Вы тут

Ніна Рыбік. Той, хто ведае


«Ну вось і ўсё… Усё-ўсё-ўсё… Усё закончылася… Усё-ўсё-ўсё…» Гэтая навязлівая думка адбівала ў галаве шалёны рытм балючымі малаточкамі. «Усё-ўсё-ўсё… Табе няма куды ісці… Усё-ўсё-ўсё… Ты нікому не патрэбен… Усё-ўсё-ўсё… Цябе ніхто не любіць… Усё-ўсё-ўсё… Табе няма для чаго жыць… Усё-ўсё-ўсё… Ты няўдачнік, ты ганебны, бездапаможны няўдачнік… Усё-ўсё-ўсё…»


Ён стаяў на мосце, да болю, да сінявы ў пальцах сціснуўшы парэнчы, і глядзеў уніз, на свінцовую гладзь вады, якая злёгку дрыжэла пад халаднаватымі павевамі асенняга ветру, нібы таксама прагнула цяпла. Калі дрыжыкі воднага люстра на нейкі момант спыняліся, у ім адлюстроўваўся няголены твар у шапцы доўгіх ускудлачаных валасоў-гумка, якой яны былі сцягнуты, недзе згубілася, і цяпер непаслухмяныя пасмы тырчэлі ва ўсе бакі. Брудны, пакамечаны льняны пінжак — ніхто не скажа, што куплены ў самым дарагім сталічным буціку, нясвежая сарочка, запылена, заляпана граззю яшчэ нядаўна элегантная замша дарагіх туфляў… Няўжо гэты замызганы бомж — ён, Андрэй, некалі лепшы вучань школы, гонар бацькоў, надзея ўніверсітэта, пераможца міжнародных конкурсаў, светлая галава лепшай камп’ютарнай фірмы горада?

Не, таго Андрэя больш няма… А на мосце, ухапіўшыся за парэнчы, стаіць дурань, няўдачнік, нікчэмны чалавек… Так яму ўчора сказала Святлана — самая лепшая, самая прыгожая дзяўчына на свеце… Ці пазаўчора? А можа, тыдзень таму? Ён згубіў лік часу. А можа, гэта ўвогуле было не з ім? Ці адбывалася ў мінулым жыцці — кажуць жа, што яно ёсць?..

Але не, на пальцы зусім рэальна паблісквае, пасміхаецца пагардлівай Святланінай усмешкай заручальны пярсцёнак: калі ён зрабіў каханай прапанову пабрацца шлюбам, яны справілі шыкоўныя заручыны — з пярсцёнкамі, галубамі і банкетам у рэстаране на паўсотні чалавек…

Андрэй сцягнуў з пальца і шпурнуў у ваду халоднае залатое колца. У яго больш няма нявесты… Няма грошай… Няма будучыні… Ён — няўдачнік! Так сказала Святлана перад тым, як бразнуць дзвярыма і пайсці да іншага — таго, хто зможа як след ацаніць яе аксамітную скуру, яе далікатную паставу, яе тачоныя ножкі, тугія, заўсёды налітыя пажадлівай жарсцю грудзі… Як яна сказала, калі адыходзіла? Яна — дарагая штучка, і калі Андрэй не ў стане забяспечыць ёй годнае існаванне, то хай ведае: ён — не адзіны мужчына ў свеце.

І не верыць ёй няма падставы. Канешне, ён няўдачнік, калі паўгода не можа знайсці работу з такой зарплатай, якая б дазваляла яму забяспечваць Святлану ўсім, чаго яна вартая. Ён стараўся, Бог сведка — ён вельмі стараўся. Ён кінуў універсітэт, хоць бацькі былі катэгарычна супраць: сын падаваў вялікія надзеі. Але што атрымліваюць вучоныя? Хіба можна за гэтыя грошы павезці каханую жанчыну на адпачынак на Канарскія астравы, у Тайланд, на Кіпр? Ці падарыць на дзень закаханых пярсцёнак з брыльянтам? Ці вячэраць у рэстаране хоць бы раз на тыдзень, а лепш — кожны вечар, бо гэтыя прыгожыя далікатныя пальчыкі не прызначаны для таго, каб абіраць бульбу і мясіць цеста…

Ды і не мог ён займацца навукай, некалі так любімай, калі думкі былі заняты зусім іншым: хутчэй бы вечар — і яны застануцца ўдваіх… І ён зможа дакрануцца да шаўкавістых валасоў, адчуць аксаміт персікавай скуры, ад дотыку да якой усю істоту працінае токам; прагна, як стомлены падарожнік да крыніцы, прыпасці да вільготных, калі салодкіх, калі гаркаватых, калі саланаватых вуснаў — і піць, піць нагбом каханне, што выпраменьвае кожная клетачка яе цела, і адчуваць, як шчасце цёплай хваляй разліваецца, запаўняючы ўсю яго істоту ад кончыкаў валасоў да пазногцяў…

Ён тады пасварыўся з бацькамі — упершыню ў жыцці. Маці плакала і прасіла пашкадаваць яе хворае сэрца — Андрэй лічыў, што гэта звычайны шантаж. Бацька крычаў, брыдка лаяўся — сын упершыню чуў ад яго такія словы. Спрабаваў давесці, што Святлана — пустышка, якой не трэба нічога, акрамя грошай, і калі ён дзеля яе доўгіх ног і круглай задніцы пакіне вучобу, то гэта будзе самай вялікай памылкай у яго жыцці. Папярэджваў, што гэтая верціхвостка кіне Андрэя, як толькі ў яго закончацца грошы.

Тады Андрэй моцна пакрыўдзіўся на бацькоў — за тое, што яны не бачаць, што Святлана — самы светлы і цудоўны чалавек на свеце, а галоўнае — не хочуць зразумець, што яму не патрэбен ніхто, акрамя яе, што больш ні з кім ён не будзе шчаслівым. Ён моўчкі сабраў у чамадан рэчы і прычыніў за сабой дзверы роднага дома…

Ён спяшаўся насустрач свайму шчасцю. Бацькі — яны, вядома, харошыя і жадаюць яму дабра, але што яны разумеюць у сучасным жыцці? Дыплом, навука, кандыдацкая, доктарская — хіба гэта галоўнае? Ён кахае і каханы — і важней, чым гэта, няма нічога ў свеце. Ён малады, здаровы, са светлай галавой і рукамі, якія растуць, адкуль трэба — няўжо ён не здолее пракарміць сябе і сваю жанчыну?

Напачатку ўсё было, як у казцы. Ён уладкаваўся на работу ў прэстыжную камп’ютарную фірму, яму даручалі самыя складаныя заказы — і ён бліскуча спраўляўся з усімі заданнямі. За гэта яго цанілі і добра плацілі — ён нават не ўяўляў, што такія грошы бываюць. Яны знялі кватэру ў цэнтры горада — і кожны вечар заставаліся ўдваіх, млеючы ад шчасця і асалоды…

А потым настаў крызіс. Заказаў станавілася ўсё менш. Спачатку ім моцна ўрэзалі зарплату. Святлана стала крывіцца, што летам яны не могуць дазволіць сабе Мальдзівы, як ён абяцаў, максімум, на што хопіць грошай — гэта нейкая там Балгарыя. І «брулікі», каб кожны дзень было свята, скончыліся, і дарагія рэстараны змянілі танныя кафэшкі, а то і піца з дастаўкай на дом. Яна станавілася ўсё больш халоднай, усё часцей вечарам адпраўлялася на сустрэчу з сяброўкамі ці да мамы, часам заставалася там начаваць.

Калі на фірме загаварылі пра непазбежныя скарачэнні, Андрэй зразумеў, што ў чарзе «на вылет» ён — першы: на фірму прыйшоў апошнім, вышэйшай адукацыі не мае. І ўжо нікому не было справы да яго светлай галавы — кожны дбаў пра ўласны дабрабыт.

Напачатку Андрэй на гэта нават не вельмі зважаў: ну што, ён не знойдзе працу? Ды як раз плюнуць! Добрыя спецыялісты заўсёды былі на вагу золата!

Але аказалася, што ўсё не так проста. Туды, дзе ён хацеў працаваць, не бралі — не хапала адукацыі, вопыту, рэкамендацый, блату. Там, дзе яму гатовы былі прапанаваць работу, не задавальняла зарплата: Андрэй разумеў, што гэтых грошай ім са Святланай не хопіць і на тыдзень — а на больш сціплае жыццё яго прынцэса не пагодзіцца.

Міналі дзень за днём, ён збіў ногі, бегаючы па горадзе ў пошуках работы, невялікія зберажэнні, што ўпотай адлажыў, знікалі, як вада скрозь пальцы.

І нарэшце Святлана сказала яму тыя самыя страшныя словы, якія вярэдзілі яго душу і якія баяўся сказаць услых: ён — няўдачнік. Ён не варты такой жанчыны, як яна. Яна сыходзіць да іншага, паспяховага, які не будзе пералічваць наяўнасць, перш чым зрабіць заказ у рэстаране.

Калі яна стукнула дзвярыма і пайшла, ён доўга сядзеў, прыгаломшаны. Затым паклаў на стол апошнія грошы, што ляжалі ў кішэні, патэлефанаваў гаспадыні, каб сказаць, што яны пакінулі кватэру — і выйшаў за парог. Цэлую ноч бадзяўся па горадзе, не разумеючы, куды і навошта ідзе. Недзе з некім піў смярдзючы партвейн, закусваючы кіслым яблыкам, сарваным у чужым садзе. Плакаў у некага на плячы. Спаў на лаўцы ў скверы. Расказваў бадзяжнаму сабаку пра сваю трагедыю. І вось нарэшце спыніўся тут, на мосце, разглядваючы ў рачным адлюстраванні чужога чалавека, які быў некалі ім, Андрэем, і слухаючы балючы перастук малаточкаў у галаве: «Усё-ўсё-ўусё… Усё-ўсё-ўсё… Усё-ўсё-ўсё…»

Канешне, калі б ён зараз вярнуўся дахаты, бацькі ўсё б даравалі, падтрымалі і дапамаглі. Але перш трэба ўслых сказаць словы, што малаточкамі стукаюць у скронях: ён — ганебны няўдачнік. Пагадзіцца з думкай, ад якой вострым болем заходзіцца сэрца: Святлана ніколі яго не кахала. Прыняць іх шкадаванне, спачуванне, папрокі. Навошта? Ён — няўдачнік, і яму няма сэнсу жыць на гэтым свеце. Зараз, вось зараз… Ён перакіне нагу, затым другую, расчэпіць пальцы — і туды, у свінцовую бездань, услед за пярсцёнкам, за сваім нязбытным шчасцем…

Андрэй нагнуўся яшчэ ніжэй — вада, пакрыўшыся густым рабаціннем, дрыжэла ад холаду. Ён уявіў, як сігане цераз парэнчы, як імгненна намокне адзенне, невыносны холад скуе цела… Дрыжыкі прабеглі па спіне — ад холаду ці ад страху. Ён з цяжкасцю адвёў позірк ад свінцовай бездані, што неадольна цягнула ўніз, і ўзняў галаву. На супрацьлеглым беразе калыхаў голлем, нібы клікаў да сябе, ўбраны ў асеннюю барву разлапісты клён. «Вось, напэўна, каму цёпла, — падумаў Андрэй — і расчапіў пальцы, што, здавалася, прыраслі да парэнчаў. — Можа, ён і мяне сагрэе?»

Ён марудна, нібы разважаючы, ці варта мяняць рашэнне, якое ў адзін момант пазбавіла б ад усіх праблем, ці трэба шукаць недзе прывіднага цяпла, калі ўсё ў гэтым жыцці — холад і падман, паплёўся да берага, трымаючы ў полі зроку чырвоную пляму кляновай шапкі і падсвядома баючыся павярнуць галаву і зноў зачапіцца позіркам за прыцягальны свінец вады. «Ты — няўдачнік, — у каторы ўжо раз паўтарыў, як мантру — але на гэта раз з палёгкай, калі ступіў на тратуар. — Слабак і няўдачнік! Ты нават гэтага зрабіць не змог!»

«Вось калі б мне хто дапамог, — нясмела абазваўся ў душы нечы тоненькі галасок. — Каб раз — і ўсё! Без холаду, бе страху, без сораму і ганьбы…»

І тут з падваротні проста пад ногі выскачыў чырвоны, яркі і прыгожы, як яго нядаўняе жыццё, мячык — і заскакаў перад ім, нібы дражнячыся: скок, скок, скок… Андрэй міжволі нагнуўся, каб злавіць яго — але той саскочыў на вышчарблены асфальт і пакаціўся па дарозе насустрач машыне, што вынырнула з-за павароту. «Зараз раздавіць, — міжволі спыніўся Андрэй, — і ўсё будзе, як са мной: р-раз — і ўсё. І не застанецца ні прыгажосці, ні радасці, ні шчасця…»

Раптам з той жа падваротні выскачыў белагаловы хлапчук і кінуўся за мячом.

— Куды ты! — закрычаў Андрэй і паспрабаваў схапіць малога за рукаў — але той вывернуўся і выбег на дарогу, спрабуючы дагнаць мячык.

Машына імкліва набліжалася. Хлопчык рэзка спыніўся, нібы адчуў небяспеку, і са страхам глядзеў, што будзе далей.

— Не-е! — закрычаў Андрэй, выскокваючы на дарогу проста пад колы машыны.

А далей усё адбылося адначасова: ён рэзка піхнуў малога, страшэнна завішчэлі тармазы, пачуўся крык дзіцяці і гук моцнага ўдару. І адразу ж моцны боль працяў усяго… Зноў завішчэлі тармазы, недзе закрычала жанчына, святло пагасла, нібы нехта нябачны шчоўкнуў выключальнікам. «Ну вось, зараз сапраўды — усё, — толькі паспеў падумаць Андрэй, правальваючыся ў густую цемру. — Як добра! І больш не будзе балець ні душа, ні цела…»

 

…Праз нейкі час святло паступова пачало вяртацца, змрок нібы нехаця саступаў яму месца, і вось ужо з-за небакраю павінна выпырснуць яркае сонца.

Андрэй падзівіўся, што не адчувае болю — зусім! Ён увогуле нічога не адчуваў — толькі аднекуль зверху з цікавасцю назіраў, што адбываецца на вуліцы. Стаялі дзве «хуткія дапамогі», мітусіліся людзі ў белых халатах. Зводдаль прыпаркавалася міліцэйская машына, людзі ў форме нешта мералі рулеткай. Пасярод дарогі, развярнуўшыся ў супрацьлеглыя бакі, стаялі дзве легкавыя машыны: адна чырвоная, якая, ён памятаў, хацела наехаць на мячык і з-пад якой ён выпіхнуў белагаловага хлопчыка, і другая, белая, каля якой было шмат людзей. Калі яны расступіліся, Андрэй убачыў, як маленькае цельца белагаловага хлопчыка накрываюць белым прасцірадлам. Жанчына, якая стаяла ля дзіцяці наўколенцах, закрычала немым, нечалавечым голасам: «Не-е-е!!!»

І тут Андрэй зразумеў, што чалавек, над якім нагнулася маладзенькая сімпатычная доктарка, — ён сам: яго пінжак, штаны, вастраносыя запэцканыя замшавыя чаравікі… Андрэй назіраў, як яго нерухомае цела паклалі на насілкі, запіхнулі ў «хуткую дапамогу», чуў, як доктарка скамандавала вадзіцелю: «Хутчэй! У рэанімацыі нас ужо чакаюць!»

— Выходзіць, дзіця ўсё ж загінула, — Андрэй быў упэўнены, што сказаў гэта ўслых — але голасу свайго не пачуў. — Значыць, я не ўратаваў хлопчыка… Выпіхнуў з-пад колаў адной машыны — а ён трапіў пад другую… Нават тут, нават у гэтым не пашанцавала: дзіця, якому трэба жыць, загінула, а я, няўдачнік, — жывы…

— Ну, жывы ты адносна, — раптам пачуў Андрэй нечы голас. — Гэта яшчэ як там, наверсе, вырашаць…

У паветры калыхалася белая аблачынка, якая аддалена нагадвала чалавечую постаць — Андрэй быў гатовы паспрачацца, што гэты мяккі прыемны голас сыходзіць менавіта з гэтага белага згустка.

— Хто?.. — Андрэй хацеў спытаць, хто гэта з ім размаўляе, але аблачынка зразумела яго пытанне па-свойму.

— Ну вядома хто, — прамовіла яна і распаўзлася ўшырыню, нібы ўсмешка Чэшырскага Ката. — Самы галоўны, самы ўсемагутны, самы добры і справядлівы…

Здзіўленне, цікаўнасць, жаданне зразумець, што ж адбываецца — усё гэта ў адно імгненне выціснулі з яго свядомасці злосць і абурэнне.

— Самы добры, самы справядлівы? — крычаў Андрэй аблачынцы, якая ад гэтага крыку, чутнага толькі ім дваім, скукожылася да памераў маленькага тугога тэніснага шарыка. — Калі ён, гэты твой самы галоўны, добры і да таго ж — усемагутны, то чаму мяне, нікчэмнага няўдачніка, ад якога нікому ў жыцці няма карысці, адна толькі бяда? Чаму мяне павезлі ў рэанімацыю і ўрачы зараз імкнуцца вярнуць мяне да жыцця, якое мне апастылела? А гэтае вось нявіннае дзіця, якое павінна было жыць і радавацца жыццю — чаму яно ляжыць пад белым прасцірадлам? Чаму крычыць яго маці? Па мне ніхто б так не крычаў… Я хацеў зрабіць адну-адзіную добрую справу, можа, самую галоўную ў сваім жыцці — выратаваць гэтага хлопчыка, загінуць за яго — а твой усемагутны не дазволіў мне гэта зрабіць! Дык які ж ён добры і справядлівы? Дзе, у чым яго справядлівасць?

Андрэй яшчэ крычаў — але шарык ужо стаў распаўзацца і зноў ператварацца ў аблачынку, тольуі ўжо не ў празрыстую, а густую, строга акрэсленую.

— Не крычы на мяне! — мяккі прыемны голас стаў строгім. — Нічога не ведаеш. Не разумееш, а крычыш, нібы я перад табой у нечым вінаваты. Пайшлі, пакажу, калі табе так хочацца ведаць…

І лёгкая аблачынка імкліва паплыла над горадам. А за ёй, зачапіўшыся за белую пасмачку, падаўся і Андрэй — тая нікому нябачная часцінка яго, якая магла падарожнічаць асобна ад распластанага на аперацыйным стале цела, думаць, размаўляць і нават спрачацца.

Яны плылі над горадам. Андрэй разумеў, што гэта яго родны горад: уздымаюцца ў неба купалы храма, у якім яго хрысцілі, з поўдня на поўнач пераразае блакітная стужка ракі — відаць нават той мост, на якім зусім нядаўна ён стаяў, учапіўшыся збялелымі пальцамі ў парэнчы і марыў усё скончыць адным махам… І разам з тым гэта быў іншы горад. Ён разросся, пашырэў, тут і там былі бачны незнаёмыя будынкі і новыя скверы.

Неўзабаве аблачынка пацягнула Андрэя ўніз. Яны спыніліся ў нейкім двары, заблытаўшыся ў парудзелых галінках чэзлай бярозкі, што прымасцілася ля дзіцячай пясочніцы без пяску. Двор быў стары, абшарпаны — як і пяціпавярховыя дамы, што стаялі па яго перыметры: аблупленая фарба на дзвярах пад’ездаў, пахіленыя дзіцячыя грыбочкі, сям-там — паламаныя лаўкі, выбоіны на асфальтавай дарожцы…

Двор быў амаль пусты: на лаўцы ля пад’езда сядзелі, нешта зацікаўлена абмяркоўваючы, тры бабулькі, у цені бярозкі гушкала каляску з малым, што ніяк не хацеў засынаць, маладая жанчына…

— Што ты хочаш мне тут паказаць? — звярнуўся да аблачынкі Андрэй. — Звычайная «хрушчоба»…

І тут з цёмнай падваротні пачулася брыдкая лаянка, а затым у двор укуліўся мужчына: шкляныя шалёныя вочы, раскудлачаныя валасы, якія, здаецца, ніколі не ведалі ні мыла, ні расчоскі. На правай назе боўтаўся незашнураваны стаптаны чаравік, на левай — хатняя пантофля. Вялікі абтрапаны джэмпер боўтаўся на ім, як на калку, спартыўныя штаны з выцягнутымі каленямі і прапалінамі ад цыгарэт валачыліся па зямлі.

Бабулі, што сядзелі на лавачцы, як па камандзе, усхапіліся і навыперадкі кінуліся ў пад’езд; маладая маці, азіраючыся, хутчэй пакаціла каляску ў процілеглы канец двара і неўзабаве схавалася за вугал дома.

Хістаючыся, хлопец дабрыў да адной з нямногіх ацалеўшых лавачак, улёгся на яе, закінуўшы ногі на спінку і пачаў гарлапаніць непрыстойную песню. Адкрытыя фортачкі сталі адна за адной са стукам зачыняцца. Толькі ў акне на першым паверсе адхінулася фіранка і паказаўся белы, як крэйда, жаночы твар з глыбока запаўшымі цёмнымі кругамі вачэй — здалёк здавалася, што сама смерць глядзіць праз акно на п’янага.

Праз хвіліну бразнулі дзверы пад’езда, на вуліцу выйшла маленькая сухенькая жанчына.

— Коля, сыночак, хадзем дахаты, — нагнулася яна над п’яным. — Не трэба крычаць, а то суседзі зноў міліцыю выклічуць…

— Ну і хай выклікаюць — што я, міліцыі іхняй не бачыў? Ды я сам магу ўсё расказаць і пра міліцыю, і пра турму. Знайшла чым палохаць.

— Хадзем, сынок… З’ясі чаго-небудзь..

— Ну і што ў цябе можна з’есці? Зноў, пэўна, бульбы пустой наварыла. Сама еж!

Але праз імгненне ён змяніў тон на больш лагодны:

— А выпіць ёсць што?

— Сынок, ну адкуль жа тое выпіць… Да пенсіі яшчэ цэлы тыдзень, хлеба няма за што купіць, не тое, што выпіць.

— А ты пазыч!

— У каго, Коля? Я ўжо ўсяму дому вінаватая, ніхто мяне на парог пускаць не хоча!

Сын сеў на лаўку і, хістаючыся з боку ў бок, стаў крычаць:

— Бачыш, якая ты… Якія яны… Вы ўсе такія! Грошай на кавалак хлеба, на шклянку гарэлкі шкадуеце! А можа, мне гэтая шклянка зараз больш, чым хлеб патрэбная! А вы, сволачы, шкадуеце! Родная маці не хоча сыну дапамагчы…

Мужчына раз’юшваўся ўсё больш. Жанчына нерашуча адступалася да дзвярэй пад’езда.

— Не хочаш? То я цябе прымушу, — сын усхапіўся з лаўкі і кінуўся да маці. — Вось табе, вось! — піхнуў ён яе ў плечы — і тая паволі спаўзла на зямлю, закрываючы твар рукамі. — Ідзі і знайдзі мне паўлітра! — хлопец ударыў яе выспяткам. — Дзе хочаш знайдзі! А не то — заб’ю!

— Чуеце, вы! — закрычаў ён, узняўшы галаву ўгору. — Не хавайцеся там за вокнамі — я ведаю, што вы ўсё бачыце і ўсё чуеце! Ведайце: калі праз дваццаць хвілін яна не прынясе мне паўлітра, то заўтра яе не будзе! І ў яе смерці вінаватыя будзеце вы, сквапнюгі! А турмы я не баюся, два разы адседзеў — пасяджу і трэці, не прывыкаць.

Мужчына, хістаючыся, пасунуўся ў пад’езд.

Калі ён схаваўся за дзвярыма, з суседняга пад’езда выбегла маладзіца. Дапамагла падняцца пажылой жанчыне, усадзіла яе на лаўку, выцерла слёзы.

— Хадзем да мяне, Пятроўна. Пабудзеш, пакуль ён засне… Ці, можа, усё ж у міліцыю пазваніць? Хай бы прыструнілі…

— Не, ён не засне, — абціраючы пыл са сваёй доўгай спадніцы, скрозь слёзы прамовіла жанчына. — Я ведаю яго: відаць, яшчэ не дабраў, пакуль не вып’е — не засне. Будзе ўсё трушчыць, ламаць, па суседзях пойдзе, скандаліць пачне… А міліцыю — што ж яе выклікаць? Яны яго адпусцяць праз гадзіну, у крайнім выпадку — назаўтра, і тады будзе яшчэ горш… Заб’е ён мяне, сапраўды заб’е, калі не прынясу выпіць…

— І куды той Бог глядзіць, што ён сабе думае? — загаласіла суседка. — За што ж табе такое гора? Ну чакай, вынесу я табе гарэлкі, стаіць у мяне прыхаваная на ўсякі выпадак.

Яна слізганула ў пад’езд, праз некалькі хвілін выскачыла, трымаючы нешта пад крысом вязанай кофты.

— На, трымай. Толькі не кажы, што я дала, а то потым ад яго не адчэпішся. Атруты б яму лепш напіцца, няма сіл глядзець, як гэты бэйбус жылы з цябе цягне. Жыве за тваю пенсію, ды яшчэ і здзекуецца штодня…

— Ведаеш, сама пра гэта не раз думала, — засоўваючы чацвярцінку ў нябачную кішэню сваёй шырокай спадніцы, уздыхнула жанчына. — Настаяць бы якіх мухамораў ці мыш’яку развесці, яму даць выпіць і сабе крыху пакінуць... Каб адным махам — і ўсе пакуты скончыліся. Толькі баюся: а раптам не насмерць? Што, калі паралізуе ці розум страціш? Тады ўжо зусім — труба…

Яна ўжо ўзнялася з лаўкі, памкнулася да пад’езда, ды спынілася ў нерашучасці:

— Грэх, напэўна, але ўжо не раз думала… У дзяцінстве, яму тады пяць гадкоў было, яго машына ледзь не збіла. Нейкі хлопец малады выпіхнуў яго з-пад колаў, а сам загінуў… Мой толькі ручку зламаў, як падаў. Тады Бога маліла, дзякавала, што адзінага сына, крывіначку, надзею, уцеху ўратаваў. А цяпер часта думаю: хай бы лепш ён трапіў пад тую машыну! Я потым хадзіла да бацькоў таго хлопца. Яны так бедавалі, казалі, што харошы, разумны быў сын… З цягам часу, мусіць, ажаніўся б, дзетак бы разумных нарадзіў, добрымі людзьмі іх выхаваў… Пра бацькоў клапаціўся б, пра сваю сям’ю. А ён за гэтую во пачвару, што родную маці са свету зжывае, жыццё аддаў! Каб ты, Зіначка, пабачыла мяне без адзежы — на мне ж жывога месца няма, уся ў сіняках. Усё цела мне баліць. А душа — найбольш… Кажуць, Бог мудры, справядлівы… Але дзе ж тая яго справядлівасць? — заплакала жанчына і адчыніла дзверы пад’езда.

— Ну, цяпер разумееш, якім бы вырас той хлопчык, якога ты спрабаваў уратаваць ад смерці? — аблачынка з белай стала шэрай, бярозавыя галіны, вецер ці што яшчэ павырывалі ў ёй вялікія дзіркі. — І заўваж: калі б усё склалася так, як ты хацеў і пад белым прасцірадлам ляжала б тваё цела, а хлопчык і далей пабег бы за сваім мячыкам — яго маці таксама наракала б на Бога, папракала яго ў несправядлівасці…

— Але чаму… Чаму гэтай жанчыне — ці адно непапраўнае гора, ці другое, яшчэ горшае? Няўжо яна не заслужыла лепшай долі?

— Ну чаму ж? — аблачынка пагойдалася на верхавінцы бярозы і, адарваўшыся, узнялася ў неба, усадзіўшы на адну з мяккіх пасмачкаў Андрэя.

— Бог ёй пасылаў шчаслівую долю, — расказвала аблачынка, лёгка віруючы паміж дрэвамі, шматпавярховікамі, птушкамі. — Нялёгкую, праўда, з выпрабаваннямі — але шчаслівую. Толькі яна адмовілася. Захацела перайначыць Божы промысел. У вас, людзей, заўсёды ёсць магчымасць выбару — вось яна і выбрала… У маладосці пасля адной п’янай студэнцкай вечарынкі дзяўчына зацяжарыла, сама не ведала ад каго. Хавалася ад усіх да апошняга. Употайкі нарадзіла дзіця — здаровенькую прыгожую дзяўчынку. Гэтая дзяўчынка вырасце прыгажуняй і разумніцай, стане памочніцай і апорай сваіх прыёмных бацькоў. А маці яе тады збаялася цяжкасцей, злых языкоў. Закруціла малую ў пялюшку і паклала на ганак дома ў прыватным сектары. Думала, што здолее ўсё забыць, перапісаць жыццё нанова, што прыйдзе час — і яна створыць сям’ю, народзіць дзяцей, здаровых, прыгожых, а галоўнае — законных. Замуж яна і сапраўды выйшла. Ненадоўга — муж аказаўся такім жа нягоднікам, як і яго сын — гэты вось, каторага ты бачыў. На яе «шчасце», хутка загінуў — хоць за гэта яна таксама вінаваціла Бога. А неўзабаве і сына пахавала. А калі б не тая трагедыя на дарозе, то памерла б ад яго пабояў, трое сутак сыходзячы крывёй. І тое, што сын яе загінуў маленькім, за што яна і іншыя вінавацяць Бога — не самая страшная яе кара. Пашкадаваў яе Бог…

— Зрэшты, вунь яна, — аблачынка спусцілася ніжэй, дзе з паштальёнскай сумкай на плячы па вуліцы ішла жанчына ў чорнай хустцы. — Носіць людзям пісьмы і газеты. Дапамагае суседскім дзецям, у якіх бацькі п’юць. Падумвае пра тое, каб узяць дзіця з прытулку, ходзіць туды ледзь не штодня. Напэўна, усё ж рашыцца, бо неўзабаве туды прывязуць хлопчыка, вельмі падобнага на яе сына…

Андрэй задумаўся.

— Ну добра, будзем лічыць, што з гэтым хлопчыкам ты мяне пераканаў. А я? Чаму твой добры і справядлівы пакінуў мяне жывым? Ты ж ведаеш: я не хачу жыць, я не бачу ніякага сэнсу ў гэтым жыцці. Жанчына, каханне ўсяго майго жыцця, мяне пакінула, з бацькамі я пасварыўся, работу страціў, сяброў не засталося… Мяне ніхто не любіць, я нікому не патрэбен. Я — памылка прыроды ці твайго ўсемагутнага, я — няўдачнік, якому няма сэнсу жыць!

— Ну што ты заладзіў, як той папугай — няўдачнік, няўдачнік… Нібы слоў іншых не ведаеш, — правуркатала аблачынка. — Няўдачы свае ты таксама сам выбраў!

— Як гэта — я іх выбраў? — абурана слізгануў са зручнай пасмачкі, да якой ужо прывык, Андрэй. — Я гэты крызіс прыдумаў, ці што? Ці з работы сам звольніўся? А з гэтага ўсё і пачалося…

— Ну, пачалося не з гэтага… — задуменна закалыхалася аблачынка. — А з таго, што з дзвюх жанчын, што стаялі перад табой: адна са сціплай усмешкай, а другая — з пажадлівым позіркам, ты выбраў тую, што была прыгажэйшай. Ты думаў, што, калі яна легла з табой у ложак, то ты выцягнуў шчаслівы латарэйны білет. А на самай справе твой выйгрыш — зеро, пустышка. А шчасце сваё ты страціў… Ну, амаль што страціў — ёсць яшчэ спадзяванне, што не назаўжды. Калі той самы галоўны і ўсемагутны, добры і справядлівы, якога ты ўвесь час абвінавачваеш, не адвернецца ад цябе і хоць бы дзеля тваіх будучых дзяцей дазволіць табе выправіць памылкі, якія ты так шчодра і радасна рабіў у сваім жыцці.

— Якія дзве жанчыны? Адкуль дзве? Я заўсёды кахаў толькі адну…

— Ну добра, хадзем, пакажу табе другую…

Яны зноў імкліва перанесліся — і Андрэй убачыў сябе на парозе радзільнага дома. Ён разгублена ўсміхаўся і баязліва трымаў на руках два блакітныя скруткі. Зводдаль стаялі бацькі: маці выцірала слёзы, бацька ўзрушана пакрэктваў… А побач, прытуліўшыся да яго пляча і схаваўшы твар у абярэмку пунсовых руж, свяцілася ад шчасця… Божухна, дык гэта ж Валюшка! Рыжая канапатая Валюшка, дзяўчынка з суседняга пад’езда, якую ён увесь час падражніваў! Здаецца, яна вучылася ў медыцынскім каледжы? Ці ўжо нават закончыла? Пакуль ён жыў дома, яна ледзь не штодня прыбягала да яго то па кніжку, то па дыск, то спытаць нешта, то музыку паслухаць… Андрэй Валюшку ніколі ўсур’ёз не ўспрымаў: харошая светлая дзяўчынка, добры сябар, які заўсёды выручыць, выслухае, дапаможа — але хіба такую можна пакахаць?

І што, гэтая смешная добрая, адданая Валюшка стане яго жонкай і народзіць яму адразу дваіх сыноў?

— Ды быць такога не можа! — услых прамовіў Андрэй. — Я ніколі яе ўсур’ёз не ўспрымаў. І ўвогуле, я кахаю іншую.

— Ах, сапраўды, — закалыхалася аблачынка. — Андрэю падалося, што ад здзеклівага смеху. — Каханне ўсяго твайго жыцця… Паказаць?

І аблачынка памкнулася некуды ўбок, цягнучы за сабой Андрэя.

— Здаецца, гэта яна?

Андрэй убачыў Святлану — яна сядзела за столікам у іх любімым рэстаране, ляніва пацягваючы шампанскае. Сэрца зайшлося ад болю, ад немагчымасці дакрануцца да яе, удыхнуть водар яе цела…

Але ўжо праз момант яму ўжо расхацелася гэта рабіць: ён заўважыў, што Святлана была на добрым падпітку. І ўвогуле, выглядала яна вульгарна і неахайна: туш паплыла, памада размазалася, на калготках папаўзла стрэлка, манжэт не першай свежасці блузкі ўпрыгожвала тлустая пляма.

Хістаючыся, жанчына падышла да століка, за якім сядзеў, час ад часу пазіраючы на гадзіннік, мужчына ў дарагім касцюме і модным гальштуку.

— Спадар, пачастуйце даму шампанскім, — развязна прамовіла Святлана, плюхнуўшыся на вольнае крэсла і закідваючы нагу на нагу так, што спадніца задралася да непрыстойнасці. — Я аддзячу!

Мужчына грэбліва скрывіўся і адсунуўся:

— Прабачце, але я чакаю сваю спадарожніцу і не маю ні магчымасці, ні жадання прапанаваць вам не тое што шампанскае, а нават шклянку вады.

— Вы такі сквапны? — не адставала Святлана. — А ваша спадарожніца — яна прыгожая? Прыгажэйшая, чым я? Гатовая паспрачацца, што я дам ёй фору ў сто балаў!

— Гэта невыносна, — працадзіў скрозь зубы мужчына і кіўнуў афіцыянту — той імгненна апынуўся каля століка, нібы чакаў гэтага знака.

— Калі ласка, пазбаўце мяне ад прысутнасці гэтай жанчыны — яна, здаецца, не вельмі цвярозая, — звярнуўся ён да вышкаленага хлопца ў чорным фартуху. — У мяне тут намечана важная сустрэча, і не хацелася б, каб гэтая… гм-м… дама, калі можна яе так назваць, спасавала нам вечар…

— Падумаеш! Скажы, што грошай на шампанскае пашкадаваў! А мы і не хацелі, іншыя жадаючыя знойдуцца, — дэманстратыўна віхляючы сцёгнамі, Святлана пайшла да свайго століка.

Афіцыянт мякка, але настойліва ўзяў яе пад руку:

— Мадам, калі ласка, разлічыцеся і пакіньце наш рэстаран.

— Гэта яшчэ што такое? — паспрабавала вырваць руку жанчына.

Афіцыянт моцна трымаў яе і, працягваючы ўсё гэтак жа ветліва ўсміхацца, ледзь чутна сказаў скрозь зубы:

— Такога — нічога. Плаці грошы і валі адсюль. А не то я паклічу ахову, і табе мала не падасца.

— А калі ў мяне няма грошай? — дзёрзка выгукнула Святлана. — Між іншым, такія жанчыны, як я, не разлічваюцца ў рэстаране — за іх гэта робяць сапраўдныя мужчыны.

— Вось адзін такі якраз ідзе, — заўважыўшы ў дзвярах сек’юрыці, махнуў рукой афіцыянт.

— Сяргей, тут дамачка псуе настрой салідным наведвальнікам, — перадаў ён локаць Святланы ў дужыя рукі ахоўніка. — Разбярыся, калі ласка…

— Гэта ў момант… Мадам, хадземце са мной, — падхапіў ахоўнік яе пад руку. — І сумачку сваю не забудзьцеся.

Сек’юрыці правеў Святлану да дзвярэй і, прыпыніўшыся ля вахцёра, сказаў:

— Іван Сяргеевіч, паглядзіце, калі ласка, на гэтую даму вельмі ўважліва і запомніце яе назаўжды. І больш ніколі, ні ў якім разе, ні ў якім выглядзе, ні ў якім суправаджэнні не пускайце яе ў залу. Хай здымае кліентаў на вакзале — там ёй самае месца!

Святлана не вельмі ўпэўненай паходкай, але з горда ўзнятай галавой адышла ад рэстарана. А калі завярнула за вугал, нырнула ў першы ж пад’езд, прысела на прыступкі запляванай лесвіцы і расплакалася. Андрэю стала шкада яе — але ранейшага заўсёднага жадання зарыцца тварам у яе валасы ўжо не ўзнікала.

— Пайшлі адсюль, — прамармытаў Андрэй, ухапіўшыся за белую пасмачку аблачынкі.

І яны зноў апынуліся каля бальніцы, дзе Андрэй беражліва ўсаджваў Валюшку ў новы белы «мерседэс» — блакітныя скруткі трымалі да немагчымасці шчаслівыя бабуля з дзедам.

— Гэта, дарэчы, твая машына, — забулькала аблачынка.

— Мая машына? Ды яшчэ такая? — не паверыў Андрэй. — Мне сёння не было за што паабедаць, а тут — такая машына! Колькі ж яна каштуе?

— Няважна, колькі — ты зарабіў. Ну, трохі яшчэ бацькі дапамаглі, на вяселле вашае госці скінуліся. Словам, не сумнявайся: твая, — аблачынка лёгенька засмяялася і пырснула ад смеху лёгкім дожджыкам.

— Ой, як добра — цыганскі дождж, — узняла твар на неба маці. — Гэта на шчасце!

На небе павісла яркая вясёлка, адным канцом упаўшы прама пад колы белага «мерседэса», што ад’язджаў ад бальніцы.

Андрэй доўга глядзеў услед машыне, спрабуючы ўсвядоміць і асэнсаваць усё, што ён сёння даведаўся.

— Паслухай, — пасля доўгага роздуму звярнуўся ён да аблачынкі, што моўчкі калыхалася побач. — Я многае зразумеў — акрамя аднаго: усё ж дзеля чаго твой усемагутны і справядлівы вырашыў пакінуць мяне на гэтым свеце? Не дзеля ж гэтага «мерседэса»…

— Сапраўды не зразумеў? — яшчэ раз пырснула цыганскім дажджом аблачынка. — Але ж і тугадум! Прычым тут «мерседэс»… Ты застаўся жыць дзеля гэтых вось малышоў, што трымае на руках твая жонка. У будучым адзін з іх стане вялікім вучоным і вынайдзе прышчэпку ад раку, якая ўратуе мільёны людзей. А другі… Ён будзе звычайным хірургам у звычайнай раённай бальніцы. Са звычайнымі залатымі рукамі... Дарэчы, ён ажэніцца з той самай дзяўчынкай, якую некалі пакінула на ганку чужога дома жанчына, сына якой ты хацеў сёння выратаваць. Так што кола замкнецца. І калі аднойчы каханне ўсяго твайго жыцця, Святлана, зразумее, на якое дно яна апусцілася і захоча звесці рахункі з жыццём — ён яе выратуе. Пасля гэтага яна пойдзе працаваць санітаркай у хоспіс.

— А я? Што ў гэтым жыцці зраблю я?

— Ты? Ды нічога асаблівага. Будзеш працаваць, кахаць жонку, выхоўваць сваіх сыноў, клапаціцца пра бацькоў. Словам, самае звычайнае жыццё радавога чалавека. Тваё прызначэнне — даць жыццё гэтым хлопчыкам, і дзеля гэтага, падобна, той самы галоўны і ўсемагутны, у існаванне, у дабрыню і справядлівасць якога, я спадзяюся, ты ўсё ж паверыў, вырашыў цябе пакінуць на зямлі.

Андрэй яшчэ пакалыхаўся на белай пасмачцы.

— А можна яшчэ адно пытанне?

— Давай, але хутка: у нас мала часу… Аперацыя заканчваецца.

— А ты? Ты хто такі? Адкуль ты ўсё ведаеш?

— Як, ты і гэтага не зразумеў?! Я — твой анёл ахоўнік.

— Але анёлы не такія! У іх павінны быць крылы!

— Ды што ты кажаш? — зноў расплылася аблачынка. — Такое ўражанне, што ты штодня сустракаешся з анёламі… Вось любіце вы, людзі, раскладваць усё па палічках і падганяць пад вамі ж прыдуманыя стэрэатыпы. Зрэшты, калі табе так хочацца, я магу і з крыламі…

Аблачынка вырасла ў постаць чалавека, за спінай у якога з’явіліся крылы.

— Так лепш?

— Ды не, гэта няважна, — махнуў рукой Андрэй. — З крыламі, без крылаў — не гэта галоўнае. Я ўвогуле пра іншае хацеў спытаць: ці змагу я паўплываць на ход падзей, якія ты мне сёння паказаў?

— Паўплываць ты можаш толькі на сваё жыццё. Вось, напрыклад, зараз пад дзвярыма аперацыйнай стаіць твая маладзенькая канапатая суседка і ўсёй сваёй добрай душой моліць Бога, каб ты застаўся жыць. Калі ты апрытомнееш, то, вядома, можаш зноў не звяртаць на яе ўвагі і дамагацца сустрэчы з каханнем усяго свайго жыцця — але тады ўсё будзе марна. Калі ў вас з Валюшкай не народзяцца гэтыя цудоўныя блізняты, выратаванне чалавецтва ад раку адкладзецца яшчэ на некалькі дзесяцігоддзяў, пакуль не з’явіцца нехта іншы…

— А як жа я буду жыць, ведаючы ўсё гэта?

— А ты не будзеш нічога памятаць. Я паклапачуся пра гэта. Зараз святло патухне — і ўсё, што ты бачыў і чуў, знікне з тваёй памяці…

— Пачакай, я яшчэ хачу спытаць! — памкнуўся крыкнуць Андрэй — але постаць з крыламі зноў расплылася ў аблачынку, якая растала і ўзнялася ўвышыню. І неба ўвачавідкі стала цямнець, пакуль не ператварылася ў суцэльную чорную пялёнку.

 

— Гэй, герой, прачынайся, — нехта мякка, але настойліва трапаў яго па шчоках.

Андрэй расплюшчыў вочы — яркае святло прымусіла яго зноў зажмурыцца.

— Ну, малайчына. А цяпер тое ж самае — але паступова, паціху…

Андрэй зноў расплюшчыў вочы і ўбачыў стомленыя вочы немаладога ўрача, што схіліўся над ім.

— Ну, пашанцавала табе, хлопча, — выцер ён з ілба кропелькі поту. — Лічы, што ў сарочцы нарадзіўся… Мусіць, хутка лятае твой анёл-ахоўнік. Ці нехта моцна маліўся за цябе.

— Я нават ведаю, хто, — усміхнулася медсястра, што стаяла побач. — Ёсць тут у нас адна медсястрычка…

Яна прыадчыніла дзверы — і Андрэй убачыў поўныя слёз вочкі і рудыя рабацінкі яго суседкі Валечкі. «Што яна тут робіць? — падумаў ён са здзіўленнем. — А, напэўна ўжо закончыла свой каледж, на працу ўладкавалася… Якая ў яе прыемная ўсмешка! І чаму я раней гэтага не заўважаў? І рабацінкі гэтыя — якія яны мілыя, а я яе ўсё дражніў. Толькі чаму яна так плача — з-за суседзяў так не плачуць…»

— Толькі на адну хвілінку. Ён яшчэ вельмі слабы! — строга папярэдзіў урач, калі Валюшка падышла да ложка і ўзяла яго за руку. — І можаце ўжо патэлефанаваць бацькам, сказаць, што ўсё добра. Будзе жыць!

У Андрэя закружылася галава, і ён зноў заплюшчыў вочы.

Лёгкая нікім незаўважаная аблачынка павольна праплыла над яго ложкам і выслізнула ў адкрытую фортачку. 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».