Вы тут

Вынікі конкурсу для няштатных аўтараў


Ну вось і настаў час назваць імёны пераможцаў нашага творчага конкурсу для юных і маладых няштатных аўтараў, падвесці лагічную рысу пад своеасаблівым марафонам, які доўжыўся на працягу навучальнага года! Нагадаем, што ён разлічаны найперш на беларускамоўную моладзь, якая ў будучым збіраецца абраць прафесію журналіста. Адпаведна, і планка ў конкурсе, што прайшоў ужо пяты раз, даволі высокая. Але тым каштоўнейшая не толькі перамога ў ім, а і сам удзел! Спадзяёмся, што тыя няштатныя аўтары, чые «пробы пяра» прайшлі праз «сіта» рэдактараў маладзёжнага дадатку, атрымалі карысны досвед.


Узнагароды і сувеніры пераможцам.

Усяго на конкурс цягам навучальнага года паступіла амаль 30 матэрыялаў. Апублікавана было 17 найлепшых работ, прычым у чатырох аўтараў выйшла па дзве «пробы пяра» ў рамках творчага спаборніцтва (нагадаем, умовамі конкурсу гэта дазваляецца). Найлепшыя матэрыялы, якія не адпавядалі заяўленым умовам, але падыходзілі па фармаце для маладзёжнага дадатку, друкаваліся як звычайныя журналісцкія. Напрыклад, у двух удзельнікаў, акрамя конкурсных работ, было змешчана яшчэ па адной такой «спробе пяра». Яшчэ двум няштатным аўтарам залічана ў асабістае партфоліа таксама па адным «звычайным» матэрыяле. Карацей кажучы, прамінулы час у адказных за праект выдаўся насычаным у творчым і арганізацыйным плане! Мы радаваліся допісам знаёмых аўтараў і іх росту як творцаў, прыемна здзіўляліся здабыткам навічкоў, перажывалі, калі нічога нельга было зрабіць, каб выратаваць «пробу пяра»... З многімі з удзельнікаў перапісваліся па электроннай пошце, размаўлялі па тэлефоне, даючы парады. Але час бяжыць, і пара падводзіць вынікі. Работы юных і маладых няштатных аўтараў мусілі прайсці праз суровае, але, спадзяёмся, справядлівае калектыўнае рэдакцыйнае журы.

...А цяпер, увага, самае прыемнае! Абвяшчаем імёны пераможцаў нашага традыцыйнага маладзёжнага творчага конкурсу «Я — малады. І мне не ўсё роўна!..» сезона 2016—2017 года! Першы пераможца (у алфавітным парадку) — Ірына БУБНОВА, выпускніца 10 класа СШ №12 г. Маладзечна. Дзяўчына марыць у будучыні стаць журналістам, таму наведвае гурток «Школа журналістыкі» пры цэнтры творчасці дзяцей і моладзі «Маладзік». Перамагла Іра ў нашым творчым спаборніцтве з матэрыялам «Данік, здольны весці за сабой» (22.12.2016). Што цікава, як прызнавалася сама аўтарка, дасланая на конкурс работа была яе першай «пробай пяра». Больш за тое, яна стала і першай жа адабранай да друку ў ліку іншых... І першым пераможцам мы таксама называем Ірыну Бубнову. Нехта скажа, маўляў, навічкам шанцуе? Нязгодныя, бо аўтарка пацвердзіла сваю ўпартасць у справе авалодання журналісцкім майстэрствам: у рамках конкурсу была змешчана і другая па ліку «проба пяра» дзяўчыны («Тыя паштоўкі — як крылы для мары» ад 18.05.2017).

Прадстаўляем наступнага пераможцу — Ангеліну НОВІКАВУ, выпускніцу 11 класа гімназіі №1 г. Дзяржынска. Заслужаны поспех дзяўчыне прынёс матэрыял «Калі заклікаю размаўляць на роднай мове — раблю гэта па-беларуску» (6.04.2017). Акрамя конкурснай работы, у маладзёжным дадатку «Чырвонка. Чырвоная змена» былі надрукаваны яшчэ два матэрыялы аўтаркі, тэмам якіх можа пазайздросціць не толькі абітурыент журфака (а Ангеліна, як вы, мабыць, ужо здагадаліся, таксама збіраецца паступаць у Інстытут журналістыкі БДУ), але нават і малады спецыяліст. Гэта інтэрв'ю з удзельнікам дзіцячага «Еўрабачання» ад Беларусі («Аляксандр Мінёнак: «Мару стаць сапраўдным артыстам» ад 6.10.2016) і вядомым музычным гуртам («Група «Тяни-Толкай»: «Першы ганарар — палова курыцы» ад 17.11.2016). Як той казаў, а вам слабо? Інтэрв'ю з Сашам Мінёнкам пачыналася з першай паласы маладзёжнага дадатку, што сведчыць пра інтарэс да абранай аўтарам тэмы.

Злева направа: Ангеліна Новікава, Валянціна Трубач, Ірына Бубнова.

Яшчэ адзін пераможца — Валянціна Трубач, выпускніца 11 класа гімназіі №10 г. Маладзечна. Ганаровую грамату яна атрымлівае за свой матэрыял «Любімцы па жыцці — коні» (8.06.2017). Гаворачы спартыўнай мовай, у дзяўчыны спрацавала другая спроба, бо апроч «пробы пяра», якая прынесла ёй лаўры пераможцы, у Валянціны была яшчэ адна, крыху ранейшая па часе («Прафесія — толькі па душы» ад 5.01.2017). Дзяўчыне вельмі падабаецца пісаць кароткія замалёўкі, эсэ, сачыненні, нататкі, таму цалкам лагічна яна сёлета збіраецца паступаць у Інстытут журналістыкі БДУ.

Усе пераможцы па традыцыі атрымалі ад «Выдавецкага дома «Звязда» ганаровыя граматы і каштоўныя сувеніры з сімволікай найстарэйшага і адзінага беларускамоўнага штодзённага выдання краіны, якое праз месяц адзначыць 100-гадовы юбілей. Апроч таго, старэйшым дзяўчатам — Ангеліне Новікавай і Валянціне Трубач, якія сёлета збіраюцца «штурмаваць» журфак, — уручаны яшчэ і рэкамендацыі для паступлення.

Віншуем усіх удзельнікаў конкурсу, асаблівыя віншаванні пераможцам і — удачы ім пры паступленні!

Надзея НІКАЛАЕВА

nikalaeva@zviazda.by

Сяргей РАСОЛЬКА

rs@zviazda.by

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

Загаловак у газеце: Узялі «планку»...

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?