Вы тут

На выязной сесіі лёзненскія дэпутаты абмеркавалі добраўпарадкаванне


Наш карэспандэнт прыняў удзел у выязной сесіі Лёзненскага раённага Савета дэпутатаў. У цэнтры ўвагі была тэма добраўпарадкавання.


На «Ціхмянаўскай вышыні».

Вёска мае... герб

Аўтару гэтых радкоў прапанавалі экскурсію па тэрыторыі Бабінавіцкага сельсавета. Прыгожа і ўтульна ў аграгарадку Бабінавічы. Тутэйшыя жыхары ганарацца яго па-свойму ўнікальнай гісторыяй. Да Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 года Бабінавічы былі горадам з насельніцтвам каля 1160 чалавек і мелі свой герб. Такім чынам, вопыт самакіравання тут вялікі.

— Першапачаткова герб быў зацверджаны Кацярынай ІІ — у 1781 годзе. На ім — дзве мачты з флюгерамі. Мачты — бо шмат вякоў продкі зараблялі на продажы лесу, з якога рабілі і караблі. Яго па Заходняй Дзвіне сплаўлялі аж у Рыгу. А ў 2014-м Прэзідэнт падпісаў Указ, дзякуючы якому ў населенага пункта зноў з'явіўся герб. На сёння ў Бабінавічах усяго каля 400 жыхароў, — расказвае старшыня Бабінавіцкага сельскага Савета дэпутатаў Вольга Маржаедава.

Пра мінулае шмат расказалі ў народным музеі баявой славы, які пакуль што знаходзіцца ў яслях-садку-базавай школе. Летась навучальнай установе споўнілася 210 гадоў: у 1806-м у Бабінавічах адкрылі двухкласнае прыходскае вучылішча. З-за таго што ў школе параўнальна мала дзятвы, яе зачыняюць. У новым вучэбным годзе дзяцей будуць вазіць на вучобу ў суседні аграгарадок... Але застанецца цудоўны сад, вінаграднік, у цэлым добраўпарадкаваная тэрыторыя.

Ад­дзя­лен­не круг­ла­су­тач­на­га зна­хо­джан­ня адзі­но­кіх са­ста­рэ­лых.

Унікальнае ганчарства

Музейную экспазіцыю плануюць размясціць у будынку прадстаўнічага органа ўлады. Бадай, гэта будзе першы такі вопыт у вобласці.

— А музей наш багаты на экспанаты. У прыватнасці, расказваем пра знакамітую бабінавіцкую школу ганчароў. Да сярэдзіны 1950-х тут працавала арцель: каля 40 майстроў! Пра традыцыйнае рамяство нават у Вялікай савецкай энцыклапедыі напісалі. Наша ганчарства мае сваю непаўторную асаблівасць, — расказвае дырэктар школы Таццяна Варанцова.

Дарэчы, адна з версій назвы Бабінавічаў — ад слова «баба» — ком гліны, падрыхтаваны ганчаром для работы над вырабам. Напэўна, было б лагічным стварыць у аграгарадку ганчарны турыстычна-адукацыйны цэнтр. Асабіста бачыў такі ў вёсцы ў латвійскай Латгаліі (на мяжы з Беларуссю). Там у будынку былой школы ганчар зрабіў майстэрню і прымае турыстаў, прадае свае вырабы... Пад рэалізацыю ідэі можна, дарэчы, атрымаць грант. Тым больш што ў Бабінавічах жыў дзед Марка Шагала. Пра апошняе мала хто ведае.

800 рублёў у месяц

Мясцовае лясніцтва таксама актыўна ўдзельнічае ў добраўпарадкаванні. Цэх дрэваапрацоўкі тут аснашчаны сучасным абсталяваннем, якое купілі за 60 тысяч еўра. Працуючы ў 2 змены па 12 гадзін (праз 2 дні) самыя спрытныя ў цэху «бруднымі» зарабляюць па 800 і больш рублёў — для глыбінкі гэта вельмі добры ўзровень аплаты працы.

Жывёлагадоўчы комплекс у вёсцы Асіпенкі спраўна папаўняе казну падаткамі, якія ў тым ліку накіроўваюцца і на добраўпарадкаванне. 470 кароў штодня даюць больш чым па 16 літраў малака. Зарплата ў даярак — да 500 рублёў. Ферма абсталявана сістэмай відэаназірання, добра механізаваная.

Удзельнікам пасяджэння паказалі і аддзяленне кругласутачнага знаходжання адзінокіх састарэлых, вакол якога таксама ідэальны парадак. Унутры будынка, які некалькі гадоў таму рэканструявалі, ёсць усё неабходнае, нават трэнажорная зала.

— У нас жывуць 26 дзядуль і бабуль. Многія актыўна займаюцца добраўпарадкаваннем тэрыторыі. Вядома, што сельскія жыхары прывыклі працаваць на зямлі, для іх у радасць нешта пасадзіць, даглядаць за кветкамі, садавіной і гароднінай, — гаворыць загадчыца ўстановы Наталля Харкевіч.

Убачылі народныя выбраннікі і месцы памяці герояў-вызваліцеляў. У прыватнасці, мемарыял «Ціхмянаўская вышыня», які знаходзіцца ў ідэальным стане. Адзін з яго аўтараў — вядомы віцебскі скульптар Азат Тарасян. Мясцовыя комплекс называюць «Курган славы». Гара атрымала назву ў гонар старшага лейтэнанта Ціхмянава, які за гераізм быў удастоены высокага звання Героя Савецкага Саюза.

У школь­ным му­зеі ў Ба­бі­на­ві­чах (спра­ва — стар­шы­ня Ба­бі­на­віц­ка­га сель­ска­га Са­ве­та Воль­га Мар­жа­е­да­ва).

Дзе гаспадар, там і парадак

Пасля наведвання аб'ектаў адбылася шчырая размова ўдзельнікаў мерапрыемства з раённай уладай. Старшыня райвыканкама Іван Лаўрыновіч падкрэсліў, што навядзенне парадку — не «акцыя для галачкі». Ад кожнага кіраўніка — сельсавета, арганізацыі, сельскагаспадарчага прадпрыемства патрабуецца, каб добраўпарадкаванне стала добрай звычкай. І на энтузіязме многае можна зрабіць. Напрыклад, у вёсцы Дабрамыслі крыніцу, якая раней больш нагадвала сметнік, ператварылі ў «звычайны цуд». Туды і з Расіі, з якой мяжуе Лёзненшчына, па ваду прыязджаюць. Дарэчы, сярод актывістаў, якія наводзілі прыгажосць, былі і ратавальнікі. Начальнік раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Віталь Чайкін, дэпутат райсавета, выступаючы на сесіі, сказаў, што працавалі яны з добрым настроем і дзеля патрэбы душы. У вольны час, у выхадныя бяруць рыдлёўкі ў рукі і — уперад!

— Насамрэч для навядзення парадку не заўсёды патрабуюцца грошы. Было б толькі жаданне — і многае можна зрабіць; каб дзеці нашы нам потым сказалі «дзякуй», — лічыць старшыня райвыканкама.

Ён заклікаў па-гаспадарску клапаціцца аб кожным метры зямлі. У прыватнасці, у свой час было шмат ахвотных браць зямлю для апрацоўкі. Цяпер сітуацыя змянілася. У старых сілы не тыя, а моладзь за вялікімі ўчасткамі ў чаргу не становіцца. Зямля перадаецца гаспадаркам. Але для іх дробныя надзелы, можна сказаць, «галаўны боль». Выкарыстоўваюцца не так эфектыўна, як хацелася б. Але ў любым выпадку зямля павінна працаваць на эканоміку.

Новыя вытворчасці, прагучала падчас пасяджэння, — гэта дадатковыя падаткі ў мясцовы бюджэт, як і працоўныя месцы, якія павінны адпавядаць патрабаванням часу. Зразумела, ёсць надзея на нядрэнныя заробкі і зноў жа падаткі з іх. А грошы будуць накіроўваць у тым ліку і на добраўпарадкаванне. Такім чынам, прыгажосць і эканоміка працуюць ў «звязцы».

Аляксандр ПУКШАНСКІ

рukshаnskі@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Добрая звычка

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.