Вы тут

Мужчына і дзве жанчыны


У новай сям'і складаная задача — стварыць сваю маленькую ўнутры вялікай бацькоўскай. Маладыя павінны дамовіцца не толькі паміж сабой, але і з бацькамі, па якіх правілах будуць жыць, як будуць ладзіць. Патрыярхальныя правілы прапануюць варыянт такой дамовы: малады муж або жонка ўваходзіць у вялікую сям'ю на правах яшчэ аднаго дзіцяці — сына ці дачкі. Бацькоў мужа/жонкі прапануецца называць
мамай або татам. Тады моладзь — не партнёры па шлюбе, а нібыта брат з сястрой.


Не любая маладая сям'я гатова да такога сцэнарыя стасункаў. Добра, калі абое не гатовыя разам, значна горш, калі да гэтага не гатовы хтосьці адзін. Канфлікт непазбежны, і нярэдка гэта канфлікт паміж нявесткай і свякроўю, калі вельмі важнай будзе пазіцыя мужа/сына.

— Калі малады муж зойме пазіцыю «мамчынага сынка» — будзе ва ўсім з ёю пагаджацца, дазваляць маці ўмешвацца ў справы маладой сям'і, то ў выніку стасункі пагоршацца — як паміж партнёрамі, так і паміж свякрухай ды нявесткай, — расказвае намеснік галоўнага ўрача Мінскага гарадскога клінічнага псіхіятрычнага дыспансера Наталля БЕРАЗОЎСКАЯ. — Калі муж «пад абцасам», ва ўсім і заўсёды згодны з жонкай, не жадае слухаць парады, то гэта крыўдзіць маці і адбіваецца на яе стаўленні да нявесткі. Бывае яшчэ роля маўклівага назіральніка — маўляў, разбірайцеся самі. Разумеючы, што перавага нікому не аказваецца, жанчыны сапраўды могуць разабрацца. Калі адзін з бакоў мае схільнасць да агрэсіі, канфлікт толькі разгараецца, што часцей за ўсё назіраецца пры вымушаным сумесным пражыванні з бацькамі мужа. Як правіла, пасля раз'езду стасункі нармалізуюцца. Нарэшце, мужчыны-міратворцы выслухваюць абедзвюх жанчын, змякчаюць крыўды і непаразуменні. Звычайна гэта тыя, хто валодае пачуццём гумару, умее слухаць і браць на сябе адказнасць.

Небяспечна падтрымліваць мужа ў вайне супраць уласнай маці, нават калі гэта вайна з-за дробязяў. Зварочвайце свае сцягі і адклікайце войскі — у такіх бойках не бывае пераможцаў. Свякроў трэба прыняць як ёсць. Варта прызнаць яе перавагі ў тым, што асабліва важна для яе. Хто сказаў, што вы павінны быць ва ўсім лепш за яе, каб ваш муж працягваў любіць вас? Яна вам не саперніца і ніколі не зойме ваша месца. Трымайцеся паважліва, дапамагайце адно аднаму. Але і абараняйце межы сваёй міні-дзяржавы.

Святлана БАРЫСЕНКА

protas@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.