Вы тут

Пашукаем Перунову кветку


Гэтымі днямі разам з камандай праекта «Наперад у мінулае», што выходзіць па нядзелях у эфіры тэлеканала «Беларусь 3», наш карэспандэнт вандруе па Піншчыне, дзе занатоўвае адметнасці правядзення жнівеньскіх абрадаў. А на працягу ліпеня аматары народнай песні даведаюцца, як у нашай краіне здаўна заклікалі дождж, ушаноўвалі святога Пятра на Пятровіцу і ладзілі гусінае свята. Мы пабываем на Любаншчыне, Клімавіччыне і Касцюковіччыне, дзе і пазнаёмімся з мясцовымі традыцыямі. Сёння ж зноў запрашаем на Жыткавіччыну, дзе разам з мясцовым фальклорным калектывам адзначым, бадай, самае летняе свята — Купалле.


Калі зямля ў росквіце

У даўнія часы жыццё нашых продкаў падпарадкоўвалася рытмам, зададзеным самой прыродай. Зімовы адпачынак ад працы ў полі змяняўся клопатам пра будучы ўраджай увесну, рытуаламі на абарону пасеваў летам, лёгкае паспяховае жніво ў пачатку восені. Таму і свята росквіту зямлі — Купалле — лічыцца адным з найярчэйшых у беларускім календары. Яно прымяркоўвалася (ды і сёння прымяркоўваецца) да летняга сонцастаяння і адзначаецца з 6 на
7 ліпеня (у некаторых рэгіёнах — з 24 на 25 чэрвеня).

Абрады з травой, агнём і вадой праводзяцца менавіта ў самую кароткую Купальскую ноч. Дзень летняга сонцастаяння — галоўнае свята славян, час найвышэйшага развіцця жыццёвых сіл прыроды. Лічылася, што, выканаўшы сваю місію, бог Ярыла ў гэты час памірае і адраджаецца ў выглядзе Купалы — бога лета, рознакаляровых кветак і спелых пладоў.

Гэта свята нашы продкі таксама называлі днём Івана Зёлкі: лекавыя расліны, сабраныя ў гэты час, валодаюць цудадзейнымі ўласцівасцямі. Таму і імкнуліся сабраць як мага больш духмянага чабору, святаянніку, падбелу, крываўніку, каб засцерагчы членаў сям'і і свойскую жывёлу ад хвароб на ўвесь год. А чароўныя пералёт-траву, цірліч-траву, архілін ды прамяністую кветку папараці, якая па паданнях прыносіць небывалае шчасце, марылі знайсці ведзьмы і чарадзеі. Архілін, па павер'ях, ратаваў ад падкопаў злых духаў, сок цірліча прывабліваў велізарнае багацце, а пералёт-трава дарыла шчасце таму, хто яе знайшоў.

Так, Купалле — гэта яшчэ і магчымасць сустрэчы з тагасветам, у якім жывуць чароўныя духі. Вабіла нашых продкаў сустрэча з разрыў-травой, для здабычы якой існаваў складаны цікавы рытуал: касілі ў Купальскую ноч траву на пустцы, пакуль не пераломвалася лязо касы. Дзе яно падала, мураву збіралі і кідалі ў раку; зеляніну, што плыла супраць плыні, называлі разрыў-травой.

Натуральна, не абыходзілася свята без варожбаў. Усім добра вядомы рытуал пляцення вянкоў і пускання іх па вадзе. Калі ў плыні ракі вянкі дзяўчыны і хлопца сустрэнуцца — быць ім разам. А вось на Жыткавіччыне прынята гуляць у іншую гульню: хлопцу трэба злавіць у паветры вянок, кінуты дзяўчынай. А для дзяўчат існавала дакладная прыкмета, звязаная з зёлкамі: у поўнач, заплюшчыўшы вочы, трэба было набраць кветак і пакласці пад падушку, а раніцай праверыць, ці набралася 12 розных траў. Калі так, то дзяўчына ў гэтым годзе магла чакаць жаніха.

Нашы продкі верылі, што ў купальскую ноч усё ажывае: дрэвы блукаюць па лесе, расліны шэпчуцца паміж сабой, жывёлы і птушкі размаўляюць. І людзі імкнуліся стаць адным цэлым з прыродай: спявалі пералівістыя песні падчас збору зёлак, дзякавалі за багаты ўраджай, добрае паляванне.

А як жа без скокаў праз вогнішча? Лічылася, што купальскі агонь валодае неймавернай ачышчальнай сілай, дапамагае пазбавіцца ад унутранага бруду, вылечвае ад хвароб, становіцца знакам абнаўлення жыцця. Ды і паваражыць можна: не дакранешся да агню, не паляцяць іскры — выйдзеш замуж ці здабудзеш поспех. А пара, якая скокне цераз агонь і не разарве рук, будзе жыць у згодзе і шчасці доўгія гады. Сам купальскі агонь лічыўся лекавым, таму пасля свята яго ўдзельнікі імкнуліся захапіць з сабой вугольчык з вогнішча і захоўвалі яго да наступнага года. Лічылася, што гэты знак абараняе хату ад пажараў, прыносіць здароўе і дабрабыт у сям'ю.

Дзе ты, папараць-кветка?

Бадай, усім вядома, што галоўным «героем» Іванава дня з'яўляецца кветка папараці — Перунова кветка, як яе называлі продкі. Кажуць, што роўна ў поўнач усяго на некалькі імгненняў раскрываецца яе чароўнае вогненнае вока і таму, хто паспее яе сарваць, становіцца відаць любы клад, як бы глыбока ён ні знаходзіўся, і ўсе жаданні ўладальніка спраўджваюцца. Натуральна, нячыстай сіле не хочацца дзяліцца са звычайнымі людзьмі сваімі магічнымі ўласцівасцямі, таму і адводзяць злыя духі аматараў пошукаў кветкі, стараюцца заблытаць сцежкі, напалохаць і ўсяляк перашкодзіць у пошуках.

На Купалле праводзіцца шмат абрадаў, звязаных з вадой. Напрыклад, у ноч напярэдадні Івана Купалы дзяўчаты апускаюць на раку вянкі з запаленымі лучынкамі або свечкамі. Калі вянок тоне адразу, значыць, суджаны разлюбіў; чый вянок даўжэй праплыве, тая будзе шчаслівай, а ў каго лучынкі даўжэй пагараць — пражыве доўгае жыццё.

Ёсць і іншая інтэрпрэтацыя гэтай варажбы: вянкі з бярозы пускаюць у ваду і сочаць: чый патануў — тую напаткае смерць, паплыў — замуж прыгажуня выйдзе, а да берага прыб'е — так незамужняй ёй быць гэты год.

Нашы продкі верылі, што Купалле — гэта час абуджэння звышнатуральных сіл, не толькі добрых, але і злых. Ведзьмы ў гэтую ноч рабіліся больш небяспечныя, таму нашы прапрадзеды клалі на парозе і на падаконніках крапіву, каб абараніць сябе ад нападу, а таксама замыкалі коней, каб ведзьмы не выкралі і не паехалі на іх на Лысую гару. А на Палессі ёсць такое павер'е: напярэдадні Купалля тут чаплялі крапіву на вароты, каб вядзьмарка апякла рукі і не змагла трапіць у двор.

Свята доўжылася ўсю ноч — яна ж найкарацейшая. А калі займаўся світанак, моладзь плюхалася ў рэках, гойдалася ў ранішніх росах. Кажуць, што купальскай раніцай можна пабачыць неверагодную з'яву, калі сонца «іграе», пераліваецца рознымі колерамі. Той, хто заўважыць прыродны цуд, будзе жыць доўга і шчасліва.

І будзем спяваці, і будзем плясаці!

А дзе Купала начавала?

Купала, ой, рана.

Там на гародзе, пад лебядою,

Там за пятою, пад лебядою.

Даследчыкі спеўных традыцый беларусаў сцвярджаюць, што Купалле — свята экстравертнае, яго энергія скіраваная на суладдзе існавання чалавека і прыроды. Таму і для купальскіх спеваў характэрная неверагодная звонкасць, голаснасць. Пад такія песні зручна вадзіць карагоды, гуляць у вясёлыя гульні. Нярэдкія і жартоўныя матывы, такія песні спяваліся з мэтай пакпіць з хлопцаў, дзецюкоў, прыдумаць смешную сітуацыю, у якую яны маглі б трапіць. Вось, напрыклад, такія прыпеўкі спяваюць на Жыткавіччыне:

Сёння Купала, заўтра Ян,

Ды будзе, хлопчыкі, ліха вам.

Ды якое ж ліха ліхое —

Пагоніце коней у поле.

Далей у песні вядзецца гаворка пра тое, што ў працы, доглядзе жывёлы хлопцы знойдуць сабе і «падушку», і «жонку».

Ёсць і іншы варыянт такога жарту-спеву:

Да сягоння Купала,

заўтра — Іван,

Будзе, дзецюкі, ліха вам.

А якое ліха — ліхое,

Пагоніце сабакі ў поле.

Да ад свіныя лебядзіцы

Пагоніце сабакі да вадзіцы.

Нярэдкія і песні мінорнага гучання. Яны расказваюць пра гісторыі стасункаў сімвалічнай дзяўчыны Купалкі, часам русалкі (па сутнасці, кожнай дзяўчыны ў вёсцы), пошуку свайго кахання і шчасця. Напрыклад, вось такая павольная песня з Палесся:

Ой, рана на Купала,

Ой, рана на Йвана.

Там русалка купалася

Ой, рана, ой, рана.

Купалася, умывалася.

У вянок з цвяточкаў убралася.

К свайму мілому прыбіралася.

Ліпень тым і прывабны, што цеплынёй і ласкавым сонейкам атуляе ўсю прыроду і самога чалавека. Час ляціць хутка, праца змяняецца адпачынкам, песнямі ды танцамі ўвечары. Так неўпрыкмет набліжаецца вельмі адказны час, перыяд касавіцы, збору ягад і грыбоў, натуральна, жніва. Нездарма ж у народзе кажуць: «паспелі чарніцы — паспела і жыта». Ад таго, як папрацуеш улетку, як паклапоцішся пра запасы на зіму, будуць залежаць дабрабыт і здароўе сям'і. Таму сустрэнемся ў жніўні. Мы раскажам, чаму нашы продкі перад жнівом неслі на поле хлеб, соль і грамнічную свечку, чаму першы зажынкавы сноп на Палессі называюць «імяніннікам», а зерне з яго лічаць лекавым.

Марына ВЕСЯЛУХА

vesіaluha@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.