Вы тут

Глыбіня прыцяжэння


...Усё адбылося дакладна як у анекдоце. («Люблю ў летні час саступаць у грамадскім транспарце месцы дзяўчатам. А самому стаяць побач...») У вагоне метро хлопец насупраць ветліва, але настойліва прапанаваў маладой паненцы, што спынілася перад ім, прысесці. Тая, крыху павагаўшыся, пагадзілася. І тут перада мной у прамым сэнсе адкрылася прычына той настойлівасці хлопца і пэўнай нерашучасці дзяўчыны. («У заапарку дзяўчына ў леапардавых легінсах, якая хутка ішла па тэрыторыі, распужала статак казуль».) Трэба сказаць, што на пасажырцы была сукенка з цесным ліфам і глыбокім дэкальтэ... Ну, вы здагадаліся, што адкрылася маім вачам, не кажучы ўжо пра таго хлопца, што саступіў месца. («Хлопчыкі любяць дзяўчынак, якія ведаюць, што любяць хлопчыкі».) Я гэта да чаго хілю? Каб прыцягнуць да сябе ўвагу, прадстаўніцам прыгожага полу нярэдка і рабіць, як у гэтым выпадку, асабліва нічога не даводзіцца.


...Гэта толькі ў вядомай песні мастак «прадаў свой дом, прадаў карціны і прыстанак і на ўсе грошы купіў цэлае мора кветак». У Кітаі ж жанчына набыла дом, прадаўшы 20 іРhоnе7, якія ёй падарылі яе прыхільнікі. («— Дарагі, купі мне новы тэлефон. — А як жа той, другі, які ў цябе ёсць? — Ну... Той другі купіць мне футра».) Чулі пра гэту гісторыю? У Паднябеснай, як вядома, больш мужчын, таму нявест там — вялікі дэфіцыт. Верагодна, менавіта гэтая акалічнасць дазволіла маладой кітаянцы сустракацца адначасова... з 20 хлопцамі. Падазраю, што тэма прыгажосці ў гэтым выпадку нават не паўставала, дастаткова было аднаго толькі факта наяўнасці патэнцыяльнай жонкі. («Чалябінскія нявесты настолькі крутыя, што ў канцы вяселля кідаюць праз сябе сяброўкам не букет, а нежанатага мужыка».) Чаму не скарыстацца такой сітуацыяй і ў больш глабальным сэнсе, відавочна падумала кітаянка? («Жанчынай быць прасцей. Пакапрызіла трошкі, закаціла істэрыку са слязьмі — і ў цябе ёсць усё, што трэба. Мужчынам быць складаней. Пакапрызіў крыху — і ў цябе нават есці няма чаго».) Прадпрымальная дзяўчына папрасіла кожнага з кавалераў падарыць ёй новенькі іРhоnе. І ніхто з хлопцаў не адмовіў! А ты паспрабуй! («Не пішаш? Ганарлівы? Ну і не пішы, у мяне такіх як ты, сотня... — сказала дзяўчынка фламастару».) Атрымаўшы ў падарунак смартфоны апошняй мадэлі, кітаянка прадала іх, а на выручаныя грошы набыла дом у сельскай мясцовасці. («З разынкай павінны быць кексы. З загадкай — сканворды. А вось жанчына павінна быць з мазгамі».)

Праўда, часам гэтая прыродная жаночая прыцягальнасць можа сыграць з прадстаўніцамі прыгожага полу злы жарт. («Люся так хутка бегла ад маньяка, што на другім крузе дагнала яго і напала ззаду».) У Тайландзе медсястры прыватнага шпіталя, аматарцы абцягваючых кароткіх халацікаў і пікантных фота на рабочым месцы, давялося сысці з працы пасля масавых абвінавачванняў у непавазе да свяшчэннай прафесіі медыка. Здымкі ў сацыяльных сетках сталі віруснымі, дзякуючы чаму дзяўчына набыла вялікую папулярнасць у сеціве. Але кансерватыўныя тайцы палічылі касцюмы медсястры занадта правакацыйнымі. («— Ты павінен прымаць мяне такой, якая я ёсць. — Добра, прыём скончаны!») Пасля скандалу дзяўчына прынесла свае прабачэнні Савету медсясцёр і акушэрак Тайланда, але ёй гэта не дапамагло. («Калі табе дзесьці не рады ў рваных шкарпэтках, дык і ў цэлых туды ісці не варта».)

А бывае, увогуле даходзіць да абсурду. У Камбоджы міністр культуры забараніў здымацца ў кіно 24-гадовай актрысе з-за таго, што палічыў яе адзенне занадта... эратычным. («Усё нармальна. Проста нормы мяняюцца».) Гэтая падзея не пакінула раўнадушнымі прыхільнікаў таленту (ці знешнасці?) дзяўчыны, якія выступілі з пратэстам супраць рашэння міністра. («Бора, запомні! Як ты сябе з жанчынай паставіш, так яна цябе з сабой і пакладзе».) Актрыса заявіла, што ў далейшым будзе імкнуцца паводзіць сябе больш сціпла, аднак не мае намеру следаваць чыімсьці парадам, як ёй трэба апранацца. («Яна хацела выкінуцца з акна. Але потым успомніла, што прыстойныя дзяўчаты на дарозе не валяюцца, і вырашыла абмежавацца істэрыкай».)

Але што нам да далёкага замежжа, калі і ў бліжнім «глыбіня прыцяжэння» зашкальвае! Нядаўні Маскоўскі кінафестываль прэса ахрысціла не інакш, як... бітвай дэкальтэ. На ім спявачкі і актрысы спаборнічалі ў намінацыі «максімальна шырокае і глыбокае». Але што я вам гавару, гэта бачыць трэба... («Ідэальная жонка павінна выглядаць так, каб усе думалі, што яна палюбоўніца».)

...Словам, па жыцці атрымліваецца, як у савецкай кінакамедыі «Дзяўчаты»: «Ух, гэтыя Анфіскі!» Тая дзяўчына з метро цішком кідала на ўласны бюст позірк ці не часцей, чым хлопец побач, відавочна ўсведамляючы магутнасць і дзейснасць зброі. («Нават самаму моцнаму мужыку лёгка звярнуць галаву грудзямі пятага памеру».) І твар яе свяціўся. (Усё з той жа камедыі: «Вось іду я, прыгожая, па вуліцы, а ўсе сустрэчныя хлопцы так і слупянеюць, а каторыя паслабей — дык і падаюць, падаюць, падаюць і самі сабой у штабялі ўкладваюцца!») А ўсё чаму, здагадваецеся? Бо прыцяжэнне — узаемнае! «У мяне з дзяўчынай ідэальныя адносіны. Я яе цалкам кантралюю, а яна мной маніпулюе».

Кастусь ХАЦЕЛАЎ-ЗМАГЕЛАЎ

Фота Марыны БЕГУНКОВАЙ

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.