Вы тут

Што зменіцца ў сферы будаўніцтва жылля?


А яшчэ начальнік упраўлення жыллёвай палітыкі Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Аляксандр Горваль расказаў пра тое, што Указ пра новую сістэму адраснай дзяржпадтрымкі ў жыллёвым будаўніцтве быў падпісаны 4 ліпеня.


Каля 7 тысяч шматдзетных больш за тры гады ў чарзе

Паводле інфармацыі начальніка ўпраўлення, на пачатак гэтага года на ўліку для паляпшэння жыллёвых умоў было 30,5 тысячы шматдзетных сем'яў, з іх каля 7 тысяч стаяць на ўліку больш за тры гады. Па планах на 2017 год, у краіне будзе пабудавана за 3,5 млн квадратных метраў агульнай плошчы жылых памяшканняў, за студзень — май гэтага года ўведзена 1,42 млн «квадратаў». Чаканы ўвод за першае паўгоддзе складае 1,76 млн квадратных метраў. Што датычыцца будаўніцтва жылля з дзяржпадтрымкай, то, пры заданні на гэты год 450 тысяч «квадратаў», за пяць месяцаў уведзена 227,5 тысячы. Асноўныя фінансавыя рэсурсы дзяржпадтрымкі ў бягучым годзе накіроўваюцца на ўзвядзенне жылля для шматдзетных сем'яў. Сёлета для іх запланавана пабудаваць 4,5 тысячы кватэр і жылых памяшканняў. «Мы арыентуем выканкамы на тое, каб не толькі выканаць, але і перавыканаць гэта заданне, для таго каб паменшыць чаргу шматдзетных сем'яў», — сказаў ён. «Гэтыя лічбы ніжэйшыя, чым у мінулым годзе, што звязана з тым, што крыніц фінансавання ў 2017-м менш. У першую чаргу значна зменшыліся аб'ёмы дзяржпадтрымкі ў выглядзе льготных крэдытаў. Гэта падштурхоўвае да пошуку новых крыніц, схем фінансавання», — растлумачыў Аляксандр Горваль.

Тэрміны крэдытавання паменшаць

Таксама ён расказаў, чым будзе адрознівацца новая сістэма адраснай дзяржпадтрымкі. «У канцэпцыі Указа — захаванне катэгорый ільготнікаў, прапісаных ва Указе №13, які будзе працягваць дзейнічаць паралельна з новым Указам аб субсідзіраванні. Умовы, па якіх будзе аказвацца дзяржпадтрымка, крыху іншыя. Калі раней па Указе №13 тэрміны крэдытавання складалі 20 і 40 гадоў, то ў новым Указе тэрміны будуць да 20 гадоў», — растлумачыў Аляксандр Горваль.

Указ прадугледжвае прыцягненне крэдытных рэсурсаў камерцыйных банкаў. Не толькі Беларусбанк і Белаграпрамбанк будуць удзельнічаць у сістэме дзяржпадтрымкі, але і большасць камерцыйных банкаў. Фінансавая нагрузка на грамадзян, якія будуць атрымліваць субсідыі па новым Указе, застанецца на ўзроўні Указа №13. Калі па гэтым дакуменце кампенсацыя з бюджэту льготных крэдытаў ажыццяўляецца наўпрост банкам, то цяпер яна будзе рабіцца грамадзянам. Аляксандр Горваль адзначыў, што сэнс новага Указа заключаецца таксама ў тым, каб сыходзіць ад дырэктыўнага крэдытавання, якое крытыкуецца міжнароднымі фінансавымі арганізацыямі. Ён накіраваны на тое, каб дзяржава падтрымлівала не банкі, а непасрэдна грамадзян.

Агульная сума субсідый пакуль невядома. Але пры гэтым эксперт адзначыў, што павінен усталявацца баланс паміж магчымасцямі бюджэту і аб'ёмамі крэдытных рэсурсаў, якія будуць выдаваць камерцыйныя банкі. Яны таксама павінны настроіцца на новую сістэму.

Інфраструктуру — за ўласныя грошы?

Таксама Аляксандр Горваль адзначыў, што незабяспечанасць інфраструктурай тармозіць індывідуальнае жыллёвае будаўніцтва. Трэба будаваць партнёрскія адносіны з дзяржавай, таму разглядаецца пытанне долевага будаўніцтва інфраструктуры. «Значны аб'ём гэтых выдаткаў будзе па аб'ектыўных прычынах перанесены на грамадзян, якія будуць будаваць ці ўжо будуюць, — сказаў Аляксандр Горваль.

Паводле яго слоў, цікавасць да ўзвядзення загараднага жылля ўзрастае з году ў год. Тут ёсць пэўныя абмежаванні: недахоп рэальна запатрабаваных зямельных участкаў, забяспечаных інфраструктурай, і будаўніцтва гэтых аб'ектаў за ўласныя сродкі. «За апошнія два гады практычна не заключаліся новыя дагаворы на дзяржпадтрымку індывідуальнага жыллёвага будаўніцтва — з прычыны абмежаванасці сродкаў і неабходнасці выканаць абавязацельствы па раней заключаных дагаворах», — растлумачыў начальнік упраўлення жыллёвай палітыкі Мінбудархітэктуры.

Канкурэнцыя камерцыйнаму будаўніцтву

У Беларусі спрашчаецца ўваходжанне забудоўшчыкаў на рынак долевага будаўніцтва, паведаміў Аляксандр Горваль. Уносяцца змяненні ва Указ №263 аб долевым будаўніцтве. Разглядаецца магчымасць вымання з Указа пазіцый аб неабходнасці будаўніцтва 15% жылога дома за кошт сродкаў забудоўшчыка. Гэта датычыцца не ўсіх забудоўшчыкаў, а толькі ўпраўленняў капітальнага будаўніцтва і прадпрыемстваў з доляй дзяржуласнасці больш за 50%. «Ва УКБ у сувязі са зніжэннем аб'ёму будаўніцтва няма неабходных абаротных сродкаў, каб укласці 15%, а браць крэдыт — значыць падаражаць будоўлю. Акрамя таго, гарантам УКБ і дзяржпрадпрыемстваў з'яўляецца дзяржава. Для камерцыйнага рынку прапануем пакінуць абавязак будаваць не менш за 15%, перш чым выйдзе праектная дэкларацыя», — растлумачыў начальнік упраўлення жыллёвай палітыкі.

Што датычыцца сістэмы жыллёва-будаўнічых зберажэнняў, Аляксандр Горваль растлумачыў, што яна прадугледжвае спецыялізаваны ўклад у камерцыйных банках і назапашвальны перыяд ад трох да пяці гадоў, за час якога грамадзянін абавязуецца назапасіць усталяваную дагаворам суму — працэнт ад кошту будучага жылля, які залежыць ад рашэння банка, у якім ён будзе крэдытавацца. Пасля гэтага яму выдаецца крэдыт на неабходную суму для будаўніцтва жылля. Падчас назапашвальнага перыяду грамадзянін атрымлівае пэўную падтрымку — дзяржаўную прэмію, якая закліканая кампенсаваць страты, магчымыя прычыны інфляцыйных працэсаў. «На перыяд крэдытавання стаўка па крэдыце будзе некалькі ніжэйшая, чым стаўкі, якія выдаюцца на жыллёвае будаўніцтва. Гэта дазволіць прыблізна траціне грамадзян, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, вырашыць жыллёвае пытанне самастойна», — падкрэсліў Аляксандр Горваль.

У сталіцы будуюцца толькі шматдзетныя з чатырма дзецьмі

На чарзе маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў у Мінску стаяць больш як 208 тысяч сем'яў, з іх каля пяці тысяч — шматдзетныя, паведаміла начальнік аддзела жыллёвага будаўніцтва камітэта будаўніцтва і інвестыцый Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта Ірына Гонтарава.

«Увесь аб'ём дзяржпадтрымкі, прадугледжаны на гэты год у Мінску, будзе накіраваны на фінансаванне будаўніцтва жылля толькі для шматдзетных сем'яў з чатырма і больш дзецьмі, якія стаяць на ўліку тых, хто мае патрэбу больш за тры гады», — сказала Ірына Гонтарава. У гэтым годзе ў сталіцы плануецца ўвесці каля 650 тысяч квадратных метраў жылля, у тым ліку 160 тысяч «квадратаў» для чаргавікоў, каля 45 тысяч — для шматдзетных сем'яў. Для такіх сем'яў кватэры будуюць у асноўным у межах вуліц Міхалова — Алібегава. Да канца гэтага года там запланавана ўзвядзенне пяці жылых дамоў. Па адным доме плануецца ўвесці таксама ў Цэнтральным, Заводскім раёнах. «Мінгарвыканкам прыняў меры па пошуку найменш абцяжараных зямельных участкаў. Такія пляцоўкі былі выдзелены УКБ для будаўніцтва жылля для тых, хто мае патрэбу, — расказала Ірына Гонтарава. — Прыкладаем усе намаганні, каб максімальна скараціць чаргу шматдзетных сем'яў. Пляцоўкі ў Фрунзенскім раёне на вуліцах Шаранговіча, Гарэцкага, Міхалова, Алібегава прызначаныя для ўзвядзення жылля для шматдзетных сем'яў, нават там, дзе раней планавалася пабудаваць камерцыйнае жыллё». Ну, а агульнагарадская чарга тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, амаль не рухаецца...

Перспектывы будычых зносаў

Па словах Ірыны Гонтаравай, у цяперашні час у сталіцы фактычна не засталося свабодных зямельных участкаў для жыллёвага будаўніцтва. Забудова вядзецца ў асноўным з адсяленнем і зносам існуючых індывідуальных жылых дамоў. Згодна з дзяржаўнай праграмай на 2016—2020 гады ў Мінску запланавана штогод будаваць прыкладна 650 тысяч квадратных метраў жылля. Плануецца далейшае асваенне тэрыторый у межах вуліц Міхалова — Алібегава, Шаранговіча — Гарэцкага. Прадугледжана забудова мікрараёнаў Чыжоўка-6, Лошыца, тэрыторыі аэрапорта Мінск-1 з фарміраваннем дзелавога цэнтра «Мінск-Мір». Завершаць будаўніцтва ў межах вуліцы Макаёнка — праспекта Незалежнасці, тэрыторыі каля Нацыянальнай бібліятэкі. Запланавана таксама найбуйнейшая забудова для грамадзян, якія не стаяць на ўліку паляпшэння жыллёвых умоў, на тэрыторыі 1-й Мінскай птушкафабрыкі ў межах вуліц Арлоўскай — Нававіленскай. У перспектыве намечана забудова ў межах праспекта Машэрава — праспекта Незалежнасці — вуліцы Кісялёва — вуліцы Чырвоная на месцы былога тралейбуснага дэпо №1, а таксама забудова тэрыторыі завода «Гарызонт».

Некалькі слоў сказала спецыяліст пра перспектывы ўзвядзення жылых дамоў у гарадах-спадарожніках сталіцы. Пакуль сур'ёзная гаворка ідзе толькі пра забудову дамоў у раёне гарадскога пасёлка Рудзенск. Там з цягам часу можа быць пабудавана каля 630 тысяч квадратных метраў жылля.

Сяргей КУРКАЧ

kurkасh@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Спачатку дапамагчы шматдзетным

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».