Вы тут

Дзень нараджэння Янкі Купалы працягваецца


Дзень нараджэння Янкі Купалы, які ўчора адзначалі па ўсёй краіне і яшчэ працягваюць святкаваць, у беларускай сталіцы атрымаўся надзвычай урачыстым. Не толькі афіцыйныя асобы і культурныя дзеячы, прадстаўнікі дыпламатычных місій прынеслі кветкі да помніка Купалы, які знаходзіцца ў парку, што носіць яго імя. Адметна і тое, што шмат іншых, па-свойму ўлюбёных у песняра людзей, неслі яму свае ружы, гваздзікі, званочкі і лілеі... І кожны імкнуўся пакланіцца выяве Купалы. Нібы роднаму. Нібы і сёння жывому.


Адметна, што такія юбілеі, як 135-годдзе першага народнага паэта, яднаюць увесь наш народ. Міністр культуры Беларусі Барыс СВЯТЛОЎ зачытаў віншавальнае слова Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі, а таксама падзяліўся ўласнымі думкамі пра песняра:

— Памяць пра паэта, яго ўнёсак у станаўленне беларускай літаратуры неацэнныя. У любой культуры павінны быць пункты, на якія можна абапірацца. Ёсць матэрыяльныя выявы — помнікі, замкі, — але ёсць і нематэрыяльная спадчына, у якой таксама маюцца астраўкі і архіпелагі. І вось такой магутнай выспай акурат з'яўляецца творчасць Янкі Купалы... Асабіста я нарадзіўся і жыў зусім побач з музеем Янкі Купалы ў Мінску. Таму з матуляй, бабуляй я гуляў менавіта ў Купалаўскім парку і менавіта гэты музей, натуральна, наведаў першым у сваім жыцці. У больш сталыя гады я зразумеў паэта як чалавека з вельмі шырокім, асаблівым светапоглядам. Гэта класік, якога я з задавальненнем перачытваю.

Праявы таленту песняра прынеслі славу нашай Бацькаўшчыне. Яны зрабіліся яе сімваламі на радзіме і ў свеце. Творчасць Купалы стала сапраўдным арыенцірам для многіх пакаленняў. Можна сказаць, ён з'яўляецца прарокам нацыянальнага адраджэння. Кожнае слова Янкі Купалы — паэта, драматурга, публіцыста — служыла станаўленню культурнай і дзяржаўнай ідэнтычнасці роднага краю. Дырэктар Літаратурнага музея Янкі Купалы Алена ЛЯШКЕВІЧ адзначае:

— Іван Дамінікавіч далучыў беларускую літаратуру да сусветнай. Яго паэзія перакладзена амаль на 100 моў. Адзін толькі верш «А хто там ідзе?» гучыць сёння на 85 мовах свету. Дзякуючы яго творам нас ведаюць у многіх кутках зямлі. Адметна, што Беларусь здолела захаваць памяць пра свайго слаўнага сына. І пачалося гэта яшчэ пры жыцці
паэта, у 1926 годзе, калі дзве школы, у Полацку і Мазыры, атрымалі імя Янкі Купалы. Упершыню па-за межамі нашай краіны імя Янкі Купалы таксама было ўшанавана яшчэ пры яго жыцці. У 1932-м у далёкім бразільскім горадзе Порту-Алегры імя Янкі Купалы было нададзена публічнай бібліятэцы. І зроблена гэта было дзякуючы намаганням беларуска-ўкраінскай дыяспары.

Наша краіна ўдзяляе вялікую ўвагу ўшанаванню памяці песняра, упэўнена Алена Ляшкевіч. Сёння ў Мінску ёсць парк імя Янкі Купалы, вуліца, драматычны тэатр, Інстытут мовазнаўства, бібліятэка, школа №19 носяць яго імя. Амаль у кожным раённым і абласным цэнтры ёсць вуліцы, плошчы, скверы, школы, бібліятэкі імя Янкі Купалы. Ужо 83 гады існуе літаратурны музей Янкі Купалы, дзе не толькі захоўваюць спадчыну паэта, але і далучаюць да яе новыя пакаленні.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

nina@zviazda.by

Загаловак у газеце: Купала, ты і сёння з намі!

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.