Вы тут

Кніга аб вытоках беларускай арміі выйшла ў Выдавецкім доме «Звязда»


Аўтарскі калектыў кнігі "Палігон. Гісторыя Скобелеўскага ваеннага лагера" прадставіў філакартычнае даследаванне, тэма якога ніколі дагэтуль не ўздымалася.    

Калі запытацца ў многіх з нас, што такое Скобелеўскі лагер, наўрад ці з'явіцца вялікая колькасць знаўцаў. І толькі бывалыя вайскоўцы скажуць пра Абуз-Лясноўскі палігон, дзе сёння ўдасканальвае баявое майстэрства беларуская армія. А між іншым, за 125 гадоў існавання прызначэнне гэтага месца, як бы яно ні называлася, не змянілася.


Пачынаючы з канца XIX стагоддзя невялікае поле паміж Слонімам і Баранавічамі становіцца эпіцэнтрам баявой падрыхтоўкі. На манеўры ў Скобелеўскі лагер, названага ў гонар "белага генерала", прыбываюць вайскоўцы Рускай імператарскай арміі. У асноўным – ураджэнцы Беларусі.

Летні лагер Мінскага гарнізона, пабудаваны ў 1892 годзе, ніколі не закрываўся. З моманту яго ўтварэння ён належаў войскам царскай арміі. У гады Першай сусветнай тут размяшчаўся палігон і лагер для немцаў. У міжваенны перыяд, калі тэрыторыя знаходзілася пад Польшчай, – гэта польскі вайсковы палігон, які падчас Другой сусветнай вайны пераўтварыўся ў канцэнтрацыйна-працоўны лагер для савецкіх грамадзян. Пасля Вялікай Айчыннай вайны тут – палігон агульнасаюзнага значэння. Цяпер ён належыць нашай арміі.

– Скобелеўскі лагер уяўляў сабой рускі купецкі гарадок, – расказвае вядомы калекцыянер, лаўрэат прэміі Прэзідэнта "За духоўнае адраджэнне" Уладзімір Ліхадзедаў. – Нягледзячы на сваё ваеннае прызначэнне, ён вылучаўся нестандартнай, нават дзіўнай архітэктурай – нагадваў казачны піянерскі лагер.

Пераканацца ў гэтым можна, пагартаўшы кнігу "Палігон. Гісторыя Скобелеўскага ваеннага лагера", сігнальныя экзэмпляры якой пры падтрымцы Міністэрства інфармацыі ўжо выйшлі ў Выдавецкім доме "Звязда". Аўтарскі калектыў – калекцыянеры Уладзімір Ліхадзедаў і Уладзімір Пяфціеў, а таксама доктар царкоўнай гісторыі Гардзей Шчаглоў – прадставілі філакартычнае  даследаванне, тэма якога ніколі дагэтуль не ўздымалася.    

Фотаздымкі, змешчаныя ў кнізе, не дадуць схлусіць. У дарэвалюцыйны час Скобелеўскі лагер уяўляў сабой не проста палігон для манеўраў і вучэнняў, гэта быў жылы лагер са складанай інфраструктурай. Акрамя відаў самога палігона, на фотаздымках – шыкоўныя будынкі афіцэрскіх сходаў, манеўры, стрэльбы. Тут можна ўбачыць не толькі баявую падрыхтоўку войскаў Рускай арміі, а і тое, як узнагароджвалі найлепшых вайскоўцаў, як быў наладжаны іх побыт, якім чынам афіцэры і салдаты бавілі вольны час. Адным словам, гэта не было замкнёнае жыццё ваеннага гарнізона – тут знаходзіліся цэлыя вуліцы, вельмі прыгожыя асабнякі афіцэрскіх сходаў, стаяла царква, у якой у тым ліку маліліся жыхары навакольных вёсак.   

З архіўных данных вядома, што пазней на тэрыторыі лагера была пабудавана яшчэ адна царква – ранейшая, відаць, не ўмяшчала такую колькасць вернікаў. Але фотаздымкаў, якія пацвярджаюць гэты факт, не захавалася. Даследчыкі мяркуюць, што перад акупацыяй мясцовасці немцамі ў Першую сусветную вайну прыхаджане царкву разабралі.

Фотаздымкі дапоўнены тэкставай інфармацыяй на рускай і англійскай мовах. Цікавыя звесткі ўзяты не толькі з архіваў, а і з тагачасных газет, у асноўным беларускіх, якія захоўваюцца ў калекцыі Уладзіміра Пяфціева. Напрыклад, у адной з газет змешчана скарга на баранавіцкага ўрача, які першым у горадзе меў уласны аўтамабіль, чым, вядома, вельмі ганарыўся. Але была ў яго і іншая загана – ліхачыў добра, у тым ліку і па вуліцах Скобелеўскага лагера. І ніяк на яго не маглі знайсці ўправы, пакуль аднойчы аўтамабіліст не напалохаў жонку і дачку знатнага генерала. Пасля гэтага выпадку стаў сачыць за хуткасцю.

Скобелеўскім лагер называўся не выпадкова. Быў час, калі Мінскім гарнізонам, на балансе якога і знаходзіўся лагер, камандаваў генерал Міхаіл Скобелеў. Выдатны рускі военачальнік XIX стагоддзя праславіўся падчас Руска-турэцкай вайны 1877–1878 гадоў. За любоў да белых кіцеляў і коней увайшоў у гісторыю як "белы генерал".

Кніга, прысвечаная гісторыі Скобелеўскага лагера, з'яўляецца не першым праектам аўтарскага калектыву. Уладзімір Ліхадзедаў, Уладзімір Пяфціеў і Гардзей Шчаглоў у такім жа фармаце ўжо паспелі расказаць пра падзеі 1812 года, пра лёс князя Уладзіміра.

– Ужо другое дзесяцігоддзе адлічвае праект "У пошуках страчанага", які вырас на старонках газеты "СБ. Беларусь сегодня", – адзначае намеснік міністра інфармацыі Аляксандр КАРЛЮКЕВІЧ. – Вялізны ілюстрацыйны масіў з калекцыі Уладзіміра Ліхадзедава вырас ужо ў некалькі філакартычных кніг, звязаных з гісторыяй Першай сусветнай вайны.

Тым не менш Уладзіміру Ліхадзедаву яшчэ ёсць пра што расказаць. Цяпер ён працуе над тэмай, звязанай з помнікамі, якія ў розныя часы былі пастаўлены ў Беларусі. Што канкрэтна даведаецца зацікаўлены чытач – пакуль інтрыга.

Вераніка КАНЮТА

kanyuta@zviazda.by

Фота Надзеі БУЖАН і з калекцыі Уладзіміра ЛІХАДЗЕДАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?