Вы тут

На Лунінеччыне клубніцы збіраюць і дагэтуль


Сёлета чэрвеньская ягада з-за капрызаў надвор'я крыху спазнілася. «Такога ніколі не было, каб у ліпені яшчэ ўраджай з клубнічных палёў збіралі», — гаворыць Валянціна Гоза. А цяпер яшчэ два-тры кашы салодкай ягады штодня можна прынесці з градак. Але гэта ўжо апошнія клубніцы. Таму і на рынках вялікіх гарадоў ягада рэзка падскочыла ў цане.


З Валянцінай Аляксандраўнай мяне пазнаёміў старшыня Сінкевіцкага сельскага Савета Валерый Краснікевіч. Паводле яго слоў, ягадніца з Мокрава — працаўніца — пашукаць такую.

І праўда, цэлых 25 сотак у яе занятыя плантацыяй клубніц. Валянціна Аляксандраўна адразу вядзе карэспандэнта ў поле, ёй хочацца паказаць сваю зялёную гаспадарку.

— Вось гэта я сёння прапалола — паказвае на граду, на вока, так, сотак на восем.

А там ні травінкі, ягадныя кусцікі стаяць на роўнай адлегласці, як на карцінцы! Можна ўявіць, якую нялёгкую працу становіць сабой догляд гэтай ягады. Гаспадыня кажа, што яе рабочы дзень пачынаецца а пятай раніцы, а ў сезон збору ягад — яшчэ раней. Гэтым летам ураджай быў добры, і штодня яны з сынам вазілі ў Дварэц, дзе размяшчаецца аптовы рынак і куды прыязджаюць пакупнікі, па 170—200 кілаграмаў ягады. У апошнія дні мая клубніцы здавалі па тры рублі, а бліжэй да завяршэння сезона кошт вагаўся ў межах ад 1,5 да 1,2 рубля.

Астаткі ўраджаю Валянціна Аляксандраўна раздае цяпер сваякам і знаёмым. Толькі прапануе самім выбраць ягады з поля. А ў яе наступіў сезон праполкі і догляду раслін. Летась ягадніца набыла расаду новага сорту і вельмі ім задаволеная. Клубніцы выраслі буйныя, сакавітыя — адна ў адну. Цяпер трэба іх рассадзіць.

Асабліва актыўна занялася клубніцамі гаспадыня з Мокрава, калі выйшла на пенсію. Расказвае, што працавала санітаркай ва ўчастковай бальніцы. Зарплата была маленькая, і хоць мае жанчына 32 гады стажу, пенсія атрымалася 200 рублёў з хвосцікам. А хочацца і жыць прыстойна, і дзецям дапамагчы. Таму і шчыруе з ранку да вечара гаспадыня на сваім участку. Калі разбіць на 12 месяцаў даход, атрыманы за сезон ураджаю клубніц, якраз выйдзе штомесячная дадатковая зарплата. У розныя гады яна адрозніваецца па памеры, усё залежыць ад уражаю. Але ж справа таго вартая. Калі сядзець у хаце ці на падворку склаўшы рукі, нічога не заробіш, разважае жанчына.

Кіраўнік мясцовай улады гаворыць, што ў Сінкевіцкім сельсавеце не надта многа вяскоўцаў займаюцца вырошчваннем клубніц на продаж. Гэтым знакаміты Дварэц і яго наваколле. Але і тутэйшыя гаспадары паступова пачынаюць апрабоўваць на сваіх сотках развядзенне салодкай ягады. І атрымліваюць ад гэтага дадатковы заробак. Словам, хто не лянуецца, той мае.

Святлана ЯСКЕВІЧ

yackevich@zviazda.by

Лунінецкі раён

Загаловак у газеце: Ліпеньскія клубніцы

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».