Вы тут

Прымаўкі ды прыказкі — на кітайскай мове


Кніга «Прымаўкі ды прыказкі — мудрай мовы прывязкі» стала вынікам сумеснай творчай працы Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі і Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. 


Ідэя выдання з’явілася падчас першага навуковага форуму вучоных-гуманітарыяў Беларусі і Кітая, які адбыўся ў 2015 годзе ў Шанхаі і Пекіне. Пераклад парэмій на кітайскую мову звязаны з фарміраваннем новага культурнага вектара, які мае ўмоўную назву «Шаўковы шлях».

«Прымаўкі ды прыказкі — мудрай мовы прывязкі» — першая кніга для замежнікаў, якая ў нагляднай форме дае ўяўленне пра вызначальныя рысы беларускага характару, даступна тлумачыць вобразнасць і агульную скіраванасць фальклорных адзінак праз візуальны шэраг.

Кожная парэмія інтэрпрэтуецца тройчы — праз погляд беларускіх фалькларыстаў, якія раскрываюць змест выказвання, праз погляд перакладчыка, які тлумачыць рэаліі беларускага жыцця і светаўспрымання, праз погляд мастака, які стварае паводле тэксту разгорнуты сюжэтны малюнак. Для лепшага разумення сэнсу парэмій прадстаўнікамі іншых культур шырока прадстаўлена візуалізацыя вобраза. Гэта дае ўяўленне пра багацце не толькі беларускага фальклору, але і наглядных вобразаў яго ўвасаблення. Над кнігай працавала каля дзесяці мастакоў, і менавіта выдатнае мастацкае афармленне робіць анталогію ўнікальнай.

 Ініцыятарам праекта выступіў дырэктар Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі Аляксандр Лакотка. Прапанова далучыцца да працы адразу знайшла водгук у супрацоўнікаў Акадэміі мастацтваў. Разам з выкладчыкамі паводле сталай еўрапейскай традыцыі над кнігай працавалі і студэнты.

Падчас прэзентацыі навукоўцы з падзякай узгадалі сваіх папярэднікаў — этнолагаў і фалькларыстаў: — Сучасныя даследчыкі стаяць на плячах тых, хто амаль 90  гадоў збіраў нашу нацыянальную спадчыну. У музеі Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры налічваецца 400  тысяч кінафоназапісаў! Гэта вялікі скарб, які трэба зберагчы і данесці да будучых пакаленняў, — адзначыў акадэмік-сакратар аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў НАН Беларусі, член-карэспандэнт Аляксандр Каваленя.

Нагода для рэалізацыі праекта — пашырэнне эканамічных, палітычных і культурных стасункаў Беларусі і Кітая. Але айчынныя кнігавыдаўцы трымаюць у полі зроку і іншых партнёраў. Анталогія запачаткавала ўнікальную кніжную серыю: наступныя тамы пазнаёмяць замежных чытачоў з загадкамі, дзіцячым фальклорам, народнымі песнямі і легендамі. Кожны тэкст будзе перакладзены на кітайскую і англійскую мовы, а побач з беларускімі творамі ў якасці прыкладу будуць змешчаны творы на іншых нацыянальных мовах.

 Аб працы над выданнем расказалі рэктар БДАМ Міхаіл Баразна, галоўны рэдактар выдавецкага дома «Беларуская навука» Георгій Кісялёў, мастакі, загадчыкі кафедр БДАМ Юрый Хілько і Усевалад Свентахоўскі.

Яшчэ адна новая кніга, якая спрыяе пашырэнню беларуска-кітайскага супрацоўніцтва, — манаграфія Аляксандра Лакоткі «Архітэктура нацыянальная і архітэктура фрактальная». Павіншаваў калегу з новым выданнем доктар архітэктуры, прафесар, дэкан архітэктурнага факультэта Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта Армен Сардараў:

 — Гэта даследаванне, безумоўна, актуальнае, бо для нашай моладзі вельмі важнае пытанне: павінна архітэктура быць нацыянальнай ці не? Раней мы мелі ідэалагічны ціск на культуру, а цяпер культура спазнае ціск камерцыйны. Пад уплывам рыначнай эканомікі мы страчваем набытае раней. Культура і зараз у небяспецы, і тое, што шаноўны вучоны звярнуўся да гэтай тэмы, вельмі важна. Мы карыстаемся яго кнігамі, калі вывучаем архітэктуру, архітэктуру сапраўдную, якую стваралі нашы продкі цягам стагоддзяў, і разважаем: што павінна быць сёння?

 Архітэктура нацыянальная альбо інтэрнацыянальная? Фрактальная, гарманічная альбо, наадварот, парушальная? Вельмі важна ўздымаць гэта пытанне, каб мы знайшлі свой шлях. Прыклад кітайцаў у гэтым сэнсе цікавы: нават калі яны мянялі свой уклад, адмаўляліся ад нейкіх якасцей, заўсёды абгрунтоўвалі гэта нацыянальнай філасофіяй. Нацыянальная філасофія ёсць і ў беларусаў. Гэта стаўленне да іншых культур, гэта ўнутраная памяркоўнасць — калі мы разумеем культуру і заходнюю, і усходнюю, асэнсоўваем іх і суадносім. Архітэктура сучаснага Кітая — гэта працэс эксперымента — унікальныя інавацыйныя будынкі, якія патрабуюць сучаснага ўспрымання прасторы, ствараюць кантраст паміж вобразамі гістарычнага і ультрасучаснага горада. Архітэктура Беларусі грунтуецца на ідэі гарманічнага развіцця навакольнага асяроддзя. Найноўшыя матэрыялы, тэхналогіі, інавацыі — інструменты беларускіх архітэктараў, будаўнікоў, інжынераў. У культуры беларусаў і кітайцаў, у найноўшай гісторыі абедзвюх краін ёсць пэўныя падабенствы, і ўзаемнае знаёмства, паралельнае вывучэнне абедзвюх культур абяцае быць цікавым і прадуктыўным.

Юлія ШПАКОВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».