай мінуўшчынай.

 

Культурны і грамадскі дзеяч

В. Рагойша займаў і займае актыўную грамадска-культурную пазіцыю: удзельнічаў у стварэнні Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў, Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына» (быў намеснікам старшыні), з’яўляўся вучоным сакратаром секцыі нацыянальных моў і літаратур Навукова-метадычнага савета па вышэйшай філалагічнай адукацыі Мінвуза СССР (1971—1987), членам Савета па мастацкім перакладзе Саюза пісьменнікаў СССР (1976—1991)... Высокі міжнародны аўтарытэт В. Рагойшы засведчаны яго ўдзелам у шэрагу рэспубліканскіх і міжнародных навуковых арганізацый: акадэмік Міжнароднай акадэміі навук Еўразіі (Масква), доўгі час быў старшынёй Міжнароднага фонду Янкі Купалы, членам праўлення таварыства «Беларусь—Україна», з’яўляецца старшынёй секцыі беларускай мовы і літаратуры Рэспубліканскага навукова-метадычнага савета па падручніках і сродках навучання і Навукова-метадычнага савета па вышэйшай гуманітарнай адукацыі РБ і інш. Такая праца, як аднойчы падкрэсліў юбіляр у адным з інтэрв’ю, «займае шмат часу, прыносіць нямала клопатаў, турботаў, але разам з тым гэта дае магчымасць трымаць руку на пульсе сучаснасці, сучаснага грамадскага жыцця».

За плённую культурна-грамадскую і асветніцкую дзейнасць В. Рагойша ўзнагароджаны медалём, а пасля і ордэнам Францыска Скарыны.

 

Муж і бацька

Нельга не прыгадаць яшчэ адну іпастась В. Рагойшы, без якой партрэт юбіляра будзе няпоўны — гэта яго сям’я: жонка Таццяна Вячаславаўна, трое сыноў і пяцёра ўнукаў. Любоў да слова, да культуразнаўчых і літаратуразнаўчых росшукаў бацькі «прышчапілі» і сваім дзецям, у жылах якіх пульсуе кроў трох усходнеславянскіх народаў. Старэйшы сын Усевалад бліскуча абараніў кандыдацкую дысертацыю па творчасці Алеся Гаруна, доўгі час працаваў дацэнтам на філалагічным факультэце БДУ. Сярэдні, Максім, гісторык, выдавец, даследаваў феномен «Нашай нівы», яе ролю ў развіцці беларускай культуры. А малодшы Пятро — паланіст па першай спецыяльнасці, кандыдат філалагічных навук, і юрыст па другой вышэйшай адукацыі — ажыццявіў вяртанне ў айчынны кантэкст асобы і творчасці Сяргея Пясецкага, яскравая творчая індывідуальнасць якога вырастала на скрыжаванні польскай і трох усходнеславянскіх літаратур і культур.

У лістападзе бягучага года Т. Кабржыцкая і В. Рагойша адзначаць яшчэ адзін цудоўны юбілей — залатое вяселле, якое стала, па трапным вызначэнні Уладзіміра Караткевіча і Адама Мальдзіса, «вяселлем веку» і на якім у Ракаве было шмат знакамітых гасцей (Міхась Ларчанка, Уладзімір Караткевіч, Ніл Гілевіч, Фёдар Янкоўскі, Алег Лойка, Язэп Семяжон, Сяргей Панізнік, Валянцін Рабкевіч, Генадзь Шупенька і інш.). Не кожная сям’я можа пахваліцца такой «залатой кагортай» гасцей, а яшчэ і паэтычным водгукам У. Караткевіча, які ўвекавечыў гэтую падзею, стварыўшы «Эпіталаму Таццяне і Славе»:

 

Кахання Бог у светлай сіле

Сядзіць між нас. Я п’ю нагбом

За вас: прыгожых, добрых, мілых,

За ваш стары і новы дом.

Да схілу дзён сваіх астатніх

Мы вам сябры. Няхай жыве

Наш гонар: Слава і Таццяна,

Сябры ад сёння і — навек!

Малю аб вечным і адзіным:

Хай будзе шчасны на вякі

Шлюб Беларусі і Ўкраіны,

Шлюб Львова й Іслачы-ракі.

 

***

У перспектыўных планах В. Рагойшы — цікавыя і грунтоўныя даследаванні шматлікіх твораў беларускай і іншых славянскіх літаратур, плённая праца на ніве кампаратывістыкі, удзел у навуковых канферэнцыях, чытанне лекцый студэнтам філалагічнага факультэта… На рабочым стале прафесара — рукапіс новага артыкула, прысвечаны маладаследаванай праблеме вершавання Францыска Скарыны...

Упэўнены, нас чакаюць у будучыні прыемныя літаратуразнаўчыя і краязнаўчыя адкрыцці, здзейсненыя кавалерам ордэна Скарыны, прафесарам БДУ Вячаславам Рагойшам, а таксама цудоўныя хвіліны размоў і супрацоўніцтва з паважаным Настаўнікам і Калегам!

Мікола ХМЯЛЬНІЦКІ

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Перадабортнае кансультаванне — гэта перш за ўсё клопат пра жанчыну

Перадабортнае кансультаванне — гэта перш за ўсё клопат пра жанчыну

У ліпені ў Мінску ў трох паліклініках — 10-й, 23-й і 37-й — былі адкрыты кабінеты «За жыццё», дзе праводзяць перадабортнае кансультаванне.

Грамадства

Наколькі складана ў нашай краіне стаць кандыдатам і доктарам навук?

Наколькі складана ў нашай краіне стаць кандыдатам і доктарам навук?

Ці лічыце вы мэтазгодным устанаўленне адзіных патрабаванняў да саіскальнікаў вучоных ступеняў па колькасці апублікаваных навуковых работ незалежна ад галіны навукі?

Культура

«Не выбірай жонку ў агародзе, а шукай у карагодзе»

«Не выбірай жонку ў агародзе, а шукай у карагодзе»

Фалькларыст і этнахарэограф Сяргей Выскварка ведае, што кажа. 

Грамадства

Ці ўсім быць вундэркіндамі?

Ці ўсім быць вундэркіндамі?

Сучасныя малыя ведаюць алфавіт, але не ўмеюць гуляць.