Вы тут

Гісторыя «партызанскай» вёскі


Калісьці ў Бярэзінскім раёне, што на Міншчыне, была вёска з назвай Жабаўка. У 1964 годзе яе перайменавалі ў Партызанку. І гэта невыпадкова. Падчас Вялікай Айчыннай вайны населены пункт уваходзіў у Клічаўскую партызанскую зону — адну з самых буйных у Магілёўскай вобласці.


За чатыры гады немцы пяць разоў ладзілі тут карныя аперацыі. На барацьбу з народнымі мсціўцамі з фронту перакідваліся дывізіі, батальёны, зону літаральна палівалі мінамётным, артылерыйскім агнём, бамбілі,  мірных жыхароў расстрэльвалі, але яны ўсё роўна дапамагалі партызанам чым маглі, — расказвае Якаў Паддубскі.

Якаву Фёдаравічу на той час было трынаццаць гадоў і жыў ён разам з бацькамі, сёстрамі і братам у Жабаўцы.

— Да нас часта заходзілі партызаны, дагэтуль помню, як дапамагаў ім насіць дровы ў лазню, як нас, малых, частаваў партызан Вінаградаў. Бываў у нас і камандзір 120-га партызанскага атрада Кандрат Баранаў.

Бацька Якава Паддубскага — Фёдар Рыгоравіч — інвалід Першай сусветнай вайны, непасрэдна ў партызанскім руху не ўдзельнічаў, але рамантаваў зброю, вадзіў партызанаў патаемнымі сцежкамі на заданні, паколькі добра ведаў тутэйшыя мясціны. А маці з сястрой пяклі хлеб для народных мсціўцаў. У хаце Паддубскіх праходзіла падпольная канферэнцыя Бярэзінскага райкама КПБ(б) 5 лістапада 1942 года. На яе сабралася шмат людзей на конях, падводах. Пра што там гаварылі, юнак не ведаў, бо яго выставілі на вуліцу. Як сведчаць дакументы, на ёй было прынятае рашэнне аб стварэнні Магілёўскага падпольнага абкама партыі.

У лютым 1944 года фашысты спалілі Жабаўку, у якой на той час налічвалася 12 двароў. Людзі вымушаны былі жыць у зямлянках, мерзлі, галадалі. Гэтыя жудасныя старонкі гісторыі назаўсёды засталіся ў памяці Якава Фёдаравіча.

У мірны час Партызанка паступова пусцела і ў 1985 годзе знікла з карты раёна. За два кіламетры ад былога населенага пункта ўстаноўлена стэла ў гонар першай падпольнай канферэнцыі Бярэзінскага райкама КПБ(б). Тут жа знаходзіцца і брацкая магіла з помнікам, дзе пахаваны 20 партызан і дэсантнікаў. Упершыню помнік паставілі ў 1975 годзе, у 2012-м яго замянілі на новы. Як і на папярэднім, на ім выбіты толькі дзевяць прозвішчаў загінулых.

— Чаму тут не пазначаны прозвішчы астатніх, занесеных у раённую кнігу «Памяць»? — хвалюецца суразмоўца.

У Кнізе «Памяць. Бярэзінскі раён» сапраўды пазначаны 11 прозвішчаў. Аднак дакладна не вядома, ці сапраўды ўсе яны пахаваныя ў Партызанцы. Калі ўладкоўвалі помнік, то апытвалі мясцовых жыхароў. З іх дапамогай ўдалося высветліць толькі прозвішчы дзевяці патрыётаў, растлумачылі ў райвыканкаме. Хутчэй за ўсё тут пахаваныя разведчыкі і дэсантнікі, якіх закідвалі самалётам у тыл ворага ў складзе груп. Як вядома, пры жыцці іх прозвішчы былі засакрэчаны.

Акрамя таго, Якаў Фёдаравіч хвалюецца, што пахаванне знаходзіцца ў лесе і праз гады прыйдзе ў заняпад. Дзіця ваеннага ліхалецця прапануе перанесці астанкі воінаў і партызан у суседнюю вёску Галынка або ў райцэнтр.

Прыклады перазахавання ў раёне ёсць. Але такое рашэнне было выклікана аб'ектыўнымі прычынамі. У прыватнасці, каля Магілёўскай шашы стаяў помнік загінулым пры вызваленні Беразіна воінам. Калі пашыралі трасу, то іх астанкі перапахавалі ў іншым месцы. Наогул жа паводле інструкцыі, зацверджанай Міністэрствам абароны, воінскія пахаванні і пахаванні ахвяр вайны могуць быць перанесены ў тым выпадку, калі ім пагражаюць пастаяннае затапленне, апоўзні, наступствы прыроднага і тэхнагеннага характару. Для пераносу гэтага пахавання такіх абгрунтаванняў няма.

Разам з тым, на свае вочы пабачыла, што да мемарыяла ў былой Партызанцы сцежка не зарастае. Кіламетры тры па добрай лясной дарозе — і перада мной паўсталі дагледжаныя магілы, помнікі, абнесеныя пафарбаванай агароджай. Тэрыторыя вакол акуратна прыбраная.

Даглядаюць памятнае месца работнікі Капланецкага сельвыканкама, адкрытага акцыянернага таварыства «Бярэзінскі», Любушанскага лясніцтва, школьнікі. Наведваецца сюды і мясцовы ляснік Міхаіл Гаравік.

Па рашэнні райвыканкама за кожным месцам пахавання воінаў, партызанаў, мірных жыхароў гадоў Вялікай Айчыннай вайны замацаваны канкрэтныя прадпрыемствы, арганізацыі, жыллёва-камунальная гаспадарка раёна, сельскія выканаўчыя камітэты.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

lazovskaya@zviazda.by

Загаловак у газеце: Дзе ёсць памяць, там будзе і жыццё

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».