Вы тут

Які лёс чакае Асмалоўку?


Днямі ў Адміністрацыі Цэнтральнага раёна Мінска адбылася прэзентацыя праекта забудовы раёна Асмалоўкі. Аднак распачаць яе ўдалося не адразу. Актавая зала ўстановы была бітком набітая не толькі мясцовымі жыхарамі, але і грамадскімі актывістамі і журналістамі. Усе імкнуліся выказаць сваё меркаванне адносна лёсу забудовы ў цэнтры сталіцы.


Ар­хі­тэк­тур­нае ба­чан­не Ве­ра­ні­кі Ма­роз.

На сённяшні дзень у раёне вуліц Старавіленскай, Кісялёва, Куйбышава, Камуністычнай (усё гэта і ёсць Асмалоўка) жыве 821 чалавек. Людзі займаюць 40 дамоў, ці 355 кватэр. Адзін з жыхароў пацікавіўся тэхнічным станам дома, у якім жыве, — ён зрабіў экспертызу за ўласныя грошы. Экспертыза выявіла, што яго дом знаходзіцца ў вельмі добрым стане.

— Я прапаную не быць галаслоўным і не вызначаць інтуітыўна, што стан гэтых дамоў дрэнны ці добры, — мяркуе жыхар Асмалоўкі Віталь РАДОЎСКІ, які прыйшоў на грамадскае абмеркаванне. — У мяне ёсць заключэнне, дзе гаворыцца пра тэхнічны стан бэлек, пра стан перакрыццяў на гарышчы, перакрыццяў паміж паверхамі, якія захаваліся выдатна, перажылі бамбёжкі 1941—1944 гадоў. Яны будаваліся нашымі дзядамі, нашымі бацькамі і сабраны з розных частак горада. Абгарэлая цэгла ўнутры перажыла вайну, на ёй сляды бамбёжкі, але мы наўмысна не сталі яе выдаляць — сляды вайны сведчаць пра гістарычнасць будынка.  Нагадаем, што ў свой час заяўка на наданне статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці Асмалоўцы накіроўвалася ў Міністэрства культуры. Там прыняцце канчатковага рашэння адклалі на пэўны час: прапанавалі аўтарам заяўкі распрацаваць канцэпцыю магчымага «сэнсавага» напаўнення раёна. Таму пакуль што юрыдычна раён знаходзіцца пад аховай дзяржавы.

Але ў галоўнага архітэктара праектаў  «Мінскграда» Аляксандра Бандарчыка, адказнага за новы праект планавання Асмалоўкі, свой погляд на захаванне гэтых аб'ектаў: «Каб захаваць гэту забудову, улічваючы яе якасць, патрэбна яе знесці і пабудаваць тое ж самае, толькі з новых, сучасных матэрыялаў, — лічыць Аляксандр Бандарчык. — Гэта, натуральна, нерэнтабельна. Часта інвестар, які прыходзіць на пляцоўку, дзе мяркуецца знос, сам прапануе не зносіць, а часткова рэканструяваць будынак, які там стаіць. Таму цяпер мы пішам «Будынак падлягае зносу. Рашэнне пра знос прымае заказчык».

Адзін з камянёў спатыкнення ў гэтай гісторыі (з-за чаго чарговы раз здзіўляешся, навошта ўвогуле вядзецца дыскусія пра знос аднаго з самых прыгожых раёнаў сталіцы) — адсутнасць інвестара.

— На цяперашні момант інвестара няма. І з яго пошукам могуць узнікнуць вялікія складанасці. Бо працэнт мяркуемага зносу па гэтай тэрыторыі вельмі вялікі — каля 27%. З пункту гледжання бізнесу працэнт зносу больш за 15% лічыцца нерэнтабельным, — тлумачыць Бандарчык.

Спецыяліст удакладняе, якая мэта зробленага праекта. Ён устанаўлівае тэхнічныя абмежаванні для магчымых забудоўшчыкаў. Напрыклад, па высотнасці дамоў, якія маглі б тут паўстаць, — не больш за 9—12 паверхаў. Гэта значыць, 30-павярховы хмарачос дакладна не пабудуюць.

Прадстаўніца маладзёжнага аб'ядання «Гісторыка», якое выступала з прапановай надання Асмалоўцы статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці, Таццяна ПЯТРОВА выказала меркаванне, што ў Асмалоўцы было б добра стварыць музей пад адкрытым небам:

Гра­мад­скае аб­мер­ка­ван­не пра­ек­та пла­на­ван­ня тэ­ры­то­рыі Асма­лоў­кі: у ме­жах ву­ліц Ста­ра­ві­лен­скай, Кі­ся­лё­ва, Куй­бы­ша­ва, Ка­му­ніс­тыч­най.

— У нас узнікала ўжо шмат канцэпцый па развіцці гэтага раёна. Але тая, што нас найбольш зачапіла, — гэта гарадскі скансэн, музей мінскага двара. Плануецца адрадзіць традыцыю дваровых гульняў... З аднаго боку, людзі там жывуць і існуюць у сваёй прасторы. Але з іншага, яна насычаецца рознымі культурнымі з'явамі. Той, хто трапляе ў гэтыя кварталы, адчувае сябе ў іншым гарадскім мікракосмасе. Там шмат зеляніны, пануе спакойны, размераны побыт. На сёння Асмалоўка ўжо жыве сваім культурным жыццём. На год у ёй праходзіць каля 20 мерапрыемстваў рознай скіраванасці: гэта падобна, напрыклад, на фестывалі суседзяў у Адэсе. Чалавек, калі акунаецца ў гэту атмасферу гарадскога двара, дзе людзі жывуць па-суседску (а не мегаполіса, дзе ўсе чужыя), атрымлівае станоўчыя ўражанні. Да таго ж непадалёк знаходзіцца оперны тэатр. Асмалоўка якраз можа выконваць ролю таго месца, куды можна завітаць пасля спектакля, пашпацыраваць, зайсці ў кавярню.

Спецыялісты адзінадушныя ў тым, што дамы, якімі можна ахвяраваць, — гэта толькі будынкі дзіцячых садкоў. Яны ўзводзіліся ў пазнейшы час, без асаблівай арыентацыі на ансамблевасць пасёлка: іх пабудавалі проста таму, што было вольнае месца. Па праекце архітэктара Сабалеўскага, на іх месцы можна ўзвесці тэрасныя жылыя дамы. Па праекце Веранікі Мароз, там можна пабудаваць шматфункцыянальны выставачны цэнтр. Частку дамоў, ашчадна адрэстаўраваўшы, прыстасаваць пад арт-рэзідэнцыі з майстэрнямі на мансардах. Навакольную тэрыторыю можна зрабіць пешаходнай, бо побач шмат аб'ектаў, якія таксама цікавыя турыстам.

Старшыня Цэнтральнага раёна сталіцы, у якім знаходзіцца Асмалоўка, Ігар Бузоўскі згодны, што розныя меркаванні маюць права на жыццё. Ён заклікаў усіх зацікаўленых (а найперш жыхароў гэтых дамоў) аб'ядноўвацца ў ініцыятыўныя групы. А сваіх прадстаўнікоў накіроўваць для работы ў камісіі, што будзе прымаць удзел у вырашэнні далейшага лёсу Асмалоўкі.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ. nina@zviazda.by

Загаловак у газеце: Музей гарадскога двара ці новая забудова?

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».