Вы тут

Аліна Гарнасько: «Я была пухленькая і не падавала надзей»


За мастацкую гімнастыку сэрцы беларускіх балельшчыкаў заўсёды спакойныя. Вось ужо другое дзесяцігоддзе на змену адной таленавітай грацыі прыходзіць іншая, не менш перспектыўная і паспяховая. Нашы дзяўчаты вельмі рэдка вяртаюцца з міжнародных турніраў без узнагарод, а за іх гучнымі імёнамі, як правіла, стаіць моцная беларуская школа і мама ўсіх нашых мастачак — Ірына Ляпарская.


Пасля Алімпійскіх гульняў 2016 года тагачасны першы нумар зборнай Меліціна Станюта абвясціла аб завяршэнні кар'еры. «Я зрабіла ўсё, што ўмела, лепш не магу», — казала дзяўчына ў сваіх інтэрв'ю пасля Рыа. У камандзе заставалася маладая гімнастка, якая, тым не менш, ужо набралася вопыту, — Кацярына Галкіна. Менавіта на яе ўсклалі далейшыя надзеі. Але Кацю пачалі турбаваць траўмы, якія недзе вымусілі выступаць не ў поўную сілу, а недзе і зусім прапускаць турніры. У гэты час сваё слова сказала яшчэ больш юная беларуская грацыя — Аліна Гарнасько. Хтосьці можа памятаць гэтую дзяўчыну яшчэ па чэмпіянаце Еўропы ў Мінску ці юніёрскіх стартах, дзе выхаванка алімпійскай чэмпіёнкі Марыны Лобач не раз падымалася на п'едэстал гонару. А ў гэтым маі ўжо на дарослым першынстве кантынента нечакана для многіх, ды і перш за ўсё для сябе, Аліна заваявала бронзавы медаль у практыкаванні з мячом, а потым паўтарыла свае поспехі на этапах Кубка свету. Як гэта было і з чаго ўсё пачыналася, гімнастка расказала ў інтэрв'ю «Звяздзе».

«Пераглядаю першыя выступленні і думаю, як з мяне магло нешта атрымацца?..»

Для Аліны гэта адно з першых вялікіх інтэрв'ю, дзяўчына яшчэ не прывыкла да павышанай увагі прэсы, але, нягледзячы на хваляванне, яна вельмі разважлівая ў адказах. Аліна ўспомніла, як даваліся ёй першыя выступленні ў эліце сусветнай мастацкай гімнастыкі.

— Першы выезд з дарослай камандай быў на міжнародны турнір у Маскву, пасля паехала на Гран-пры ў Кіеў, дзе ўпершыню сам-насам сустрэлася з самымі моцнымі гімнасткамі планеты. Мякка скажам, тыя мае выступленні вымушалі жадаць лепшага, гэта я бачыла сама, пра гэта казалі і трэнеры. Псіхалагічна я, напэўна, сябе проста перагрузіла. Як маладой гімнастцы, мне трэба было проста выходзіць і рабіць, без усякага грузу адказнасці, які я на сябе ўзяла. Бо за межамі спаборніцкай пляцоўкі працавала нармальна, трэнер гэта ведае, а выходзіла на дыван і нічога не магла паказаць. У нейкі момант, мне здаецца, трэнеры ўжо не ведалі, што са мной рабіць.

Нягледзячы на першыя дарослыя няўўдачы, турніры для Аліны працягнуліся Гран-пры і этапамі Кубка свету. Паступова напрацоўвалася стабільнасць, а пік формы прыпаў якраз на чэмпіянат Еўропы, дзе ў практыкаванні з мячом Аліна стала трэцяй.

— Гэта было вельмі нечакана. Пасля выступлення на табло паказалі вынік, на той момант было, напэўна, 2-е ці 3-е месца, але пасля мяне выступалі яшчэ многія, таму я нават не звярнула ўвагу. Пабегла пераапранацца на іншае выступленне. Зрабіла праграму з булавамі і гляджу, нешта трэнеры занадта радасныя. Такім чынам, толькі перад выступленнем са стужкай даведалася пра свой медаль. Дарэчы, у булавах я страціла ўзнагароду, выканала практыкаванне чыста, але судзейства было, на мой погляд, занадта суб'ектыўным, маёй саперніцы паставілі ўсяго на 5 сотых больш.

Наперадзе Аліны на чэмпіянаце Еўропы аказаліся толькі расіянкі, якія сёння з'яўляюцца лідарамі ў сусветнай мастацкай гімнастыцы — Аляксандра Салдатава і Арына Аверына.

— Калі толькі пачынала выступаць сярод найлепшых, можа быць, і глядзела на іх як на «зорак», а цяпер ужо наогул не адрываюся на гэтыя рэчы. Больш за тое, мы з дзяўчатамі пасябравалі, канкурэнцыя толькі на пляцоўцы.

Першы трэнер Аліны Гарнасько цяпер працуе са зборнай Францыі, ад яе ў 10 гадоў таленавітая гімнастка-пачатковец трапіла ў групу да алімпійскай чэмпіёнкі Марыны Лобач, якая і цяпер трэніруе дзяўчыну. Упершыню на вочы галоўнаму трэнеру зборнай, Ірыне Ляпарскай, Аліна трапіла ў 2013-м, адтуль і пачаўся яе ўдзел у юнацкіх і маладзёжных міжнародных турнірах.

— Я жыву за горадам, каля Рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі «Стайкі», раней там працавала бабуля, а я заўсёды назірала за трэніроўкамі спартсменаў. Ды і сама, бацькі кажуць, выяўляла небывалую актыўнасць, таму ў 3 гады мяне прывялі ў мастацкую гімнастыку. Я была вельмі пухленькая і не падавала ніякіх надзей, цяпер, бывае, пераглядаю свае першыя выступленні і думаю, як з мяне магло нешта атрымацца?..

Тры па­ка­лен­ні бе­ла­рус­кай мас­тац­кай гім­нас­ты­кі:  Ма­ры­на Ло­бач, Алі­на Гар­на­сько і Лю­боў Чар­ка­шы­на.

«Часта прадметы прылятаюць проста ў твар»

Трэніроўкі ў гімнастак нацыянальнай зборнай займаюць звычайна 8 гадзін у суткі, 6 дзён на тыдзень, адпачынак — усяго каля двух тыдняў. Але Аліна ведае, дзеля чаго робіць такую працу.

— Цяпер я займаюся ў задавальненне, бываюць складаныя, пераломныя моманты, калі ты ўжо нават не глядзіш на тое, які шлях прайшла, хочацца ўсё кінуць. Але думаць пра гэта буду потым, калі дасягну сваёй мэты.

Не палохаюць дзяўчыну і траўмы, даволі частыя ў мастацкай гімнастыцы.

— Часта прадметы прылятаюць проста ў твар, а наогул, галоўная праблема ў нас — гэта спіна, чым старэйшай становішся, тым больш балюча і цяжка гнуцца. Сцёгны баляць з-за расцяжкі, скачкоў, нагрузкі.

Цікаўлюся ў Аліны пра яе папулярнасць і вядомасць, а таксама пра тое, як яна ставіцца да «зорнай» хваробы. У сацыяльных сетках у дзяўчыны сёння ўжо больш за 12 тысяч падпісчыкаў.

— Спадзяюся, мяне гэта не закране, вельмі хутка акунаюся ў спаборніцтвы і забываю пра свае поспехі. Нагадваюць толькі журналісты або балельшчыкі. Нядаўна мяне пазналі ў адным з мінскіх кафэ, было вельмі нечакана. А наогул, калі казаць аб падтрымцы балельшчыкаў, то самая ашаламляльная яна ў Іспаніі. Нядаўна былі там на этапе Кубка свету, я яшчэ не настолькі вядомая, тым не менш убачыла велізарную колькасць плакатаў з маімі фотаздымкамі, было шмат віншаванняў, sms, відэа. Ні ў якой краіне свету больш такога не сустрэнеш. Мае прыхільнікі там ужо стварылі мноства фан-груп, старонак у сацыяльных сетках. Пішуць мне паведамленні на іспанскай, а некаторыя прымудраюцца з дапамогай інтэрнэту перакладаць іх на беларускую, гэта вельмі забаўна.

Выступаць пры вялікай поўнай зале было нязвыкла, трыбуны крычалі так, што я ледзь пачула пачатак сваёй музыкі, думаю, з-за гэтага магла дапусціць памылку ў фінале. Але ўсё роўна вельмі прыемна і зручна выступаць пры добрай падтрымцы. Хвалююча заўсёды, але я кажу сабе, што трэба выйсці і проста зрабіць практыкаванне так, як ты рабіла гэта на прагоне некалькі хвілін таму.

Цяпер ужо Аліна сама становіцца для кагосьці кумірам, а для яе калісьці такімі людзьмі была яе трэнер Марына Лобач і Меліціна Станюта.

— Меліціна — вялікая малайчына, лёс склаўся так, што яна не атрымала алімпійскі медаль, і нічога з гэтым не зробіш. Яшчэ мне заўсёды падабалася расіянка Маргарыта Мамун, ну і, вядома, мой трэнер Марына Вікенцьеўна. Яна заўсёды дае мне парады, падказкі, перадае свой вопыт, які вельмі дапамагае.

«Колькі сіл, поту і слёз было ў зале, застаецца за кадрам»

У мастацкай гімнастыцы не прынята вылучаць любімы прадмет, а вось пра тое, з якім, працаваць складаней за ўсё, Аліна сказаць можа.

— Пакуль прадмет, які ў мяне адстае, — гэта стужка, ні на адным турніры я не зрабіла яе без памылак, таму трэнірую гэта практыкаванне нашмат больш за астатнія. Тут яшчэ такая справа: паводзіны стужкі залежаць ад навакольнага асяроддзя — спёкі, вільготнасці, кандыцыянераў. Кожная гімнастка прыдумляе для сябе нейкія хітрыкі — хтосьці гладзіць стужку прасам, хтосьці мочыць вадой, выкарыстоўвае тальк або лак.

Часта мастацкую гімнастыку называюць сумессю спорту і мастацтва, тут сапраўды важныя ўсе кампаненты: кампазіцыя, музыка, касцюм, вобраз і, вядома, сам знешні выгляд спартсменкі.

— У нас, як і ў балеце, людзі бачаць усё толькі самае прыгожае — лёгкасць, прыгажосць, грацыю, а колькі сіл, поту і слёз было ў зале, застаецца за кадрам. На самай справе за выступленнем у паўтары хвіліны стаіць вялікая праца. Сумесна з галоўным і асабістым трэнерам падбіраецца музыка, на гэта ідзе вельмі шмат часу. З нашымі вобразамі працуюць трэнеры-пастаноўшчыкі, дапамагаюць кожнай гімнастцы падабраць нешта сваё. Важна адчуць тое, што ты выконваеш, а потым ужо асвойваць элементы. Пасля выбару музыкі і прадмета шыецца купальнік. У нас яны вельмі дарагія, каля тысячы-паўтары долараў.

Вельмі доўга вучылася рабіць сабе макіяж і ідэальную гульку, спачатку гэта, вядома, было жудасна. Дапамагалі трэнеры, харэограф, усе хто мог. А ў звычайным жыцці лічу за лепшае быць без макіяжу.

Наперадзе нашу зборную чакае этап Кубка свету ў Берліне, Сусветныя гульні ва Уроцлаве і этап Кубка свету ў Мінску.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

lobazhevich@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.