Вы тут

Мікола Давідовіч. З цыкла «Мае землякi-бортнiкаўцы»


Ёсць у кожнага чалавека мясціны, цёплыя ўспаміны пра якія ён праносіць цераз усё жыцце. У мяне — гэта вёска Бортнікі, што на Бабруйшчыне. Пабываю у ёй, бы смагу наталю з чыстых крыніц. Адпачываю душой, набіраюся светлых уражанняў. У Бортніках, што ні чалавек — то асоба, непаўторны свет, душы адкрыццё. Пахвалюся: сярод маіх землякоў — два Героі Сацыялістычнай Працы, генерал, шмат іншых заслужаных людзей. Я амаль кожнага з бортнікаўцаў ведаю, але пры гэтым заўважу, што, калі ў адных жыццё роўненька складваецца, то ў іншых… І іх, бы тых птушак з падрэзанымі крыламі, болей шкада.


Памаўчу… і заплачу

— А мой татка, памятаю і цябе, і тваю мамку, ці ж забываюцца на тых, з кім адной сцежкай-дарожкай ходзіш? Ды ты яшчэ і родзіч. Праз дзядулю Макара, царства яму нябеснае. Добра, што мяне не прамінаеш, заязджаеш. Пытаешся, як жыву? Памаленьку. Дужа не спяшаюся, бо хто ведае, колькі мне таго жыцця засталося: як-ніяк, на восемдзесят сёмы гадок заступіла... Куточак свой маю. Хлеб ёсцека і да хлеба. Пакуль надта не гарую. Сама сябе яшчэ і абслугоўваю.

Мы да разгульнага жыцця не прывучаны. 3 малечых гадоў у рабоце. Старэйшая ў сям'і была. Мне болей і даставалася: тата з мамай па гаспадарцы занятыя, а я, бы тая гуска, з малодшымі братамі і сястрой. Лічы, узнімала іх. Потым і большых клопатаў зведала. Не заўважыла, як і гады праляцелі. Ужо і нявеста. Пра замужжа трэба думаць. А яно неяк само сабой і прыйшло. Якраз перад вайной мы і пабраліся з Васілём Голубам, нашынскім хлопцам. Пачалі сваё гнездзейка віць. Бусел нам дзіцятка прынёс. Хлопчыка. Лёнькам, як пажадаў муж, назвалі. Во радасці было, як я хадзіла-тупала ля сваіх мужчынкаў! Не думала і не гадала, што шчасцейка так хутка ад мяне адвернецца...

Васіля забралі на фронт. Пасля ў палон трапіў... Адгараваў сваё, бо толькі ў сорак пятым і вызваліўся. Я ж нічога пра гэта не ведала, ніякай вестачкі, але нешта падказвала: жывы мой муж! I ранічкай, і вечарам выскачу на вуліцу: ці не пакажацца раптам? Усё няма і няма... Як аднойчы даведваюся: сышоўся ён з нейкай маладзіцай і з'ехаў кудысьці на Украіну. Нават са мной і сваім сыночкам не развітаўся. А ці ж бы я не адпусціла? Упадабаўся — ну і няхай. Вось толькі б паказаўся, хоць адным вочкам глянуць, столькі ж чакалі! Там, на чужыне, небарака, і загінуў — утапіўся... «А вось каб з намі быў, мо б і цэлы застаўся», — перажывала.

Ну што паробіш — вось я і чыстая ўдавіца. Жыла ў свёкра са свякрухай, а потым пайшла ад іх, бо хто я ім? Адна-адзіненькая, як вечар — душуся слязамі... Але на людзей сваё гора не выносіла, у іх свайго хапала, бо і той не вярнуўся з вайны, і гэты, а ў каго і па двое-трое. Працай забывалася. Хоць яна і цяжка давалася: рвеш той гной, кідаеш — працадня не выходзіць. Вось і не разгіналася... А ў сенакос? У Цітаўцы, што пад горадам, сена грэблі па пояс у вадзе, а потым на сухое выносілі. Не дзіва, што цяпер ножачкі мае, рукі выкручвае...

Жыла я ў маленькай хацінцы, дзе толькі павярнуцца. «Трэба, — думаю, — на нешта большае разжывацца, вунь жа Лёнька падрастае!» Па капеечцы, па капеечцы, трохі грошай назбірала. Кароўку прадала, ну і купілі дамок. Не новы, праўда, але на мой век хопіць... Без кароўкі доўга яшчэ заставалася. Нарэшце прывяла цёлку ў двор. Радасці было! Хаця па сена, гэта ж не цяпер, што і ў двор прывязуць, за свет ездзілі. Наймала мужыкоў, брата свайго Лёшу прасіла, які непадалёку жыў. Неяк выкручвалася. I без бульбачкі, бурачка не заставалася.

Пачаў узнімацца мой Лёнька. Дзевер, дзякуй яму, забраў яго да сябе, на Урал. Розуму даў, на правільны шлях паставіў. Ужо і пры занятку, на свой хлеб пайшоў. Потым пераехаў у Бабруйск. Ажаніўся. Кватэру займеў, усё як належыць. Ды адна бяда: не даў Бог дзетак. Можа б, ужо і з праўнукамі была, шчабяталі б во ля мяне, заспакойвалі. Часта думаю: памру я, а з кім Лёня застанецца? Ці нам у адзіночках так і наканавана быць?..

Дык трохі пераскочыла. Я ўжо і да пенсіі падабралася, але ў брыгаду яшчэ тупала. Гэта калі ўжо зусім стала няздолець, тады і засталася ў двары, пры сваіх градках. Кароўку доўга трымала. Збывала — дык плакала, як без яе? Цяпер курачкі толькі і кудахтаюць. Здаецца, усё б рабіла, але не магу...

Раней мы, удавіцы, Антоля, Полька-сербіянка, Вольга Рыгоркава, хто з нашай вуліцы, часта збіраліся разам. Сядзім, гамонім, жыццё сваё перабіраем. Адгаравалі, вой адгаравалі, а ці ж не маглі сем'ямі абзавесціся, ці не набіваліся мужыкі? Дык жа вернасць захоўвалі, пра сваіх дзетак думалі найперш. Такія вось мы... I ніякія іншыя!

Вось і ўвесь аповед, усё маё жыццё перад табой. Не ведаю, што сказаць болей, памаўчу і заплачу...

...Неўзабаве цёткі Хрысціны не стала, пайшоў за маткай і яе Лёня. Нікога не засталося, адна ўдзячная памяць...

 

А на фотакартцы… з закрытымі вачыма

Я прыехаў да Казловых напісаць пра іхняга сына Віталя, які загінуў у Афганістане. Прасторны, з дзвюх палавін дом, а як у ім цесна, гнятліва! Бацька, Мікалай Якаўлевіч, калі пачне расказваць, не можа стрымаць слёз, а ў маці, Галіны Рыгораўны, хоць бы адна выкацілася — яна сваё адплакала. Гаворыць, гаворыць, а потым суцішыцца...

Як усё пачыналася складна і ладна! Сышлася са сваім Мікалаем па ўзаемнай згодзе, каханні. Жылі душа ў душу. Нарадзіўся першынец. Віталікам назвалі, модным тады імем. Хлапчыну не трэба было «пасці», як іншага: усё каля дома, бацькоў, радасць імкнуўся ім несці. А тут пачалі будаваць (Наташка якраз нарадзілася) новую хату, дык Віталік, якому толькі дзясяты гадок мінуў, напрасіўся пастушком у брыгаду. Як не адгаворвалі — ні ў якую: «Вам мяне шкада, а мне вас...» Такі быў прагны да работы. Хутка і трактар павёў. «У бацьку, — казалі вяскоўцы, — во і змена расце!» Будзе ісці — вядзерца каму дапаможа паднесці, пра жыццё-быццё распытае, здароўя пажадае — усе яму рады.

А тут і ў армію падаспела. Вось так: у пачатку месяца — павестка, а ў канцы — праводзіны. Ледзь не ўсёй вёскай спраўлялі. Сталы — у тры рады. Спявалі, весяліліся. Чарку за Віталя бралі. А ён сам да спіртнога і не дакрануўся — спартсмен. Амаль кожнага, хто быў на застоллі, правёў дадому.

Яна баялася аднаго, каб сына не забралі ў Афганістан. Напачатку быццам і турбавацца не было чаго. Віталь трапіў у «вучэбку». Асвойваў бронемашыну. Гэта яго, бо не ўпершыню за рулём! Тады ж фотакартку даслаў — у ваеннай форме, узмужнелы. Але... з заплюшчанымі вачыма. I гэта яе незвычайна ўстрывожыла. Бы нейкі знак, перасцярога... А потым і апынуўся ў Афганістане, пад Хайратонам. Нічога асабліва не паведаміў: нясе службу, неўзабаве перавядуць у разведроту. Там шмат беларусаў. Так што, маўляў, турбавацца няма чаго. Яшчэ некалькі месяцаў праляцела... Віталь ужо меў дзве падзякі ад камандавання. Збіраўся ў водпуск. «Прыеду, — пісаў у кожным лісце, — надыхаюся домам, роднай прасторай». Ды не суджана было...

У той дзень яна прапаліла ў лазні. Прыйшла сястра. Яшчэ пажартавала: «Не была на праводзінах у твайго Віталя, дык на вяселлі «адплачу». А яна слухае і нейкія трывога, непакой ахапілі... Раптам заходзяць у двор якісьці вайсковец, яшчэ нехта з сельсавета. Яна і здагадалася, як ускрыкне: «Коля, нешта з нашым Віталем...» Нават забылася, што мужа ў гэты час дома не было. Што потым з ёй рабілася — дрэнна памятае...

Цяжка далося мне тое інтэрв'ю. Выйшаў ад Казловых бы выціснуты, пад гнётам чужога гора, бяды, да якіх міжволі дакрануўся... Гэта адчуванне не пакідае і цяпер.

 

З сонцам, але без цяпла...

Рыгора Іванавіча Паслядовіча — па-вясковаму Канька — я ведаў блізка. Адно — жылі непадалёк, другое — ён таварышаваў з маім дзядулем, які таксама застаўся без сваёй палавіны. Папраўдзе, Рыгор доўгі час з’яўляўся для мяне тайнай за сямю пячаткамі... Яго за тое, што спеў «не тую» частушку, яшчэ да вайны ўпяклі на Калыму. Далі «дзясятку». Што перанёс, зведаў — адзін Бог ведае... Калі-нікалі пад настрой мог адкрыцца, нейкую падрабязнасць расказаць. Выратавалі яго, як зразумеў, прыродная кемлівасць, няўтольная прага жыцця. Але дамоў вярнуўся з падарваным здароўем, без аніводнага зуба... «Кусацца» не было чым, аднак землякі да Канька адносіліся з асцярогай. Быў ён як адарваны лісток. Адышоў у сям'і, каля сваіх дзетак — Валі, Галі, яшчэ сіл хапіла, каб «знайсці» Надзю. Дык вось з Надзі ўсё і распачалося. Расла яна зграбнай і вабнай. Рана набрала дзявочую сілу. Ужо і ў горад рушыла, а там адзін спрытнюк ды й падкаціў... Паабяцаў жаніцца. Вяселле сабралі. А жаніха так і не дачакаліся...

— Каб на той момант яго, галадранца, заспеў, — казаў Рыгор, — не шкадаваў бы — прыкончыў на месцы!

Можа, так, а можа, і не. Але што адбылося, тое адбылося. Давялося нямала перажыць і нявесце, якая чакала дзіця. А неўзабаве Надзя нарадзіла хлопчыка. Ды ў адзіночках доўга не затрымалася. Напаткала суджанага, які звёз яе ва Украіну. А хлопчык, якога звалі Сяргеем, так і застаўся пры бабулі і дзядулі. Рыгор — тата, а ягоная Люба — мама. У бацьках па другому разу, але ж выцягнулі ўнука. Рыгор яшчэ дачакаўся, калі Сяргей пайшоў у армію.

— Цяпер, — казаў, — магу са спакойнай душой і на той свет...

Занядужаў Канёк раптоўна, вясной. Пачаў худзець, хутка стамляўся. Памятаю, сядзе ў двары, тварам да сонца і нібыта грэецца. Я глядзеў на яго і думаў: «Эх, дзядзька Рыгор, не хапіла табе ў жыцці цяпла...» Дзесьці за месяц-два Канёк і сышоў... Хаваць яго прыехалі дочкі. I Сяргей, якога адпусцілі з арміі. Яму было балюча больш за ўсіх, бо губляў самага дарагога чалавека.

Пасля службы вярнуўся Сяргей да роднага дому. Няма каму сняданак, вячэру згатаваць, кашулю памыць, няма з кім словам абмовіцца... Напісалі ліст маці. Тая, праўда, прыехала, забрала сына да сябе. Уладкавала на работу, нявесту знайшла. Ну і добра, што так склалася. «А толькі цягне, — казаў Сяргей, — на радзіму, хаця б на зямельку паглядзець, па якой басанож хадзіў!» Не так даўно прыязджаў зноў. Шкада, не давялося з ім сустрэцца. Некалі мы адзін да аднаго цягнуліся — падобныя…

 

 

Васілю, i смерць ты асіліў!

...Ён адчуў: выдыхаецца. Ужо непаслухмянымі рукамі спыніў камбайн, ледзь выбраўся з кабіны. Нейкі момант стаяў, прагна хапаючы ротам паветра. А потым, чапляючы нагамі ржэўнік, пасунуўся ў бок вёскі. Але здолеў зрабіць некалькі крокаў. Раптам, нібы спатыкнуўшыся, пачаў валіцца на бок.

Васіля Пятровіча Бурака, які ў той дзень апошнім заканчваў жніво, знайшлі ўжо бездыханным... Паедзь раніцой у бальніцу, звярніся да ўрачоў — і не здарылася б трагедыі. Жонка, дзеці ўгаворвалі ўзяць хоць кароткі перадых, даць арганізму спачын. Ды не паслухаўся. Не мог — хлеб, якому аддаваў усё, што меў, трэба было ратаваць!

Такая вось моцная воля. А ведалі вяскоўцы Васіля ціхмяным, сарамяжлівым. Ніхто ад яго і слова супраць не чуў. Але за справу — гарой. Рабіў спакойна і ўпэўнена. Яшчэ будучы шафёрам, колькі дабра людзям зрабіў! Гэткі вось вялікадушны сялянскі хлопец.

Нічога не паробіш: лёс... Перажывалі страту ўсім калгасам. А паэт Мікола Янчанка вершам адгукнуўся на смерць Васіля Пятровіча:

 

Нё толькі хваробу,

I смерць ты асіліў,

Васілю, Васілю...

 

Дзякуй табе, браце, за памяць аб земляку! А вось да саміх бортнікаўцаў, хай не пакрыўдзяцца, ёсць прэтэнзія. Маглі б і ўвекавечыць памяць Васіля Пятровіча. Ну, хаця б адну з вясковых вуліц назвалі яго імем.

 

Быццам дома і быццам у гасцях...

Колькі памятаю сябе, памятаю Нюсю. Яна жыла праз вуліцу, якраз насупраць іхняга дома калодзеж стаяў з гэткім задраным, бы ў страуса хвост, жураўлём. Усе дзеці як дзеці, а яна... Не гаворыць, а мыкае: «Ню-нюся». I зімой, і летам хадзіла ў аднолькавым адзенні: павязанай на галаве хустцы, стаптаных чаравіках. Увесь яе выгляд палохаў. Але мы, малыя, прызвычаіліся да Нюсі і ніколечкі яе не баяліся. Хадзілі ў госці. Нам было цікава. Сёй-той, праўда, спрабаваў дражніць Нюсю. Мы з Паўлікам, маім сябруком, заступаліся за яе. Адно — суседка, другое, як казалі старэйшыя, — гаротніца. I Нюся нам адказвала ўзаемнасцю. Прыйдзеш па ваду, яна дапаможа вядзерца паднесці, ласунак мае — абавязкова падзеліцца. Аднойчы абараніла ад злога сабакі, які, мабыць, добра паклычыў бы мяне...

Я паехаў вучыцца. Прыеду, Нюся будзе ісці — спыніцца, доўга стаіць, глядзіць. А потым і паклыпае далей. 3 кіёчкам пачала хадзіць, а мы ўсё — Нюся... Нават сапраўднага імя яе не ведалі — Анюта Рыгораўна Бурак. У апошні час Нюся жыла са сваёй маці, старой Гарпінай, якой пад дзевяноста. Абедзве бездапаможныя. Але неяк трымаліся: то суседзі, то родзічы дагледзяць. I вось не стала Гарпіны. А Нюсю забралі ў дом-інтэрнат пад Бабруйскам. «Не давалася, — расказвалі, — хацела пры сваім двары застацца».

I вось нядаўна давялося мне быць у тым казённым доме. Думаю, зазірну да сваёй зямлячкі, пагляджу, як жыве. Толькі адчыніў дзверы пакоя — яна насустрач. Глядзіць, глядзіць, а потым як плясне рукамі. Пазнала, за рукаў учапілася, да пляча туліцца. Адскочыла, нешта сваім аднапакаёўкам гаворыць, на мяне паказвае: «Ню-нюся!» Пакідаючы інтэрнат, я працягнуў Нюсі пару плітак шакаладу, якія прыхапіў для яе. Яна неяк дзіўна, абедзвюма рукамі схапіла дарунак, прыціснула да грудзей. Доўга стаяла, пазірала ўслед...

Я ўжо выйшаў з інтэрната, усаджваўся ў машыну, як падалося, нібыта хто прабег па фае. Нюся! Вось яна прыпала да шклянога праёма, углядаецца... Мне здалося, што на яе твары скацілася, бы разрэзала яго напапалам, былое і цяперашняе, слязінка. I ўспомнілася сказанае адным з інтэрнацкіх жыхароў: «Мы тут быццам дома і быццам у гасцях…»

 

«Вярніце нашага бацьку!»

Дзядзька Лёша быў трэці ў шматдзетнай сям’і Давідовічаў, якую доб­ра ведалі ў Бортніках, але першы па адукацыі. Скончыў Мінскі педагагічны інстытут. Бывала, прыедзе: касцюм падагнаны, сарочка і гальштук так пасуюць да яго лабастага, з гэткімі раннімі залысінамі, твару, да ўсяго аблічча, што міжволі залюбуешся. Ніколі не павышаў голасу, гаварыў цвёрда і пераканана. Здавалася, наперад ведаў, чаго ты дамагаешся. Вось так, падсунемся з задачкай, а ён: «Крыху падкажу, а там дадумвайце самі, бо налёгцы ісці — не адчуць цяжару».

Мы ганарыліся дзядзькам. Доўга ў настаўніках ён не затрымаўся. Дырэктар Ясеньскай сярэдняй школы Асіповіцкага раёна, спецшколы-інтэрната ў райцэнтры. Неўзабаве ўжо і дырэктар Магілёўскай спецшколы-інтэрната для цяжкавыхоўваемых. Аднаго персаналу за сто чалавек. Ён навёў парадак, патрабаваў, каб да дзяцей з цеплынёй ставіліся.

— Эх, — казаў, — далі б магчымасць працаваць...

Пазней я зразумеў, што за гэтым стаяла: дзядзька Лёша не любіў паказухі. Не гнуў спіну перад начальствам, рознымі інспектарамі ды інструктарамі. Незалежнай быў пазіцыі. Але ж ці магло гэта падабацца… А тут і зачэпка знайшлася: аднойчы трое навучэнцаў накурыліся так, што трапілі ў бальніцу... Тады і давай дырэктара цягаць па інстанцыях. Праўда, аблана на чале з тадышнім яго загадчыкам Асмалоўскім адстойвала дзядзьку, але што яно магло зрабіць?

Дзядзька пячатку на стол і ціха, каб не выклікаць лішніх эмоцый, пайшоў з калектыву. Але даведаліся дзеці, сваімі маленькімі сэрцайкамі адчулі: штосьці не тое… Тры дні не выходзілі на заняткі і не елі: «Вярніце нашага бацьку!» Пра гэта расказвала радыёстанцыя «Свабода», Аляксея Сцяпанавіча назвала педагогам-наватарам. Дзядзька не быў у курсе, дык яго яшчэ абвінавацілі ў сувязях з «варожымі галасамі». Ледзь з партыі не выключылі. Уяўляеце: ішоў з дабром, а сустрэлі са злом. 3 тага часу і сэрца — інваліднасць…

Здавалася б, няма чаго і ўспамінаць, а пачне дзядзька Лёша ўзгадваць сваё дырэктарства ў спецшколе-інтэрнаце, тое, як высока і ганарова называлі яго выхаванцы, як рашуча ўзнімалі свой голас за яго, і асвеціцца радасцю: «нечага ж я варты!»

 

Загадка Аляксея Антонавіча

Несумненна, мой зямляк, сабрат па пяры Аляксей Антонавіч Гарэлік заслугоўвае да сябе, нягледзячы на пэўныя «скрыўленні», звязаныя з чаркай, павышанай увагі. Гэта без усялякіх перабольшванняў — асоба. Шляху, які прайшоў, на дваіх-траіх хопіць…

А пачалося ўсё з вёскі, яе багатай фантазіі, непаўторнага хараства! Чуллівая натура Аляксея-Алеся, здавалася, улаўлівала самае патаемнае, бы той камертон, чуйна на яго рэагавала. Хлапчына спрабуе сябе ў паэзіі, жывапісе. Усяго толькі першыя крокі, але яны ўжо засведчылі аб яго пэўных здольнасцях. Ды было б толькі калі займацца любімай справай — памагаты ў таты і мамы, яшчэ і ў брыгаду бегаў.

Да вайны Алесь (так чамусьці завуць усе Аляксея Антонавіча) скончыў школу і два курсы моднага тады лесатэхнікума. І — вымушаны перапынак. Юнак быў звязаны з партызанамі, часта выконваў іх даручэнні, у тым ліку і Героя Савецкага Саюза Уладзіміра Парахневіча. Пасля вызвалення родных мясцін ад захопнікаў Гарэлік — у пяхотнай дывізіі. У розных пераплётах пабываў. Быў паранены. Два ордэны Айчыннай вайны — немалая адзнака яго воінскай доблесці. Пры вызваленні Беластока сустрэўся з карэспандэнтамі цэнтральнай прэсы на перадавой — Сіманавым і Твардоўскім. Гэта і адбілася на яго далейшым лёсе, павярнула да журналісцкага пяра.

Спачатку працаваў у бабруйскай абласной газеце «Савецкая Радзіма», а потым, калі вобласць расфарміравалі, — у гарадскім «Камунісце»: намеснік рэдактара, у апошнія гады — загадчык сельгасаддзела. Пасля выхаду на пенсію доўжыў свой журналісцкі шлях у шматтыражнай газеце вытворчага абяднання «Бабруйскдрэў». Цэлае жыццё ў журналістыцы. А гэта ж хлеб ой які нялёгкі: бяссонных начэй, перажыванняў, трывог!

Як прафесіянал, Гарэлік таленавіты, лёгка яму даецца слова. Як свае пяць пальцаў ведае раён, ужо не кажучы пра СВК «Гігант», ягоных людзей. Пра многіх напісаў яркія нарысы, замалёўкі. Ды і проста прыняць удзел у чыімсьці лёсе — у яго характары. Аднаго не магу зразумець: Алесь Антонавіч — публіцыст, паэт. Столькі матэрыялаў пад рукой, але як можна ніводнай кніжкі, зборніка вершаў не выпусціць? Як можна, маючы такі талент, не напісаць ніводнай (хаця на яго дачы адну бачыў) вартай увагі карціны… Што перашкодзіла, які «валун» на гэтым шляху стрэўся?

Эх, зямляк, крытыкаваць цябе мала!

 

Каго прагнявілі браты?

Нядаўна ездзіў у Бортнікі. Толькі з аўтобуса — насустрач Мікалай Дзмітрыевіч, старэйшы з братоў Балыкаў. Ён праводзіў у горад сына, які гасцяваў. Абняліся, паўсміхаліся, добрыя словы адзін аднаму выказалі: зямлякі! Ды яшчэ суседзі, праз дом жылі. Як кажуць, адной сцежкай-дарожкай хадзілі, адным паветрам дыхалі, усялякія справы вырашалі разам.

Праўда, я болей знаўся з Паўлікам, малодшым з братоў. Мы — аднагодкі. У школу разам хадзілі, футбол ганялі, да дзяўчат, калі падрасталі, заляцаліся. Гэта пазней нашы шляхі-дарогі разышліся. Аднак не выпускалі адзін аднаго з поля зроку. Я ведаў, што мой сябра паспрабаваў працы і ў міліцыі, і на шынным камбінаце, яшчэ недзе. А потым вярнуўся ў родную вёску. Тут знайшоў справу па душы. Вядома ж, быў пры сям'і, дзецях. Усім задаволены. На здароўе не скардзіўся. Не дзіва, такі мацак, згустак сілы.

Міхась быў на некалькі год старэйшы за Паўліка. Гэткі завадатар усялякіх гульняў, забаў. Праўда, браты-гарэзы яму нашкодзілі... Яшчэ хлапчуком. Вяртаўся той неяк дамоў прыцемкам… Яны, у вывернутых кажухах, насустрач: «Га!» Заікацца пачаў... Але не так, каб ужо яўна, калі расхвалюецца. Тым не менш, гэта не перашкодзіла яму служыць у арміі, яшчэ і застаўся там прапаршчыкам.

Пра Івана Дзмітрыевіча хацелася б сказаць асобна. Вельмі быў талковы яшчэ ў школе. Пасля скончыў танкавае вучылішча, затым Акадэмію генеральнага штаба ў Маскве. Служыў на розных пасадах. Камандзір дывізіі, намеснік камандуючага ваеннай акругі. Да генеральскага звання ўзышоў. I за мяжой прадстаўляў нашу краіну ў якасці ваеннага аташэ ў В'етнаме, Йемене. Сваё аддаў, вярнуўся на радзіму, у Бортнікі. Збудаваў дом, гаспадарчыя пабудовы, трымаў карову, свіней, іншую жыўнасць. Ніякай працы не цураўся. Дый ваенную справу вёў у школе. Быў у пашане ў вяскоўцаў.

Чаму так падрабязна расказваю пра малодшых братоў. Таму што... няма іх, неяк адзін за адным, за непрацяглы час і адышлі у той нязведаны свет. Паўліку толькі за сорак, Міхасю нямногім больш. Іван Дзмітрыевіч таксама да шасцідзесяці не дацягнуў… «Што здарылася, — думаеш, — Такія хлопцы — волаты! I вось, быццам хто порчу навёў… А можа, надломінай паслужыла тое, што іхні бацька ў даволі сталым узросце сышоў з сям'і? Хто ведае…

Таму калі сустракаешся са старэйшым з Балыкоў — сустракаешся з усімі імі, сваім дзяцінствам, юнацтвам.

…І вось, даведваюся, не стала і Мікалая Дзмітрыевіча — нібы нечага не стала і ў ва мне…

 

Боль той твой і мой…

 

Сказ пра бацьку

Ну вось табе семьдзесят, даўно ўжо дзядуля, паснежаная галава… А я памятаю цябе маладым, усмешлівым. Ды, мабыць, вясковаму музыку, маладзёжнаму завадзілу інакш і нельга! Аднак у табе праглядвалася і нешта тужлівае, неразгаданы боль… Пазней я зразумеў ад чаго — цяжкай страты жонкі, маёй мамы. Табе не пасчасціла ў самым пачатку сямейнага жыцця. І трэба было праз гэта прайсці… Мо таму гадоў сем ты не жаніўся. А потым ужо вырашыў наглядаць сабе абранніцу з ліку маладых дзяўчат. Я, зусім яшчэ дзіця, дапамагаў у тваім выбары. Вечарынка. Перапынак, ці як казалі, перадых. Нехта просіць цябе, каб сыграў для мяне, твайго сына: «Каго ты, Мікалайка, выбераш на танец?» Я праходзіўся па крузе раз, другі — для выгляду, канешне, а потым скіроўваў да тваёй кавалеркі — будучай мачахі. Радасна, радасна і горка, горка: хто не ўтрымаецца, слязінку пусціць, разумеючы «падтэкст», далікатнасць сітуацыі, нехта знарок адвернецца ці памкнецца хутчэй выйсці з залы: разрываўся, плакаў у гэты момант твой гармонік…

Вядома, мне цябе не хапала. Цягаўся за табой, як той хвосцік. Куды ты — туды і я. На працу, усялякія гульні, забавы. Ну а калі ты заходзіў да бабулі і дзядулі, у якіх я гадаваўся, для мяне — радасць, верх задавальнення! Я слухаў твой голас, твае воклічы, звароты — гэткую несціханую мелодыю слоў і гукаў і засынаў пад іх акампаніменты, і хай хто супраць цябе скажа, нават самыя блізкія людзі — за цябе гарой!

Зразумела, часта наведвацца ты не мог. Не было калі: праца, сям'я, хатнія клопаты. Ты імкнуўся трывала масціць сваё новае гняздзечка. Адбудаваў дом, надворныя пабудовы, усё заасфальтавана, клапатліва дагледжана. Суседзі з зайздрасцю казалі: «Уладзімір Сцяпанавіч — сапраўдны гаспадар!» А яшчэ ж і на сваіх братоў і сясцёр, якіх аж дзевяць было, не забываў, дапамагаў, чым мог.

Быў ахвочы да працы, асабліва з тэхнікай ваджацца. Нездарма ж табе аднаму з першых у калгасе даверылі збожжаўборачны камбайн «СК-3», з адчапным капніцелем не чырвонага як цяперашнія стэпавыя караблі колеру, а блакітнага. Яшчэ нявопытны жнец, а добра выручаў у жніўную пару. Ды і ты, ягоны гаспадар, не выбіраў, дзе лягчэй. А там, дзе больш патрэбны. Пастаянна — у перадавіках. Тваё фото змяшчаліся ў газетах, ты — удзельнік разнастайных сельскагаспадарчых выстаў. Неўзабаве і першая ўзнагарода — медаль «За працоўную доблесць», бы тая знічка, упала на твае грудзі. Я хадзіў у школу і ганарыўся табой: «Вось які ў мяне тата!».

А потым мы … вучыліся. Так — так! Абодва паступілі ў тэхнікум, толькі ў розныя. Цяпер па вартасці ацэньваю твой крок. Бо, маючы за плячыма немалыя гады (да вайны скончыў сем класаў), ты вырашыў павышаць адукацыю, стаць дыпламаваным спецыялістам. У нас было негалоснае саперніцтва. І адзнакі ты меў не горшыя, а можа, і лепшыя, чым у мяне. Асабліва падабаўся мне твой почырк — размераны, каліграфічны, пад свой характар. Вось так і выйшаў у інжынеры. Механізацыяй працаёмкіх работ займаўся. Лічы, закладваў падмурак тэхнічнага аснашчэння жывёлагадоўчых ферм, машынных двароў, іншых калгасных вытворчасцей. Не хапала матэрыялаў, запчастак. Самі выраблялі, праяўляючы кемлівасць і выдумку. Ужо і не адзін, а з брыгадай добраахвотных памочнікаў. Узнялі галіну на патрэбную вышыню.

Шмат ты зрабіў для роднай гаспадаркі, сваіх землякоў, а потым і вырашыў ісці ў «адстаўку», так бы мовячы, завяршаць свой працоўны век. Без лішніх слоў, паказушных мерапрыемстваў, якіх ты не любіў, — на заслужаны адпачынак. Хаця яшчэ колькі вяртаўся на вытворчасць: безадказны, калі прасілі дапамагчы, бездакорны пры выкананні сваіх спраў.

А яшчэ ты — і вайны, фронту «паспрабаваў», у свой час узначальваў групу народнага кантролю калгаса, выконваў іншую грамадскую работу — чым не дапаўненне біяграфіі?

Здавалася б, усё добра. Аднак, ведаю, праз усё жыццё ты пранёс пякучы боль — страту першай жонкі… Ды ці толькі гэта, а страту двух унукаў, сынавага і даччынога сыноў, як было перанесці? І чаму столькі гора выпала на тваю долю, чым правінаваціўся перад Усявышнім?

Вядома, усё гэта не магло не адбіцца на здароўі майго бацькі. Няма яго ўжо на гэтым свеце, а вось цёплы ўспамін застаўся. І няхай ён будзе гэткім славесным помнікам яму на доўгія гады!

 

Апошні шанц

Лютаўскім днём 1944-га ў Вялікіх Бортніках і суседніх вёсках немцы арганізавалі «хапун». Падагналі крытыя брызентам грузавікі і зганялі туды маладых хлопцаў. Даставілі іх у Бабруйскую крэпасць. Прыдзірлівы медагляд, анкета, фатаграфаванне... Працэдура цягнулася да вечара.

Іван Маёраў разам з сябруком Віктарам вырашылі рашэнне ўцякаць. Пад калючым дротам папаўзлі па снезе. Але іх дагналі аўтаматчыкі з аўчаркамі.

Пад канвоем прывялі ў хату, загадалі сесці на лаўку. Прыкладна праз паўгадзіны на вуліцы пачуўся шум аўтамабіля, і на парозе з’явіўся нямецкі афіцэр, які агітаваў на работу ў Германію. Ён падышоў да Івана і Віктара, выняў з унутранай кішэні дзве фотакарткі, зверыў іх з хлопцамі, а затым рэзкім узмахам рукі пачаў наносіць удары. Калі сябры апрытомнелі, афіцэра ўжо не было.

Ахоўнікі-паліцаі вывелі Івана і Віктара за ваколіцу.

— Ну што, супчыкі, зарабілі сабе царства нябеснае, ідзіце, капайце вечны домік...

Няўжо расстрэл?

«Ікласты» паліцай, які абяцаў царства нябеснае, падбег да Віктара і рыдлёўкай стаў вымяраць яго рост. Затым акрэсліў на снезе прамавугольнік: «Капайце!» Канваіры пагрозліва наставілі зброю. Тупы адчай, які ахапіў сяброў, змяніўся такой жа тупой абыякавасцю. Зноў насоўваўся вечар... Нечакана аднаго канваіра паклікалі ў дом. Выкарыстаўшы гэты момант, Віктар агрэў фрыца рыдлёўкай, і той выпусціў з рук аўтамат. «Ікласты» паліцай істэрычна закрычаў і адхіснуўся ў бок.

Хлопцы беглі, глыбока правальваючыся ў снег. Яны не чулі стрэлаў, што чуліся ўслед, іх воля была падпарадкавана аднаму — інстынкту самазахавання. Віктара напаткала куля, а Іван рэзка мяняў напрамкі: то ўлева, то ўправа, то зноў улева. Стомлены, ён паваліўся ў сумёт. Потым ускочыў і, перасільваючы сябе, рушыў наперад. Калі азірнуўся, не ўбачыў ні вёскі, ні пагоні. Толькі цяпер заўважыў: адна нага ў валёнку, а другая… босая. Валёнак давялося абуваць то на адну нагу, то на другую. Болю і холаду Іван быццам не адчуваў. Ішоў і ішоў па заснежанай прасторы, якой, здавалася, не будзе канца.

Наперадзе сталі вымалёўвацца контуры лесу. «Значыць, — падумаў ён, — справа шаша на Магілёў. Вёрст за дзесяць адсюль вёска Букіно, дзе жывуць дзядуля з бабуляй».

На світанні хлопец ціхенька пастукаў у акенца.

— Ваня, ты?.. — рыпнулі дзверы, і насустрач выйшаў дзядуля. — Праходзь, унучак, адкуль ідзеш?

— Ад самой смерці, дзеду, бягу, во ногі абмарожаны...

Бабка запрычытала, а дзядуля строга зірнуў на яе і загадаў хутчэй кіпяціць ваду і рабіць адвар з сушаных зёлак. А сам узяўся адціраць абмарожаныя ступні ўнука снегам. Неўзабаве Іван адчуў пацяпленне і боль. Боль станавіўся нясцерпным...

Так-сяк падлячыў Іван ногі. Хоць і з цяжкасцю, але хадзіў. I не здагадваўся, што чакае яго яшчэ адно выпрабаванне. Вясной таго ж года яго забралі з родных Бортнікаў у Азарыцкі лагер смерці. Здавалася б, безвыходная сітуацыя. Аднак і на гэты раз ён змог выратавацца...

Пасля вайны Іван Мікалаевіч Маёраў жыў у суседняй вёсцы Міхалёва. Ажаніўся, выгадаваў дваіх дзяцей — сына і дачку, яшчэ і ўнукаў дачакаўся. Вось такая гісторыя.

 

«Памятаем цябе, тата!»

У тыя чэрвеньскія дні 41-га Уладзімір Старавойтаў, галоўны бухгалтар калгаса «Чырвоны партызан-1», адчуваў: гітлераўская Германія паводзіць сябе надта нахабна — ушчыльную наблізілася да савецкай граніцы. У раёне хадзілі чуткі, што то аднаго нямецкага шпіёна злавілі, то другога. Маўляў, разнюхвалі яны дыслакацыю воінскіх часцей, збіралі звесткі пра аэрадром, дзе базіравалася авіяцыя дальняга дзеяння. Адным словам, у паветры пахла порахам...

Старавойтаў ведаў: калі раптам вайна, ён будзе мабілізаваны. Але калі прынеслі павестку тэрмінова з'явіцца ў ваенкамат, разгубіўся. Жонка замітусілася, забегалі каля яго трое дзяцей-падлеткаў, заплакала ў люльцы трохмесячная Таська. «Збірай, Уля, у мяне мала часу», — сказаў ён і пачаў складваць у рэчмяшок чыстую бялізну, кубак, лыжку, акраец хлеба ды кавалачак сала.

На спадарожнай машыне дабраўся да Бабруйска. Старавойтава разам з іншымі мабілізаванымі адвезлі ў ваенны гарадок Кісялевічы. Там выдалі зброю, абмундзіраванне і папярэдзілі: «Вораг блізка...»

Зводны атрад з сямідзесяці чалавек закінулі на паўднёвы захад горада, за раку Бярэзіну. Старавойтаў радаваўся: да дому рукой падаць. Разам з земляком з суседняй вёскі ён знаходзіўся ў саставе невялікага падраздзялення, усяго з пяці чалавек, якое акапалася на ўзвышшы побач з чыгункай. Дзень, другі — ціха. Быццам няма ніякай вайны, толькі манеўры. Але вось пачало нешта вухкаць у горадзе. Гэта немцы бамбілі аэрадром і чыгуначную станцыю. А потым ворагі наблізіліся да іх пазіцый. Спачатку з боку горада паказаўся адзін танк, потым другі, імкліва рухалася па чыгунцы дрызіна. Завязаўся кароткі, але жорсткі бой. Старавойтаў прыкрываў таварышаў. Адстрэльваўся да апошняга, стаў перабягаць — і яго прашыла варожая куля. Непаслухмянымі рукамі дастаў з бакавой кішэні гімнасцёркі невялікую, складзеную надвое паперку і хімічным алоўкам, перасільваючы сябе, вывеў: «Паміраю. Муж...» Сілы на большае не хапіла...

Так і ляжаў на месцы смяротнай схваткі, у адной руцэ — «трохлінейка», у другой — запіска... Першай цела загінуўшага воіна заўважыла жыхарка пасёлка Зялёнка Сілівончык. Хто ён? Адкуль? Запіска не магла даць адказу. А вось медальён, які ляжаў побач, сведчыў дакладна: з вёскі Бортнікі. «Дык там жа мой сын старшынёй сельсавета працаваў!» — адразу падумала жанчына. Яна тут жа напісала запіску ў Бортнікі, сям'і Старавойтава яе перадалі разам з медальёнам і перадсмяротным пасланнем.

Добрыя людзі разам з Сілівончык пахавалі салдата на месцы яго гібелі. Улляна Старавойтава з дзецьмі пабывала на магіле мужа. Трэба было неяк жыць, дзяцей узнімаць... Хадзіла ў калгас, даражыла кожнай палачкай-працаднём. А думкі не давалі спакою: муж загінуў, ёсць сведкі, ёсць медальён, запіска, але афіцыйна ён лічыцца прапаўшым без вестак. Паехала ў раённы ваенкамат. Там цярпліва выслухалі, пазнаёміліся з дакументамі, аднак... Спаслаліся на выпіску з архіва Міністэрства абароны СССР: «Прапаў без вестак».

3 вялікай крыўдай у душы жыла ўдава... Праўда, землякі з роднага калгаса «Гігант» ёй спачувалі, чым маглі, дапамагалі. А галоўнае, дзеці грэлі душу! 3 дзецьмі жанчыне пашанцавала. Раслі яны, цягнуліся да вучобы. А як канікулы — працавалі ў паляводчай брыгадзе.

Першым вылецеў з роднага гнязда Мікалай, паступіў у вышэйшае Ваенна-марское вучылішча імя Фрунзе. Затым Леанід паспяхова здаў экзамены ў Гомельскі інстытут чыгуначнага транспарту. Аркадзь узяў прыклад са старэйшага брата, таксама абраў прафесію ваеннага, скончыў напачатку вучылішча, а потым Акадэмію Генеральнага штаба, даслужыўся да палкоўніка... Ну а малодшая Тася была пры маме, яе галоўнай памочніцай.

Здавалася, наладзілася жыццё. Бывала, збяруцца браты разам, дзеляцца навінамі, а потым гаворка сама сабою заходзіць пра помнік бацьку: «Няўжо не заслугоўвае?» Леанід, які ўжо працаваў начальнікам дэпо Чарняхоўска, што ў Калінінградскай вобласці, узяўся вырабіць помнік па ўласным праекце. Мікалай і Аркадзь дапамаглі грашыма.

Неўзабаве помнік даставілі ў Бабруйск, далей — у Зялёнку. Два кіламетры сыны неслі яго на руках праз забалочаныя мясціны, але не адчувалі цяжару, наадварот, лёгкасць, радасць: нарэшце споўнілася іх даўняя мара — ушанаваць памяць бацькі, які загінуў, абараняючы Радзіму. А тут яшчэ падключыліся работнікі гарваенкамата, Бабруйскай дыспетчарскай станцыі пуці: добраўпарадкавалі тэрыторыю вакол помніка, устанавілі агароджу. І цяпер ён бачны здаля, хто не ідзе, прыпыніцца ў маўчанні, тут заўсёды кветкі. Ну а што дзеці Старавойтава задаволены, дык і гаварыць не даводзіцца: «Мы памятаем цябе, тата!» 

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.