Вы тут

Сон у майскую ноч


...Здавалася: толькі што з'ехалі! І зусім ненадоўга — на лецішчы дзён з дзесяць не былі. А вярнуліся і ўсё, можна сказаць, дом заняты: над дзвярыма, над самым уваходам, «пабудаваліся» ластаўкі. І зараз варта пад'ехаць, варта зашумець, адчыняючы брамку, вылятаюць насустрач, з усіх сілак крычаць: «Вы? Чаго прыперліся?.. Едзьце туды, дзе былі!»

А мы б не супраць. Бо там, дзе былі (гэта значыць, ля мора, у водпуску) жылося і насамрэч добра: найлепшая кампанія, сосны, сонца, ровар...

Але дома ўсё роўна лепш.


Трое

З дому на працу, з працы дамоў хвілін 40 язды — можна з перасадкамі, можна без, зрэдку — у натоўпе, «на адной назе», трохі часцей, — спакойна седзячы з кнігай ці газетай, што, як высвятляецца, таксама... дрэнна.

— Глянь, як ён вочкі паставіў, — кажа нехта некаму ззаду. — На татку глядзіш? Ну ідзі, ідзі да яго, маленькі наш, пасядзі на каленях... Што — не падабаецца? Хочаш назад да мамкі? Дай я цябе пацалую!

Асцярожна, каб не парушыць гэту ідылію, згортваю газету, іду да дзвярэй трамвая. І ўжо адтуль (бо цікава) азіраюся на сямейку: на тату, на маму, на... рыжага, кудлатага сабачку.


Варта падзякі!

...Праязны купіць не забудзеш, каб і хацеў, бо на кожным бойкім скрыжаванні стаіць па шапіку (а недзе і па два), чаргі аніякай...

— Мне на месяц, на тралейбус, — прашу касірку, падаўшы грошы.

Жанчына бярэ іх, прабівае чэк, адлічвае рэшту, складае ўсё ў адмысловы латок...

— Дзякуй вам, — кажу, забіраючы.

Спасибо! — адказвае яна. Памыліўшыся? Ці, можа... не? Можа, тым, хто ў Беларусі гаворыць па-беларуску, і сапраўды пара ўжо дзякаваць?


Быў бы хлеб...

Спроба апытання: «Дзяўчаты, хто-небудзь сустракаўся з мужчынам старэйшага ўзросту? Як гэта? Якія будуць парады?» — «Толькі адна: пенсія ў іх — пасля 10-га»...

А як у вайскоўцаў, — дык яшчэ і немалая.

Дзед Віця (яму, як кажа, васьмідзясяты пабег) надоечы хадзіў атрымліваць. Па дарозе да банка дзвюх чарнявых прыгажунь заўважыў. А ўжо як назад ішоў (з грашыма) яны яго таксама «прыкмецілі». Падышлі, заўсміхаліся:

— Мужчына, у вас можна спытаць?

Дзед Віця навучаны:

— Не! — сказаў, як адрэзаў. Яшчэ і палку прыўзняў...

А мог бы «падставіць вушы».


Чалавек сярод людзей

Мабільнік разумны: з самай раніцы нагадаў, што ў Пятровіча — дзень народзінаў. Трэба, значыць, пазваніць, павіншаваць. І лепш, відаць, у другой палоўцы дня, бо ў першай да яго, як правіла, не прабіцца — начальнік.

Так, на ўсякі выпадак, без надзей на «дазвон» набралі нумар. «Абанент» адгукнуўся тут жа: пазнаў, узрадаваўся, падзякаваў за добрую памяць.

Потым расказаў, што з лютага ўжо не працуе — «на пенсію адправілі». І ўсё, маўляў, як адрэзала — цяпер ні званкоў у яго, ні хадакоў — нікому не патрэбен: маўчыць тэлефон (Прабачце, даслоўна): «Ніводная с... не званіла. Нават сягоння!»


Калі без радасці любоў...

Суседка ўжо магла б сядзець дома, адпачываць, бо, што называецца, заслужыла. Але ж працуе пакуль, хоча на зубы зарабіць, хоць шанцаў, здаецца, мала, бо плацяць, казала, з гулькін нос. Ды і кантракты працягваюць чыста ўмоўна: з пенсіянерамі — на два месяцы, на квартал, не болей.

— Мы як маладыя цяпер, — тлумачыць жанчына, — яны сыходзяцца ды жывуць, пакуль хто лепшы не падвернецца, а мы так працуем. А ўжо як падвярнуўся, — то выбачай-пасунься: была без роспісаў любоў — разлука будзе без наступстваў.


Лёс

Сталіца, праспект, скрыжаванне, безліч машын і людзей! А таму не дзіўна, што ў гэтай мітусні нехта разгубіўся — як пішуць следчыя, не справіўся з кіраваннем: з'ехаў з праезнай часткі — знёс дрэва.

Яно, дзякаваць Богу, невялікае было, маладое — лёгка загінула.

Калі б на яго месцы расло старое, — загінуў бы чалавек.


Паспеў

Старасці баяцца толькі жанчыны, мужчыны — не паспяваюць, нават спалохацца.

Калега вельмі рана сышоў. І хораша праводзілі: незлічона кветак было, незлічона вянкоў і людзей: радня прыехала, сябры-супрацоўнікі, суседзі...

За чаркай потым успаміналі, «якім ён хлопцам быў», што любіў, што не любіў, казалі, як многа паспеў!

І (не аддзячыць Богу!) што чуў усё гэта сын нябожчыка.

І сынаў сын — таксама!


Пытанне

«...Сядзеш у электрычку, пазвані — я сустрэну цябе», — падрадзіўся сваяк.

Сесці — яшчэ паспела, а вось пазваніць... Ну, не выпала, прынамсі, адразу. Бо следам, за хвілю да адпраўлення, у вагон увалілася жанчына, прыткнулася побач, паставіла сумку, выцерла ўзмакрэлы твар і... слёзы, з адчаем спытала:

— Ну чаму мы такія...

— ?

— ...Нелюдзі. Я з касы толькі што — білет купляла. Кажу там: «Да Маладзечна, адзін, льготны». Мне ў адказ: «Прад'явіце дакумент». «Навошта? — пытаю. — Вам што — майго твару мала? На ім жа напісана: пенсіянерка я, 75 гадоў... Дакументы ў сумцы... Пакуль дастану, каб вам прад'явіць, — электрычка сыдзе». — «Тады, — гаворыць мне дзеўка, — скідкі не будзе, білет прадаю вам за поўны кошт!» І што вы думаеце, — прадала, нават не здрыганулася...

— Ну, яе можна зразумець, — паспрабаваў разважыць жанчыну сусед па лаўцы. — Кожны сёння за работу трымаецца, начальства свайго баіцца. Яно ж за тое, што ты некаму дапамог ці добрую справу зрабіў, прэмію не выпіша, а вось за тое, што ў інструкцыі нейкую літарку парушыў, прачухацца дасць і вокам не міргне! Час такі — жорсткі...

Які ён — такія людзі?

Ці наадварот — якія людзі, такі і час?

Пытанне.


Пажнеш характар

Кватэра з гісторыяй гэта...

Ды любая, відаць, нават новая, бо нехта ж яе будаваў, купляў, абстаўляў... Што ўжо казаць пра старую?

У тую, аднапакаёвую, Наста засялялася адна. І жыла — таксама, прычым досыць доўга: толькі бліжэй да сарака выйшла замуж, пераехала ў новае, мужава жытло.

Старое яны здаюць — як правіла, студэнткам альбо маладым сужэнцам, што, здавалася б, выгадна? Так... Калі б гэта жыллё хоць крыху ды глядзелі. А то ж...

«Чужое», «не маё», значыць, можна карыстацца і пры гэтым не мыць ні вокны, ні пліту з сантэхнікай; не чысціць дываны, не прыбіраць, можна абдзіраць шпалеры і лінолеум. Вось будзе сваё, тады...

Не верыцца, што тады ў гэтых гаспадароў нешта будзе іначай, бо, пасееш прывычку, пажнеш характар, сапсаваны — і сапраўды — па-ранейшаму балючым «кватэрным пытаннем».


Урок

Горад. Вуліца. Дзень.

— Ваў, колькі летаў і зім?!

Гэта, здаецца, Васіль? Гадоў з дзесяць не бачыла!

— Можна абняць? — з той радасці пытаецца ён.

— Ну вядома ж! — кажу.

І тут жа заўважаю, што знаёмец... спалохаўся, што ён азірнуўся («як бы хто не заўважыў»?), што замест абдымкаў ледзь крануўся пляча...

Больш, відаць, ніколі не пам-кнецца з абдымкамі.

Я таксама.


«Цвяток радзімы»

Паланга — не Парыж, не сталіца свету, проста мілы, курортны гарадок, з морам, з вялікім Батанічным садам, з музеем бурштыну ў палацы Тышкевіча, з французскімі пахамі кавы-круасанаў, з мноствам кавярняў і віл (вялікіх прыватных дамоў, разлічаных яшчэ і на прыезджых).

Ля кожнай з іх — цікавая прысада-агароджа, дагледжаны сад і газон, «джэнтльменскі набор» — мангал-альтанка-арэлі, прыгожыя клумбы, цяпліцы, камяні-валуны...

Побач з адным — васілёк расцвіў, таксама адзін. Можа, выпадковы, можа, ветрам сюды занесены, бо пустазелінка ж...

А можа, вырасціў хто, сумуючы аб радзіме?


Сон у майскую ноч

У сяброўкі пісьменніцы Лідзіі Арабей (светлай памяці!) быў адмысловы сшытак, які так і называўся «Мае сны».

У мяне сшытка няма, а сны...

Доўгі, змрочны калідор — без вокнаў, без дзвярэй, без магчымасці збочыць. «Прасвет» — толькі ў канцы — у нейкім вялікім, няўтульным памяшканні, падобным на цэх, з якога адны станкі вынеслі, а другія яшчэ не ўнеслі.

Зрэшты, разглядацца там няма калі, бо насустрач хуткім крокам, з усмешкай ідзе... Мікола — як заўжды, бездакорна чысценькі, як перад... смерцю — схуднелы... Ветла абдымае (чаго ў жыцці ніколі не рабіў), туліць да сябе, кажа, як жа рады! А ўжо як я... Што ён — жывы!.. (Ці гэта я — не...?) Пытаю:

— Ну як вы?.. Дзе ваша Каця?

Адказу чамусьці не чую, але ж вакол нас бачу вазоны — жывыя і засохлыя, шмат... Значыць, Каця Міколава тут (яна вечна нешта садзіла, але мала што даглядала)... А кветак — шкада. Паліць бы... І вокны трэба памыць, адшараваць падлогу.

З гэтаю думкай «выходжу з абдымкаў» — кірую да крана з вадой, знаходжу анучку...

Думала, дзіўны сон.

— Не, — прызнала прыяцелька, — ён якраз-такі лёгка тлумачыцца. Ну па-першае, дурань хоць дзе ра-
боту знойдзе. Па-другое, у яго заўсёды праблема з часам — на гэтым свеце яго бракуе, каб падумаць пра той, на тым — не будзе, каб успомніць пра гэты... А «калідор» — ён проста для пераходу. У некага — светлы і кароткі, у некага — цёмны і доўгі. Але прайсці яго павінен кожны: ніхто не збочыць.

І сапраўды.

Валянціна ДОЎНАР

dounar@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.