Вы тут

Сёння распачынаюцца суботнія канцэрты класічнай музыкі ў цэнтры Мінска


Для праекта «Класіка ля Ратушы з velcom» гэта лета становіцца ўжо трэцім сезонам. Вечаровыя суботнія канцэрты сталі неаспрэчным, стыльным і нарэшце карысным упрыгожаннем горада — якраз тым, што хочацца зрабіць традыцыяй. Папулярызацыя акадэмічнай музыкі для нашай прасторы не з'яўляецца чымсьці новым — яшчэ ў савецкія часы кіраўніцтва рабіла на яе стаўку як на высокае мастацтва, з якім можна сябе атаясамліваць. Фартэпіянныя канцэрты па радыё, балеты на тэлебачанні, выязныя выступленні філармоній сёння замяніліся фарматам ореn аіr мерапрыемстваў у гістарычнай частцы сталіцы, каля Ратушы на плошчы Свабоды, якія разносяць па горадзе гукі славутых кампазітараў. Да канца лета ў Мінску адбудзецца восем адмысловых канцэртаў з цэлымі аркестрамі, прафесійнымі выканаўцамі і замежнымі гасцямі. І на першы вечар, прысвечаны 90-годдзю Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра Беларусі, плошча Свабоды запрашае ўжо сёння. «Класіку ля Ратушы» пры генеральнай падтрымцы кампаніі vеlсоm сёлета ствараюць Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт і канцэртнае агенцтва «Эквілібрыум Артс», а мы пагутарылі з дырэктарам апошняга Захарам Дудзінскім.


— Праект «Класіка ля Ратушы» выкарыстоўвае класічную музыку ў форме мастацтва для мас, інакш кажучы, спалучае ў сабе элітнае мастацтва з масавым. Тое, што гэта сусветная тэндэнцыя прыйшла ў Беларусь, — добры знак, а ў чым яе рэальная каштоўнасць для нашай прасторы?

— Адказ знаходзіцца ў самім пытанні: дзякуючы праекту класічная музыка кожны год атрымлівае новы імпульс і пашырае кола сваіх слухачоў. Упэўнены, «Класіка ля Ратушы» можа быць флагманам класічнай музыкі ў Беларусі. Нават вулічныя музыкі, для якіх ствараюцца адмысловыя кропкі для выступленняў, калі ўбачаць, як аўдыторыя ўспрымае класіку, пачнуць выконваць не толькі каверы папулярных песень, але ўсё больш класічных кампазітараў, імправізацыі на іх вядомыя творы. А пра станоўчае ўздзеянне акадэмічнай музыкі на арганізм чалавека мы ўжо не раз чыталі ў розных СМІ. Так, вядома, фэсты класікі не дацягваюць да маштабаў рок-фестываляў ці фестываляў электроннай музыкі, але гэта не значыць, што яна не запатрабавана ў слухача! Проста мы не чуем яе з кожнага «праса», таму такое ўражанне і ўзнікае. Аднак прыгожая класічная музыка здольна спыніць нават самага занятага чалавека, натхніць яго на добрыя ўчынкі, захапіць.

— Якія інструменты ў планаванні канцэртаў вы выкарыстоўваеце для таго, каб зрабіць «Класіку ля Ратушы» як мага больш папулярным у наведвальнікаў праектам?

— Каб зрабіць «Класіку ля Ратушы з vеlсоm», патрэбна вялікая падрыхтоўчая праца. У Беларусі ёсць народныя і заслужаныя калектывы, таленавітыя салісты, а яшчэ ёсць шэраг выканаўцаў у краінах блізкага і далёкага замежжа — іх усіх хочацца паказаць у Мінску. У сувязі з гэтым велізарная работа праводзіцца на стадыі адбору: неабходна ведаць, што выконваюць калектывы і на якім узроўні, разумець іх магчымасці і пры гэтым улічваць перавагі гледачоў. Не так часта класічная музыка выходзіць за межы філармоній, канцэртных залаў і ўзаемадзейнічае з такой колькасцю слухачоў. Таму неабходна зацікавіць наведвальнікаў вечара, каб яны прыйшлі зноў. Сама праграма носіць папулярызатарска-адукацыйны характар — гэта спалучэнне агульнавядомых класічных твораў з кампазіцыямі, якія рэдка выконваюцца ў нашай краіне, але маюць такі ж статус здабытку сусветнай культуры. Мы паспрабуем за восем вечароў паказаць разнастайнасць класічнай музыкі, хоць гэта вельмі складаная задача.

— А ці складана арганізаваць прастору для канцэртаў? Маецца на ўвазе сам выбар пляцоўкі каля Ратушы, зручнасць для музыкантаў і гасцей, размяшчэнне іншых аб'ектаў накшталт дзіцячай пляцоўкі ці «свабодных раяляў».

— Пляцоўка на плошчы Свабоды ўжо стала традыцыйнай, гораду падабаецца ідэя канцэртаў у гістарычнай частцы Мінска. Практычна ўсе нашы вечары — гэта канцэрты аркестраў, калектываў з вялікай колькасцю музыкаў. Ім усім неабходна прастора, каб пераапрануцца, пакінуць свае рэчы. Ад гэтага і шэрагу іншых дробязяў, напрыклад, наяўнасці вады, залежыць настрой артыстаў і агульная атмасфера вечара. Але сумесна з гарадскімі ўладамі і нашымі партнёрамі гэтыя пытанні паступова вырашаюцца. Камунікацыя пры стварэнні такога вялікага праекта іграе важную ролю.

— У якіх суадносінах на працягу ўсяго цыкла канцэртаў знаходзяцца беларуская і сусветная музыка?

— Вечар 12 жніўня будзе поўнасцю прысвечаны беларускай музыцы. Канцэрт нават носіць назву «Беларуская рапсодыя». Ансамбль «Мінск-класік» выканае праграму «Музыка забытага кіно». У аснову канцэрта ўвайшлі кампазіцыі з кінастужак, знятых на «Беларусьфільме» ў 1960—1970-х гадах. На гэтых фільмах вырасла не адно пакаленне людзей. Яны розныя, знятыя рознымі рэжысёрамі ў розныя гады, але аб'ядноўвае іх тое, што музыку да іх стварыў выдатны беларускі кампазітар, народны артыст БССР і СССР Яўген Глебаў. Яго кінамузыка — сапраўдны здабытак нацыянальнай беларускай культуры, настолькі самадастатковы і разнастайны, што кампазіцыі можна выконваць асобна ад фільма, захоўваючы іх маляўнічасць і зразумеласць для слухача. Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь музычная капэла «SОNОRUS» з дырыжорам Марынай Траццяковай падорыць наведвальнікам прыгожую праграму «Беларускі сувенір», якая цалкам складаецца з кампазіцый, створаных нашымі суайчыннікамі.

— На прэс-канферэнцыі, прысвечанай праекту, прадстаўнік Мінгарвыканкама і мастацкі кіраўнік «Мінскканцэрта» Алена Радзівонава паабяцала, што сёлетняя праграма здзівіць нават дасведчаных знаўцаў музыкі. Дык чым яна выбітная — асабліва ў параўнанні з канцэртамі мінулых гадоў?

— Праграма здзівіць разнастайнасцю і выбарам кампазіцый. Калі вы невялікі фанат класічнай музыкі, усё роўна знойдзецца вечар, дзеля якога палічыце вартым выйсці з дому. Вас таксама павінны скарыць аркестры. На адным з канцэртаў на сцэне будзе знаходзіцца больш за дзевяноста чалавек. Адзначу і той факт, што ў якасці салістаў запрошаны сусветныя зоркі опернай сцэны: сапрана з Расіі Ірына Крыкунова, меца-сапрана з Беларусі Аксана Волкава, тэнар з Літвы Крысціян Бенедыкт, французскі барытон Аліўе Эт. На Радзіму з еўрапейскага музычнага тура вернуцца нашы суайчыннікі — інды-класічны музычны праект Nоuvеllе Рhіlhаrmоnіе.

— Ці не крыўдна вам як арганізатару, што ўвага наведвальніка будзе ўвесь час пераключацца з канцэрта класічнай музыкі на рознага кшталту спакусы цэнтра горада?

— Мы спадзяёмся, што ў кожным кутку Верхняга горада будуць чутны гукі класічнай музыкі, якімі мы прыцягнем усіх меламанаў. А ў цэлым гэта не так страшна, бо праект праходзіць у дэмакратычным фармаце ореn аіr. У існуючым канкурэнтным полі ідзе сапраўдная бітва за наведвальніка, і галоўная зброя — гэта прадукт. Мы ў сваёй зброі ўпэўненыя.

— Як Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр адзначыць сёння свой дзень народзінаў — у першую суботу «Класікі ля Ратушы»?

— Народны артыст Беларусі — маэстра Аляксандр Анісімаў падрыхтаваў выдатную праграму з твораў знакамітых кампазітараў. Мы пачуем Вольфганга Амадэя Моцарта, Пятра Ільіча Чайкоўскага, Фрыдэрыка Шапэна, Джаакіна Расіні, Джакама Пучыні і шэраг іншых знакамітых кампазітараў. Сумесна з Дзяржаўным акадэмічным сімфанічным аркестрам Рэспублікі Беларусь выступяць вядомыя салісты опернай сцэны — ужо згаданыя Ірына Крыкунова, Аксана Волкава, Крысціян Бенедыкт. Гэта будзе вялікі і цікавы канцэрт майстроў сваёй справы, гонару Беларусі.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

katsyalovich@zviazda.by

Загаловак у газеце: Элітная музыка ў фармаце ореn аіr

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.