Вы тут

Рост інвестыцый, планы «сацыялкі» і праграма па чыстай вадзе...


Старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Краўцоў адзначыў пазітыўныя моманты і пракаментаваў праблемныя пытанні падчас прэс-канферэнцыі, якая адбылася ў Лідзе.


Рост эканомікі ў рэгіёне залежыць ад інвестыцыйнай актыўнасці, лічыць Уладзімір Краўцоў. Зараз гэты напрамак развіваецца стабільна, згодна з прагнозам, інвестыцыі ў асноўны капітал за першае паўгоддзе складуць 115%. Усяго заключана дагавораў на рэалізацыю 150 інвестпраектаў. Значнае месца займаюць лагістычныя цэнтры, якія садзейнічаюць транзітнай прывабнасці рэгіёна.

Радуе экспартны патэнцыял, прычым як тавараў, так і паслуг. За першы квартал рост склаў 20%. Яшчэ на 60 млн долараў кантрактаў прывезлі гродзенцы з ІV Форуму рэгіёнаў, які нядаўна прайшоў у Маскве. Менавіта з Расійскай Федэрацыяй склаўся самы важкі тавараабарот, прычым экспарт амаль удвая большы, чым імпарт. Гродзенская дэлегацыя запрасіла сваіх партнёраў з рэгіёнаў Расіі прыняць удзел у выстаўцы «Еўрарэгіён «Нёман», якая праходзіць штогод у верасні.

А вось рост заработнай платы пакуль адстае ад запланаванага, зазначыў Уладзімір Краўцоў. Планка пастаўлена высокая — дасягнуць 1000 рублёў. Але гэты рост трэба забяспечыць, а не проста выплаціць грошы. Таму разглядаецца стан кожнай галіны, ідзе адпрацоўка рэзерваў. Пры гэтым улічваецца і сітуацыя на рынку працы. Паступова знімаецца праблема працаўладкавання. У рэгіёне на аднаго беспрацоўнага прыходзіцца амаль дзве вакансіі. Найбольш праблемны раён — Лідскі. Вакансій тут менш, чым беспрацоўных.

Што датычыцца сацыяльнай сферы, акцэнт будзе зроблены на дзіцячыя садкі. Сёлета іх узведзена ўжо тры па вобласці, яшчэ тры пачалі будавацца. Асаблівая ўвага надаецца новым мікрараёнам, у прыватнасці Альшанцы, дзе ёсць неабходнасць будаваць яшчэ адну школу. Штогод тут з'яўляецца па 12—15 першых класаў. Таксама да пачатку навучальнага года будзе здадзена прыбудова для малодшых школьнікаў у аграгарадку Больцішкі Воранаўскага раёна. Пры рамонце і рэканструкцыі школ у Гродзенскай вобласці актыўна карыстаюцца пазыкай Сусветнага банка. Што датычыцца медыцыны, сёлета ў Гродне ўводзіцца паліклініка да 650 наведванняў, а таксама хірургічны корпус з новым абсталяваннем у Ваўкавыску.

Не адзін год разглядаецца пытанне будаўніцтва абласнога анкалагічнага цэнтра. Журналісты пацікавіліся, на якой стадыі гэты працэс. Уладзімір Краўцоў паведаміў, што цяпер ідзе распрацоўка дагавора і пошук інвестараў. Праект ажыццяўляецца ў рамках дзяржаўна-прыватнага партнёрства, і сёлета ёсць магчымасць заключыць дагавор з Міжнароднай фінансавай карпарацыяй Сусветнага банка. Анкалагічных хворых рэгіёна прымае аддзяленне абласной клінічнай бальніцы.

Актуальная для рэгіёна тэма — дарогі. Згодна з даручэннем Прэзідэнта, на Гродзеншчыне за 2—3 гады трэба адрамантаваць каля тысячы кіламетраў мясцовых аўтадарог. Уладзімір Краўцоў паведаміў журналістам, што ў вобласці ўжо прыступілі да гэтай работы. У першую чаргу пройдзе рамонт дарог ад райцэнтраў да аграгарадкоў, затым паміж іншымі населенымі пунктамі. Таксама значная работа вядзецца па рэканструкцыі найважнейшага транспартнага калідора — аўтадарога М6 Мінск — Гродна — граніца з Рэспублікай Польшча. Што датычыцца паскарэння руху на чыгунцы, аб чым запыталі прадстаўнікі СМІ, пакуль гэта пытанне будучага, бо электрыфікацыя магістралі патрабуе значных сродкаў. Больш запатрабаваным у гродзенцаў стаў чыгуначны турыстычны маршрут Гродна — Варшава — Кракаў, які курсіруе штодня. Ёсць неабходнасць павялічыць рухомы састаў.

Падчас прэс-канферэнцыі было ўзнята пытанне аб якасці пітной вады. Гэта праблема актуальная, падкрэсліў Уладзімір Краўцоў. Калі ў гарадах якасць вады ў норме, то ў сельскай мясцовасці маецца патрэбна яе абезжалезіць. Такіх населеных пунктаў каля 100. Цяпер ідзе распрацоўка праекта на будаўніцтва ў аграгарадках 20 станцый з выкарыстаннем пазыкі Міжнароднага банка рэканструкцыі і развіцця. Таксама на гэтыя мэты ў наступныя два гады будзе выдзелена два мільёны рублёў мясцовага бюджэта.

Маргарыта УШКЕВІЧ

margo@zviazda.by

г. Ліда

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.